З гісторыі палацава-паркавых комплексаў Кобрыншчыны

З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны

Гарадзец

Колiшнi палацава-паркавы комплекс. Мястэчка Гарадзец, паводле працы польскага даследчыка Марэка Газдава («Terytorjum Dawnej Ziemi Brzeskiej»), упамiнаецца ў летапiсах з 1287 г. Належала да Кобрынскай эканомii, размяшчалася над Каралеўскiм каналам (пасля 1846 г. канал называецца Дняпроўска-Бугскi).

Каля 1465 г. кобрынскiмi князямi тут была пабудавана Iльiнская царква. Каталiцкая парафiя ўзнiкла ў Гарадцы разам з узвядзеннем касцёла праз фундацыю караля Уладзiслава IV.

У 1563 г. у Гарадцы была праведзена каралеўская рэвiзiя, паводле якой упершыню з’явiлiся запiсы пра назвы вулiц Гарадца (Кобрынская, Прышахоцкая, Пiнская, Грушаўская, Iлiнская, Базарная i iнш.).

У 1586 г. Гарадзец перайшоў па спадчыне каралеве Ганне Ягелончык, дачцэ каралевы Боны i Жыгімонта І Старога. Ганна, як i яе мацi, была актыўнай i мэтанакiраванай у вырашэннi гаспадарчых i палiтычных спраў, мела рэфарматарскi дух. Каб стымуляваць развiццё рамяства, гандлю i ў цэлым усіх гаспадарак, новая каралева 5 студзеня 1589 г. асабiста ўручыла Кобрыну i Гарадцу прывiлей на права самакiравання (Магдэбургскае права). Але Гарадцу не было дадзена права мець уласны магістрат як адмiнiстрацыйны орган улады.

У 1784 г. у Гарадцы затрымаўся праездам цераз Шарашова, Шчарчова і Кобрын на Гродзенскi сейм апошнi кароль Рэчы Паспалiтай Станiслаў Аўгуст Панятоўскi. Кароль быў вельмi зацiкаўлены каналам, выказаў жаданне асабiста агледзець яго i застаўся задаволены яго станам. Канал даваў магчымасць мясцоваму люду перапраўляць свае тавары аж да Гданьска, а таксама пашыраў iх надзелы за кошт асушанай зямлi. Калi кароль плыў на велiзарнай лодцы, накрытай балдахiнам, на ўсім шляху караля вiталi тысячы мясцовых жыхароў... У гонар канала, які пасля наведвання манархам Рэчы Паспалітай атрымаў назву Каралеўскі, у 1786 г. быў выбіты медаль.

Палацава-паркавы ансамбль у Гарадцы ўзнiк пры Ордах, якiя сталi ўладальнiкамi сядзiбы ў 1808 г. Паводле малюнка Юзафа Крашэўскага, палац складаўся з рознавялiкiх аб’ёмаў, меў гладкую тынкоўку, вялiкiя вокны, высокi падмурак. Перад парадным уваходам iснавала вялiкая круглая клумба.

Найбольш верагодна, што палац быў зруйнаваны яшчэ ў 1-ю сусветную вайну. Пра iснаванне ў Гарадцы некалi шыкоўнага палацава-паркавага ансамбля нагадваюць адзiнкавыя старыя дрэвы.

Запруды

Колішняя сядзіба роду Маераў. Узнікла на тэрыторыі сярэдневяковага замчышча. Да цяперашняга часу тут захаваліся рэшткі абарончых умацаванняў (валы i равы), якія ў плане нагадваюць упісаныя адзін у адзін прамавугольнікі.

Да 2-й сусветнай вайны сядзіба належала Маерам. Дом не захаваўся. Ён быў разабраны ў пасляваенны час. На месцы ансамбля размясцілася базавая школа. Будынак школы ўзведзены на месцы існавання сядзібы. Дом быў драўляны, аднапавярховы, накрыты гладкім двухсхільным дахам. З боку цэнтральнага пад’езда меўся невялікі ганак.

Захавалася частка парку ў паўночна-заходняй частцы сядзібы. У парку растуць клёны, ліпы,  дубы, шмат ляшчыны, акацый, побач сочыцца крыніца, непадалёку існуе штучная сажалка.

 Колiшнi маёнтак. Размяшчаецца за 0,5 км на паўночны захад ад в. Iмянiн. У пiсьмовых крынiцах в. Iмянiн упершыню ўпамiнаецца ў 1563 г.

Сядзiба з’яўлялася радавым гняздом Навумiнскiх.

Парк закладзены ў 2-й палове XIX ст.Цэнтрам кампазiцыi быў сядзiбны дом, пабудаваны з дрэва, аднапавярховы, па цэнтры мансардны, вылучаны невялiкiм ганкам на драўляных слупах.

Парк не вылучаўся кампазiцыйнай дасканаласцю. У пасляваенны час у iм размяшчалася воiнская часць, асноўны дрэвастой знiшчаны. Захаваўся колішні мураваны будынак кашары.

Камень

 Колішняя сядзіба роду Сулкоўскіх. У пісьмовых крыніцах упамінаецца пад назвай Камень Каралеўскі ў 1563 г. Захавалася частка аб’ектаў сядзібы (жылы дом, гаспадарчыя пабудовы, парк). На месцы ансамбля месціцца базавая школа.

Дом драўляны, аднапавярховы, з нізкім дахам. Будынак практычна не перабудоўваўся. У цэлым фасад захаваў аўтэнтычнае аблічча, знаходзіцца ў добрым стане. Пабудаваны ў другой палове XIX ст. Пасля 2-й сусветнай вайны перададзены гаспадарамі пад класы для навучання мясцовых дзяцей. Унутры перапланаваны пад патрэбы школы.

Пейзажны парк, закладзены разам з будаўніцтвам дома, захаваўся часткова. Асноўную тэрыторыю сядзібы займаў пладовы сад. Усю сядзібу абкружаў абвадны канал, які ў паўночна-заходнім баку злучаўся з невялікай сажалкай выцягнутай формы. Былыя будынкі аборы, стайні, сыраварні і інш. знішчаны. Часткова захавалася ўязная алея, абсаджаная ліпай, бярозай.

За 0,7 км на захад ад вёскі Камень каля дарогі на Кобрын існуе курган з гістарычным каменем-валуном. Надпіс на ім сведчыць пра пахаванне ў 1637 г. шляхціца Вадзілы Нічыпаровіча.

Плянта

Колiшнi палацава-паркавы ансамбль. Паводле даследавання Р.Афтаназы, маёнтак належаў роду Петрашэўскiх, пазней перайшоў да генерала Зданьскага, герб «Корнiч». Яшчэ да 1-й сусветнай вайны маёнтак падлягаў падзелу i распрадажы.

З 1920-х гадоў i да 2-й сусветнай вайны ў палацы працавала сельскагаспадарчая школа для дзяўчат. Дырэктарам гэтай школы да 1939 г. была Смоляр.

Палац, у якiм размяшчалася школа, накрываў чатырохсхiльны высокi дах. Паводле ўспамiнаў старажылаў, цэнтральны ўваход у палац быў акцэнтаваны невялiкiм ганкам на калонах.

Унутраная планiроўка палаца анфiладная. Мелiся 2 круглыя залы для гасцей, адна на першым, другая — на другiм мансардным паверхах.

Архiтэктурны стыль палаца сведчыць, што ён пабудаваны ў XVIII ст.

У 1939—1941 гг. у будынку палаца-школы пасялiлiся рускiя перасяленцы, а вышэйназваная дырэктар Смоляр выехала ў Польшчу. У пачатку вайны ў 1941 г. немцы спалiлi палац.

З гаспадарчых пабудоў засталася стайня, якая выкарыстоўваецца мясцовымi жыхарамi пад жыллё.

У старадаўнiм пейзажным парку пасля вайны размяшчалася МТС. Большая частка парку знiшчана, засталiся адзiнкавыя векавыя дрэвы i фрагменты алей.

Друкуецца са скарачэннямі па кн.: Несцярчук  Л.М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х—ХХ стагоддзяў. Мн., 2002. С. 190—191, 194—196, 201—202.