З фальклорнай спадчыны Кобрыншчыны

З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны

У Зборніку народных песень Кобрынскага і Слонімскага паветаў Гродзенскай губерні», складзеным настаўнікам народнага вучылішча Міхаілам Андрэевічам Рамановічам, прыведзена 68 песень, запісаных у Кобрынскім павеце. Сярод іх любоўныя, сямейна-бытавыя, рэкруцкія, гістарычныя.

Любоўная і сямейна-бытавая лірыка ахоплівае тыповыя тэмы: любоў, расстанне, сямейнае жыццё (шчаслівае ці няўдалае), пачуцці, звязаныя з рознымі аспектамі жыцця.

Горэ мое, горэ, нысчастная доля,

Поорала дівчінонька мысленькамы поле,

Чорнымы очыма да й валочыла,

Друбнынькымы слезонькамы все поле зросыла.

Цвітэ грэчка да й цвіт опадае,

А вжэ ж мэнэ муй мыленькый на вік покыдае.

Ой лытіла птыця, распустывші крыльця,

Ах ныма і ны будэ мого чорнобрывця.

Ой лытіла пава, в садоньку упала,

Ах ныма і ны будэ кого я кохала.

Ой ты, сывый орле, высоко лытаішь,

Возмі ж мэнэ на свы крыльця — занэсы дэ знаешь.

                * * *

— Ой час-пора маты

Дружыны шукаты,

Посіяв жыто,

Нэма кому жаты.

Ідэ нічка тэмна,

Ні с кым розмовляты.

— Ой маеш ты сынку

Коня вороного.

Пуйды до стаенькы,

Розмовляй до ёго,

Дай коневы сіна

По самы коліно,

Дай ёму оброку

До самого боку.

Ой коль оброк із’ість,

На сіновы ляжэ,

А мні молодому

Правдонькы нэ скажэ.

Ой у тэбэ, коню,

Жовтый хвіст і грыва.

Быжы дорогою

До моя дывчыно.

Вже тая дорога

Чэротым заросла,

Вжэ тая дівчына

Давно замуж пійшла.

Ой, найшлі косарі

Той чэрот ізжалы,

Вжэ твою дівчыну

Іншы хлопцы взялы.

Я тую дорогу

Рожею отычу,

Я свою дівчыну

І к собі прыклычу.

                * * *

Ой ты, калынушка,

Ой ты чырвоная,

Чого в лугу зацвыла.

Ой ты, молодыця,

Ой ты молодая,

Чого ты так змарніла?

Чы тэбэ мачоха,

Чы родная маты

На чужбыну отдала?

Ой на чужыну,

У вэлыку семью,

Да в вэлыку семью.

Вэлыкая семья

Вэчэраты сіла,

А я воду подаю.

Ой выйду я, выйду,

Сама молодая

Да за новы ворота.

                * * *

Ой туда гляну,

Сюда подывлюся,

Все чужая сторона.

Ой покочу я

Дай срэбный перстёночок

Да по высокій горі,

Ой чы нэ прыйідэ

Моя маты родна

На порадоньку ко мне.

Ой стоіть, стоіть

Моя родна маты

За плечымы у мэнэ.

— Колы тобі, доню,

Да доля несчастна,

То вэрныся до мэнэ.

Ой накрасуйся

Да й нагуляйся

Хоть до рочок у мэнэ.

— Ой уже бо мні,

Моя маты родна

Нэ дівоцкая краса.

О й накінь оно

Білу наміточку

Да на моі волоса.

Рэкруцкія песні

Нэ шумі, нэ шумі дубровушка зеленая.

Нэ плач, нэ плач рэкрутчына молодая.

Мужа жона выпроважала,

В зэлёному гаіченьку постояла.

Забулася жона мужа попытаты

Чы звелышь чы нэ звелышь мні погуляты.

Збырай бесідоньку, як збырала.

Не збырай бесідонькі з дворакамы

Да збырай бесідонькі с старікамы.

Бо дворакі раду радять не такую,

Звэдуть тэбэ з розуму молодую,

А старікі раду радять потыхэньку,

Довэдуть тэбэ до розума молодэньку.

                * * *

Ой пры моры да й пры сынему

Плачэ маты да по сыновы,

Которого на хозяйство собрать,

Которого в солдатушкы отдать.

Найстаршого — в того діток чорэда,

В середнёго — жона молода.

А наймэнымого жэныты пора.

Найстаршый брат выкуплятся,

А срэдній вымовлятся,

А маты плачэ, розбывается:

— Пожды, сынку, ізмыю головку.

— Ізмый, матко, сама собі нэ мні,

Вжэ мні судылось наістыся зымлі.

Значнае месца ў жыцці беларускага народа займала танцавальнае мастацтва. Амаль што кожная радасная падзея суправаджалася танцамі, якія часта былі зліты ў адно цэлае з песняй. Разнастайныя танцы выконваліся на вяселлі. У в. Павіцце на вяселлі свахі выконвалі карагод «Зазулейка»:

Ой, літыла зозулэнька чырэз сад, чырэз сад.

Я думала, выйду замуж і вырнусь назад.

Як лічаць даследчыкі, выбар гэтага танца не выпадковы. Вобраз «зязюлі» сімвалізуе ў беларускім фальклоры жаночы сум21.

Да ілюстрацыйна-выяўленчых адносіцца танец «Жабка», зафіксаваны ў в. Навасёлкі. Танец мог выконваць адзін чалавек ці некалькі. Танцор абапіраўся на падлогу выцягнутымі ўперад рукамі і наскамі ног і перабіраючы рукамі і нагамі, хутка прасоўваўся па крузе. Пры гэтым ён падскокваў як жаба, выстукваў далонямі і наскамі ў такт музыцы і г.д. Калі ў танцы ўдзельнічалі 2 чалавекі, то другі танцор падскокваў на ляжачым першым. Пры гэтым ён стараўся прадугледзець тэмп яго руху, зрабіць некаторыя камічныя трукі. У якасці музыкальнага суправаджэння да «Жабкі» выкарыстоўвалі самую заўзятую польку, часцей за ўсе так званую шабасоўку22.

Легенды, казкі, паданні

З паданняў найбольш распаўсюджанымі былі тапанімічныя, якія расказвалі пра заклятыя скарбы, камяні, рэкі, азёры.

Пра звон, які пайшоў пад зямлю. У прыходскай царкве в. Гарадзец ёсць даволі вялікі звон, аб якім расказваюць наступнае. Разам з такім жа звонам ён прыплыў да берага мясцовай ракі і зазваніў. Але так як святар і прыхаджане марудзілі з хрэсным ходам, то абодва званы сталі апускацца пад ваду, і, калі прыбыў хрэсны ход да берага, адзін звон схаваўся ў вадзе, а другі быў бачны толькі напалову. Адразу закінулі сеткі і выцягнулі гэты апошні звон, але пры ўсіх намаганнях не змаглі выцягнуць другі звон, які, як мяркуюць, хутка адплыў далей23.

Пра камень. За адну вярсту ад в. Імянін на высокай гары, якая парасла сасновым лесам, ляжыць вялікі камень... Аднойчы ў дажджлівае надвор’е начлежнік (начны вартаўнік коней, якія пасвяцца) размясціўся каля каменя, выбраўшы яго ў якасці ўзгалоўя і падсцяліўшы мех. Не паспеў ён заснуць, як пачуў загад адысці ад каменя, але не паслухаўся голасу і пасля трайнога паўтарэння яго. Тады нябачнай сілай вырвала мех з-пад начлежніка і аднесла яго самога крокаў на 50  убок. Начлежнік перамясціўся і лёг на новым месцы. Адсюль ён убачыў на камені агонь, які чаргаваўся то сінім, то чырвоным; тое ж убачылі і іншыя начлежнікі, якія прыйшлі сюды. Калі яны падыходзілі да каменя, агонь знікаў, але як толькі яны адыходзілі на месца, куды ўпаў мех, агонь ізноў паяўляўся. На другі дзень начлежнікі найшлі каля каменя тры сярэбраныя манеты24.

Дзіцячыя гульні

Воран. Любімай гульнёй у дзяўчынак была гульня ў «Ворана». Хлопчыкі ўдзельнічалі ў ёй вельмі рэдка. У час гульні дзяўчынкі размяшчаюцца адна за адной, трымаючыся за сукенку папярэдняй. На першым месцы становіцца самая лоўкая дзяўчынка. Яе называюць «маткай» і яна ідзе ўперадзе ўсіх. Роля «маткі» заключаецца ў тым, каб не даць магчымасці другой дзяўчынцы, якая ўяўляе сабой «ворана», злавіць апошнюю ў радзе. Пры гэтым яна голасна вымаўляе: «Краў! Вазьму!», а «матка» адказвае: «Краў! Не дам!», — і стараецца стаяць насупраць «ворана». Рад дзяўчынак за «маткай» рухаецца ў адваротны бок ад «ворана», моцна трымаючыся за вопратку. Пасля некалькіх спроб «ворану» ўдаецца злавіць апошнюю ў радзе дзяўчынку. Злоўленая адыходзіць убок і не прымае ўдзелу ў гульні. Гульня працягваецца да таго часу, пакуль не будуць такім чынам злоўлены ўсе25.

Анёл. Адбываецца на двары ў любую пару года, акрамя зімы. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія гуляюць, выбіраюць «анёла» і «чорта». «Чорт» становіцца далей ад усіх. «Анёл» усім гульцам дае назвы птушак і жывёл. Пасля гэтага «чорт» падыходзіць да анёла і гаворыць: «Дзень-дзялень!» «Анёл» адказвае: «Чаго, дзябал, патрабуеш?» Першы называе якую-небудзь птушку ці жывёлу, і калі такіх няма, то «анёл» адказвае: «Няма». А калі ёсць, то названыя бягуць на невялікую адлегласць. «Чорт» ловіць, і калі ўдаецца схапіць, то пераходзіць ад «анёла» да «чорта». Так працягваецца да таго часу, пакуль «чорт» не пераловіць усіх. Пасля гэтага «анёл» з «чортам» згаворваюцца, памяняцца ролямі ці не. Затым бяруць кіёчак і, трымаючы яго за два канцы, прапускаюць пад ім палову гульцоў, такім чынам усе падзяліліся на 2 каманды. «Чорт» бярэ кіёчак і праганяе ад сябе адну групу, прыгаворваючы: «А да анёла»26.

Язда на кіёчку. Некалькі хлопчыкаў бяруць па кіёчку, ставяць іх пад вуглом, адзін канец упіраецца ў зямлю. Яны ўяўляюцца коннікамі. Кожны перакідае сваю ношу цераз каня так, каб канец палкі, што ўпіраецца ў зямлю, знаходзіўся ззаду. Затым выстройваюцца ў рад, а часцей «гуськом», бодра і важна едуць, паганяючы ўяўнага коніка дубцом27.

Крыніцы:

1. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губ. СПб., 1863. Ч. 2. С. 8.

2. Архіў БДМНАіП. Воп. 3. Спр. 25.

3. Крачковский Ю.Ф. Быт западно-русского селянина. М., 1874. С. 141—142.

4. Тамсама. С. 143.

5. Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў. Мн., 1974. С. 52—54.

6. Тамсама. С. 57.

7. Тамсама. С. 62.

8. Тамсама. С. 83.

9. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская обл. СПб., 1863. Ч. 2. С. 20, 47.

10. Тамсама. С.137.

11. Тамсама. С. 108.

12. Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986. С. 146—148.

13. Труды этнографическо-статистической экспедиции в Западно-Русский край, снаряженной ИРГО, собранные П.П.Чубинским. Т. 4. Обряды: родины, крестины, свадьба, похороны. СПб., 1877. С. 658—670.

14. Архіў БДМНАіП. Воп. 4. Спр. 24.

15. Тамсама.

16. Тамсама.

17. Гульні, забавы і ігрышчы. Мн., 1996. С. 105—106.

18. Архіў БДМНАіП. Воп. 4. Спр. 24.

19. Гульні, забавы і ігрышчы. Мн., 1996. С. 151.

20. Тамсама. С. 192.

21. Чурко Ю.М. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990. С. 59.

22. Тамсама. С. 161.

23. Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. СПб., 1893. Т. 2. С. 425.

24. Тамсама. С. 444.

25. Тамсама. С. 334.

26. Тамсама. С. 334—335.

27. Тамсама. С. 425.

Т.Дз.Яцкевіч.