Носьбіты і стваральнікі сучаснай культуры Кобрыншчыны

З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны

Дастаткова ўпершыню праехаць гладкімі, роўнымі дарогамі, абсаджанымі ліставымі дрэвамі, і пабываць у некаторых вёсках Кобрынскага раёна, такіх як Астромічы, Камень, Дзівін, з дагледжаным навакольным экстэр’ерам, багатым убранствам хат, і пазнаёміцца з таленавітымі ўмельцамі, якія жывуць тут, як прыходзіш да высновы, што з цягам часу яны могуць стаць вёскамі-музеямі і прымаць турыстаў. Тут можна многа цікавага пабачыць, пачынаючы ад вонкавай аздобы драўлянай архітэктуры і заканчваючы тымі рэчамі, ад якіх аж трашчаць шафы. А тутэйшы фальклор дапаможа атрымаць адказ, чаму ў гэтым рэгіёне жыве так многа таленавітых умельцаў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, каб пераканацца ў паэтыцы душы народа і значнай повязі пакаленняў праз творчасць. У такім кірунку і павядзём размову аб сучасным народным мастацтве Кобрынскага раёна, засяродзіўшы ўвагу на колькасці носьбітаў і стваральнікаў мясцовай культуры. Вядома, адважыцца ахапіць умельцаў усіх жанраў народнай творчасці на абсягу вялікай тэрыторыі раёна — справа даволі складаная, але нават наша павярхоўнае ўнікненне ў дадзеную праблему дапаможа нашчадкам адчуць і ўпэўніцца ў працаздольнасці і любові мясцовых людзей да прыгожага, адчуць паэтыку іх душы, а, значыць, дакладна вызначыць творчы патэнцыял жыхароў сучаснай Беларусі. Сёння мы ўжо можам гаварыць аб такім жанры мастацтва, як эстэтыка аздаблення навакольнага асяроддзя вёскі, што значна змянілася за апошнія 10 гадоў. Крытычнае вока мастака тут убачыць і ацэніць усё — ад прыгожа аздобленай дошкі аб’яў каля Дома культуры ці праўлення калгаса (напрыклад, у в. Залессе) або пляцоўкі дзіцячага сада (в. Хабовічы) да адметнасці экстэр’еру кожнай вясковай хаты. Завітаўшы ў яе, немагчыма не заўважыць унікальнасць у параўнанні з іншымі рэгіёнамі рэспублікі ў аздабленні інтэр’ераў. У вёсках Клятышча, Барысаўка і навакольных прыцягваюць увагу абразы, ахінутыя ручнікамі, вісяць яны не ў самым куце, як у праваслаўных, і не пры куце, як у католікаў, а над вокнамі, якія знаходзяцца ў сценах, што ўтвараюць чырвоны кут. У гэтым выпадку ў самім куце нічога няма ці вісіць вышытая макатка. На пытанне, а як святары глядзяць на такое размяшчэнне абразоў, быў адказ: «Ніколі заўваг не рабілі».

Аўтэнтычныя рэчы, створаныя ўмельцамі, пераконваюць у тым, што народную творчасць нельга лічыць архаічнай, застылай, з павольнымі зменамі ў тэхналогіі, асартыменце, арнаменце, матэрыяле. Гэтыя змены вельмі адчувальныя ў нашы дні, але яны заўважаліся і раней. Калі ў цяжкія пасляваенныя 1940-я гады не хапала нітак, людзі пачалі майстраваць плеценыя (сеткавыя) рэчы: абрусы, дываны, адзенне. Узяць хоць бы творы Ганны Каралюк з в. Плоскае Хідрынскага сельсавета. А дарагавізна прамысловай мэблі прымусіла сталяроў хутка пераарыентавацца на новы асартымент. Калі гадоў дзесяць таму яны галоўным чынам выраблялі вокны, дзверы, то зараз — мэблю. Тое ж можна сказаць і пра вышытыя спецыяльнай іголкай дываны — мода на іх была абумоўлена часовым недахопам у крамах дываноў жакардавай вытворчасці.

Сёння з’явілася новая форма зацікаўленасці майстра ў творчасці. Напрыклад, некаторыя вышывальшчыцы не толькі вырабляюць рэчы для сябе, але і дапамагаюць установам культуры з касцюміраваннем фальклорных калектываў. З пачатку 1990-х гадоў, як ніколі раней, упершыню народныя майстры для перадачы дзецям сакрэтаў і традыцый рамяства пачалі актыўна прыцягвацца да настаўніцтва ў школах і ўстановах культуры.

Каб як мага глыбей унікнуць у этнаграфію дадзенага рэгіёна, мы задавалі шмат пытанняў субяседнікам. Але так і засталося загадкай, чаму ў гэтай мясцовасці не сустрэліся нам майстры, якія робяць музычныя інструменты. Усе жыхары, з якімі даводзілася гутарыць, адказвалі, што на танцах і вяселлі гралі на гармоніку, але ці іх куплялі, ці майстравалі тутэйшыя ўмельцы ніхто дакладна не ведаў. Гаварылі, што на кірмашах у Кобрыне можна было пачуць нават у 1930-я гады лірнікаў, але зноў жа невядома адкуль браліся гэтыя музыкі.

Разглядаючы культуру Кобрыншчыны, раней аднаго з густанаселеных яўрэямі рэгіёнаў Беларусі, якія амаль поўнасцю вынішчаны ў апошнюю вайну, нельга не згадаць шаўцоў, краўцоў, кавалёў — тых, чыё ўмельства адносіцца да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яўрэі, якія афіцыйна не мелі права набываць зямлю, жылі за кошт гандлю і рамёстваў, былі першымі настаўнікамі, якія вучылі тутэйшых беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Асобнымі сем’ямі жылі яны па вёсках, напрыклад, у в. Мяфёдавічы працаваў каваль, у в. Хабовічы — кравец. Асабліва гэта трэба мець на ўвазе даследчыкам традыцыйнага касцюма.

У час экспедыцыі цікавіліся мы і пытаннямі міфалогіі, паколькі праз гэты жанр фальклору раскрываецца духоўны свет чалавека, што ў пэўнай ступені дапамагае разабрацца ў творчасці ўмельцаў. Па гэтай далікатнай праблеме патрэбна найперш, як кажуць, чалавека разгаварыць, і хоць у нас не хапала часу, але сабраны вялікі матэрыял. Прыводзім расповяд Алены Бойка з в. Хабовічы, які павінен раней ці пазней прыцягнуць увагу фалькларыстаў і які будзе прыведзены тут крыху ніжэй.

Адказ на пытанне аб сучасным статыстычным уліку таленавітых людзей у кожнай вёсцы часта залежыць ад сумлення, адказнасці, прафесійнай кампетэнцыі мясцовага работніка культуры. Таму зусім не выпадкова тое, што самая большая колькасць умельцаў налічваецца ў рэгіёне Астроміцкага сельскага Дома культуры, Каменскага сельскага клуба (у першым працуе Тамара Сінкавец, у другім — Лідзія Чыж). Абедзве нарадзіліся ў гэтых мясцінах, жывуць пастаянна, працуюць з душой. Дастаткова пагартаць зробленыя імі альбомы з паэтычнымі назвамі «Скарбонка майго краю» і «З народнай скарбонкі», каб за некалькі хвілін даведацца аб гісторыі вёсак, таленавітых умельцах, мясцовых звычаях і абрадах, пабачыць на фотаздымках твары найбольш таленавітых майстроў.

Зыходзячы з убачанага і пачутага, спынімся спачатку на распаўсюджаных народных рамёствах: вышыўцы, вязанні, карункапляценні, ткацтве, разьбе па дрэве, бондарстве, лозапляценні; адзначым рэдкія віды народнай творчасці: выцінанку, пякарскую пластыку, касцюм, саломапляценне; закранём пытанне мясцовых гульняў, міфалогіі.

ВЫШЫЎКА

Галоўны асартымент сучасных вышытых рэчаў: навалачкі, падузоры-«прасціны», дываны. Вышытыя вырабы 1950-х гадоў сведчаць, што моднымі лічыліся занавескі, карціны, фіранкі, абрусы-«настольнікі». У даваенныя гады пераважна вышывалі ручнікі, адзенне. Тэхніка вышыўкі тут такая ж, як і ў іншых рэгіёнах рэспублікі: крыжык, двайны крыжык, шматкаляровая гладзь, швы, а ў 1970-я гады прыйшла мода на дываны, вышытыя спецыяльнай іголкай. Прыкметна, што кожны асартымент мае кампазіцыйнае размеркаванне ў залежнасці ад прызначэння. Так, у гэтай мясцовасці падушкі на ложку кладуць дзвюма горкамі па тры ў кожнай, спачатку большая, потым меншая, а вышэй — яшчэ меншая, у такім выпадку ўзор на навалачках размеркаваны адным нешырокім бардзюрам. Калі ж падушкі ставяцца па адной на канцах ложка, то ўзор вышываецца на сярэдзіне навалачкі. Белыя прасціны пасланы пад посцілкай, а з-пад яе відаць толькі край, на якім узоры размеркаваны асобнымі матывамі на некаторай адлегласці адзін ад аднаго ці нешырокім суцэльным бардзюрам. Што ж датычыцца дываноў, вышытых петлямі пры дапамозе спецыяльнай іголкі, то яшчэ ў 1970-я гады мода на такія рэчы хутка пайшла па ўсёй рэспубліцы, заахвочваючы да творчасці многіх умеліц. І асабліва тады, калі ўзнік дэфіцыт з прамысловымі дыванамі. Характэрна, што такі від творчасці дазваляў выкарыстоўваць старыя палінялыя капы, коўдры фабрычнага гатунку, зашываючы нанава іх узорамі, што давала рэчы новае жыццё.

Трэба адзначыць, што вышыўка нясе інфармацыю аб прыроджаным таленце жанчыны, яе гусце, разуменні законаў эстэтыкі, а яшчэ, па словах саміх жанчын, дапамагае адпачыць пасля цяжкай фізічнай працы. Таму і не дзіва, што, напрыклад, у в. Гайкоўка вышываюць даяркі Валянціна Гардун, Галіна Дунда, паляводы Вера Батуліна і Таццяна Пекун, Ганна Дзмітрук.

На Кобрыншчыне ёсць вёскі (хоць бы в. Андронава Батчынскага сельсавета), дзе жанчыны рознага ўзросту нібы спаборнічаюць адна з адной. Тут самымі таленавітымі аднавяскоўцы лічаць Веру Макравус (1929 года нараджэння) і Ніну Якаўчук (1938). Да старэйшага пакалення належаць: Ірына (1921), Ганна (1924), Вера (1925)  Дзенісюк, а самая малодшая — сакратар-машыністка калгаса Марыя Кабась (1959). У 1930-я гады нарадзіліся Феадосія Філіманюк, Марыя Казачук, а Лідзія Місюк у 1954 г.

У в. Астромічы аж 28 вышывальшчыц. Варта адзначыць адну з самых здольных — Надзею Барычэўскую (1960), вышывае рукамі і на машыне, пляце макрамэ, майструе сувеніры з дрэва, вяжа і спявае ў хоры. У в. Шамятоўка любяць вышываць у вольны час маладыя жанчыны, што нарадзіліся ў 1960-я гады: паляводы Вольга Леанчук і Таццяна Гаўрылюк, санітарка Аляксандра Паўлючык, прачка Ніна Панасюк. У в. Шляхта такой творчасцю займаюцца даяркі Валянціна Півень, Галіна Калінчук і інш.

Напэўна, у хуткім часе творчасць жанчын з в. Камень зможа прыцягнуць увагу не толькі мастацтвазнаўцаў, але і псіхолагаў. Тут пры нашым нават павярхоўным пошуку, сустрэта сярод жанчын 9 здольных вышывальшчыц, 7 ткачых, 3 жанчыны плятуць карункі, 5 вяжуць, а Яўгенія Вальчык, Галіна Пехацюк вышываюць спецыяльнай іголкай. Вышыўкай займаюцца і ў вёсках Кустовічы, Мяфёдавічы, Грушава, Гарадзец і інш.

Калі ўзяць Навасёлкаўскі сельсавет, то ў в. Навасёлкі вышываюць Валянціна Яўчук, Алена Міхальчук, Ірына Каранько, а спецыяльнай іголкай — Ніна Кавальчук, Алена Арашчук — кручком, а Марыя Лабай з Бельска — гладдзю. У той жа час у в. Хадынічы можна налічыць 10 вышывальшчыц, якія паказалі нам і вязаныя рэчы. У вёсках Кісялевіцкага сельсавета таксама шмат такіх умельцаў. У в. Кісялёўцы — Вольга Бура, Галіна Якаўчук, Зоя Тарановіч, Таццяна Чыж; у в. Рыбна — Валянціна Кірыеўская, у в. Балоты — Марыя і Ніна Левыя, Галіна Канончык, у в. Гірск — Ганна Селівончык. У в. Дзевяткі Залескага сельсавета мы налічылі 6 вышывальшчыц, а ў Тэвельскім сельсавеце гэтым займаюцца ў в. Стрыі Людміла Мядзведзева, у в. Глінянка Галіна Ліннік і Вера Карпук. У інтэр’ерах хат в. Закросніца Залескага сельсавета вісяць на сценах вышытыя рэчы і ў наш час. Сярод майстрых называюць бухгалтара Марыю Томсаву, палявода Надзею Крыцкую, даярак Надзею Шаламіцкую і Кацярыну Томсаву, пенсіянерку Марыю Пашкевіч. У в. Сялец гэтага сельсавета жывуць вышывальшчыцы Галіна Козел, Сцепаніда Пятручык, а Таццяна Луніна ўвесь вольны час прысвячае вырабу дываноў спецыяльнай іголкай. Тут да слова прыгадаць умеліц і з цэнтра сельсавета Надзею Казак, Валянціну Валасюк, Ганну Барэцкую, Любу Шчарбацэвіч. Працягваюць мясцовыя традыцыі вышыўкі ў в. Мінянка Буховіцкага сельсавета  Марыя Рэдзька і Валянціна Ігнацюк.

Шмат вышывальшчыц жыве ў в. Хабовічы Дзівінскага сельсавета, але мы згадаем толькі даярку Надзею Паляціла, лабарантку Ніну Жарын, палявода Святлану Маўчынюк, якая аддае перавагу вышыўцы спецыяльнай іголкай, — усе майстрыхі нарадзіліся ў 1950-я гады. У в. Дзівін пакажуць рэчы, вышытыя спецыяльнай іголкай, тэхнічка Ніна Каляда, прадавец Таццяна Бляшук. Пра ўмеліцу шырокага дыяпазону Марыю Беразюк расказала ў свой час раённая газета. Ёсць майстры ручной вышыўкі і ў іншых вёсках гэтага сельсавета: у в. Чэмер — Антаніна Свідуновіч (пенсіянерка), Вольга Скрашчук (санітарка), а ў в. Лелікава — Кацярына Леванюк (даярка).

Калі мы спыталі пра таленавітых майстроў вышыўкі ў в. Хідры, мясцовыя жыхары назвалі сярод лепшых Святлану Батура, Вольгу Кузьміч, Ірыну Азарчук, Марыю Палявода, а ў в. Пескі гэтага ж сельсавета вышывае спецыяльнай іголкай Лідзія Сахарчук, у в. Корчыцы — Таццяна Семянюк, у в. Ушкавіца — Антаніна Крачко. У в. Плоскае гэтага сельсавета дастакова зайсці ў хату да Ганны Каралюк, актыўнай удзельніцы фальклорнага калектыву, каб, зірнуўшы на вышыванкі і аплікацыі, пераборныя тканіны, пераканацца — таленты па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ў вёсцы ёсць, гэта творцы шырокага дыяпазону. Вышытыя яшчэ ў першыя пасляваенныя гады рэчы, дзе выкарыстаны накрухмалены бінт, з якога выкладзены пялёсткі кветак аб’ёмнай формы, прымушаюць паразважаць над псіхалогіяй унутранага працэсу творчасці ўмельцаў з іх пошукам незвычайных матэрыялаў для вышыўкі, і ўсё дзеля таго, каб унесці элементы прыгожага ў асяроддзе, а разам з тым надаць цеплыню жыллю.

Калі ўзоры вышывак у гэтым раёне ў большасці перазнятыя са старых рэчаў, альбомаў, якія выпускаліся ў пачатку нашага стагоддзя, а вышытыя гладдзю маюць падабенства да тых, што прапаноўваў у свой час часопіс «Работніца і сялянка», то спецыфіка вышыўкі спецыяльнай іголкай прымушае майстрых самастойна шукаць формы ўзораў і вырашаць іх кампазіцыйнае размеркаванне на вялікай плошчы старой капы ці коўдры. Таму ў такой вышыўцы найбольш выразна праяўляюцца асабістыя творчыя пошукі майстрыхі. У большасці многія з іх умеюць добра маляваць. Напрыклад, у в. Кустовічы, зайшоўшы ў хату да Лідзіі Галадзюк (1951 года нараджэння), бачыш на сценах намаляваныя дрэвы і птушкі, самаробныя дываны, а на крэслах ляжаць адмыслова зробленыя самаробныя накідкі.

ВЯЗАННЕ І КАРУНКАПЛЯЦЕННЕ

Паколькі ў Беларусі вязаныя і карункавыя рэчы робяць кручком-шыдэлкам і кожная ўмеліца валодае сакрэтамі тэхналогіі абодвух рамёстваў, ёсць падстава гэтыя два віды творчасці аб’яднаць разам. Сёння гэта рамяство вельмі пашырана ў вёсках рэспублікі (у т.л. і ў Кобрынскім раёне). Але адна справа звязаць пры патрэбе неабходную рэч, іншая, калі майстар не ўяўляе жыцця без паўсядзённага занятку такой творчасцю, як, напрыклад, Вера Каралюк з в. Плоскае, былая настаўніца, потым дырэктар. Яна нарадзілася ў 1929 г. у Пружанскім раёне і пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага вучылішча накіравана сюды на працу. Вяжа ў розных тэхніках, а яшчэ трэба бачыць колеравую гаму рэчаў, каб упэўніцца ў тонкім адчуванні колеру нібы прафесійнага мастака. Калі бачыш работы, вышытыя ёй гладдзю ў маладыя гады і рэчы яшчэ асабіста вытканыя, то здзіўляешся, як у настаўніцы хапала цярплівасці, часу, любові, каб усе зімовыя вечары праседжваць за кроснамі. Яна — адзін з носьбітаў шырокага дыяпазону таленту не толькі ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але мае цудоўны голас і таму ў пажылым узросце прымае ўдзел у фальклорным ансамблі. У в. Хідры, цэнтры сельсавета, вяжуць Зоя Дубінка, Фёкла Краснапёрава, Вольга Кузьміч, а ў в. Пескі — Таццяна Васілюк, у в. Корчыцы — Вольга Петрасюк, Марыя Марчук, праўда, апошняя перавагу аддае карункапляценню. Шмат умельцаў можна налічыць у в. Гайкоўка: Ганна Дземідзюк, Анфіса Букач, Ганна Дзмітрук.

Цяжка пералічыць усіх умельцаў вязання і карункапляцення ў Астроміцкім сельсавеце, у цэнтральнай вёсцы гэта: лабаранткі Людміла Радзьковіч, Надзея Актысюк, Ірына Лукашук, Таццяна Рачка; бухгалтары Люба Шылянкова, Зоя Газуха, Надзея Данілюк; работніцы мясцовай пошты Надзея Барычэўская, Ірына Вакулюк; тэхнічка школы Вольга Тарасюк. Нельга не назваць з гэтага сельсавета Анастасію Касцючык з в. Жухаўцы, Ніну Кальман з в. Шляхты, Галіну Дзямчук з в. Яромічы, Людмілу Крыштафовіч з в. Калонія, Святлану Дрэнь, Таццяну Брышцель, Людмілу Вышынскую з в. Шамятоўка. Сярод тых, хто займаўся вязаннем і карункапляценнем у 1940—1950-я гады, вылучаецца з в. Камень Гарадзецкага сельсавета Соф’я Леванюк, Надзея Раманюк, Ганна Каленчык, Марыя Працук і Марыя Хвісюк, а з маладых — Людміла Кірчук, Марыя Карпук, Таццяна Мартынчук. У в. Грушава гэтага ж сельсавета прызнаныя майстры карункапляцення: Люба Дземідзюк, Ніна Свідуновіч, а вязання — Ганна Тунчык, Лідзія Сілюк, Лідзія Вайтовіч і інш. У в. Гарадзец вяжуць Марыя Лысюк, Ганна Казлова, а ў в. Акцябр — Кацярына Ніканюк, Ірына Сянчук, Святлана Юр’ева. У Кісялевіцкім сельсавеце можна сустрэць майстроў з в. Балоты — Алену Бойка, Вольгу Ключук і Вольгу Панасюк, Любу Войцік, Ганну Левую, а ў в. Магдалін карункапляценнем некалі займалася Марыя Казянчук. Дарэчы, нельга не згадаць Клаўдзію Кірылюк з в. Балоты, якая майструе карункавую пластыку малых формаў, вырабляе рэчы тэхнікай макрамэ, вышывае. У саміх Кісялёўцах вяжуць яшчэ Людміла Каляда і Людміла Сталярчук, Алена Ліцвінюк, Вольга Бура. Можна пабачыць вязаныя рэчы ў в. Барысава ў бухгалтара Вольгі Каляда, у в. Рыбна ў работніцы ашчадкасы Ганны Тарановіч, у в. Брылёва ў пенсіянеркі Надзеі Місюк.

У Залескім сельсавеце нельга абмінуць в. Закросніца, дзе працуюць маладыя ўмеліцы Марыя Пятрунчык, Яўгенія Брашчук, Валянціна Гарадзевіч, Яўгенія Дашчук, у Буховіцкім сельсавеце ў в. Мінянка Галіна Маўчан, у в. Буховічы Валянціна Заяц. У в. Дзівін жыве вельмі шмат таленавітых умельцаў розных відаў мастацтва, а яшчэ мусім дадаць 8 майстроў вязання, сярод якіх людзі рознага ўзросту і прафесій: настаўнікі, выхавацелі школы-інтэрната, медсястра, бухгалтар, выхавальніца дзіцячага сада, пенсіянеркі. У в. Оса, цэнтры сельсавета, аднавяскоўцы лічаць самымі здольнымі ўмеліцамі бібліятэкара Любу Вярэмка і бухгалтара Алену Пашковіч. А ў в. Клятышча называюць Кацярыну Амелька, ув. Барысаўка — Надзею Алесік. Калі ў в. Тэўлі (цэнтр сельсавета) аддаюць перавагу карункапляценню загадчыца клуба Вера Вясна і работніца чыгункі Валянціна Слобада, то Надзея Борзун, Валянціна Юшчанка больш часу прысвячаюць вязанню. Згадваюць умельцаў такой катэгорыі ў вёсках Малышы, Залессе (Тэвельскае).

Адной з вядучых майстрых вязання лічаць Еўдакію Булаеву з в. Андронава Батчынскага сельсавета. Вызначаецца сваімі работамі і Лідзія Раманчук, а ў суседніх Паляцічах жыве здольная Марыя Ногач, у в. Павіць — Марыя Сабчук. У Навасёлкаўскім сельсавеце найбольш вядомы дзве майстрыхі — Соф’я Крачко і Марыя Арабей з в. Бельск.

ТКАЦТВА

Раней у Кобрынскім раёне, як і ва ўсёй рэспубліцы, ткацтва лічылася самым распаўсюджаным рамяством. У даваенныя гады жанчыны займаліся такім рамяством для таго, каб з самаробнай тканіны пашыць адзенне, падрыхтаваць пасаг дочкам, аздобіць у хаце, прынесці ў ахвяру ручнік. Цяпер жакардавыя дываны прамысловага вырабу на сценах і на падлозе, мяккая мэбля ў інтэр’еры вясковых хат — яскравы прыклад таго, што патрэба ў самаробных тканых рэчах адпала. Але працэс рамяства — гэта праяўленне ўнутранай рысы характару чалавека, імкненне да асабістай творчасці, каб раскрыць сваё разуменне эстэтыкі праз самастойна зробленую рэч. У раённым метадычным цэнтры зафіксавана каля 200 ткачых, але наша паездка па вёсках раёна паказала, што іх значна больш.

У в. Астромічы тканыя палавікі, разасланыя ў кухні і сенцах, як у Марыі Бандзярук, даюць падставы сцвярджаць, што ў Кобрынскім раёне ткачыхі былі знаёмы нават з такой цікавай тэхнікай ткацтва, пры якой магчыма атрымаць выраб шырынёй 140 см пры даўжыні бёрда толькі 70 см, у гэтым выпадку тканіна тчэцца адразу ў дзве столкі. Зараз у Астромічах 15 ткачых і, няхай яны прабачаць, прозвішчы ўсіх не маем магчымасці пералічыць. Думаецца, даследчыкі народнай творчасці некалі скажуць пра кожную паасобку, каб не згубіліся назаўсёды прозвішчы пажылых жанчын. Адзначым майстрых з іншых вёсак сельсавета: Вера Анішчук з в. Шляхты, Марыя Паўзун з в. Падбер’е, Лідзія Ермашук з в. Ілаўск, Ганна Карпук з в. Мухаўлокі.

Сучасныя тканыя рэчы — посцілкі — найчасцей ткуць тэхнікай «перабірання», а таксама шматнітовыя. Можна пачуць, як паласатыя (у в. Магдалін) называюць «радуга», у в. Хабовічы, гледзячы на клятчастыя, кажуць «смяюн», што азначае шматкаляровыя, вясёлыя, ад слова «смяяцца». А вось у в. Акцябр клятчастыя называюць «кліткі», «крыжы», «у луску». Што датычыцца таленту адной з лепшых ткачых гэтай вёскі Любы Кірылюк, то адразу няпроста і вызначыць, у чым яна мае большыя здольнасці: ткаць ці спяваць. Водгук мелодый песень знайшоў адбітак і ў ткацкіх рэчах: у форме ўзораў, іх рытме, каляровым спалучэнні нітак.

На запыт аб ткачыхах у Залескім сельсавеце адсылаюць у в. Закросніца, у назве якой угадваецца самая неабходная прылада ткацтва — кросны. Адна са старэйшых майстрых Марыя Дакімчук нарадзілася тут у 1920-я гады, у 1930-я гады нарадзіліся Пелагея Багдановіч і Пелагея Паплаўская, Алена Дыбава (самая малодшая) — у 1950-я гады.

Хоць у вёсках Дзівінскага сельсавета вядома каля 30 ткачых, якія займаюцца і вышыўкай, мы згадаем тут толькі некалькіх: Алену Кіпель з в. Чэмер, Ульяну Дзераўнюк, Настассю Любчук, Любу Трубчык з в. Руховічы, Любоў Серадовіч з в. Лелікава, Ганну Шудрый, Еўдакію Лагвіновіч, Таццяну Драмук, Раісу Балку з в. Дзівін.

Новыя сучасныя ткацкія вырабы, пераважна посцілкі, можна пабачыць у вёсках Барысаўка, Оса, Клятышча Осаўскага сельсавета. У цэнтральнай вёсцы Павіццеўскага сельсавета жывуць таленавітыя ткачыхі Надзея Сухарэвіч, Марыя Касынюк, Яўгенія Біюмен. У Навасёлкаўскім сельсавеце ткацтвам вызначаецца в. Хадынічы, а Ганна Гайчук — самая актыўная ўдзельніца ўсіх раённых выставак, дзе дэманструюцца яе тканыя рэчы, а таксама вышыўкі, вязанне. У Буховіцкім сельсавеце такім умельствам вызначаецца в. Яўсімавічы, у Батчынскім — в. Андронава, тут 10 ткачых. У цэнтральнай вёсцы Хідрынскага сельсавета ткацтвам некалі займаліся Антаніна Мікіцюк, Таццяна Пархуцік, а ў в. Гайкоўка іх традыцыі працягвае больш маладая, палявод Ганна Дзмітрук. Ёсць ткачыхі ў вёсках Кісялёўцы, Тэўлі, Стрыгава, Гарадзец.

Вельмі часта жанчыны, здольныя да творчасці, валодаюць адразу некалькімі рамёствамі: ткуць, вяжуць кручком ці пруткамі, вышываюць, шыюць. Так, у в. Патрыкі Хідрынскага сельсавета вылучаецца Кацярына Нічыпарук, у в. Магдалін Кісялевіцкага сельсавета вызначаецца машыннай і ручной вышыўкай Ганна Мікалаеўна Самцэвіч і яе дачка Надзея. Цікава, што муж Ганны Мікалаеўны і яго тры браты ў 1930-я гады славіліся вырабам калаўротаў, заказы паступалі з розных мясцін, бо майстры выразалі сваё прозвішча і адрас на ніжняй дошчачцы.

Каб зберагчы традыцыі ткацкага рамяства, пры некаторых дамах культуры ў 1990-я гады пачалі ствараць школы народнай творчасці. Так, пры Дзівінскім Доме культуры выкладае дзецям ткацтва Валянціна Гапановіч.

РАЗЬБА ПА ДРЭВЕ. ЛОЗАПЛЯЦЕННЕ

Дрэва спрадвеку выкарыстоўвалася на выраб рэчаў, неабходных у побыце, у аздабленні сядзіб, што садзейнічала вылучэнню майстроў вузкай спецыяльнасці: сталяроў, бондараў. Хоць сталяры не перавяліся, але ў Кобрынскім раёне няма традыцыі аздабляць вокны багатай ліштвай. Цяпер старыя хаты абкладваюць цэглай — такім чынам губляецца магчымасць сабраць звесткі аб колішнім мастацкім аздабленні франтонаў, ліштвы і вуглоў, якія мелі сваё адметнае аблічча. Напрыклад, тое-сёе з такіх узораў аздаблення можна пабачыць у в. Барысава Кісялевіцкага сельсавета. Пасля вайны таленавітыя майстры-сталяры пайшлі працаваць у калгасныя, саўгасныя майстэрні, на прадпрыемствы. Але і ў наш час некаторыя маладыя людзі працуюць сталярамі, напрыклад, Сяргей Лагвіновіч у в. Чэмер, Іван Панасюк у в. Гайкоўка, Іван Шэлест у в. Тэўлі. Амаль у кожнай школе такія ўмельцы вядуць урокі працы, праводзяць гутаркі: у в. Кустовічы — Сяргей Гарбачоў, у в. Рыбна — Канстанцін Олех, у в. Лелікава — Аляксей Панасюк.

Дарэчы, у в. Лелікава экстэр’ер падвор’я гаспадара Сяргея Трубчыка пацвярджае, што тут жыве здольны разьбяр — са ствалоў засохлых дрэў выразаў ён выявы грыбоў, птушак. Ён жа майструе рэчы з лазы, займаецца бондарствам, а яшчэ аднавяскоўцы ведаюць яго як адмысловага шаўца. У в. Xідры жыве разьбяр настаўнік Вячаслаў Дубінка, а ў в. Запруды Астроміцкага сельсавета да разьбы па дрэве далучыўся і дырэктар школы Сяргей Пушко. Вёска Верхалессе Навасёлкаўскага сельсавета ганарыцца сваім былым настаўнікам, дырэктарам школы, які зараз вядзе гурток «Умелыя рукі» Анатолем Саўчуком. Для музея ён змайстраваў мадэль мясцовых кроснаў, калаўрот, робіць сувеніры, у якіх ажываюць вобразы птушак, звяроў, выкарыстоўвае ў сваіх работах прыродныя матэрыялы: карэнне, галінкі, кару, валодае сакрэтамі лозапляцення. У  школе ў Бельску можна пабачыць рэчы, змайстраваныя настаўнікам Мікалаем Бялянам, які вучыўся ў свайго дзеда, — дошкі з фатаграфіямі лепшых вучняў, для раскладу ўрокаў, для нагляднай агітацыі і нават карнізы на вокнах. Ёсць свой настаўнік-разьбяр і ў в. Астромічы — Мікалай Ячнік, там жа працуюць трактарыстамі і ў вольны час займаюцца разьбой Сяргей Грыцук, Міхась Пугач, шафёрам — Анатоль Якімук, займаюцца разьбой і Іван Шылец. Вёска Дзівін таксама можа пахваліцца сваімі разьбярамі: Віктар Дарашэнка (н. у 1953), Валерый Марошчук (н. у 1973), Аляксандр Касыніч (н. у 1966), Сцяпан Брыштэн (н. у 1948). У Навасёлкаўскім сельсавеце ў вольны час разьбой займаюцца таксама людзі розных прафесій: Васіль Харковіч (н. у 1969), шафёр, Андрэй Харковіч (н. у 1975), рабочы лясгаса, Віталь Свідзерка (н. у 1974), трактарыст. А вось у в. Навасёлкі значыцца па картатэцы толькі адзін разьбяр — будаўнік Віктар Савіч. Маладыя разьбяры жывуць і ў в. Хабовічы: Віктар Арабей — зваршчык, Генадзь Дзікавіцкі — прафесійны музыка, купіў тут старую хату, перарабіў, ператварыў у музей, а замест экспанатаў — рэчы, зробленыя асабіста. Калі спытаць аб талентах у работнікаў сельскага клуба пас. Птушкафабрыка, то адным з першых яны называюць разьбяра Аляксандра Канькоўскага. Асартымент змайстраваных ім рэчаў разнастайны: столікі для часопісаў, палічкі, ёсць пластыка круглай формы — птушкі, звяры, маскі. Варта дадаць: умелец нарадзіўся ў 1970-я гады і майстэрства сваё пераняў ад бацькі. Варта ўвагі творчасць умельцаў Астроміцкага сельсавета: Мікалая Шамецюка з в. Запруды, Фёдара Анціпарука з в. Лушчыкі, Мікалая Клачковіча з в. Мухаўлокі. У вёсках майстроў хутчэй за ўсё можна адшукаць па аздабленні іх хат, гаспадарчых пабудоў, нават платоў. Так, хата Ігната Алексюка ў в. Оса вылучаецца рэдкай для гэтай мясцовасці ашалёўкай вуглоў з накладной разьбой, а на драўляным плоце фігурныя дошчачкі ўтвараюць пялёсткі кветак.

Улічваючы значны ў 1980-я гады кошт мэблі прамысловай вытворчасці, вясковыя ўмельцы свае патрэбы вырашаюць самастойна. Фасоны рэчаў, убачаных у краме, часопісах, цэлыя гарнітуры ажываюць у іх умелых руках. Ніякай цяжкасці не існуе для такіх віртуозаў, як Васіль Міранюк — настаўнік з в. Яўсімавічы, Аляксандр Басалаў — будаўнік з в. Андронава, Анатоль Букач — рабочы з в. Гайкоўка, Пятро Медзвядзюк — шафёр з в. Закросніцы. У вёсках майструюць цудоўную мэблю таксама ўмельцы розных узростаў: у в. Бельск Юрый Заруба, у в. Гайкоўка Фёдар Букач і Іван Панасюк, у в. Павіцце Іван Ліцвін.

Пры аглядзе твораў разьбяроў у Кобрынскім раёне нельга не прыгадаць значнай ролі ў справе падрыхтоўкі маладых кадраў мясцовага вучылішча будаўнікоў. Шмат хлопчыкаў з навакольных вёсак пасля школы паступаюць сюды, а пасля заканчэння вяртаюцца назад. Сярод іх Ігар Каляда з в. Барысава Кісялевіцкага сельсавета. Хлопец у вучылішчы асвойваў прафесію будаўніка, але дастаткова было некалькі ўрокаў разьбы па дрэве, каб захапіла яго гэта справа. А зараз аднавяскоўцы хто з гонарам, хто з зайздрасцю, кажуць: такога майстра ніколі тут і ў навакольных вёсках не было. Самаробная мяккая мэбля, унутранае аздабленне хаты сведчаць аб прыроджаных дызайнерскіх здольнасцях і залатых руках хлопца.

Ніякай магчымасці ў нас не было пабываць ва ўсіх вёсках, сустрэцца і пагутарыць з майстрамі, але яны ёсць і з’яўляюцца стваральнікамі пэўнага віду народнай творчасці. Мы павінны назваць іх, каб паказаць дарогу будучым даследчыкам народнага мастацтва. Ствараюць рэчы значнай эстэтычнай вартасці ўмельцы А.Вашчук, І.Пархуцік з в. Хідры, У.Байдоўскі з в. Пескі, А.Букач з в. Гайкоўка, М.Пакалюк з в. Залессе, С.Агееў з в. Барысаўка, А.Самасюк з в. Падалессе, А.Мілашэўскі, А.Вайтко з в. Гарадзец, У.Вайтовіч з в. Грушава, М.Яўтушык, А.Грыцук з в. Кісялёўцы, А.Яўтушык з в. Рыбна.

Бондары таксама яшчэ не перавяліся на вёсках. Асартымент іх рэчаў значна змяніўся ў параўнанні з тым, што майстравалі раней — адышла патрэба ў вялікай дзяжы, дзе расчынялі хлеб, знікла патрэба квасіць капусту качанамі ў вялізных бочках, купаць дзяцей у драўляных начоўках. Таму галоўны асартымент, на які ёсць яшчэ попыт, — невялікія дзежачкі для засолкі агуркоў, грыбоў. Бондары, якіх можна сустрэць на вёсках, у асноўным пажылыя людзі, якія нарадзіліся ў 1920-я гады. Гэта Іван Брышцен з в. Павіцце, Сцяпан Шапяцюк з в. Лелікава, Мікалай Піліпчук з в. Астромічы, Андрэй Васілюк з в. Клятышча, Ігнат Аляксюк з в. Оса.

Галінкі дрэў, кару, карэнне ўмельцы здаўна выкарыстоўвалі для вырабу рэчаў, неабходных у побыце, паўсюль выраблялі кошыкі, у якія збіралі бульбу, а ў наш час для іх вырабу пачалі выкарыстоўваць дрот, сінтэтычныя шнуркі. Пакуль што ў раёне майстры такога профілю выяўлены толькі ў 2 сельсаветах і ацэнку іх творчасці ніхто не рабіў. Адна справа плесці кошыкі пастаянна адной формы і тэхнікі, іншая — рабіць тое, што майструе, напрыклад, у в. Гайкоўка Хідрынскага сельсавета Васіль Мікіцюк, дзе выразна бачны творчыя пошукі ў форме рэчаў даволі разнастайнага асартыменту: карзіны, кошычкі, кашы, сумачкі — тут кожная рэч мае адметную тэхналогію пляцення і нават вызначаецца колерам. І калі ацэньваць талент гэтага майстра, то нельга не згадаць, што яго бацька быў вядомы на ўсю акругу сталяр. Хоць Васіль Данілавіч зараз займаецца пляценнем, але для яго няцяжка змайстраваць і маслабойку (валодае сакрэтамі і бандарнага рамяства). У гэтым сельсавеце займаюцца пляценнем майстры ўжо пажылога ўзросту ў вёсках Хідры, Патрыкі, Корчыцы.

Найболыш майстроў лозапляцення ў вёсках Гарадзец, Кустовічы, Мяфёдавічы, Грушава Гарадзецкага сельсавета. У адной толькі в. Камень — 6 умельцаў, сярод іх людзі сталага ўзросту Міхаіл Кірчук, Фёдар Антанюк і маладыя Аляксандр Лакішык і Аляксандр Кірчук (абодва 1964 года нараджэння). У Астроміцкім сельсавеце можна сустрэць умельцаў пляцення ў вёсках Шляхта, Жухаўцы, а ў саміх Астромічах майструе рэчы трактарыст Аляксандр Сінкавец.

У в. Закросніца Залескага сельсавета займаюцца пляценнем Сяргей Брашчук і Сяргей Кірчук (абодва нарадзіліся ў 1930-я гады), а ў в. Бельск Навасёлкаўскага сельсавета аж 5 майстроў. І калі асартымент вырабу рэчаў з лазы Міхаіла Кавальчука разнастайны, то Міхаіл Паляціла, Афанасій Пятручык, Аляксей Лукашук, Мікола Клюка майструюць толькі кошыкі.

У Тэвельскім сельсавеце ў в. Тэўлі плятуць з лазы Васіль Кучынскі, брыгадзір пуці, Віктар Барзун, пенсіянер, у в. Стрыгава — Пётр Мядзведзеў, жывёлавод. У гэтай вёсцы варта прыгадаць майстра размалёўкі па дрэве Тамару Качан. Самы старэйшы майстар у в. Гірск Кісялевіцкага сельсавета — Васіль Курышка (нарадзіўся ў 1920-я гады). Тут яшчэ займаюцца аналагічным рамяством Якаў Кірыеўскі, Мікалай Курышка, а ў в. Балоты — Мікалай Грыгарук.

Сярод жыхароў вёсак Чэмер, Рухавічы, Лелікава Дзівінскага сельсавета можна сустрэць майстроў такой катэгорыі, але найбольш цікавая творчасць Канстанціна Шахнюка, які жыве ў в. Лелікава. Творчасць людзей, якія нарадзіліся ў вёсках Кобрынскага раёна, яшчэ чакае сваіх даследчыкаў, каб можна было весці дакладную размову аб тэхналогіі пляцення ў гэтым рэгіёне. Дзеля гэтага назавём іх прозвішчы: І.Зуяновіч з в. Літвінкі, П.Штык з в. Андронава, М.Сялюк з в. Шыповічы Батчынскага сельсавета, М.Крачко з в. Оса, А.Амялько, Б.Пашковіч з в. Клятышча Осаўскага сельсавета, Л.Ліцвін з в. Павіцце Павіццеўскага сельсавета.

ВЫЦІНАНКА

Выразныя ўзоры на паперы маюць свае сакрэты тэхналогіі і мастацкія якасці, што дазваляе аднесці такое рамяство да народнай творчасці. Гісторыя выцінанкі налічвае не адно стагоддзе, але пачалася яна не раней за тыя часы, калі папера ўвайшла ў побыт спачатку местачковых жыхароў, а потым і сялян. Існаванне такога віду творчасці ў даваенны час у нейкай ступені было абумоўлена модай упрыгожваць вонкавы выгляд каляднай зоркі і батлейкі. Спачатку калядныя зоркі ў Кобрынскім раёне майстравалі чатырохвугольныя, дзе яўна адчуваўся чатырохканцовы крыж, пазней яна набыла форму васьміканцовай, у якой прамы крыж накладзены на касы. А на батлейцы паверсе прыклейвалі выразаныя з паперы сілуэты: зоркі, фігуркі жывёл, кветкі.

У пасляваенныя гады ў вёсках пачалі выразанай паперай упрыгожваць вокны, паколькі ў крамах не хапала гардзіннага палатна. Такое аздабленне было хоць беднае, але праз яго адчувалася цяга простага люду да прыгожага, раскрываўся ўнутраны свет чалавека, яго разуменне законаў эстэтыкі.

Нам пашчасціла ўбачыць выцінанкі ў в. Барысава ў запаслівай гаспадыні Пелагеі Кулічык, якая іх некалі набыла на хутары Нятрэба Гарадзецкага сельсавета. Па яе словах, там у 1960-я гады жыло шмат майстрых, якія размалёўвалі выцінанкі, але даехаць у тую вёску мы не мелі магчымасці. Рабіць заключэнне наконт дэкору, кампазіцыі, тэхналогіі выцінанак Кобрынскага раёна, зыходзячы з аднаго ўбачанага прыклада нельга, але ўсё ж у нейкім разе маем права меркаваць, што тут выцінанка мела свае адметнасці ў параўнанні з такім асартыментам у іншых рэгіёнах Беларусі — выразаныя ўзоры дапаўняліся намаляванымі. Выразалі нажніцамі або высякалі патронам, нажом асобныя кружочкі, якія на паперы размяркоўваліся ў пэўным рытме, утвараючы складаную кампазіцыю малюнка. Узоры наносіліся трафарэтам, выразаным з цукровага бурака альбо бульбіны. Формы ўзораў выцінанак у асноўным расліннага характару, а дадатковымі элементамі служаць геаметрычныя, уведзена таксама садавіна (грушы, слівы, вінаград). Памер выцінанкі на шырыню вясковага акна — 84 см, а па вышыні — 29 см. У раённым метадычным цэнтры лічаць, што майстрыхі выцінанак жывуць ў в. Дзівін (Вольга Агалец), в. Барысаўка (Алена і Юстына Заноўскія, Марыя Ананчук). Раней работнікі ўстаноў культуры не цікавіліся гэтай катэгорыяй умельцаў, у той час, як росквіт рамяства прыпадаў на 1940—1950-я гады, таму можна адназначна сказаць — гэты від мастацтва чакае сваіх даследчыкаў, але з цягам часу, бадай, ужо не ўдасца ўзнавіць яго гісторыю.

ПЯКАРСКАЯ ПЛАСТЫКА

Хоць у Кобрынскім раёне нам давялося сустрэцца і пагутарыць толькі з дзвюма майстрыхамі пякарскай справы, але ўмельцы такой катэгорыі жывуць у многіх вёсках. Яны не афішыруюць свой занятак, выпякаюць вясельныя караваі пры патрэбе ці на заказ родзічаў. Сказанае можна пацвердзіць хоць бы наступным прыкладам. У картатэцы метадычнага раённага цэнтра ў Буховіцкім сельсавеце значацца толькі пекары ў в. Яўсімавічы — Вера Бельская, Таццяна Касянчук. Але дастаткова прыехаць у Яўсімавічы і спытаць любога мясцовага жыхара, і ён назаве яшчэ Алену Матвяйчук (н. у 1932), якая выпякае вясельныя караваі паводле мясцовых традыцый.

У рэспубліцы на гэты від народнай творчасці ўстановы культуры пачалі звяртаць увагу толькі з 1980-х гадоў. Хоць яшчэ ў 1970-я гады ў мясцовым друку ўзнімалася праблема аб далучэнні іх да выставачнай дзейнасці, прыцягненні ў іншыя культурныя мерапрыемствы.

Пакуль цяжка меркаваць, як глыбока ў гісторыю сягае традыцыя вясельнага каравая. Але, напэўна, можна весці гаворку аб вытоках традыцыі з тых часоў, калі ў Еўропе навучыліся выпякаць хлеб круглай формы. Аб значнасці ў вясельным абрадзе каравая сведчыць вусна-паэтычная творчасць беларусаў. Удалося запісаць словы песні Ганны Чэрнік з в. Камень, якой у 1993 г. споўнілася 87 гадоў:

На тысовому стулі дорогый тувар лыжыть.

Ой, гэто ж ны тувар, гэто Іванкув курувай,

То его заслужынька.

Заслужыў у батынькы ны за рычок,

Ны за дві ныдылькы, а з малой дытынунькы.

Тутэйшы багатай формы вясельны каравай складаецца з трох асобна спечаных пірагоў круглай формы, пакладзеных так: спачатку вялікі, потым меншы, а зверху самы маленькі. У складзены такім чынам пірог утыркаюць галінкі пладовага дрэва, абвітыя цестам і запечаныя, а потым аздобленыя зелянінай ці папяровымі кветачкамі. Такое аздабленне завецца «шышачкі», «рагі», «рагулькі». Цеста іх тое ж, з якога і каравай, таму галінкі, абкручаныя цестам, выконвалі ролю своеасаблівага тэрмометра — іх раней за пірагі клалі ў печ і па іх вызначалі, наколькі тут гарачы дух. Праўда, некаторыя сучасныя ўмеліцы «рагі» не абкручваюць цестам, а іх роля ў аздабленні каравая — трымаць «пацеркі», навешаныя на нітачцы ў некалькі нізак. Адны майстрыхі ўтыркаюць у каравай 9 рагоў, іншыя 5. Рагі, у сваю чаргу, злучаны пацеркамі — маленькімі кругленькімі шарыкамі, запечанымі ў алеі. Вольга Магучка з в. Астромічы пасля пэўнай колькасці такіх шарыкаў вешае і маленькія фігуркі: «сэрца», «птушачку». Яны ўжо іншага колеру: белага, як мука, спачатку патрыманыя ў кіпені, а потым запечаныя. Майстрыха паверх аднаго пірага накладвае яшчэ «каласкі» ці «сонейка», на другі — «ружы» ці «вінаград», а на трэці — «ручнічок» з «сальнічкай». У гэтым жа сельсавеце майстрамі пякарскай справы з’яўляюцца Ганна Кубай (нарадзілася ў 1920-я гады) з в. Жухаўцы, Марыя Куксюк (нарадзілася ў 1930-я гады) з в. Шляхта, а ў в. Тэўлі Яўгенія Шугай і Паліна Пашкевіч (нарадзіліся ў 1920-я гады). Калі ў в. Закросніца Залескага сельсавета маладыя бяруць шлюб, то звяртаюцца па каравай да Евы Касянчук. У творчасці майстрых з в. Рыбна Вольгі Казак і Лідзіі Дрык знаходзяць адбітак мясцовыя традыцыі, і ў той жа час, кожная імкнецца спячы каравай смачнейшы, чым іншая, аздобіць прыгажэй. У в. Навасёлкі сакрэтамі такога рамяства валодаюць паварыха Настасся Міхальчук, бухгалтар Кацярына Сахарчук, тэхнічка Вольга Анцута. Вёскі Пескі 1-я , Гайкоўка таксама славяцца сваімі пекарамі — у першай жыве Лізавета Байдоўская, у другой Марыя Путрык. Самая старэйшая ўмеліца Гарадзецкага сельсавета жыве ў в. Кустовічы — Пелагея Галадзюк, а ў в. Гарадзец спаборнічаюць пенсіянерка Люба Сташэўская і маладая Лідзія Побат. Калі заехаць у в. Літвінкі, то лепшай майстрыхай аднавяскоўцы называюць Валянціну Біч.

Як некалі, так і цяпер запрашаюць спячы каравай толькі жанчын з добрай доляй, але цяпер кожная каравайніца пячэ дома, а раней ішлі да маладой ці маладога. Словы мясцовых вясельных песень дазваляюць узнавіць і рэцэпт прыгатавання каравая:

Ой, ішлы, ішлы коровайночкы горою,

Ой, ныслы воны по гарцю мукы з собою.

Ой, ныслы воны по копі яець з собою.

У гэтай мясцовасці існаваў свой звычай прыгатавання смачнага пірага. Тут трэба шукаць не адгалосак нейкай магіі, а народны сакрэт кулінарыі. Так, пасля таго як цеста падыходзіла, у дзяжу кідалі, загадзя палічыўшы, медныя грошы ці сухі гарох, а вылавіць іх можна было толькі тады, калі добра замешана цеста. У гэтым была гарантыя, што каравай будзе смачны.

Пякарская пластыка ўтрымлівала звесткі і аб мясцовым народным этыкеце. Кожны, каму маладая падавала каравай, мусіў яго браць не голымі рукамі, а насоўкай, таму сваты загадзя клапаціліся пра тое, як прыгажэй аздобіць свае рэчы карункамі, вышыўкай. А пачыналі дзяліць каравай толькі пад словы з народнай песні:

Ой, хлопчыкы-молодчыкы,

Ідітэ до крыныці,

Прынысітэ водыці —

Ны пыты, рукы мыты,

Коровай подылыты.

Цікава, што некалі ў Кобрынскім раёне для вяселля выпякалі з цеста булачку, якая называлася «гусачка». Такія вырабы кідала з воза першая сваха аднавяскоўцам, якія прыходзілі паглядзець на маладых, і гучна з гумарам крычала: «Ідітэ забірайтэ гусы, бо воны хочуть пыты».

Гаворачы аб пякарскай пластыцы Кобрынскага раёна, нельга не нагадаць, што сярод тутэйшых промыслаў, якім займаліся ў 1920—1930-я гады местачковыя яўрэі, была выпечка здобы: французскія булкі, халы, рагалікі, абаранкі і інш. Але наколькі яны неслі адбітак мастацтва, нам зараз складана меркаваць. Што ж датычыцца звестак краязнаўца Кобрыншчыны Аляксея Мартынава на старонках раённай газеты за 1995 г., дзе ён вядзе гаворку пра вырабы з цеста — мацу, якую рыхтавалі на Вялікдзень мясцовыя яўрэі, а хрысціяне на свой — «баўмкухена», што азначала «дрэва пірожнае». Гэта слова, цяжкае для беларускага вымаўлення, ніколі не магло быць назвай у кулінарыі мясцовых беларусаў. Даследчыкам народнай кухні давядзецца яшчэ разабрацца ў паходжанні гэтай назвы.

Пералік сучасных майстроў пякарскай справы, нават кароткі, нельга лічыць закончаным, калі не назваць умельцаў з Осаўскага сельсавета: Людмілу Куліковіч з в. Барысаўка, Наталлю Лесік з в. Оса. Яны, маладыя, з энтузіязмам нясуць эстафету традыцыйнага мастацтва далей.

Да сказанага варта дадаць, што ў наш час з’явіўся новы асартымент пякарскай пластыкі — выраб тартоў, калі ў адначассе эстэтыка народных вясельных караваяў прыцягнула ўвагу кулінараў, і яны пачалі шукаць новыя формы ў мастацкім аздабленні тартоў. Упершыню адбылася раённая выстаўка такога асартыменту ў 1994 г., дзе 50 экспанатаў прадставілі Ганна Мяшкова, Алена Раманюк, Ганна Еўдасюк. Іх тарты з непаўторнымі маляўнічымі кампазіцыямі сталі яскравым доказам таго, што новы асартымент мае права прэтэндаваць, каб яго залічылі таксама да дэкаратыўна-прыкладной творчасці народа.

КАСЦЮМ

Звесткі аб касцюме Кобрынскага раёна, у асноўным пачатку XX ст., паспеў занатаваць Міхась Раманюк у сваім альбоме «Беларускае народнае адзенне» (Мн., 1981), скрупулёзна расшукваючы рэчы ў 15 вёсках. Сёння можна даведацца аб мясцовых рысах адзення, яшчэ даваенных часоў, сустрэўшыся з тутэйшымі шаўцамі, краўцамі, а таксама пабачыць рэчы ў запаслівых гаспадынь. Напрыклад, у Дзівінскім сельсавеце раскажуць і пакажуць: у в. Лелікава Марыя Пакалюк, Ніна Леванюк, Сяргей Трубчык, у в. Чэмеры Ганна Давыдзюк, у в. Дзівін Ірына і Яўгенія Падайка, Ганна Лагвіновіч. Асобныя часткі касцюма, у асноўным жаночага, нам давялося пабачыць у калекцыях пакояў і куткоў народнай творчасці, створаных пры Залескім Доме культуры, Астроміцкім сельскім Доме культуры. Ёсць некалькі камплектаў жаночага адзення ў калекцыі раённага метадычнага цэнтра культуры. На вялікі жаль, забываюцца прозвішчы мясцовых краўцоў даваенных часоў. Напрыклад, у в. Хабовічы скажуць, што тут жыў кравец Абрамка з трыма сынамі. Іх усіх спалілі ў час вайны, а вось яго прозвішча мая субяседніца забылася. З 1950-х гадоў усе ўмельцы па вёсках шылі ўпотай, іначай райфінаддзел абкладаў падаткамі. Але ўзнавіць святочны касцюм гэтых часоў было б магчыма, калі б даследчыкі мясцовай культуры паставілі за мэту сабраць старыя фотаздымкі мясцовых жыхароў.

Значную асаблівасць мае жаночае адзенне вёсак Павіцце, Лелікава, дзе ў аздабленні строю выкарыстоўвалася аплікацыя з тканіны прамысловага вырабу чырвонага колеру, якая надавала касцюму дэкаратыўнасць, а постаці — жыццёвую сілу. Для аздаблення кажухоў у вёсках Хабовічы, Залессе, Навасёлкі і сёння вышываюць узоры расліннага характару рознымі тэхнікамі: шывок уперад іголкі, казельчык, гладзь. Аздабленне верхняй світкі ў 1920-я гады мела толькі каляровыя швы, якія дапаўняліся каляровымі кутасамі.

У Кобрынскім раёне, бадай, часцей, чым у іншых мясцінах Беларусі ў аздабленні касцюма выкарыстоўвалася ткацтва. Для гэтага ткалі кавалак узорыстай тканіны з паласатым дэкорам ці асобнымі арнаментальнымі матывамі паміж імі, а потым выкройвалі рукавы кашулі або дзве палавінкі фартуха.

У гэтым рэгіёне можна сустрэць вышытыя кашулі, фартухі з граматна распрацаванай формай малюнка расліннага характару. Прыгожа пададзеная ракурсная форма руж і лісткоў, знойдзены адмысловы рытм кампазіцыйнага іх размеркавання, чаргаванне фону пэўнай канфігурацыі, цікавае размеркаванне каляровых плям: чырвоных і чорных — яскравае сведчанне таго, што працавала рука мастака. Такі малюнак не магла скласці простая сялянка, гэта быў чалавек, які вучыўся маляваць. Ракурс і дынаміка ўзораў супрацьлеглыя характару і стылю народнага мастацтва з яго статычнасцю. Значыць, у стварэнні арнаменту на строях трэба прызнаць удзел інтэлігенцыі, шляхты, якая імкнулася, жывучы часова ў сельскай мясцовасці, быць падобнай да селяніна. Войны, рэпрэсіі прымушалі гэты кантынгент людзей пакідаць абжытыя мясціны, а іх рэчы, часцей за ўсё ратуючы ад пажару, атрымлівалі ў свой побыт сяляне, якія заўсёды ўмелі цаніць і шанаваць усё прыгожае. Такім чынам, не толькі вусна-паэтычная творчасць мела сваіх аўтараў, хоць іх прозвішчы забыліся, але і народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва дапаўнялася творамі, зробленымі людзьмі іншых слаёў грамадства.

Зараз маладыя людзі, якія адчуваюць здольнасць шыць, асабліва дзяўчаты, паступаюць на курсы ці ў навучальныя ўстановы, а потым вяртаюцца ў сваю вёску, працуюць у майстэрнях камбінатаў бытавога абслугоўвання. А калі ім даводзіцца асабіста прымаць заказы, то яны імкнуцца шыць, карыстаючыся часопісамі апошняй моды, таму весці гаворку аб нейкім адбітку мясцовых традыцый нельга.

У наш час у вёсках з’явілася і новая катэгорыя краўцоў — настаўнік працы, кіраўнік гуртка кройкі і шыцця ў школе, пры ўстанове культуры. Вядома, калі ўзяць на ўлік кіраўнікоў гурткоў, курсаў, то колькасць творчых людзей у вёсках значна павялічыцца. У той жа час у картатэцы раённага метадычнага цэнтра значыцца толькі настаўніца працы Галіна Барысавіч з в. Астромічы. Таму заканамерна ўзнікае пытанне: чаму не ўзяты на ўлік настаўнікі іншых школ раёна? А яны ёсць. Узяць хоць бы в. Дзямідаўшчына Гарадзецкага сельсавета, дзе Галіна Мальчук праводзіць такія ўрокі, да таго ж узначальвае гурток і вяжа сама.

Нагадаем нашчадкам прозвішчы ўмельцаў, народжаных яшчэ ў 1920-я гады, якія абшывалі вяскоўцаў доўгія часы. У Тэвельскім сельсавеце ў в. Дзевяткі Яўгенія Шугай, Мікалай Ермашук, у в. Тэўлі Паліна Казак. Вялікая колькасць майстрых у в. Гайкоўка Хідрынскага сельсавета: самая старэйшая — Марыя Путрык, маладзейшая — Таццяна Байдоўская, а яшчэ тры Вольгі — Зазуля, Букач і Макарук. У Буховіцкім сельсавеце адметнымі майстрамі лічацца Сцяпан Міранюк і Сцяпан Грыгорык. У асноўным сёння мясцовыя майстрыхі працуюць у камбінаце бытавога абслугоўвання, напрыклад, Алена Каладзей (н. у 1954) і Таццяна Каладзей (н. у 1948) з в. Павіцце.

Цешыць тое, што, наколькі магчыма, рэчы мясцовага касцюма, ацалелыя ад пажару апошняй вайны ў Кобрынскім раёне, больш-менш сабраны, і метадычныя службы надаюць увагу народным строям. Напрыклад, значнай падзеяй у культурным жыцці раёна ў 1995 г. стала навукова-практычная канферэнцыя на тэму «Народнае адзенне Кобрыншчыны». На ёй асвятляліся такія праблемы, як «Абрадавае адзенне і атрыбутыка фальклорных калектываў», «Рэгіянальная асаблівасць народнага адзення Кобрыншчыны», «Дэкаратыўна-арнаментальнае аздабленне адзення вёскі Павіцце» і іншыя.

САЛОМАПЛЯЦЕННЕ І АПЛІКАЦЫЯ САЛОМКАЙ

Сёння гэтыя старадаўнія рамёствы рупліва адраджаюць работнікі ўстаноў культуры, адукацыі, узнімаючы іх на значную вяршыню майстэрства. Таму не выпадкова, што кіраўнікамі гурткоў працуюць лепшыя тутэйшыя майстры. Так, пры Дзівінскім сельскім Доме культуры гурток вядзе Наталля Семянковіч, у в. Стрыгава (Тэвельскі сельсавет) — Людміла Мядзведзева, у в. Магдалін (Кісялевіцкі сельсавет) — Валянціна Жолах, у в. Чэмер — Юлія Піваварава. У гуртках саломапляцення сіламі ўдзельнікаў, дзе нават займаюцца дзеці, ставяцца і вырашаюцца складаныя праблемы, як, напрыклад, касцюміраванне фальклорнага калектыву. Так, у Залескім сельскім Доме культуры тэхнікай саломапляцення авалодваюць, майструючы галаўныя ўборы.

Адным з вядомых майстроў старэйшага пакалення ў в. Корчыцы (Хідрынскі сельсавет) называюць Сцяпана Барысюка. А з асаблівасцямі традыцыйнага саломапляцення ў в. Балоты (Кісялевіцкі сельсавет) могуць пазнаёміць таксама майстры старэйшага пакалення: Фёдар Ігнацюк, Іван Бойка, Мікалай Грыгарук.

Як сцвярджаюць самі ўмельцы, цудоўныя вырабы з саломкі, якія час ад часу з’яўляюцца на экранах тэлебачання, і метадычная літаратура ў мясцовых бібліятэках садзейнічаюць заахвочванню людзей розных спецыяльнасцей у далучэнні да гэтай справы. Так, у в. Кісялёўцы аплікацыяй саломкай займаецца мастачка Марыя Жарын, у в. Навасёлкі — лабарантка фермы Ала Лавава. Вёска Магдалін таксама мае майстра такога рамяства — Яўгенію Лук’янюк.

ГУЛЬНІ

Мясцовыя гульні варта разглядаць не толькі як забаву, але як адзін са сродкаў нацыянальнай педагогікі ў выхаванні тых людзей, якія сёння з’яўляюцца носьбітамі традыцыйнай культуры. Некалі гульні, як і песенны жанр, былі строга прымеркаваны да пэўнай пары года. Са слоў пажылых мясцовых жыхароў, калі б хто адважыўся заспяваць жніўную песню вясной, яго б засмяялі людзі. У в. Астромічы да веснавых гульняў адносілі «На расу», «Жыта». Першая мела на мэце актывізаваць слых і зрокавую памяці, другая — хуткасць разумовай рэакцыі і  ўстойлівую постаць. Таксама варта звярнуць увагу, што беларускія народныя гульні абавязкова мелі пэўныя прымаўкі ці словы невялічкіх песень. Усё гэта практыкавала ў вымаўленні цвёрдых зычных, прывучала з дзіцячых гадоў вуха да рытму мелодыі.

Пачыналі гульню «На расу» пастушкі на свята Юр’я. Спачатку лічылкай выбіралі сярод удзельнікаў «пастуха». Усе станавіліся ў карагод, а ён у сярэдзіну. Карагод спяваў, ідучы па крузе:

Паганю валоў ды на раннюю расу.

Каго люблю — пазнаю па голасу,

Каго люблю, той стаіць за плячыма.

Карагод мог праспяваць песеньку некалькі разоў, а «пастух» наглядаў за ўсімі, прыслухоўваўся да іх голасу, але як заплюшчваў вочы, то карагод у адзін момант заміраў. Удзельнік гульні, на якога пакажа «пастух» пальцам, павінен сказаць адно слова: «гэта», а ён мусіць адгадаць, чый голас і назваць імя. Калі ж памыляўся, карагод працягваў рух далей. І толькі калі пазнаваў, ён ішоў у карагод, а той станавіўся «пастухом».

Для гульні «Жыта» таксама патрабавалася выбраць «гаспадара», які таксама станавіўся ў сярэдзіну круга. На гэты раз удзельнікі ідуць не проста па крузе, а павінны як мага дакладней імітаваць рух жыта на полі ў час павеву ветру. «Гаспадар» некалькі разоў прамаўляе:

Дзе карагод ходзіць,

Там жыта родзіць,

А дзе не бывае,

Там жыта палягае.

Пасля апошніх слоў «гаспадара» ўдзельнікі гульні павінны хуценька прысесці на кукішкі. Той, хто няўважлівы — не паспеў, праслухаў, паваліўся — становіцца «гаспадаром», а першы ідзе ў круг.

У в. Камень ведалі гульні пад назвай «У пікара», «Штандар», а ў 1920—1950-я гады любімай гульнёй моладзі лічыліся «Фанты».

МІФАЛОГІЯ

У гэтым рэгіёне ёсць звесткі пра такі жанр вусна-паэтычнай творчасці, як міфалогія. Часта ад пажылых людзей можна пачуць, што ў сне ім з’яўляліся людзі святыя ці блізкія нябожчыкі і падказвалі, што рабіць пры складаных жыццёвых праблемах, але найчасцей — пры хваробе. Вылечыўшыся, удзячныя людзі неслі ў храм ахвяру: калі падказваў родзіч — нешта з ежы, а калі святы, то ручнік, які самі вышывалі ці ткалі. А вось Алена Бойка (н. у 1926) прыводзіла прыклады, калі цуд падмацоўваў веру хрысціян. Яна расказала, што адбылося ў далёкай в. Оса, а калі мы туды прыехалі, то мясцовыя жыхары пацвердзілі сказанае ёю.

У гэтай вёсцы Ірына Кульчынская (ужо нябожчыца) у дзень свята Іаана Хрысціцеля папрасіла суседку дапамагчы прынесці галінак для «стэжура» — асновы стога. Уголас яна сказала: «Тыпэр свято ны вылыкэ, гэто ж ны Руздво, а завтра сіно ужэ будэ у стожковы». Кульчынская секла лазовыя галіны, суседка дапамагла прынесці. Вечарам, калі Ірына легла спаць, убачыла, як адчыніліся дзверы, у хату ўвайшоў надта высокі акрываўлены чалавек. Ён сказаў: «Дывысь якый я вылыкый, а ты казала — малый. На шчо так мынэ порубала?» Падышоў да вушака, зняў ручнік, сеў каля стала і пачаў абцірацца. Потым паклаў ручнік на стол і знік. Кабета ўбачанае ўспрыняла як сон, але ў думках падзівілася, што хутка заснула і бачыць сон. Раніцай, калі прачнулася, то заўважыла, што ручнік, які заўсёды вісеў на вушаку каля дзвярэй і аб які яна выцірала рукі, калі паліла ў печы, ляжаў акрываўлены на стале. Кроплі крыві былі на табурэціку і падлозе. Жыхары вёскі і наваколля ішлі глядзець і дзівіліся, убачанае падмацоўвала іх веру ў рэальнае існаванне святых недзе ў іншым свеце і нагадвала аб асабістай адказнасці за нядбайнае шанаванне святочных дзён.

Са слоў Алены Бойка, загадкавая здань падалася ў іх вёсцы і калгаснаму шафёру і брыгадзіру, якія цяпер яшчэ жывуць. Яны раненька везлі на поле жыта, пакуль калгаснікі прыйдуць сеяць азіміну. Каля грэблі ім шлях перагарадзіў крыж. Ён стаяў пасярод дарогі і іскрыўся ў промнях ранішняга сонца. Брыгадзір Яўген Лазарук вылез з кабіны, падышоў да крыжа, хацеў дакрануцца, але нейкая нябачная сіла яго адкінула. Мужчыны спужаліся, вярнуліся ў кантору. Паехаў з імі старшыня — на тым месцы на дарозе крыжа не было відаць. Справа ў тым, што людзей прымусілі ў калгасе сеяць у вялікае свята праваслаўных хрысціян — Спас.

Такім чынам, пачутыя намі расказы маюць непасрэднае дачыненне да светапогляду хрысціян і даюць магчымасць упэўніцца — набожныя людзі не чакаюць, не ганяюцца за цудамі. Усё адбываецца без іх жадання і ведама. I, вядома, калі фалькларысты парупяцца сабраць звесткі такога характару, то дадуць каштоўны матэрыял для даследчыцкіх прац многіх галін сучаснай навукі.

* * *

Існуюць на Кобрыншчыне і іншыя рамёствы. Некалі тут працавалі і ганчары, хоць кажуць, што ганчарныя вырабы пасля вайны прывозілі сюды з суседняга Пружанскага раёна. Выяўленне мясцовай гліны прыдатнай для вырабу ганчарных рэчаў, спрыяла таму, што яўрэямі яшчэ ў пачатку XX ст. былі пабудаваны дзве цагельні.

Мы закранулі культуру, створаную яўрэйскай меншасцю, але, на вялікі жаль, нічога не можам сказаць аб татарах. А яны тут жылі. Узяць, да прыкладу, урочышча Татарскае каля в. Камень, дзе зараз вялікі лес, а ў пачатку 1920-х гадоў было поле, на якім траплялася шмат хатняга начыння (са слоў 92-гадовага Данілы Кавальчука). А дзе ж падзеліся хаты, людзі? Мо вымерлі ад якой-небудзь хваробы, а хутчэй за ўсё з’ехалі, ратуючыся ад фронту ў час 1-й сусветнай вайны, і не вярнуліся.

Народныя майстры Кобрыншчыны сваёй творчасцю, выставачнай дзейнасцю ўносяць важкі ўклад у сучасную культуру. Наша кароценькая занатоўка мае на мэце данесці да нашчадкаў звесткі аб іх — «Skripta Manent» (напісанае застаецца).

М.П.Жабінская.