Традыцыйныя заняткі насельніцтва

З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны

 Асноўным заняткам сялян на Кобрыншчыне ў мінулым было земляробства. Сяляне ў асноўным прытрымліваліся двухпольнай сістэмы земляробства, што было звязана з моцнай забалочанасцю мясцовасці і недахопам ворнай зямлі. У сярэдзіне XIX ст. у Кобрынскім павеце забяспечанасць зямлёй на 1 рэвізскую душу складала 4,33 дзесяціны, на 1 цяглы двор — 16 дзесяцін.

Сеялі жыта, ячмень, авёс, пшаніцу, лён. Палявыя работы пачыналіся ў першай палове красавіка. Асноўнай прыладай для ворыва служыла палеская саха. Гэта была масіўная драўляная прылада, сувязным звяном якой была жэрдка (рагач даўжынёй каля 3,5 м), якую звычайна высякалі з бярозавага ці яловага кораня. На адным канцы рагача пакідалі два адгалінаванні, якія служылі ручкамі, на процілеглым свідравалі скарзныя адтуліны, куды ўстаўлялі драўляны калок, на які з дапамогай звітай з лазы пятлі — «галля» — прымацоўвалі ярмо. У рагач знізу, недалёка ад ручак, забівалі дошку, якую называлі «расохай», «плахцінай» ці проста сахой. Ніжні канец расохі раздвойваўся ў выглядзе двух рагоў, на канцы якіх надзявалі жалезныя нарожнікі. Палескую саху цягнула пара валоў.

Перад пачаткам ворыва і сяўбы нельга было забіваць у зямлю калы: гэта значыць «забіць» зямлю, і насенне не ўзыдзе.

Пасля ворыва зямлю баранавалі. Для гэтага выкарыстоўвалі плеценую барану на 25 зубоў. Каблук бараны выраблялі з тонкага дубовага ствала, мацаванне бараны («ціпкі») вязалі лазовымі дубцамі. (Запісаў С.Борыс ад Сцяпана Трафімавіча Уласюка, жыхара в. Лелікава).

Зерне сеялі ўручную. Есці насеннае зерне забаранялася, таму што можна было такім чынам загубіць увесь ураджай. У насенне дадавалі збожжа з «вяночкаў», якія асвячалі на Успенне Божай Маці. «Вяночкі» ўяўлялі сабой букеты з усіх злакавых, якія сеялі ў полі. У в. Акцябр пры сяўбе гаспадар чытаў малітву, станавіўся на калені, цалаваў зямлю і прасіў:

Роды, Божэ, на усякого долю:

На котячу, на собачу і скотячу,

На бідного, богатого,

Побрытого, волосатого.

(Запісалі А.Нароўская і У.І.Шаставаец. Архіў БДМНАіП.)

Лён сеялі ў пачатку красавіка, так што ў канцы чэрвеня ён ужо паспяваў. Для вымярэння хлеба ў Кобрынскім павеце ў XIX ст. служыў шанок, які раўняўся 2 палушанкам альбо 4 чацверыкам, альбо 40 гарцам. На 1 дзесяціну высявалі азімай пшаніцы 62 гарцы, азімага жыта — 60, яравой пшаніцы —56, яравога жыта — 48, гароху — 54, ільнасемя — 27 гарцаў.

На працягу лета гаспадар пільна сачыў за сваімі палеткамі. Найбольшай небяспекай для іх селянін лічыў «закруцею», ці залом (каля двух дзесяткаў каласоў, звязаных, закручаных і таму высахлых), альбо «абжатыя» загоны. Існаванне залома прадвяшчала смерць гаспадару, падзеж жывёлы ці якую іншую бяду. У гэтых выпадках некаторыя сяляне звярталіся да святара і прасілі яго з малітвай вырваць сваімі рукамі залом. У уніятаў існавала на гэты выпадак нават спецыяльная малітва. Іншыя сяляне звярталіся да знахара. Апошні за пэўную плату згаджаўся «адрабіць» залом. Ён пачынаў свістаць, крычаць, вымаўляў спецыяльныя замовы, а ў заключэнне браў асінавы кол і з яго дапамогай вырываў з зямлі залом, прыгаворваючы: «Няхай так таго чалавека, які зрабіў закруцень, раскідаецца гаспадарка, як я раскідаю закруцень!».

Беларусы Кобрынскага павета лічылі, што паходжанне «абжатых» палос звязана з чараўнікамі і ведзьмамі. Нібыта ноччу тыя прыходзілі аголеныя з сярпамі на поле, калі жыта цвіце, абыходзілі ўсё поле і жалі на кожнай паласе некалькі сцяблін, якія затым хавалі ў сваіх гумнах. Дзякуючы гэтаму нячыстая сіла ў час перавозкі снапоў з поля пераносіць у гумно чараўніка значную частку чужога ўраджаю. Калі ж які-небудзь нявопытны чараўнік абжаў куст замест жыта, якое цвіце, восенню яго гумно напоўніцца лістамі і галінкамі.

Усё жыта ўбіралі ўручную, сярпамі паўкруглай (сферычнай) формы (в. Хідры). Грэчку, гарох, авёс убіралі косамі з грабелькамі. У в. Хідры для гэтых мэт карысталіся касой з двухзубымі вілачкамі. Яны прымацоўваліся да касся пад прамым вуглом. Для часовай сушкі ў полі снапы складвалі ў бабкі. У Кобрынскім павеце яны называліся «мэндлямі», «мэндлікамі».

Для перавозкі снапоў з поля сяляне карысталіся калёсамі, якія мелі бакавіны ў выглядзе драбін. З поля звозілі не ўвесь хлеб, а толькі частку яго. Астатні хлеб складвалі на месцы ў торпы. Падобныя торпы, захоўваліся дзясяткі гадоў і служылі лепшай прыкметай багатага і заможнага гаспадара.

Малацілі зерне ў клунях цапамі, правейвалі з дапамогай шуфлікаў. Для перапрацоўкі зерня на крупы і муку выкарыстоўвалі ступы і ручныя жорны. Ступы рабілі з цвёрдых парод драўніны ў выглядзе келішка (в. Аніскавічы).

На пачатку XX ст. атрымалі пашырэнне конныя малатарні-манежы. Яны будаваліся ў комплексе з пуняй. Аснову гэтага механізма складала гарызантальнае кола вялікіх памераў, насаджанае на вертыкальную вось. Прыводзілася ў рух яно конскім прыводам, а праз сістэму прыводаў кола прыводзіла ў дзеянне малатарню. Калі такое кола злучалася з жорнамі, атрымліваўся конны млын. Падобны конны манеж быў зафіксаваны ў в. Павіцце.

Ураджайнасць збожжавых і бульбы ў Кобрынскім павеце за перыяд з 1854 г. да 1859 г. ацэньвалася як здавальняючая.

Для атрымання высокіх ураджаяў неабходна было добрае ўгнаенне палеткаў. Ад жывёлы, якую ўтрымлівала сялянская сям’я (у сярэднім гэта адзін конь, пара валоў, 1—2 каровы, каля 10 авечак), можна было атрымаць угнаенняў да 2400 пудоў. Такой колькасці хапала толькі на 1 дзесяціну. У сувязі з гэтым, толькі на 1/8 часткі палеткаў уносіліся ўгнаенні, у асноўным, на агароды і пад бульбу.

Агароды ў вёсках былі невялікія, служылі для вырошчвання неабходнай агародніны: капусты, буракоў, рэдзькі, цыбулі, агуркоў і морквы. Садзілі таксама каноплі, лён, гарох, боб, часам тытунь і бульбу. Сяўба ў агародах пачыналася ў пачатку красавіка і працягвалася да 25 мая. Праполвалі грады 2 разы. Першы раз гэта адбывалася каля 20 мая. У гэты ж час пачыналі ўжываць у ежу зялёную цыбулю. У Пятроў пост ужо елі бацвінне, а нярэдка і агуркі. Пасля заканчэння жніва пачыналі ўбіраць агародніну, цыбулю сушылі ў хаце на палацях.

Важнае месца ў сялянскай гаспадарцы займала жывёлагадоўля. Па статыстычных звестках, у 2-й палове XIX ст. у Кобрынскім павеце на 100 жыхароў прыпадала 59 галоў буйной рагатай жывёлы, 10,5 каня, 52,5 авечкі. Жывёла была пераважна мясцовай нізкарослай пароды.

У Кобрынскім павеце на 100 дзесяцін ворнай зямлі прыпадала 70 дзесяцін лугоў. Але большая частка лугоў знаходзілася сярод забалочанай мясцовасці, парослай кустамі алешніку. У сувязі з моцнай забалочанасцю глебы трава была дрэннай якасці, утрымлівала шкодныя солі. У зімовы час коней і рагатую жывёлу кармілі сенам з дамешкам саломы. Траву ў XVIII ст. касілі касой, якая ўяўляла сабой пераходны тып ад гарбушы да літоўкі. Сухое сена складвалі ў абарогі — чатыры даволі высокія слупы, на якіх мацавалася перасоўная (часцей 4-схільная) стрэшка. У в. Стрыі такія абарогі мелі назву «шур».

ПРОМЫСЛЫ І РАМЁСТВЫ

Адным з даўніх заняткаў насельніцтва Кобрыншчыны быў выраб скур. Кліматычныя ўмовы вымагалі цёплай вопраткі і абутку, што спрыяла распаўсюджванню гэтага промыслу. Паводле статыстычных звестак, у 1863 г. у Кобрынскім павеце сяляне і мяшчане штогод выкарыстоўвалі да 50 тыс. вырабленых скур. Выраблялі іх 2 спосабамі. У першым выпадку размочаныя шкуры залілі — апускалі ў вадзяны раствор гашанай вапны ці пасыпалі сухім попелам, затым саскрабалі поўсць тупым дугападобным нажом з дзвюма ручкамі ці касой, чысцілі мяздру і потым мялі. Пры другім спосабе выкарыстоўвалі хлебнае квашэнне шкуры.

На Палессі былі развіты адыходныя промыслы, у т.л. і адыход на нарыхтоўку і сплаў лесу. Па матэрыялах Брэсцка-Кобрынскай эканоміі за 1780—1783 гг. лесаматэрыялы (бэлькі, клёпкі, дошкі), а таксама паташ у значнай колькасці дастаўляліся па Мухаўцы, Заходнім Бугу і Вісле ў Гданьск і Крулявец.

Важным быў таксама возніцкі промысел. Грузы перавозілі летам і зімой, але часцей зімой санным шляхам. Рамізнікі Кобрынскага павета былі вядомы ў Палескім рэгіёне і за яго межамі.

Архіўныя дакументы сведчаць, што да адкрыцця Брэсцка-Смаленскай чыгункі сяляне Кобрынскага павета ў зімовы вольны час накіроўваліся цэлымі чародамі ў г. Пінск і, нагрузіўшыся там бочкамі з салам ці тытунём, транспартавалі іх у Брэст (Берасце). Кожны рамізнік за перавозку 50 пудоў на 120 вёрстаў з Пінска да Брэста атрымліваў 4,5—5 руб.

Кобрынскі строй

Сярод строяў заходняга Палесся асаблівай завершанасцю формаў і віртуознай распрацоўкай арнаменту жаночага касцюма вылучаецца Кобрынскі строй, які бытаваў у XIX — пачатку XX ст. пераважна на тэрыторыі Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў. Кашулю шылі з саматканага адбеленага палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, планачкай-манішкай і стаячым ці адкладным каўняром. Рукавы заканчваліся фальбонкамі ці манжэтамі, аздабляліся вышыўкай крыжам, падліковай гладдзю, «роспісам», выразамі, радзей узорыстым браным ткацтвам і маршчэннем тканіны. Дробнаўзорысты геаметрычны або раслінны арнамент, выкананы чырвона-малінавымі з невялікімі ўкрапінамі чорнага, белага ці цёмна-сіняга колеру ніткамі, размяшчаўся вузкімі, аднолькавай шырыні шлячкамі ў падоўжным ці папярочным напрамку па ўсёй паверхні рукавоў.

Фартух, пашыты з 2 полак ільняной тканіны ў зборку, аздабляўся накшталт кашулі з выкарыстаннем бранага ткацтва, чырвоных, чорных і сініх шляк. Адметнасцю кобрынскага строю з’яўляецца спосаб нашэння фартухоў. Верхні фартух быў карацейшы і з-пад яго выглядваў асноўны арнамент ніжняга фартуха.

Летняя святочная льняная спадніца («палатнянік») шылася з 4 полак серабрыста-белай тканіны, выкананай у тэхніцы шматнітовага ткацтва ў крыжы, акенцы, паскі. Упрыгожвалася папярочнымі арнаментаванымі шлякамі з чырвоных нітак — адным шырокім па падоле і шматлікімі вузкімі вышэй яго.

Часам шлякі рабілі ў тэхніцы бранага ткацтва. Пярэдняя полка спадніцы часта афармлялася ў іншым, больш насычаным, рытме шлякоў, што надавала ёй выгляд фартуха. У БДМНАіП захоўваецца калекцыя такіх «палатнянікаў» з вёсак Лелікава і Дзівін. У в. Лелікава святочныя льняныя спадніцы мелі назву «фартух». (Запісаў С.Борыс.)

Асаблівай прыгажосцю вылучаюцца дзівінскія андаракі (в. Дзівін раней была мястэчкам). Выраблялі іх з 4 полак чырвонага сукна ці паўсукна, запоўненых вузенькімі вертыкальнымі лініямі-прасноўкамі з сініх, зялёных, жоўтых, белых, малінавых нітак. На поясе спадніца збіралася ў складкі, ніз падшываўся паласой з жоўтай ці чорнай тканіны. У БДМНАіП захоўваецца некалькі экзэмпляраў такіх спадніц пачатку XX ст. Бэзава-фіялетавыя андаракі насілі жанчыны вёсак Падбярэззе, Завужоўе і Хабовічы. Радзей андарак шылі з чорнай ці цёмна-сіняй тканіны з белымі, зялёнымі, сінімі, фіялетавымі прасноўкамі. У в. Хабовічы андаракі шылі таксама з шэра-малінавага, зялёна-шэрага ці зялёнага сукна. Спадніцу падпяразвалі вытканым у рознакаляровыя палосы поясам з кутасамі. Суконны жаночы пояс называўся ў в. Лелікава «крайка».

Зрэдку касцюм дапаўняўся гарсэтам. На тэрыторыі Кобрынскага раёна былі распаўсюджаны 2 асноўныя тыпы жаночых безрукавак: з адразной спінкай і прамымі суцэльнымі полкамі, а таксама суцэльныя доўгія безрукаўкі з разрэзамі ўнізе. На захадзе раёна безрукаўкі не насілі.

Самая каларытная і маляўнічая частка жаночага касцюма — галаўныя ўборы. У канцы XIX — пачатку XX ст. на Кобрыншчыне сустракаліся два тыпы складаных галаўных убораў: чапец-тканка-хустка і чапец-намітка. Намітка ўяўляла сабой падоўжаны кавалак палатна (55—60 см шырынёй і 310 см даўжынёй) з ільняных адбеленых нітак, упрыгожвалася мярэжкай, вышыўкай баваўнянымі чырвонымі ніткамі. Яе закручвалі паверх гладка зачасаных валасоў, сабраных на патыліцы ў пук ці гульку, накшталт «грэчаскага вузельчыка», і замацаваных невялічкім, з далонь, вязаным чэпчыкам. Зверху намітка абвівалася вузкай дыядэмкай («кілбаскай»), утвараючы прыгожую драпіроўку вакол твару і на спіне.

Касцюм дапаўняўся шыйнымі ўпрыгожаннямі — пацеркамі, стужкамі, абразкамі («лыгманамі»).

Мужчынскі касцюм складаўся з кашулі навыпуск, падпяразанай поясам, нагавіц і галаўнога ўбору — шапкі з чатырохвугольным верхам ці саламянага картуза, аздобленага ўзорыстай тасёмкай па версе і какардай. Найбольш пашыранай на Кобрыншчыне была паліковая сарочка. Палікі прамавугольнай формы ўшываліся на плячах паміж асноўнымі полкамі, што рабіла сарочку занадта шырокай, таму вакол шыі яна збіралася ў зборкі. Нагавіцы шыліся з ромбападобнай ці квадратнай устаўкай.

Галаўныя ўборы, кашулі, спадніцы, фартухі, настольнікі, ручнікі часам аздаблялі вышыўкай. На поўдні Кобрынскага раёна назіраецца асаблівая ўстойлівасць геаметрычнага «нашывання». Вышыўка ўяўляла сабой, як правіла, сукупнасць раўназначных бардзюраў, размешчаных на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго. На пачатку XX ст. атрымалі пашырэнне аплікацыя, вышыўка крыжыкам, а таксама раслінны арнамент.

Верхнім адзеннем мужчын і жанчын служылі белыя нядубленыя кажухі і суконныя світы (латухі), якія шыліся з белага, шэрага ці карычневага сукна. У БДМНАіП захоўваецца калекцыя світ з вёсак Бельск, Дзівін, Лелікава, Руховічы, Хабовічы. Яны прадстаўлены 2 тыпамі — вусам і з падразнымі бачкамі. Крой світы з вусам заключаўся ў наступным: спінка рабілася суцэльная, крыссе гладкае, а ў бакавыя швы ўстаўляліся трохвугольныя кліны-«вусы». У другім тыпе світы пярэдняя частка складалася з 2 суцэльных полак, спінка ж на лініі з бакоў падразалася, а ў цэнтры прыкладна на 9—12 см заставалася неадразной. Падразныя бачкі прызборваліся і прышываліся да верхняй часткі. Такая світа шчыльна аблягала фігуру. На каўняры, грудзях, бакавых клінах, часам і па краях рукавоў латухі аздабляліся стракатымі пышнымі кутасамі і вышыўкамі малінавымі, зялёнымі, сінімі, ружовымі, чырвонымі і блакітнымі ніткамі. Часам замест вышыўкі выкарыстоўвалі абшыўку шнуром тых жа колераў і чорнай тасьмой. У канцы XIX ст. атрымала распаўсюджванне і кароткае верхняе адзенне — куртка.

Да гэтага часу на Кобрыншчыне не перавяліся майстрыхі, якія ведаюць шматлікія сакрэты ткацтва і вышыўкі. У в. Дзівін ткацтвам займаецца Ганна Ігнацьеўна Шудрый, 1929 г.н.

Абраднасць Пахаванне і памінкі

Сярод простага люду ходзіць павер’е, што на працягу трох дзён пасля смерці чалавека яго душа знаходзіцца ў тым доме, дзе жыў нябожчык. Таму сяляне стараюцца ў гэтыя дні не гаварыць пра памерлага блага, каб не прагнявіць яго душу. У в. Андронава, калі чалавек паміраў, адчынялі акно або дзверы, каб душа нябожчыка магла адляцець.

Цела памерлага блізкія сваякі абмываюць чыстай вадой, апранаюць у белае адзенне і кладуць на лаву галавой у пачэсны кут, дзе ў гэты час павінен стаяць сноп жыта.

Дзяўчат звычайна апраналі ў шлюбную сукенку і надзявалі вэлюм, бо лічылі, што на тым свеце яна можа выйсці замуж. Цела нябожчыка накрывалі ручніком, што вісеў над абразамі. Акрамя гэтага, цела нябожчыка-мужчыны накрывалі зверху галінкамі таполі, жанчыны — часцей за ўсё галінкамі бярозы. Памерламу ў рот і правую руку клалі грошы, у труну насцілалі сена і накрывалі яго палатном. Падушку напіхвалі сенам, шылі яе злева направа. Для выхаду душы рабілася ў труне невялікая адтуліна. Каля галавы нябожчыка ставяць крыж, а па баках запаленыя свечкі, і тады пачынаецца аплакванне нябожчыка ўсімі хатнімі. Перш за ўсё пачынае жонка або маці памерлага. У галашэнні жанчыны пералічваюць не толькі ўсе добрыя справы памерлага, але і ўсе словы, з пяшчотай сказаныя ім каму-небудзь з родных яшчэ пры жыцці... Затым нябожчыка аплакваюць бацька, старэйшы брат ці сын нябожчыка, звычайна дарослыя людзі, пасля — іх дзеці.

З кожнай хаты павінна хоць адна асоба наведаць памерлага аднавяскоўца. Дзяўчаты прыходзяць з распушчанымі валасамі.

Пахаванне адбываецца на 3-і дзень пасля смерці нябожчыка. Пры вынасе нябожчыка стараліся, каб яго цела не дакранулася да парога. Труну з памерлым у суправаджэнні свяшчэнніка, крыжа, абразоў і харугвы нясуць у царкву, дзе служыцца памінальная літургія, пасля якой памерлага хаваюць.

Усе дарослыя аднавяскоўцы лічаць сваім абавязкам суправаджаць цела нябожчыка са свечкамі ў руках на могілкі. Суправаджаючыя апраналіся ў вывернутае чорнае адзенне. Калі везлі нябожчыка на могілкі, кідалі на дарогу кветкі і галінкі елак і, нават, каменні цераз плячо. Труну ставілі на слой жоўтага пяску ці падсцілку з бярозавых галінак альбо ядлоўцу. Калі дамавіну апусцяць у магілу, кожны павінен тройчы кінуць на яе жменю зямлі. У в. Андронава ў магілу кідалі грошы, у труну клалі запасную адзежу. Пры вяртанні з могілак забаранялася азірацца назад. Дзеці пры гэтым збіралі кветкі і галінкі, кінутыя на дарогу, калі нябожчыка везлі на могілкі.

Вярнуўшыся з пахавання, сяляне дакранаюцца тварам і абедзвюма рукамі да печы, каб не было больш у доме нябожчыкаў. У в. Андронава існаваў звычай выганяць душу памерлага, якая вярнулася ў дом: мялі венікамі пакой, дзе ляжаў нябожчык, размахвалі сякерай.

У той жа дзень сваякі нябожчыка робяць памінкі. На самым пачатку падаюць куццю — кашу з ячных круп. Старэйшы са сваякоў нябожчыка пасля кароткай малітвы за спачын душы памерлага выкідае адну лыжку куцці за акно са словамі: «Тобі, Сыдорэ!» Пасля гэтага з’ядае сам тры лыжкі куцці, затым пачынаюць есці прысутныя таксама па тры лыжкі кожны. Першую чарку пітва і першую лыжку кожнай стравы старэйшы ў сям’і таксама выкідвае за акно з тымі ж словамі. На памінках гавораць выключна пра нябожчыка. Чыгун, у якім варылася куцця, міска і лыжка адносяцца на могілкі і кладуцца на магіле, прычым так, каб міска з лыжкай знаходзіліся пад чыгуном.

У в. Андронава ў дзень пахавання пад вечар і на наступны дзень нябожчыку на магілу «насілі вячэраць».

Няхрышчаных дзецей хавалі ноччу, труну з целам дзіцяці неслі «пазагуменнем». Магілы іх знаходзіліся ў левым верхнім кутку могілак, каля агароджы. Насыпы на магілах няхрышчаных дзяцей мелі форму авала ці круга.

На 40-ы дзень пасля смерці селяніна святар служыць памінальную абедню, пасля якой на магіле нябожчыка сяляне ставяць крыж.

У бацькоўскую суботу, на «дзяды», наладжваюць памінальную вячэру, на якую гатуюць 12 страў. У час вячэры частку ад кожнай стравы і чарку гарэлкі ставяць на падаконнік для дзядоў, г.зн. нябожчыкаў, і калі на наступны дзень па якой-небудзь прычыне гарэлкі ці пакінутага на падаконніку не акажацца, то сяляне бываюць цалкам перакананы, што прыходзілі ўначы нябожчыкі, якія з’елі і выпілі прыгатаванае для іх12.

Вясельная абраднасць

Вясельны абрад13 складаўся з 4 частак: допытаў, злюбін, запоін і вянца.

Нявесту выбіралі звычайна родзічы жаніха. На допыты хадзіла маці жаніха альбо якая-небудзь пажылая родзічка, каб даведацца пра нявесту, распытаць у родных аб іх намерах наконт замужжа дзяўчыны.

Праз некалькі дзён пасля допытаў жаніх са сватам выпраўляліся на злюбіны. Пры іх з’яўленні нявеста выходзіла. Бацька ці маці адзін на адзін распытвалі яе, ці жадае яна выйсці замуж, а затым паведамлялі аб гэтым свату. Пасля гэтага прыходзіла апранутая па-святочнаму нявеста, ставіла стол на покуці, накрывала яго белым настольнікам і выходзіла зноў у клець ці ў суседнюю хату. Сват вымаў з дарожнай сумкі хлеб і гарэлку і ставіў іх на стол, наліваў першую чарку і вітаў усіх наступнымі словамі: «Дай, Божэ, шчоб всэ було гожэ! шчоб сяя пара шчаслыва була, ковшом горілку пыла, коробкою діты міряла, і шчоб до старості тішылася собою». На гэтыя словы ўсе адказвалі: «Нех ім Бог дае, як сам знае і відае». Пасля гэтага пачыналася застолле. Калі ж бацька нявесты пакладзе ў кашэль свату тры буханкі хлеба і столькі ж кавалкаў палатна, гэта азначае, што застолле скончылася, і жаніх павінен вяртацца дамоў.

Пасля злюбін у суботу бываюць заручыны альбо запоіны, на якіх нявеста таксама не прымае ўдзел. У гэты час сват дамаўляецца наконт пасагу і колькасці гасцей з боку жаніха. Аб гэтым можна даведацца і па колькасці буханак хлеба, якія сват перадае бацьку нявесты.

У нядзелю пасля заручын у царкве чытаецца абвяшчэнне. У суботу, напярэдадні вяселля, заручыны паўтараюцца, на іх ужо прысутнічае нявеста разам з сяброўкамі. Да з’яўлення жаніха дзяўчаты плятуць вянкі з руты і спяваюць песні:

У зылёным саду зіллічко зацвытае,

У нашый Мар’юхны высілле почынае.

Нэх жа ій Бог дае да помагае

I рідный батэнько нэх дакладае.

Нэ плач, Мар’юхна, выночкы ўючы,

Будэш плакаты, за Iваном жывучы,

Свікровы порогы пэрэступаючы,

Свыкрухы наровы пэрэймаючы.

Калi нявеста была сiратой:

Ой знаты, знаты, шчо Мар’юхна сырота:

Тленна хатка, узкы ворота.

Пошлю сокола на Украiну,

Нэх на вэсiлле збэрэ родыну,

Пошлю до неба сыву зозульку

Зваты на вэсiлле свою матульку!

— Ой прыды, прыды, мыла матулько!

Не могу встаты, сыва зозулько!

Не могу встаты, порядок даты,

Порядок даты свому дытяты

Калi жанiх прыйдзе, спяваюць:

Ой прыiхалы запывалночкы, Мар’юхну запываты,

Прывэзлы бочку мэду батэнька частоваты,

А горiлонькы двi барылонькі

Для подружэчок, для родынонькы.

Бацькі ў сенях сустракаюць жаніха, вядуць у клець і частуюць. Затым шафер (маршалак) настаўляе яго, як абыходзіцца з нявестай. У гэты час у хаце спяваюць:

Прыiхав Iван до дiвкы,

Як ясный мiсяц до зуркы.

Пытаеться батэньку:

«Шчо мнi говорыты?»

Батько кажэ до ёго:

— Нэ говоры нычого,

Есть маршалок для того.

Пад гукі гэтай песні маршалак уводзіць жаніха ў хату і падае нявесце падарункі: чаравікі, панчохі, стужкі і пярсцёнкі, кажучы: «Пан молодый обсылае панну молодую подаркамы, шчоб була ласкава, прыняла». Нявеста прымае ўсё гэта, нізка кланяецца маршалку і вешае падарункі на сцяне ў куце хаты. Маршалак нявесты выходзіць на сярэдзіну і гаворыць: «Ото панна молодая обсылае подаркамы отца, матку і маршалка пана молодого, шчоб булы ласкавы, прынялы». Жаніх нізка кланяецца бацькам нявесты, а ад маршалка прымае вянок з руты і надзявае яго на шапку. Бацьку жаніха і маршалку падносяць па кавалку палатна, якія яны завязваюць сабе цераз плячо. Палатно для маці хаваюць у сумку, таму што маці ніколі не прысутнічае на запоінах. Затым усе садзяцца за стол, акрамя жаніха і нявесты, якім маршалкі завязваюць хусткі на рукі і тройчы абводзяць вакол стала. За кожным абыходам нявеста кланяецца бацькам і атрымлівае ад іх благаслаўленне; госці пад час гэтага абраду спяваюць:

Ны вiтёр калыну ломыть —

Коло стола дівка ходыть

I за собою два янволы водыть,

А трэтёго — Батэнька свого.

— Сядь, батэньку, за столом.

Казалы мнi

Янволы моi

Поклонытыся тобi.

Батэньку, благословы долэю!     

Гэтую ж песню спяваюць і для маці, пасля гэтага саджаюць маладых за стол і пачынаюць спяваць іншыя песні:

Лэтiлы гусы чэрэз сад

Клыкалы дiвоньку на посад,

Стэлiтэ ковдры в складный ряд,

Благословы, батэньку, я сяду.

                * * *

Збурная сяя субота —

Зобрала дiвонькы подружкы,

Посадыла в ряд і ряд,

I сама сiла на посад.

 Гадала гадоньку тыхонько,

Казала замуж не пойду,

Молодця я не люблю.

 А ты, батэньку, не вважай,

Мочы ячмiнь на солод,

Купы пшеныцi на коровай.        

За сталом маладыя ўстрымліваюцца ад ежы і пітва. Нарэшце маршалак з жаніхом устае і дзякуе: «Дякую отцу, матеры, сватовы і сватьті за всі пожыткы», — і яны сыходзяць. У гэты час сяброўкі пачынаюць прыбіраць нявесту. Расплятаюць і прычэсваюць касу, завязваюць на галаву белую хустку, упрыгожаную рознакаляровымі стужкамі ў выглядзе невялікага какошніка, апранаюць новы чорны армяк (жупан) з чырвонымі засцежкамі, затым ідуць па сялу з хаты ў хату і запрашаюць на вяселле: «Просыв батько і маты, і я прошу на вэсілле, на хліб-суль, на коровай і на всэ, шчо Буг пошлэ». Гэтак жа запрашае і малады на сваё вяселле, якое адбываецца асобна ў хаце яго бацькоў. Да вянца пешшу не ходзяць. Калі жаніх бярэ нявесту з іншай вёскі, то ён выпраўляецца ў царкву са сваёй хаты ў суправаджэнні свайго поезда. Нявесту папярэджваюць аб часе выезду, каб яна не спазнілася. Калі ж яны абодва жывуць у адной вёсцы, у такім разе жаніх з братам (дружкам) і з маршалкам едзе да нявесты. Бацькі сустракаюць яго на двары з хлебам-соллю, вядуць у хату і садзяць за стол. Нявеста з дружкамі выходзіць з клеці і падае яму на блюдзе два вянцы, хустку, пярсцёнкі і стужку, кажучы: «Прошу тэбэ, Іванэ, на пэршый порядок». Жаніх прымае ўсё гэта, у сваю чаргу дорыць нявесце грошы і ўсаджвае яе каля сябе. Пасля гэтага па загадзе вясельнага старасты маладыя саступаюць месца бацькам, у якіх просяць благаслаўлення, тройчы кланяючыся ім. Бацькі благаслаўляюць: «Благословітэ, отец і матэ пуд царскым вэнцэм статы». Пасля дружка са старастай тройчы абводзяць іх вакол стала і спяваюць: Трысвятую «Ойча наш» і «Уваскрэсенне тваё, Хрысце Спасе».

Пры выездзе са двара ў царкву свахі спяваюць:

Ломiтэ рожэньку,

Стэлiтэ дорожэньку

Молодуй і молодому

До Божого дому  

                * * *

До шлюбу, дiвонькы, до шлюбу...

Упады матюнцi до ножок,

Подякуй подружкам за вынок

І красным хлопцюм за танок.

Дывчята выночкы звывалы,

Молодьцi таньцi наймалы.        

                * * *

Завыдлывы ворожонькы,

Уступайтэ з дорожэнькы

Молодуй i молодому

До Божого дому.

                * * *   

Там йiм ручэнькi зьвяжуть,

Вiрнэе словцэ скажуть.

Вiрнiшэ, як батько,

Вiрнiшэ, як маты.       

                * * *

Быжiтэ, коныкы, сывы нывэлычкы

На гору крутую,

Под цэркву святую.

Першая квiтонька — молодый молодэц.

Быжiтэ, коныкы, сывы нывэлычкы

Под цэркву святую,

На гору крутую...

Другая квiтонька — молодая дiвонька.

                * * *

Звункое дэрэво топулле

В лiсе стояло, шумiло,

Дорогою вэзёнэ звынiло,

На двур звэзёнэ мовыло,

Мовыло дiвоньцi в нэдiльку:

— Навый выночкув з барвынку,

Нэ плэты косы в батужкы,

Наготуй ручнык под нужкы,

I жовту свiченьку в ручкы.

На бiлом ручнычку стояла,

Жовтую свiчку дэржала,

Як буб слёзонькi роныла,

У Бога долы просыла:

— Тут мэнэ, Божэ, споможы,

Моёго батэнька прынэсі

На сытэ новэ подвурье,

На запысовэ заступ’е.

                * * *

На горы цэрковка — Святый Спас,

Выйды, батэньку, протыв нас!

Ой выйды, найды протыв нас,

Повынчай діткы в добрый час.

Пры набліжэнні да царквы, спяваюць:

Нэма попа дома,

Поiхав до Львова,

Ключыкы куповаты,

Цэрковку одчыняты,

Нашы дiткы вынчаты.

У царкве слухаюць абедню, а пасля заамбоннай малітвы свахі і маршалкі пасярод царквы рассцілаюць кавалак палатна, на краях якога кладуць хлеб, а пасярэдзіне дробную манету, расплятаюць касу ў нявесты і, каб яна ў жыцці не цярпела прыцяснення, расшпільваюць запашку на каўняры кашулі. У час вянчання нявеста імкнецца наступіць на нагу жаніху, каб мець над ім перавагу ў сямейным жыцці. Адыходзячы ад аналоя, нявеста цягне за сабой падножнае палатно, каб дружка і сяброўкі яе не чакалі доўга жаніхоў, а следам за ёй выходзілі замуж. Пасля выхаду з царквы заходзяць у хату да святара за благаслаўленнем і прыносяць падарунак — некаторыя пеўня і курыцу, іншыя — хлеб і гарэлку. Ад’язджаючы, спяваюць:

Дякуймо попоньковы,

Нашому батэньковы,

Шчо нас звынчав,

Нэмного взяв: Пувпьята золотого

Од нашого молодого

I лытовску копу

За дывоцкую косу.       

                * * *

Прыiхала дівонька з шлюбу,

Поклонылась з рутонькою

Пэрэд своею мотюнкою:

— Моя матюнко, рожэ,

Поздоров тэбэ, Божэ,

Шчо ты мэнэ нарадыла

За доброго сем’янына.

На мэнэ попы глядять,

На мэнэ дякы глядять,

На мэнэ задывылыся,

Шчо в ксёнжках помылылыся.

                * * *

Знаты Iвана, шчо звынчаный:

На юм вынок помыняный;

Як iхав до шлюбу був з калынонькi,

А од шлюбу — з рутонькi.

Iдэ Iван з вынчання,

Ёго батэнько в воротах стоiть,

Білый ручнычок в руках діржыть,

Слёзонькамы облываеться,

Свого дытятка пытаеться:

— Шчо ты бачыв, мое дытятко?

— Бачыв я, бачыв усi святнi,

Бачыв i образ Дiвы Прэчыстэi.

Прэчыстая выночкi звывала,

Нам, молодэнькым, до шлюбу подала.

Пад’ехаўшы да хаты нявесты, спыняюцца каля брамы і спяваюць:

Выйды, батэньку, з свiчамы —

Вжэ твоi дiткi звынчаны!

I ты, матюнко-утко,

Чом не выходыш хутко,

Чом нас нэ вытаеш

I чому не пытаеш:

— Чы зараз шлюб бралы,

Чы всі прыiхалы?        

Тут бацькі выходзяць насустрач маладым з хлебам і соллю, віншуюць іх, частуюць півам і вядуць у хату. Да абеда свахі спяваюць:

Дайтэ з кола

Ручныка до стола:

Мар’юхнэна свадьба квокчэ,

Обiдаты хочэ.

У іншых вёсках бацькі не вядуць маладых з гасцямі ў хату, а частуюць асобна ў клеці. Пасля гэтага маладая прыходзіць у хату і дапамагае маці частаваць гасцей; між тым малады аглядае гаспадарку цесця і вяртаецца, калі госці адабедаюць.

Танцы пачынаюцца пад напеў наступнай песні, якая суправаджаецца музы-кай:

Наш сватоньку, коханiчку,

Пусты жэ нас до танчыку,

Нужэнькi проломаты,

Шубонькы показаты.

Калі моладзь развесяліцца, свахі пачынаюць спяваць:

Гдэ нашi коровайныцi

Нап’яно попылыся,

Шчо о нас забулыся?

Вжэ нам спываючы, аж дух занымае,

А ныхто і водою нэ прiкропляе.

Пасля гэтай песні вымаюць з печы каравай і хаваюць у хаце, пакуль не прыйдзе час дзяліць яго. Пасярод танцаў маршалак тайна выводзіць маладых на двор, садзіць іх на воз і вязе на вяселле ў хату маладога.

Пры ўездзе на двор, спявае:

Iван звынчанный вэзэ батьковы подарок —

Тонэнькый, былёный сувалок,

Бо вжэ бульш годi ждаты,

Хочэ Мар’юхну к собі взяты.

Бацька жаніха сустракае маладых на двары, віншуе іх, прымае ад нявесткі падарунак, вядзе іх у хату і кладзе падарунак на стол. Маці прымае са стала падарунак, садзіць маладых за стол і частуе рознымі стравамі. Пасля гэтага пачынае іграць музыка і моладзь танцуе. Праз некалькі гадзін стараста пасылае вестку бацькам маладой, што хутка прыедзе да іх вяселле ад жаніха. Пасля вяртання пасланца ад старасты пачынаюць спяваць:

Нэ кунь копытом позвоныв,

То Iванко по сiнях походыв,

Свого батэнька пробудыв

I так ёму говорыв:

— Встань, батэньку, довго спыш,

Мэнэ в дорогу нэ радыш.

На што бацька адказвае:

Ой ты, муй сынку, козачку,

Выбырай сваньку спывачку,

I старосту старого,

I подружка умного,

Шчобысь нэ мiв сорома,

Бо там чужа сторона.

Затым благаслаўляе маладых і адпускае іх да бацькоў нявесты ў суправаджэнні баяр. Гэта адбываецца ноччу, таму па дарозе спяваюць:

У нашого Iвана чорны очi —

Вун нэ боiться чорнэi ночi!

— Чого ж маю боятысь,

Чого маю лякатысь:

Буг надо мною,

Кунь подо мною,

Сванькы i прысванькы

Вокруг зо мною. 

Бацькі сустракаюць маладых, вядуць іх у клець, дзе нявеста, каб адрозніваць ад сваіх гасцей, перавязвае кожнага палатном цераз плячо. Госці ўваходзяць у хату і пачынаюць весяліцца. Праз некаторы час ідуць у госці да дружкі. У гэты час свахі спяваюць:

Дружка всiх нас до сэбе просыла,

Ужэ бочку мэду давно выкотыла.

А як будэ частоваты,

То будэмо ночоваты.

Пасля таго як павесяляцца ў дружкі, ідуць зноў да бацькоў нявесты, дарогай спяваюць:

Мы у дружкы булы,

Всёго доволь мiлы,

Мэд i выно пылы,

Пшэнычный хліб йiлы,

А од мяса i ковбас

Мал нэ пускае пояс.     

Калі ўваходзяць у хату, тыя дзяўчаты, якія засталіся, спяваюць нявесце:

Нэ лэтай, зозулько, з кутка сыножаткы —

Нэ так добрэ будэ у чужэi маткі!

Соколы сыдять,

На тэбэ глядять,

I возьмуть тэбе на крылочка,

Занэсуть тэбэ од гнiздочка.

Нэ выбiгай, молодая Мар’юхно,

За свого батэнька подвур’ечко,

Бо боярэ сыдять,

На тэбэ глядять,

Возьмуть тэбэ од батэнька

I завэзуть до свiкронька.

Пасля гэтай песні стараста з дружком выносяць з каморы каравай, спяваючы:

Мошчоны мосты з коморы до хаты,

Тудою нэсюно коровай богаты.

Каравай кладуць на стол, за які садзяцца бацькі і родныя нявесты, а стараста гаворыць: «Благословы, отчэ і маты, своёму дытяты на пасаг сядаты». Пасля гэтага бацькі ўстаюць, а іх месца займаюць маладыя. Дружко ставіць перад імі талерку і спявае:

Як з раю, з раю сонэчко встае,

Так молодая Мар’юхна на посаг сядае,

I просыть батэнька о вспомоганне:

— Муй батэньку-місяцю, споможы мэнэ

Шчаслывым бытом,

Копою жытом,

Шчастем, здоров’ем,

Долэю, покоем.  

Бацька адказвае:

Нэхай тэбэ, доньку, Буг спомагае

I всi святыi, i люды добры.

Далей дружко спявае:

Ой родэ, родэ богатый

Вэды статочок рогатый:

Коровы з тэлятамы,

Овэчкы з ягнятамы.      

Пры гэтым кожны з родных падыходзіць да нявесты і адорвае яе. Дружка запісвае кожную падараваную рэч. Стараста ж налівае чарку гарэлкі, перадае нявесце, а яна — кожнаму, хто дорыць. Пры гэтым у нявесты і ў таго, хто прымае чарку, рука павінна быць абвязана хусткай. Але перад гэтым, яшчэ да «перапою» замужнія жанчыны здымаюць з нявесты дзявочы ўбор і завязываюць ёй на галаву хустку, а жаніху надзяваюць шапку, пры гэтым спяваюць:

Завзялыся свахы свое діло зробыты,

Княгыню уповыты.

Прыды, батэньку, погляды,

Як твое дытя повылы.

Повылы, розквытовалы,

Шчо всі людэ дывовалы.

За перапоем ідзе дзяльба каравая, пры гэтым бацька нявесты робіць крыжападобную нарэзку на караваі. Стараста тым жа нажом вынімае з каравая крыжападобную часцінку, загортвае яе разам з грашыма, якія падаравалі на перапоі, у белую хустку і аддае нявесце. Пасля гэтага каравай дзеліцца на невялікія кавалкі, якія раздае кожнаму, хто ўдзельнічаў у перапоі. Пасля таго як каравай падзялілі, стараста спявае:

Староста — вызволёный,

Коровай — подылёный.

Дай жэ, Божэ, добрэ лiто,

Шчоб родылося нам жыто,

Ячмінь i пшеныця,

I всяка пашныця.        

А маладая ў той час, калі стараста раздае каравай, кожнаму з родных жаніха дорыць па кавалку палатна. Пры гэтым свахі спяваюць:

Жаль, Божэ, дарув

Для тых пышных боярув:

Умiють дары браты,

Не вмiють дяковаты,

Шапочкі подыйматы.

Пасля адорвання родных жаніха маладая складвае свае рэчы і рыхтуецца да ад’езду, у той час як бацькі з гасцямі вячэраюць. Пасля вячэры стараста спявае: «Достойно есть», а пасля гэтага прыпявае:

Жаль, Божэ, дарув

Для тых пышных боярув:

Умiють дары браты,

Не вмiють дяковаты,

Шапочкі подыйматы.

Далей падхопліваюць жанчыны:

Рычная рыбонько, чы нэ жаль тобi будэ,

Як то говорять добрые людэ,

З рыкi в озэры, iдучы,

Зэлёну траву мнучы.

Молодая Мар’юхно, чы нэ жаль тобi будэ,

Як о тобi твоя родына забудэ?

Чы нэ жаль тобi будэ, од батэнька iдучы,

Добра-нуч даючы?

Нявеста ўся ў слязах выходзіць з клеці, у гэты час дзяўчаты спяваюць:

Нэ куй, зозулько, в тэмном лiсы,

Тобi коваты в зэлёнуй дубравы!

Нэ плачь, Мар’юхно, у своеi маткы,      

Будэшь плакаты, жiвучі в свiкровi,

Ii наровы пэрэймаючы,

Хлiба i солi ужываючы.  

Пасля гэтага стараста кажа: «Благословы, отчэ і маты, своёму дытяты на быту статы». Нявеста кланяецца бацькам і атрымлівае благаслаўленне, хрысціцца, цалуе хлеб, бярэ яго пад паху і выходзіць з хаты. У гэты час стараста спявае:

До бору, тэтюрко, до бору,

Там тобi сосны з выбору,

Там тобi вода з крыныцi,

Там тобi ягоды ярыця (землянiка).       

Дзяўчаты:

Нэправда, соколю, нэправда:

Коныкi з’iлы травыцю,

Волыкі выпылы водыцю,

Ягодкi зклёвалы птыцi.  

Стараста:

До свікра, Мар’юхно, до свікра,

Там тобi вэчэра готова,

Там тобi свiтёлка мэтёна,

Мягка постэля стэлёна.  

Дзяўчаты:

Нэправда, старосто, нэправда,

Свiтёлку дiвэры засiлы,

Вэчэру зовыці з’iлы,

Свыкруха залэгла постэлю.       

Калі маладая кладзе рэчы ў воз, дзяўчаты спяваюць:

Накрый мэнэ, сванэчко, поламы,

Шчоб нэ облыла матёнкы слёзамы.

Стараста:

Убырайся-ж, Мар‘юхно, убырайся,

В кованый вуз вкладайся.

Вжэ пора од’iжжаты,

Свого быту одвiдаты.    

Пры выездзе:

Дякую тобi, муй батэньку,

Дякую тобi, муй мiсяцу,

За твое годованне,

За добрэ посыланне!

Я в тэбэ лыхого слова нэ чула,

Тулько косоньку чэсала,

Бiло лычко умывала.

Дарогай:

Грай, грай, шчуко-рыбо, по быструм дунаi,

Бо хутко заплывэшь вжэ в чужыi краi;

Там будэшь зловлёна,

З лушчiцы злуплёна

I молодцэвы на обiд зварёна.

Пры набліжэнні да дому бацькоў жаніха спяваюць:

Зурэнька свытовая свытае,

Мар’юхна ворота трогае:

— Одчыны, батэньку, ворота,     

Ось тобi нэвiстка молода!

Чорны очi заплакала,

Шчо косоньку пострадала.        

                * * *

Радуйся, батэньку,

Вэзэмо нэвiсточку,

Высоку, як ялына.

Чэрвону, як калына.     

Калі маладая малога росту:

Не лякайся, батэньку,

Шчо нэвістка малая;

Мы еi подвыжыiмо,

На шовку поставымо,

Золотом подважымо.      

У некаторых мясцовасцях дамашнія, пачуўшы набліжэнне вяселля, складаюць вогнішча каля брамы і праз яго маладыя павінны ўязджаць на двор.

На двары спяваюць:

Прыiхала панi

В чорному жупанi,

Нэ хочэ вставаты,

Трэба повытаты. 

Бацькі жаніха выходзяць насустрач, віншуюць нявесту і вядуць у хату. Маці сустракае нявестку ў футры поўсцю наверх.

Калі маладая ўваходзіць у хату, спяваюць:

Радуйся, маты,

Iдэ нэвiстка до хаты,

З вэлыкымi очiма,

З шырокымы плэчыма,

Добрая роботуха,

А лiпша колотуха.       

Маладая кладзе прывезены хлеб на стол і пад печ кідае курыцу, пасля гэтага бярэ вядро і ідзе за вадой. У гэты час госці вячэраюць. Для маладых вячэра падрыхтавана ў клеці. Пасля вячэры стараста вядзе маладых, ім спяваюць наступныя песні:

Вжэ дiвонька з ложа ідэ,

Свому свiкровы добры-дэнь дае.

Ой, рада б я була добры-дэнь дала,

Алэ сэрдэнько мое туча заняла:

Нэ могу говорыты,

Сэрдэнько звэсэлыты.    

Пры падыходзе да дома, маладыя пачынаюць танцы на двары, а за імі і ўсе госці, спяваючы:

Дай жэ, Божэ, добрый час,

Як у людэй, так i у нас.

Дай, Божэ, добру годыну,

Умножай ёму родыну.

Маладыя ў суправаджэнні гасцей ідуць з віншаваннямі да пана, спяваючы па дарозе:

Мы до пана iдэмо,

Подарок нэсэмо;

До пана молодого,

Мы служэнькы ёго.       

Пан з ганка прымае падарунак (палатно) і віншуе маладых, адпускае некалькі гарцаў гарэлкі на заканчэнне вяселля.

На дарозе сустракаюць дружак маладой, якія ідуць павіншаваць яе на новым стане, заязджаюць у госці да старасты і дружкі, а ад іх зноў у хату да бацькоў жаніха, дзе дзеляць каравай жаніха і працягваюць гулянне. Калі разыходзяцца, спяваюць:

Склонылося сонэчко до долу,

Час нам, пановэ, до дому.

Вжэ вiтёр ворота вiдчыныв,

I мiсяц дорогу освытыв.

Музыкі вядуць гасцей за браму і на развітанне з гаспадарамі спяваюць:

Бэры, чортэ, гостя,

А музыку посля.

У в. Хабовічы пасля вянчання нявеста, калі выходзіла з царквы, цягнула за сабой абцасам ручнік, на якім стаяла ў час вянчання, каб яе дружкі хутчэй маглі выйсці замуж. (Запісаў П.Дудзінскі ад Марыі Дзянісаўны Вакуліч.)

У в. Акцябр вяселле святкавалі 3 дні. У зборную суботу дзяўчаты з барвінку вілі вянок нявесце, потым клалі яго ў сіта і бацькі выкуплялі яго. Потым гэты вянок надзявалі на каравай і маці з бацькам 3 разы абводзілі ім вакол галавы нявесты. У нядзелю адбывалася вянчанне. Перад ад’ездам у царкву бацька з вядром вады, а маці з хлебам і соллю 3 разы абыходзілі святочна ўбраны воз і лілі ваду пад капыты коням. Пасля вянчання жаніх і нявеста раз’язджаліся, потым прыязджалі сваты і выкуплялі нявесту. Жаніх забіраў яе ў панядзелак. Калі дзялілі каравай і дарылі маладых, казалі: «Дарую грошы на 4 капы, каб былі 4 сыны і ўсе музыканты», альбо «Дарую грошы, каб былі дзеці харошы»14. (Запісала І.М.Бабер.)

Хрысціны

У в. Акцябр, калі неслі дзяўчынку ў царкву хрысціць, усе людзі ў хаце браліся рукамі за печ ці салому і казалі: «Каб за дзеўкай так хлопцы браліся»15. (Запісала І.М.Бобер.)

Каляндарныя абрады

Каляды. У в. Акцябр на Каляды, 7 студзеня, па хатах «вялі звязду». Хадзілі не толькі па сваёй вёсцы, але ездзілі і ў суседнія. Пыталіся: «Можна Хрыста праславіць?»

Атрымаўшы дазвол, спявалі песні:

Я умом хадыла у город Віфлеем,

І була в вэртэпы, і бачыла в нём,

Што Хрыстос Спасітель, Цар, Творэць і Бог

Родывся от Девы і лыжыть убог

В яслях бызсловесных посырод ягнят.

А над ім Йосып з матэр’ю сыдять.

                * * *

Хрыстос-Спасітель у повноч родывся

У вэртэпы бідному він посэлывся.

Над тым выртэпом звізда сіяла:

— Хрыстос родывся! — всім возвышчала.

І свод небесный вдруг растворывся,

У выртэпы бідному світ появывся.

А Божа Маты Хрыста пылынала

І Рожджэство всім возвышчала16.

(Запісала І.М.Бобер.)

Каляды заўсёды суправаджаліся дзіцячымі гульнямі і забавамі. Распаўсюджанай каляднай гульнёй на Кобрыншчыне была гульня ў «бабку». У ёй прымалі ўдзел хлопчыкі і дзяўчынкі ад 7- да 12-гадовага ўзросту.

Спачатку аднаму з гульцоў завязваюць хусткай вочы і падводзяць да дзвярэй. Пасля гэтага ён, не здымаючы з вачэй хусткі, павінен каго-небудзь злавіць. Усе разбягаюцца па пакоі і стараюцца ўцячы пры яго набліжэнні.

Калі «бабцы» ўдаецца злавіць аднаго, то яму завязваюць вочы17.

Гуканне вясны

На пачатку вясны дзяўчаты ў в. Акцябр збіраліся разам, выходзілі за хату і гукалі вясну. Пры гэтым спявалі вяснянкі:

З конця сыла вырба стояла.

На тый вырбі а тры квіточкы.

Под вэрбою а тры дівочкы.

Перша дівка — то Іванькова,

Друга дівка — то Васылькова,

Трэтя дівка — то Стыпанкова.

Іван свою ў корчомку вэдэ,

Васыль свою на солодкы мэдок,

Стыпан свою ў кропывоньку.

А кропыва напэчэ, напэчэ,

Дівка к дому ўтэчэ, утэчэ18.

(Запісала І.М.Бобер.)

Свята гэта заўсёды суправаджалася разнастайнымі гульнямі і забавамі. Адной з іх на Кобрыншчыне была гульня ў «свінню». Выбіралі роўнае месца на агародзе. Спачатку капаецца ў зямлі ямачка невялікай глыбіні. Яна называецца броварам. Вакол яе робяцца ямачкі ўжо меншага памеру. Каля кожнай становіцца хлопчык з невялікай палкай, канец якой павінен пастаянна знаходзіцца ў сваёй ямачцы. Адлегласць паміж ямачкамі і «броварам» такая, што хлопчык можа свабодна дастаць палкай як да «бровара», так і да іншай ямачкі. Адзін з гульцоў уяўляе «пастуха». «Свіннёй» называецца невялікі драўляны шарык. «Пастух» выкарыстоўвае сваё майстэрства, каб «свіння» ўкацілася ў бровар. У пачатку гульні выбіраецца «пастух» наступным чынам. Адзін з хлопчыкаў бярэ сваю палку і правай рукою трымаецца за адзін канец так, што пальцы яе кругам абхопліваюць. Затым па чарзе бяруцца за палку ўсе астатнія так, каб рука аднаго дакраналася да рукі іншага. Той хлопчык, якому прыйдзецца ўзяцца за самы канец, і становіцца «пастухом».

Драўляны шарык адным гульцом адкідваецца на значную адлегласць ад «бровара». «Пастух» пры дапамозе палкі стараецца закаціць яго ў большую ямку. Астатнія гульцы пільна сочаць за тым, каб не дапусціць шарык да бровара, адкідваючы яго сваімі палкамі назад. «Пастух», каб не даць магчымасць гульцу адкінуць шарык, абараняе сваёй палкай і ў гэты час сочыць, якая ямка вызваліцца. Калі ён першы паставіць сваю палку на вызваленае месца, то «пастухом» становіцца гаспадар ранейшай ямкі. Калі, нарэшце, аднаму з хлопчыкаў удалося дасягнуць жаданай мэты — укаціць шарык у бровар, гульня заканч-ваецца19.

Купалле

На Купалу ў Кобрынскім павеце ладзіліся ігрышчы. Адной з забаў было збіванне конскай галавы. Калі заходзіла сонца, уся вясковая моладзь збіралася разам з рознымі прыпасамі хатняга гатавання ў руках на раней выбранае месца. Яно па звычаі павінна быць абавязкова каля вялікага дрэва, якое стаіць на ўзвышэнні асобна ад лесу ці на ўзлессі. Пад такім дрэвам раскладвалі вогнішча.

Моладзь загадзя знаходзіла конскую ці каровіну галаву, упрыгожвала яе кветкамі, вянкамі з кветак, стужак, вешала на бліжэйшы сук над вогнішчам. Калі агонь разгарыцца і зробіцца дастаткова вялікім, то кожны з прысутных кідае ў галаву ці то каменем, ці то палкай, ці камяком зямлі, стараючыся пры гэтым збіць яе з сука, але так, каб яна абавязкова ўпала прама ў агонь, дзе павінна згарэць зусім. Вогнішча не пакідаецца, пакуль не пагасне канчаткова.