Тапанімія Кобрыншчыны
З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны
З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны
У ходзе даследавання назваў населеных пунктаў Кобрыншчыны былі выкарыстаны: Рэвізія Кобрынскай эканоміі, складзенная каралеўскім рэвізорам Дзмітрыем Сапегам у 1563 г. (РКЭ), «Тапанімічны слоўнік» В.А.Жучкевіча, «Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны» А.К.Усціновіч, выданні Інстытута славяназнаўства АН СССР «Лексіка Палесся» і «Палессе», некаторыя іншыя працы, уласныя запісы.
Былі вывучаны 179 тапонімаў Кобрыншчыны (Кобрын не разглядаўся), сярод іх некалькі назваў вёсак, якія ўжо не існуюць (Арол, Вуглы і інш.), а таксама якія былі перайменаваны. Кожны тапонім разглядаўся ў трох варыянтах: беларускім, рускім, а таксама на мясцовай гаворцы. Пры даследаванні не ўлічваліся мясцовыя тапанімічныя паданні.
Быў праведзены параўнальны аналіз старажытных і сучасных назваў за 400 гадоў, у ходзе якога высветлілася, што на Кобрыншчыне старэйшымі з’яўляюцца тапонімы з фармантамі -чы, -ец, -ыцы. Гэта група тапонімаў звычайна з’яўляецца абазначэннем людзей, якія рассяляліся каля нейкага адметнага месца. У тапонімах, дзе перад -ічы аснова заканчваецца на -чы, у сучасным афіцыйным напісанні на рускай і беларускай літаратурных мовах фармант -ічы заменены на -ыцы, хоць у мясцовых народных гаворках адпаведны тапонім ужываецца ў старажытнай форме: Ляхчыцы (бел.), Ляхчицы (рус.), Ляхчычы (мясц.). Пазнейшыя назвы на -ічы былі ўтвораны ад асабістых імёнаў і прозвішчаў (Яромічы, Яўсімавічы), але без гістарычнага аналізу нельга ўстанавіць ці пайшлі яны ад імя першапасяленца (патранімічныя) або ад феадала (прыналежныя).
Як высветлілася з даследавання найбольш тапонімаў паходзіць ад назваў розных відаў апрацаванай ці неапрацаванай зямлі, балот, лесу і г.д. — усяго 54: Вострава (бел.), Острово (рус.), Островэ (мясц.) — ад слова востраў, у РКЭ абазначае ўрочышча, акружанае балотамі; Брылёва (бел.), Брилёво (рус.), Брылёвэ (мясц.), у РКЭ Брылёв урочышча каля Кобрына — ад дыялектнага «брыля», узняты пласт зямлі; Варатынічы (бел.), Воротыничи (рус.), Воротынічы (мясц.) — ад дыялектнага «ворота», край поля, дзе паварочваюць коней з плугам; Павіцце (бел.), Повитье (рус.), Повітьте (мясц.) — ад слова «віць», мокрае месца, багна. Некаторыя назваўтваральныя словы выйшлі з ужытку, напрыклад слова палаць (у сэнсе палавіна; в. Паляцічы), але ў пераважнай большасці яны ўжываюцца ў сучасных гаворках Палесся. На прыкладзе гэтай групы тапонімаў назіраюцца натуральныя тапанімічныя працэсы: Старадубцы (бел.), Стародубцы (рус.), Стародубці (мясц.) — у 1563 г. упамінаецца Стары дуб, урочышча сяла Вуглы.
На другім месцы па колькасці тапонімы, утвораныя ад асабовых імёнаў (26): Паўлава (Павлово, рус. і мясц.), Патрыкі (Патрики, рус.; Патрыкы, мясц.), Гайкоўка. Ад прозвішчаў утвораны 7 тапонімаў: Шамятоўка, Барысаўка, Засімы, Малышы, Касцінская Бяроза, Ягалкі, Баршчы.
За імі ідуць тапонімы, якія паходзяць ад назваў дрэў (18): Альхоўка, Бяроза, Оса, Дубавое, Ліпнікі, Падалессе і інш. Да іх далучаюцца ўтвораныя ад назваў раслін (11): Дзівін, Чэмер, Закалнечча, Калюхі, Вялічкавічы, Чарнічнае, Лушчыкі, Сухоўчыцы, Кісялёўцы, Вялікія і Малыя Лепясы.
Затым ад назваў жывёл і птушак (11): Авады, Арол, Буховічы, Быкі, Ілаўск, Ластаўкі, Лелікава, Рачкі, Рыбка, Соўплі, Турная, Басяч.
Дзесяць назваў паходзяць ад гідронімаў: Дахлава, Завужоўе, Падзяменне, Арэхаўскі, Быстрыца, Мухаўлокі, Каменка, Рэчыца, Хідры, Турная.
Пра форму паселішчаў можна здагадацца па дзевяці тапонімах: Гарадзец, Навасадкі, Навасёлкі (тройчы), Вуглы, Сялец, Губерня, Імянін.
Аб сацыяльным становішчы заснавальніка, жыхароў або ад роду дзейнасці сведчаць сем назваў: Агароднікі, Лягаты, Мельнікі, Рынкі (Рымкі), Камень Каралеўскі і Шляхецкі, Мярніца.
Значна меншую колькасць складаюць тапонімы, якія ўтвораны ад назваў старажытных плямён (4): Літвінкі, Ляхчыцы, Мазуры (двойчы), гаспадарчых пабудоў (4): Адрынка, Клятышча, Смалярня, Шуры, ад формы роднасных сувязей: Кустовічы, Стрыі, ад міфалагічных вераванняў: Багач, Перкі. Шэраг назваў пранікла ў тапанімічны лексікон Кобрыншчыны праз іншыя мовы: беларускую (Песцянькі), рускую (Фруктовы, Птушкафабрыка, Акцябр), польскую (Калонія, Забава, Губерня), украінскую (Мазічы, Чалішчавічы), яўрэйскую (Тэўлі), фінаугорскую (Ківацічы), літоўскую (Тулічы).
Існуе група тапонімаў, тлумачэнне якіх выклікае сумненне (Хадынічы, Руховічы і інш.) або ўвогуле цяжка растлумачыць (Плашчыны, Кіганы, Гварычы, Батчы і інш.).
Асобна трэба выдзеліць групу тапонімаў, якія паўтараюцца ў межах раёна або з аднолькавай каранёвай асновай. Яны шырока распаўсюджаны па ўсёй Беларусі. Гэта Навасёлкі (3 вёскі), Залессе (2 вёскі), Дзевяткі (2 вёскі), Ліпава (2 вёскі) і Ліпнікі, Бяроза і Бярозна, Дубавое і Дубіны. Аналіз тапонімаў, якія падобныя або паўтараюцца, можа дапамагчы ў вывучэнні рассялення насельніцтва ў старажытнасці.
Напэўна, для ўсяго заходняга Палесся будзе характэрны вынік даследавання тапонімаў Кобрынскага раёна — больш за 90% назваў утвораны ад слоў, якія ўжываюцца або ўжываліся ў мясцовых гаворках.
Ю.А.Барысюк.