Архітэктурная спадчына Кобрыншчыны

З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны

На Кобрыншчыне існавала і ў вялікай колькасці захавалася амаль уся шматграннасць і шматстылёвасць беларускай архітэктуры як у яе народна-этнаграфічнай, так і высокапрафесійнай праяве. Гэты край знаёміць нас з помнікамі дойлідства ад глыбокай старажытнасці да сучаснасці, ад сціплых вясковых драўляных храмаў да магутных архітэктурных манументаў, у якіх увасобіўся творчы патэнцыял народа, яго высокая будаўнічая культура.

ГРАМАДЗЯНСКАЕ І СЯДЗІБНА-ПАРКАВАЕ БУДАЎНІЦТВА

З глыбокай старажытнасці вялося феадальнае свецкае будаўніцтва. У тым месцы, дзе р. Кобрынка ўпадае ў Мухавец, з XIV ст. узвышаліся муры і вежы Верхняга («Высокага») і Ніжняга («Прыгародак») Кобрынскіх замкаў. Канчаткова яны былі знішчаны ў 1840-я гады пры будаўніцтве шашы Масква — Варшава (завершана ў 1846 г.), якая прайшла праз гарадскі цэнтр. На планіроўку горада значна паўплывала пракладка па яго паўночнай ускраіне ў пачатку 1880-х гадоў чыгункі. Але яшчэ і цяпер бачны даволі выразны след рова, які апяразваў абарончыя ўмацаванні.

У 1655 г. горад спалілі шведскія войскі, у 1711 г. большая частка гарадской забудовы моцна пацярпела ад пажару. У вайну 1812 г. з агульнай колькасці 630 дамоў было знішчана 548. У сувязі з гэтым у 1-й палове ХІХ ст. для аднаўлення жылой гарадской забудовы мясцовымі дойлідамі была распрацавана серыя праектаў жылых дамоў розных тыпаў (у асноўным драўляных, але атынкаваных). Вялікія страты гораду і Кобрынскаму павету нанесла 1-я сусветная вайна, якая зруйнавала больш за 20 тыс. будынкаў.

У Кобрыне быў вялікі комплекс шпіталя (адлюстраваны на малюнку Н.Орды ў 1866 г.). Ён складаўся з 2 мураваных 2-павярховых карпусоў, накрытых вальмавымі гонтавымі дахамі.

П-падобны і прамавугольны ў плане карпусы аб’ядноўваліся кароткім і нізкім пераходам. Архітэктура будынкаў мела барочны характар, плоскасныя фасады крапаваліся пілястрамі.

З канца XVIII ст. горад забудоўваецца цаглянымі дамамі з майстэрнямі і крамамі. Значнае горадабудаўнічае развіццё атрымлівае гандлёвая плошча (сучасная Свабоды), на якой мясціліся гандлёвыя рады. Ансамбль прамавугольнай плошчы фарміравала перыметральная мураваная забудова жылымі і грамадскімі будынкамі, гандлёвымі радамі і гасціным дваром у цэнтры. У 1920-я гады плошча значна перабудавана.

На плане Кобрына 1798 г. адзначаны цагляны дом (цяпер тут аптэка № 1), размешчаны на рагу плошчы Свабоды (да 1939 г. Рыначная) і вуліцы Першамайскай (да 1939 Пінская, 3 Мая). 2-павярховы дом няправільнай прамавугольнай формы першапачаткова быў узняты на высокі цокаль. Перабудаваны ў 1920-я і 1950-я гады (надбудаваны франтон, які імітаваны пад 3-і паверх). Франтальны фасад рытмічна расчлянёны прамавугольнымі вокнамі, вуглавымі і прасценачнымі лапаткамі. Аналагічны па архітэктурным вырашэнні дом № 7 таксама выходзіць на плошчу тарцовым

2-павярховым атынкавым фасадам. Суцэльны фрагмент характэрнай шчыльнай забудовы плошчы ўяўляюць сабой дамы № 15, 17 і 19 (вуліца Леніна). Іх тарцовыя разнастайныя па сціплай пластыцы фасады з 3-вугольнымі франтонамі ўтвараюць рытмічны рад забудовы і адначасова надаюць ёй маляўнічы выгляд.

Прыкладам гарадской жылой забудовы ў стылі мадэрн з’яўляецца дом № 6 на вуліцы Савецкай. Пабудаваны ў 1910—1920-я гады з цэглы. 2-павярховы аб’ём пад 2-схільным дахам, вулічны плоскасны фасад рытмічна расчлянёны прамавугольнымі вокнамі з характэрнымі для стылю пластычнымі і грувасткімі ліштвамі з эліптычнымі перамычкамі. У 1920-я гады тут была явачная кватэра КПЗБ (у 1979 г. устаноўлена мемарыяльная дошка).

Будынак гандлёвых радоў узведзены ў 1920-я гады з цэглы на месцы драўляных крам. Уяўляе сабой выцягнутае па фронце П-падобнае ў плане 1-павярховае збудаванне з вялікім унутраным дваром і далучанай 2-павярховай гасцініцай (знесены ў 1974 г.).

Сіметрычна-восевую франтальную кампазіцыю падкрэсліваюць 2 рызаліты з 3-вугольнымі франтонамі і арачнымі нішамі (былыя ўезды ў двор), якія ажыўляюць манатонны рытм прамавугольных акон. Вуглы карпусоў умацаваны контрфорсамі. Ад помніка захаваліся паўночнае, усходняе і часткова заходняе крылы.

Захаваўся ў Кобрыне 1-павярховы будынак паштовай станцыі (канец вуліцы Савецкай, 106; да 1939 г. Брэсцкая, Легіёнаў, Перацкага), якіх шмат было раскідана ўздоўж шашы Масква — Варшава. Пабудавана станцыя ў 1846 г. паводле «ўзорнага» праекта ў стылі позняга класіцызму. Складаецца з двух 1-павярховых прамавугольных у плане аб’яднаных праезнай аркай карпусоў: станцыйнага дома і 2 бакавых флігеляў, якія ўтваралі ўнутраны гаспадарчы двор. У 1882 г. будынак быў прыстасаваны пад вайсковы шпіталь, затым да 1970-х гадоў тут размяшчалася бальніца. У 1981 г. карпусы аб’яднаны калідорамі ў адзіную франтальную архітэктурную кампазіцыю і прыстасаваны пад навучальную ўстанову (міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат).

Парк імя А.В.Суворава належыць да старэйшых на Беларусі. У 1766 г. Кобрын быў пазбаўлены гарадскога самакіравання і ператвораны ў звычайнае землеўласніцкае паселішча пад назвай Кобрынскі Ключ Брэсцкай эканоміі. У 1768 г. за 1 км на поўдзень ад Кобрына па загадзе падскарбія надворнага літоўскага А.Тызенгаўза закладзены адміністрацыйны маёнтак, названы «Губерняй» («Ключ Кобрынскі»). Тут знаходзілася кіраўніцтва Кобрынскага Ключа. Маёнтак быў падараваны Кацярынай II у 1795 г. расійскаму палкаводцу А.В.Сувораву. У 1808 г. яго сын Аркадзь прадаў цэнтральную частку з паркам і сядзібным домам маёру Г.Гельвігу. Нашчадкамі апошняга Шацільскімі ў 1858 г. «Губерня» была прададзена прафесару грамадзянскага права Аляксандру Міцкевічу, малодшаму брату паэта Адама Міцкевіча. Потым маёнтак перашоў да Л.А.Зялінскага, жанатага з М.А.Скваронскай — швагеркай Аляксандра Міцкевіча.

Меркаваць пра першапачатковы выгляд маёнтка цяжка, паколькі кожны з яго ўладальнікаў уносіў нейкія свае змены. Аднак агульная кампазіцыйная структура існавала без карэнных пераробак. Сядзібны дом размяшчаўся за партэрам у глыбіні парку (плошча 3—4 га) на яго планіровачнай восі. Паводле распараджэння Суворава была праведзена частковая перапланіроўка парку (ссечаны састарэлыя таполі ўязной алеі), службовыя пабудовы вынесены за яго межы, а непадалёку ад дома пастаўлена невялікая капліца. З XVIII ст. парк быў абкружаны валам і ровам, па цэнтры высаджаны пладовы сад і выкапана невялікая прамавугольная сажалка. Ад дома адкрываўся краявід на вадаём з выспай на заходнім беразе. Парк быў акаймаваны каналам, злучаным з каналам Боны, які адводзіў ваду ў р. Мухавец. В.А.Аляксееў, які добра ведаў жыццё і дзейнасць Суворава, у 1905 г. азнаёміўся з сядзібай і адзначыў: «...невялікі, абнесены рэдзенькім частаколам англійскі сад — дзесяціны 1,5... што акаймоўваўся валам, ровам і пладовымі садамі».

Драўляны дом-сядзіба А.В.Суворава ўзведзены ў 1790-я гады, разабраны з-за струхлеласці ў 1894 г. Новапабудаваны дом згарэў у час бою ў 1939 г. На месцы сядзібнага дома ў 1950 г. устаноўлены бронзавы бюст Суворава работы скульптара І.М.Рукавішнікава. Тэрыторыя парку добраўпарадкавана кветкавымі клумбамі, бакавымі пасадкамі дрэў і кустоў. Відазменены на працягу ХІХ ст. ён захоўвае характэрную для рэгулярных паркаў ХVIII ст. сіметрычна-восевую разбіўку на раўнінным участку выцягнутай прамавугольнай формы (асноўная планіровачная вось зарыентавана ў напрамку поўнач — поўдзень). Верагодна, парк меў баскетную структуру з дрэў і кустоў.

У 1948 г. былі праведзены работы па ўпарадкаванні парку з захаваннем прынцыпу рэгулярнай планіроўкі. З паўночнага боку ў парк вядзе шырокая (да 10 м) пад’язная ліпавая алея, закладзеная пасля 1905 г. на месцы папярэдняй, высаджанай таполяй чорнай пірамідальнай. Яе працягам з’яўляецца цэнтральная паркавая алея (працяг вуліцы Суворава; раней была аформлена ў выглядзе грабавай шпалеры з лінейнай абсадкай з елкі), якая завершана невялікім вадаёмам. Дзве сіметрычныя цэнтральнай і папярочныя алеі ствараюць сістэму прамавугольных баскетаў (16 розных па памерах). Некаторыя баскеты па дыяганалі перарэзаны лінейнымі пасадкамі ліпы, клёна вастралістага. На газонах высаджаны адзінкавыя ці ў выглядзе невялікіх груп бяроза, клён ясенялісты, таполя канадская, клён вастралісты, граб. Значна відазменены апошнія 2 баскеты перад парадным партэрам з традыцыйным кругам. Сіметрычна дому ў баскетах раслі 2 ліпы. Адна з іх захавалася, ёй больш за 200 гадоў.

Вакол гістарычнай часткі парку (на плошчы каля 70 га) сфарміраваны новы парк культуры і адпачынку з элементамі рэгулярнай і пейзажнай планіроўкі, вялікім вадаёмам з 2 астравамі і мысам, які служыць агляднай пляцоўкай. Вадаём злучаны са старым каналам, з двух бакоў якога закладзены насаджэнні дуба чырвонага, бярозы, ліпы. Парк налічвае больш за 70 найменняў дрэў-кустоў. Тут працуюць павільёны, ёсць лебедзі, вальер з паўлінамі, у сажалках водзіцца андатра. Вакол бюста Суворава разбіта кветкавая клумба, акаймаваная з абодвух бакоў невялікімі дрэвавымі групамі з елкі калючай, кіпарысавіка, абляпіхі, туі заходняй, воцатнага дрэва. Парк знаходзіцца ў добрым стане, з’яўляецца помнікам прыроды. Вялікі ўклад у захаванасць, добраўпарадкаванне зрабілі яго дырэктары: В.І.Харытанюк, М.М.Вымаркаў, Н.Р.Дземянчук. У 1983 г. парк узнагароджаны сярэбраным і залатым медалямі ВДНГ СССР.

Мемарыяльнае значэнне мае сядзібна-паркавы комплекс у в. Грушава. Ён захаваўся ў добрым стане. З сядзібай звязаны падзеі паўстання 1863—1864 гг. Тут доўгія гады ў (1881—1939) жыла і працавала польская пісьменніца Марыя Радзевіч.

Ансамбль сядзібы складаўся з панскага дома, флігеля, стайні, шэрагу гаспадарчых пабудоў, размешчаных у парку эканамічнага тыпу — абсаджаная ліпавымі шпалерамі тэрыторыя з пладовым садам і агародам унутры. У парку была ўзведзена мураваная капліца Найсвяцейшай Дзевы Марыі, будаўніцтва якой фундавалі ў ХІХ ст. Радзевічы. Існавала таксама «зялёная» альтанка ў выглядзе высаджаных кругам дубоў.

Сядзібны дом уяўляў падоўжаны прамавугольны 2-павярховы (застаўся адзін паверх) мураваны будынак пад паўвальмавым дахам. Па цэнтры франтальнага 9-восевага фасада быў пастаўлены 4-калонны тасканскі порцік з шырокім 3-вугольным франтонам (не захаваўся). Фасад рытмічна расчлянёны прамавугольнымі вокнамі з дэкаратыўнымі франтончыкамі і разеткамі, апяразаны карнізам на сухарыках. У 1960-я гады сядзібу прыстасавалі пад машынна-трактарную станцыю, потым тут размяшчаўся рамонтна-механічны завод.

Фрагменты сядзібнага парку захаваліся ў вёсках Літвінкі, Паляцічы, фрагменты сядзіб у вёсках Дзевяткі, Запруды. У в. Балоты збярогся вятрак, які з’яўляецца творам народнага драўлянага дойлідства.

ПРАВАСЛАЎНАЕ МУРАВАНАЕ ДОЙЛІДСТВА

Архітэктура беларускіх храмаў, як ні адно з мастацтваў, інтэгруе і адлюстроўвае духоўныя каштоўнасці нацыі ў іх максімальна канкрэтызаваным і абагульненым выглядзе. Менавіта ў царкоўным дойлідстве адчуваецца веліч духу народа, які адлюстраваў у высокамастацкіх архітэктурных творах узвышаныя ідэалы гуманізму, свабоды і справядлівасці.

Найбольш старажытным помнікам праваслаўнага царкоўнага будаўніцтва з’яўляецца Свята-Спаскі манастыр у Кобрыне. Размешчаны на вуліцы 17 Верасня, 11 (былая Базыльянская), на левым беразе р. Мухавец. Упершыню ўпамінаецца ў 1465 г.

У 1491 г. удава І.С.Кобрынскага княгіня Фядора адпісала манастыру сяло Корчыцы з людзьмі і ўсімі данінамі, 2 карчмы ў Кобрыне, дзесятую мерку жыта з млына на р. Кобрынка і дзесятую капу жыта і яравога збожжа з Кобрына. Інвентар манастыра 1549 г., надрукаваны ў 6-м томе «Актаў Віленскай камісіі», адзначаны ў «люстрацыі» 1563 г. каралеўскага рэвізора Дзмітрыя Сапегі. Пасля Брэсцкай уніі 1596 г. манастыр стаў уніяцкім (базыльянскім), у ім праходзіў Кобрынскі сабор 1626 г. У 1632—1633 гг. архімандрытам быў уніяцкі царкоўны дзеяч Р.Корсак. Паводле ўказа Мікалая І 1828 г., у манастыры адкрыта духоўнае вучылішча. Закрыты пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 г.

У пачатку XVI ст. манастыр меў цагляныя жылыя і службовыя карпусы (на працягу XVII—XVIII ст. неаднаразова перабудоўваліся), капліцу. Захаваўся адзін жылы корпус, які выкарыстоўваецца як адміністрацыйная ўстанова.

Жылы корпус — помнік архітэктуры барока. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты вальмавым дахам. Галоўны фасад па цэнтры вылучаны рызалітам з фігурным барочным шчытом. Барочная пластычнасць архітэктуры выяўляецца ў насычанай крапоўцы пілястрамі, ляпным дэкоры, фігурных панэлях вакол прамавугольных акон, прафіляваных карнізах. Паверхі традыцыйна перакрыты мураванымі скляпеннямі на 1-м паверсе і драўлянай столлю — на 2-м. Першапачаткова па цэнтры будынка размяшчалася царква, на 1-м паверсе ў паўночна-заходнім вугле — трапезная.

На будынку ўстаноўлены 2 мемарыяльныя дошкі: у гонар перамогі рускіх войскаў у 1812 г. і на ўшанаванне памяці супрацоўнікаў міліцыі, што загінулі ў барацьбе з ворагамі савецкай улады ў пасляваенныя гады.

У ХІХ ст. у манументальным царкоўным будаўніцтве робіцца акцэнт на ўвасабленне нацыянальнай ідэі ў нацыянальных формах, што ў адпаведнасці з паняццямі таго часу азначала перайманне формаў і прыёмаў старажытнарускага царкоўнага дойлідства. Помнікам архітэктуры гэтага кірунку — рэтраспектыўна-рускага стылю — з’яўляецца Свята-Аляксандра-Неўскі сабор.

Свята-Аляксандра-Неўскі сабор у Кобрыне, размешчаны на вуліцы Леніна, 18 (былыя Замкавая плошча, вуліца Бабруйская). Пабудаваны ў 1864—1868 гг. з цэглы з нагоды адмены прыгоннага права і на ўшанаванне памяці рускіх воінаў, што загінулі ў час Кобрынскага бою 15 ліпеня 1812 г. Праект і каштарыс быў складзены губернскім архітэктарам І.Калянкевічам і адобраны ў 1864 г. У 1964 г. закрыты і прыстасаваны пад філіял Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці. Рэстаўрацыя сабора праведзена ў 1990—1993 гг. Асвячоны 12 верасня 1990 г. у дзень памяці Аляксандра Неўскага.

Помнік мае элементы папярэдняга стылю класіцызму. Асноўны аб’ём крыжова-цэнтрычны, завершаны магутным васьмерыковым барабанам, які ў апошнія гады «падтрыманы» 4 вуглавымі аналагічнай формы шатровымі барабанамі, што стварыла маляўнічае 5-купалле. Да планіровачнага крыжа далучаюцца выцягнуты прытвор з вуглавымі прыдзеламі і прамавугольная апсіда з бакавымі партатыўнымі квадратнымі рызніцамі. Плоскасныя фасады завершаны 3-вугольнымі франтонамі, крапаваны вуглавымі лапаткамі і прамавугольнымі панэлямі, апяразаны фрызам, арачныя вокны акаймаваны архівольтамі. Галоўны ўваход аформлены накладным магутным парталам з лучковым франтонам і арачнай ліштвай увахода. У сяродкрыжжа залы шырокімі прасветамі адкрываюцца апсіда, прыдзелы і трапезная. Сяродкрыжжа перакрыта купалам на ветразях, астатнія памяшканні — цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках. На саборы ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Свята-Успенская царква ў в. Тэўлі. На ўскраіне вёскі. Пабудавана ў 1872—1874 гг. з цэглы на ўрадавыя сродкі (7000 руб.) на месцы ранейшага храма.

Архітэктурная выразнасць кампазіцыі дасягаецца «гульнёй» рознавялікіх і разнастайных па форме аб’ёмаў і дахаў. Падоўжна-восевая і аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з шатровай 3-яруснай (васьмярык на 2 чацверыках) званіцы, прамавугольнай у плане трапезнай, кубападобнай малітоўнай залы, паўкруглай апсіды з бакавой рызніцай. Пакаты 4-схільны дах асноўнага аб’ёму завершаны цыбулепадобным купалком на гранёным барабане, шацёр званіцы — макаўкай. Геаметрычныя плоскасці фасадаў акаймаваны вуглавымі лапаткамі і зубчастым фрызам, расчлянёны арачнымі вокнамі ў ліштвах. Галоўны і бакавыя арачныя ўваходы аформлены пластычнымі парталамі з фігурнымі франтонамі (запазычаны з рускай церамной архітэктуры XVI—

XVII ст.). У інтэр’еры апсіда вылучана драўляным іканастасам з разнымі царскімі варотамі. Мастацкую каштоўнасць мае абраз «Раство Хрыстова» (датуецца 2-й паловай ХІХ ст.).

ДРАЎЛЯНАЕ ЦАРКОЎНАЕ ДОЙЛІДСТВА

Спрадвеку асноўным будаўнічым матэрыялам нашым продкам служыла дрэва. Менавіта драўлянае культавае будаўніцтва пакінула на Кобрыншчыне шмат помнікаў, у якіх найбольш яскрава і паўназначна ўвасобіўся геній народных цесляроў і рэзчыкаў-дэкаратараў. Яны стваралі ўражлівыя архітэктурныя манументы, рэалізоўвалі тое мастацка-эстэтычнае пачуццё і патэнцыял, што не заўсёды мелі магчымасць увасобіць у сціплым народным жыллі. Стагоддзямі выпрацаваныя канструкцыйныя і мастацкія прыёмы народнага дойлідства ў яго царкоўнай сферы былі даведзены да ўзроўню прафесійнай дасканаласці.

Адным з найбольш старажытных твораў народнага драўлянага дойлідства з’яўляецца Свята-Петра-Паўлаўская царква ў Кобрыне. Упамінаецца ў 1465 г., знаходзілася на паўднёвай ускраіне Рыначнай плошчы. Адзначана ў «люстрацыі» 1563 г. каралеўскага рэвізора Дз.Сапегі і на плане горада 1798 г. Царкву часта наведваў Сувораў, які ахвяраваў на яе аздабленне некалькі абразоў (з гэтай нагоды называлася Петра-Паўлаўска-Сувораўскай). З 1847 г. святаром тут быў царкоўны дзеяч, гісторык А.М.Кульчыцкі. З-за аварыйнага стану і небяспекі разбурэння ў 1857 г. закрыта. У 1862 г. перабудавана паводле праекта архітэктурнага памочніка Вендэнбаўма і ў 1913 г. перанесена на могілкі (вуліца Першамайская).

Царква вырашана 4-часткавай кампазіцыяй, якую складаюць асноўны кубічны зруб, завершаны пакатым шатром з цыбулепадобным купалком, апсіда, бабінец і прытвор, пад якім размешчана 2-ярусная шатровая званіца. Гарызантальна ашаляваныя сцены прарэзаны прамавугольнымі вокнамі. У інтэр’еры апсіда вылучана драўляным разным іканастасам, царскія вароты якога выкананы на матыў спляценняў вінаграднай лазы вакол абразоў. Мастацкую каштоўнасць маюць абразы XVIII—XIX ст. «Божая Маці з дзіцем» (копія карціны Дж.Беліні), «Спас Пантакратар», «Архангел Міхаіл», «Архангел Гаўрыіл», «Мікола Цудатворац», «Божая Маці Жыровіцкая», «Апосталы Пётр і Павел». Дзесяць абразоў на тэму пакут Хрыста напісаны рукой аднаго майстра ў XVIII ст. у стылі барока — «Узяцце Хрыста ў палон», «Суд Хрыста ў Пілата», «Катаванне Хрыста», «Адзяванне цярновага вянка», «Нясенне крыжа», «Раскрыжаванне» і інш.

Каля царквы пастаўлены надмагільны помнік Аляксандру Міцкевічу (1801—1871) — малодшаму брату паэта Адама Міцкевіча, прафесару права Харкаўскага універсітэта. Помнік уяўляе сабой вертыкальную кампазіцыю з фігурай анёла з крыжам, абвітым кляновай галінкай.

Свята-Мікалаеўская царква ў Кобрыне. Размешчана на вуліцы Мікольскай (былая Астрамецкая, Камуністычная), на правым беразе р. Мухавец. Пабудавана ў XVIII ст. (да 1750) за межамі горада, у які перавезена і часткова перабудавана ў 1860-я гады. Першапачатковы храм адзначаны ў «люстрацыі» 1563 г. Дз.Сапегі, а таксама на плане ў інвентары 1597 г.

4-сценны зруб храма з 5-граннай апсідай накрыты вальмавым дахам, завершаным па цэнтры магутным цыбулепадобным купалам на 8-гранным светлавым барабане, які пастаўлены на нізкі чацвярык. Цыбулепадобны купал на гранёным барабане ўзвышаецца над вальмавым дахам апсіды. Галоўны заходні фасад на ўсю вышыню вылучаны нішай з 2 слупамі. Вертыкальна ашаляваныя сцены рытмічна расчлянёны высока ўзнятымі прамавугольнымі вокнамі з брусамі-сцяжкамі ў прасценках. 4 слупы ў інтэр’еры з дапамогай скляпенняў-ветразяў падтрымліваюць барабан купала. Па чатырох вуглах малітоўнай залы вылучаны невялікія памяшканні прыдзелаў і рызніц.

Свята-Георгіеўская царква ў Кобрыне. Знаходзіцца на могілках. Пабудавана на мяжы XVII—XVIII ст. Мастацкую каштоўнасць маюць разныя царскія вароты іканастаса XVIII—XIX ст.

Свята-Вазнясенская царква ў в. Гарадзец. Размешчана на пагорку ў цэнтры вёскі. Пабудавана як касцёл у 1735 г. (ці 1799) у пас. Акцябр. У 1876 г. пасля закрыцця мясцовага касцёла ў сувязі з пераабсталяваннем яго ў праваслаўную царкву перавезена ў Гарадзец і пастаўлена на бутавы падмурак.

Мае рысы стылю барока. Вырашана выцягнутым 4-сценным зрубам пад 2-схільным гонтавым дахам, які над 5-граннай апсідай за кошт застрэшкаў пераходзіць у вальмавы. Па цэнтры (вільчыку) даху ўзведзены фігурны 3-ярусны 8-гранны купал. Плоскасны франтальны фасад завершаны 3-вугольным вертыкальна ашаляваным франтонам з 2 маленькімі дахавымі вокнамі. Уваход вылучаны 2-схільным ганкам на 2 слупах. Вертыкальна ашаляваныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высока ўзнятымі прамавугольнымі вокнамі ў разных ліштвах і брусамі-сцяжкамі ў прасценках. Над прытворам у залу адкрываюцца хоры. Сцены ў інтэр’еры дэкарыраваны арнаментальным фрызам. Мастацкую каштоўнасць маюць 2 абразы ХІХ ст. «Божая Маці Адзігітрыя».

Свята-Параскева-Пятніцкая царква ў в. Дзівін. Размешчана на галоўнай вуліцы вёскі (былая Кобрынская) алтаром на захад. Гэта сведчыць, што першапачаткова яна была касцёлам. Пабудавана ў 1740 г. (ці 1728) намаганнямі святара Яна Антонія Ваяводскага. У 1869—1870 гг. будынак перароблены (інжынер-архітэктар Чэкмасаў, архітэктар Барташэўскі) і перададзены праваслаўнаму ведамству. У час 1-й сусветнай вайны царква пашкоджана пажарам, у 1917 г. адноўлена. У 1962 г. яе закрылі, з часам прыйшла ў нягоднасць. У 1990 г. пасля рэгістрацыі суполкі быў зроблены рамонт храма. Быў асвячоны архіепіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Канстанцінам.

Мае рысы стылю барока. Вырашана падоўжным зрубам з 5-граннай апсідай з бакавымі рызніцамі. Агульны гонтавы дах пад апсідай за кошт трохвугольныx застрэшкаў пераходзіць у вальмавы. Галоўны фасад фланкіраваны 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі яруснымі купаламі і цыбулепадобнымі купалкамі. Паміж вежамі заглыблены кілепадобны франтон даху, гонтавы адліў якога накрывае фасадную галерэйку. Вертыкальна ашаляваныя сцены прарэзаны высока ўзнятымі прамавугольнымі вокнамі вітражнага крыжовага шклення. У інтэр’еры над уваходам на 2 слупах размешчаны хоры. Збоку перад царквой у 2-й палове ХІХ ст. пастаўлена драўляная званіца (васьмярык на чацверыку) пад шатровым гонтавым дахам.

Свята-Міхайлаўская царква ў в. Яромічы (хутар Горбанка). Пабудавана ў 1784 г. (ці 1787) на могілках.

Мае рысы стылю барока. Вырашана прамавугольным зрубам з прырубам апсіды, накрытых агульным гонтавым дахам з 3-вугольнымі застрэшкамі пры іх злучэнні. Па баках да апсіды далучаны 2 рызніцы пад 1-схільнымі дахамі; яе тарцовы фасад прарэзаны картушавым акном. Галоўны фасад завершаны 3-вугольным франтонам даху, над якім узвышаецца 8-гранная вежачка. Будынак апяразаны масіўным прафіляваным карнізам. Зала асветлена высокімі арачнымі вокнамі. Над прытворам на 2 слупах размешчаны хоры. Апсіда вылучана драўляным іканастасам. Мастацкую каштоўнасць маюць абразы на дошках XVIII ст. «Святая велікамучаніца Варвара», «Мікола Цудатворац», «Божая Маці Адзігітрыя», «Божая Маці Ахтырская» (1877).

Свята-Дзмітрыеўская царква ў в. Лелікава. Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі.

Мае падоўжна-восевую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, сфарміраваную прамавугольным зрубам з 3-сценнай апсідай, да якой асіметрычна далучаецца нізкая рызніца. Зруб накрыты вальмавым дахам, вільчык якога па цэнтры прарэзаны 8-гранным барабанам з цыбулепадобным купалам, і па ўскрайках адзначаны крыжамі. Да галоўнага фасада дабудаваны ніжэйшы працяглы, але больш нізкі прытвор пад 2-схільным дахам. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады рытмічна прарэзаны прамавугольнымі вокнамі і расчлянёны брусамі-сцяжкамі ў прасценках. У ХІХ ст. перад царквой адасоблена пастаўлена 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з макаўкай.

Царква Прападобнай Параскевы Сербскай у в. Балата. У 1879 г. вяскоўцы сабралі 694 руб. і казна выдаткавала 305 руб. на будаўніцтва новай царквы на месцы старога храма. Мясцовы памешчык А.М.Ган ахвяраваў лясны матэрыял і жалеза на дах. У 1882 г. пабудавана новая царква паводле праекта, складзенага ў 1880 г. грамадзянскім інжынерам Ф.Афанасьевым. Будаўніцтва храма ажыццявілі селянін В.Гарбузаў са сваёй сям’ёй і мясцовыя жыхары без наёмных рабочых; за работамі назіраў малодшы архітэктар Залатароў. Будынак гатовай царквы быў агледжаны 13 кастрычніка 1885 г.

Помнік мае рысы стылю класіцызму. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя царквы ўключае кубападобны цэнтральны аб’ём з цыбулепадобным купалам над стромкім 4-схільным дахам, прамавугольную апсіду з бакавымі рызніцамі і 3-ярусную званіцу. Цэнтральны і 2 бакавыя ўваходы вылучаны адпаведна 6- і 4-калоннымі порцікамі пад 2-схільнымі дахамі. Фасады аздоблены прафіляванымі карнізамі, ліштвамі акон, гарызантальнай і вертыкальнай шалёўкай. Унутры апсіда вылучана драўляным 3-ярусным іканастасам, створаным у 1885 г. паводле праекта грамадзянскага інжынера А.Рэмера. Мастацкую каштоўнасць маюць абразы XVIII—XIX ст. «Прападобная Маці Параскева Пятніцкая», «Мікола Цудатворац», «Раство Хрыстова», «Ісус Хрыстос», «Сабор Божай Маці», «Архідыякан Стафан», «Свяціцель», кніга «Евангелле» (1780).

Свята-Міхайлаўская царква ў в. Навасёлкі. Пабудавана ў 1881 г. на месцы былой царквы, якая існавала з канца XVII ст. і была асвячона ў гонар прападобнага Ануфрыя Вялікага. Раней прыход адносіўся да храма Раства Божай Маці сяла Дарапеевічы (Маларыцкі раён), а потым пасля пабудовы Міхайлаўскай царквы стаў самастойным. У 1936 г. царкву пабудавалі па традыцыйнай для драўлянага дойлідства планіровачнай схеме. Па падоўжнай восі ў адзіную кампактную кампазіцыю аб’яднаны зрубы прытвора-званіцы, 2-яруснага аб’ёму малітоўнай залы, 5-сценнай апсіды з бакавымі рызніцамі. Сілуэт будынка фарміруюць цыбулепадобны купал 2-яруснай (васьмярык на чацверыку) шатровай званіцы і купал на 8-гранным барабане над 4-схільным дахам асноўнага аб’ёму. На фоне гарызантальна-вертыкальнай шалёўкі сцен вылучаюцца разныя фрызы, карнізы, фігурныя ліштвы прамавугольных акон.

Свята-Крыжаўзвіжанская царква ў в. Бяроза. Знаходзілася на паўднёвай ускраіне вёскі на вуліцы Савецкай. Пабудавана ў 1865—1867 гг. на месцы праваслаўнага храма, які згарэў 2 чэрвеня 1863 г. 14 чэрвеня таго ж года гродзенскі губернатар атрымаў з Пецярбурга з Міністэрства ўнутраных спраў тэлеграму: «Высочайше повелено восстановить сгоревшую в селе Березе Кобринского уезда Православную Церковь на суммы Правительства и объявить о сем Прихожанам». Верагодна, аўтарам праекта быў губернскі інжынер В.Дзяменцьеў, які ўзяў за аснову «нармальны чарцёж № 37» (з серыі тыпавых праектаў, распрацаваных Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы). Такі ж праект быў рэалізаваны ў мястэчку Стараселле Копыскага павета Магілёўскай губерні. Па просьбе брэсцкага епіскапа Ігнація складанне каштарысу і нагляд за работамі ажыццяўляў літоўскі епархіяльны архітэктар Т.Савіч. Будаўніцтва царквы, акрамя іканастаса, было даручана вопытнаму майстру, жыхару слабады Чырвоныя Злынкі Чарнігаўскай губерні В.Гарбузаву. Імператар Аляксандр ІІ ахвяраваў 3000 руб., М.М.Мураўёў — 500 руб. з кантрыбуцыйных сум.

Помнік мае рысы стылю класіцызму. Узведзена па канічнай 4-часткавай зрубнай кампазіцыі: званіца, выцягнутая трапезная, кубападобная малітоўная зала з бакавымі прыдзеламі і 5-гранная апсіда з 2 бакавымі рызніцамі. Пакаты 4-схільны дах храма завершаны магутным светлавым 8-гранным барабанам з цыбулепадобным гранёным купалам. На галоўным фасадзе дамінуе 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з цыбулепадобнай макаўкай, уваход вылучаны 6-калонным порцікам. Гарызантальна ашаляваныя сцены расчлянёны вокнамі ў разных ліштвах. Мастацкую каштоўнасць маюць іканастас з разнымі царскімі варотамі ХІХ ст., абразы XVII—XIX ст. «Божая Маці», «Пакроў», «Успенне Прасвятой Багародзіцы», «Божая Маці з дзіцем і Іаанам» (1800), «Святыя Пётр і Павел», «Жыціе Хрыста», «Святы велікамучанік Панцеляймон», «Узнясенне Хрыстова», «Афанасій Брэсцкі», «Віленскія мучанікі Антоній, Іаан і Яўстахій», «Святы з дзідай», «Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы», кніга «Евангелле» (ХІХ ст.).

Свята-Мікалаеўская царква ў в. Верхалессе. Пабудавана ў 1882—1888 гг. на месцы драўлянага храма, які згарэў 3 красавіка 1881 г. з усёй маёмасцю. Мае рысы стылю класіцызму. Архітэктар Ф.Залатароў.

Царква вырашана 3-часткавай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, складзенай з малітоўнай залы, прамавугольнай апсіды і шатровай званіцы над прытворам. Над шатровым дахам цэнтральнага кубападобнага зруба і шатром званіцы ўзвышаюцца цыбулепадобныя купалы. Гарызантальна і вертыкальна ашаляваныя сцены завершаны трохвугольнымі франтонамі. Ф.Залатаровым зроблены 2-ярусны іканастас у «рускім стылі».

Свята-Пакроўская царква ў в. Хабовічы. Размешчана ў цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1899 г. на ўрадавыя сродкі на месцы ранейшага храма. Праект зацверджаны 1 лістапада 1884 г.

Вырашана цэнтрычна-крыжовым асноўным зрубам, да якога далучаны прытвор-званіца і 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. У сілуэце храма пануюць 2-гранныя барабаны з цыбулепадобнымі галоўкамі. У дэкоры выкарыстана фігурная шалёўка, разныя карнізы, вуглавыя лапаткі. Мастацкую каштоўнасць маюць абразы XVIII—XIX ст. «Віленскія мучанікі», «Георгій Перамаганосец», «Святы Ануфрый».

Свята-Прачысценская царква ў в. Дзівін. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Хадайніцтва аб будаўніцтве новай царквы з-за трухлявасці старой было пададзена прыхаджанамі яшчэ ў 1879 г. Узведзена ў 1902 г.

Мае рысы неарускага стылю. 4-часткавая аб’ёмная кампазіцыя складаецца з прытвора-званіцы, кароткага бабінца, малітоўнай залы, апсіды. Унутры апсіда вылучана драўляным іканастасам. Мастацкую каштоўнасць маюць абразы XVIII—XIX ст. «Прападобны Ануфрый», «Божая Маці Адзігітрыя», «Святыя Варвара і Андрэй», «Святыя Мікола і Мітрафаній», «Мікола Цудатворац», «Дабравешчанне», «Узнясенне Хрыстова», «Нараджэнне Божай Маці», «Спас Пантакратар».

Свята-Прачысценская царква ў в. Павіцце. Размешчана на ўскраіне вёскі. Пабудавана ў 1911 г.

Мае рысы неарускага стылю. Буйнамаштабнае збудаванне са складанай і шматпланавай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй. У яе аснове кубападобны высокі зруб малітоўнай залы, завершаны магутным цэнтральным 8-гранным светлавым барабанам з шатровым верхам і цыбулепадобным купалам і вуглавымі «апостальскімі» купаламі на стройных 2-ярусных шыйках. Да цэнтральнага зруба далучаюцца больш нізкія бакавыя прыдзелы, 5-гранная апсіда, працяглы бабінец і прытвор-званіца. Па вуглах цэнтральнага крыжовага зруба прырублены нізкія 3-гранныя рызніцы. Цэнтральнае маляўнічае 5-купалле ўзбагачаецца цыбулепадобнымі купаламі над вальмавым дахам апсіды і фігурнымі 3-лопасцевымі франтонамі бакавых прыдзелаў. Вертыкальнай дамінантай кампазіцыі з’яўляецца вышынная васьмерыковая шатровая званіца з аналагічным цыбулепадобным купалком. Архітэктурна-дэкаратыўную фактуру фасадам надае разнастайная шалёўка: вертыкальная ў цокальнай частцы, гарызантальная на сценах, дыяганальная на франтонах. Дэкор узбагачаюць вуглавыя і прасценачныя лапаткі, геаметрызаваныя ліштвы прамавугольных і стральчатых акон. Галоўны ўваход вылучаны 2-слуповым ганкам, завершаным шатром з галоўкай. У інтэр’еры пануе падкупальная прастора светлавога барабана, абапёртага праз ветразі на сцены цэнтральнага зруба. Апсіда вылучана драўляным разным 2-ярусным іканастасам. Мастацкую каштоўнасць маюць абразы на дошках XVII—XVIII ст. «Святы велікамучанік Дзмітрый» (1745), «Божая Маці Адзігітрыя», «Ісус Хрыстос», 2 абразы «Спас Пантакратар».

Свята-Троіцкая царква ў в. Казішча. Размешчана каля могілак на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 1927 г.

Вырашана выцягнутым прамавугольным зрубам, да якога далучаюцца 5-гранная апсіда і прытвор. Над 4-схільным дахам храма ўзведзены 8-гранны барабан з цыбулепадобным купалам. Вертыкальнай дамінантай кампазіцыі з’яўляецца чацверыковая шатровая званіца з макаўкай над прытворам. Галоўны ўваход аформлены 4-слуповым ганкам з 3-вугольным франтонам. Вертыкальнай шалёўкай вылучаны цокальная і фрызавая часткі, гарызантальна ашаляваныя плоскасці сцен прарэзаны прамавугольнымі і арачнымі вокнамі.

Развітую і шматпланавую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю храма складаюць цэнтрычна-крыжовы зруб малітоўнай залы, 5-гранная апсіда з партатыўнымі бакавымі рызніцамі, далучаны праз трапезную прытвор-званіца. Званіца вырашана высокім шатровым васьмерыком і разам з 8-гранным шатровым барабанам з макаўкай над цэнтральным аб’ёмам дамінуе ў сілуэце храма. Грані-прыдзелы асноўнага зруба і бабінца завершаны 3-вугольнымі франтонамі. Гарызантальна ашаляваныя сцены прарэзаны адзінарнымі і здвоенымі прамавугольнымі вокнамі, фланкіраванымі вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі. У інтэр’еры пануе падкупальная прастора светлавога барабана, абапёртага праз складаную сістэму ветразяў на сцены цэнтральнага квадратнага зруба. У яго прастору шырокімі 3-граннымі прасветамі расчыняюцца бакавыя прыдзелы, трапезная і вылучаная драўляным 2-ярусным іканастасам апсіда. Мастацкую каштоўнасць маюць абраз «Тры свяціцелі» (XVIII—XIX ст.), скульптура «Раскрыжаванне» (XVIII ст.), драўляны разны ківот (1887).

Войны, пажары, ваяўнічы атэізм бязлітасна вынішчалі драўляную архітэктурную спадчыну. На Кобрыншчыне існавалі праваслаўныя цэрквы ў вёсках Андронава (Свята-Петра-Паўлаўская, адзначана ў 1881; Свята-Пакроўская, пабудавана разам са званіцай у XVIII ст.), Бародзічы, Дубіны (1865—1867), Залессе (1918), Лука (Раства Багародзіцы, адзначана ў 1904), Малыя Корчыцы (Свята-Пакроўская, XVIII ст.), Мацы (рамантавалася ў 1848 і 1864), Прылукі (Свята-Пакроўская, адзначана ў 1904), Стрыгава (Свята-Сямёнаўская, 1808, новы храм пабудаваны ў 1880-я гады), Чаравачыцы (Свята-Параскева-Пятніцкая, пачатак XVIII ст., перабудавана ў 1848).

Свята-Пакроўская царква ў в. Хадынічы. Размяшчалася на вясковых могілках. Пабудавана ў 1746 г.

Да аб’ёму малітоўнай залы далучана 5-сценная апсіда. Агульны гонтавы дах над ёй пераходзіць у вальмавы, па цэнтры завершаны невялікім цыбулепадобным купалком на барабане. Мастацкую каштоўнасць мае абраз XVIII ст. «Божая Маці Адзігітрыя». Знесена ў канцы 1980-х гадоў.

Свята-Пакроўская царква ў в. Корчыцы. Знаходзілася на вясковых могілках. Пабудавана ў канцы XVIII ст. 4-сценны зруб і апсіда накрыты агульным гонтавым дахам, вальма над апсідай завершана макаўкай. Разабрана ў 1980 г. У 1998 г. каля могілак пабудавана новая царква.

З сярэдзіны XIX ст. мноства храмаў будуюцца па тыпавых праектах, распрацаваных пад патранатам Свяшчэннага Сінода. Першапачатковая Свята-Дабравешчанская царква ў в.Чэмер упамінаецца ў 1778 г. Да 1860-х гадоў існавала пагроза яе самаразбурэння. У пачатку ХІХ ст. ксяндзы дамініканскага кляштара ў в. Буховічы забралі з царквы да сябе цудатворны абраз «Збавіцель». Будаўніцтва існуючага драўлянага храма пачалося ў 1863 г. паводле тыпавога праекта на сродкі кобрынскага акруговага начальніка Грабавецкага, які аддаў падрад на будаўніцтва яўрэям Вайнштоку і Амстэрдамскаму. Але ў снежні 1864 г. работы былі спынены ў сувязі з патрабаваннем мясцовага святара перанесці храм на новае месца. У 1869 г. будаўніцтва адноўлена, з Белавежскай пушчы завезены лес. Праект і каштарыс складаў брэсцкі гарадскі архітэктар М.Барташэўскі.

Царква ў в. Кісялёўцы. Была пабудавана ў 1910-я гады на месцы папярэдняга храма паводле праекта, распрацаванага архітэктарам У.А.Срокам у 1909 г.

Помнік рэтраспектыўна-рускага стылю. Была вырашана ў выглядзе 4-часткавай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі: 3-ярусная шатровая званіца, кароткі бабінец, кубападобная малітоўная зала, прамавугольная апсіда з бакавымі рызніцамі. Шатры званіцы і асноўнага аб’ёму, 2-схільны дах апсіды завяршаліся цыбулепадобнымі купаламі. Унутры малітоўная зала была перакрыта шатровым скляпеннем на ветразях, якое трымала светлавы 8-гранны барабан. Знесена ў 1965 г. На яе месцы ў 1995 г. узведзена новая царква.

Традыцыі народнага драўлянага царкоўнага дойлідства сцвярджаюцца і ў афіцыйным «сінодскім» будаўнічым праектаванні.

* * *

Cвята-Пакроўская царква ў в. Буховічы. Размешчана на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 1674 г. (ці 1676) з цэглы і дрэва манахамі-дамініканцамі па фундацыі мужа і жонкі Пухальскіх як касцёл Успення Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Касцёл закрыты ў 1830 г., у 1832 г. перададзены праваслаўным як прыпісаны да Гарбанскай царквы. Перабудову касцёла ў 1862 г. і 1870 г. выконваў падрадчык Сідароўскі па даручэнні мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа, у 1877 г. — архітэктары Барташэўскі і Увядзенскі. 24 чэрвеня 1881 г. пасля чарговага капітальнага рамонту храм асвячоны як Свята-Пакроўская царква.

Помнік архітэктуры барока. У 1889 г. да прамавугольнага ў плане будынка пад вальмавым дахам прыбудавана званіца, адноўлены дах і надбудавана вежа з цыбулепадобным купалам над алтарнай часткай. Гэта прыўнесла ў архітэктуру барочнага храма рысы рэтраспектыўна-рускага стылю. 3-часткавую кампазіцыю храма складаюць 3-ярусная званіца (драўляны шатровы васьмярык на 2 мураваных чацверыках), прамавугольны ў плане аб’ём малітоўнай залы і нізкая прамавугольная рызніца. Накрыты вальмавымі дахамі. Вуглы храма з боку алтарнай часткі ўмацаваны магутнымі контрфорсамі. Бакавыя плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны высока ўзнятымі лучковымі вокнамі. Унутраная прастора мае драўляны разны іканастас (спраектаваны ў 1877 г. архітэктарам баронам Козенам), падзелена на малітоўную залу і апсіду ў агульных габарытах асноўнага аб’ёму. У апсідзе знаходзіцца абраз-таблетка XVIII ст. «Спас з дзяржавай» і на адвароце «Божая Маці Адзігітрыя».

КАСЦЁЛЫ

Звесткі аб першым рымска-каталіцкім касцёле ў Кобрыне адносяцца да 1513 г. Алтар у гэтым касцёле, паводле дакументаў, быў узведзены на грошы Ганны Кобрынскай-Касцевіч. Не адзін раз гарэў, а потым зноў аднаўляўся. Пасля пажару 1812 г. (касцёл стаяў недалёка ад рынку) яго далейшы лёс невядомы.

Касцёл Спачыну Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Кобрыне. У маі 1840 г. быў зацвержаны праект мураванага касцёла архітэктара Наскова. І ў 1841 г. пачалося будаўніцтва, якое было завершана ў 1843 г. У 1851 г. біскуп Віленскі Вацлаў Зулінскі прысвоіў касцёлу тытул Спачыну Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Быў закрыты ў 1962 г. Адноўлены ў 1990 г. на сродкі жыхароў і пры дапамозе будаўнічай арганізацыі «Энергаполь» у Кобрыне. Касцёл — помнік архітэктуры класіцызму. Уяўляе сабой 3-нефавы 2-вежавы храм. Прамавугольны ў плане аб’ём накрыты 2-схільным дахам. Галоўны фасад вылучаны дзвюма 1-яруснымі чацверыковымі вежамі. Бакавыя фасады рытмічна раскрапаваны прамавугольнымі вокнамі і пілястрамі ў прасценках, упрыгожаны аркатурным поясам. У храме знаходзіўся цудатворны абраз «Збавіцель».

Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў в. Гарадзец. Фундаваны ў 1633 г. каралём Уладзіславам ІV Вазай. У 1723 г. пабудаваны драўляны барочны храм, у 1865—1866 гг. — мураваны, які 22 кастрычніка 1866 г. быў забраны пад праваслаўную царкву, паколькі існуючая струхлела (апошні рамонт быў праведзены ў 1858 г.). Перабудову ажыццяўлялі ў 1871 г. архітэктары Чэкмасаў, Кадрунцаў і М.Барташэўскі. У 1918 г. вернуты католікам.

Касцёл (не захаваўся), верагодна, быў узведзены ў «гатычным стылі». Быў вырашаны адзіным прамавугольным аб’ёмам. Уяўляў сабой 3-нефавую 2-вежавую базіліку з прамавугольнай апсідай і бакавымі сакрысціямі ў межах адзінай залы. Пры перабудове з фасада былі зняты 8-гранныя шатровыя вежы, над цэнтральным рызалі-там узведзена 8-гранная шатровая званіца, а над дахам апсіды — 8-гранны шатровы барабан; пластыка фасадаў набыла характэрную аркатуру, закамары, пілястравую і панэльную крапоўку. Іканастас створаны ў 1867 г. паводле праекта інжынера Кадрунцава.

Праваслаўнае культавае будаўніцтва XIX — пачатку XX ст. фінансавалася і стымулявалася дзяржаўнай казной. Аднак, традыцыйна, значная частка сродкаў на будаўніцтва як каталіцкіх, так і праваслаўных храмаў паступала ў выглядзе ахвяраванняў. Праваслаўных храмаў было больш таму, што праваслаўнае насельніцтва дамінавала над каталіцкім.

Напрыклад, праваслаўны манастыр Святога Спаса ў Кобрыне быў пабудаваны на сродкі апошняга кобрынскага князя Івана Сямёнавіча. Які пасля Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. стаў уніяцкім і ў ім размясціўся базыльянскі ордэн.

Пацвярджэннем гэтага факта служыць і тое, што сабор Аляксандра Неўскага ў Кобрыне быў пабудаваны ў 1868 г. на сродкі часоваабавязаных сялян Кобрынскага павета і былога начальніка Паўночна-Заходняга краю графа М.М.Мураўёва.

Бясспрэчным доказам з’яўляецца і дакумент, які знаходзіцца ў новай экспазіцыі Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В.Суворава. Гэта падпісны ліст

№ 46020 на збор добраахвотных ахвяраванняў на будаўніцтва ў г. Кобрыне Гродзенскай губерні новай мураванай Сувораўскай Свята-Петра-Паўлаўскай царквы. Толькі 1-я сусветная вайна перашкодзіла ажыццяўленню праекта.

Католікі будавалі храмы выключна на ахвяраванні. Адным з прыкладаў таго з’яўляецца вытрымка з данясення міравога пасрэдніка гродзенскаму губернатару: «У выдатках на будаўніцтва касцёла ў в. Камень... сяляне рымска-каталіцкага веравызнання ўдзельнічаюць ахвяраваннямі і падвозам будаўнічага матэрыялу без складання дамовы». Ахвяраванне грошай на ўзвядзенне касцёла ўсёй грамадой лічылася належнай і богаўгоднай справай. Ранейшы драўляны касцёл у в. Камень традыцыйна быў забраны пад царкву і ў 1873 г. нават набыў званіцу. Будаўніцтва новага касцёла пачалося ў жніўні 1901 г.

У в. Ківацічы на месцы сгарэўшага касцёла ў 1939 г. была пабудавана капліца, якая існуе і цяпер.

Каталіцкія драўляныя капліцы былі ў вёсках Ілаўск (Святога Казіміра) і Азяты, мураваныя — на могілках у Кобрыне, Астромічах, Паляцічах.

Храмы іншых канфесій

Іудзейская канфесія прадстаўлена будынкам сінагогі ў Кобрыне на вуліцы Першамайскай, 40. Пабудавана ў 2-й палове XIX ст. з цэглы і з’яўляецца памятнікам эклектычнай архітэктуры з элементамі класіцызму.

Пасля вайны ў будынку размяшчаліся піўзавод і цэх безалкагольных напіткаў, у лютым 2001 г. перададзены для стварэння яўрэйскага культурнага цэнтра.

Будынак вырашаны цэнтрычным 3-павярховым аб’ёмам, крапаваным па вуглах лапаткамі. Верхнія паверхі расчлянёны арачнымі вокнамі. Пластыку фасадаў узбагачаюць падаконныя нішы, фігурная рустоўка, аркатурныя паяскі.

У 1989—1993 гг. у Кобрыне пабудаваны малітоўны дом абшчыны евангельскіх хрысціян-баптыстаў (архітэктар А.Андраюк, канструктар А.Хрушч, мастак Л.Рацько).

А.М.Кулагін.