Кобрынская пошта

1945 - Да нашых дзён

 Да ўзнікнення чыгунак доўгі час у Еўропе, а таксама і ў Расіі, функцыянавала дзяржаўная конная пошта, якая сумяшчала паштовае абслугоўванне насельніцтва з грамадскім транспартам. У Расійскай імперыі, куды ўваходзіла Кобрыншчына, работа пошты прасочваецца з сярэдзіны XIX ст., калі па ўстаноўленых маршрутах рэгулярна адпраўляліся нязграбныя паштова-пасажырскія дыліжансы, у нейкай ступені прататыпы сучасных аўтобусаў. Паштовыя адпраўленні суправаджаліся паштальёнам, які насіў форму і быў узброены на выпадак нападу рабаўнікоў.

У 1842—1846 гг. вялося інтэнсіўнае будаўніцтва ўчастка шашы Бабруйск—Брэст, які праходзіў праз Кобрын і быў часткай важнай магістралі міжнароднага значэння Масква—Варшава. Адначасова з дарожнымі работамі праз кожныя 40—50 вёрст узводзіліся мураваныя будынкі паштовых станцый з дапаможнымі памяшканнямі — стайнямі, хлявамі, свінарнікамі. Паміж асноўнымі станцыямі размяшчаліся прамежкавыя, так званыя «паўстанкі», як, напрыклад, у вёсцы Запруды.

У Кобрыне ў канцы вул. Савецкай захаваўся будынак такой станцыі (цяпер навучальна-вытворчы камбінат). У далейшым ён быў істотна перабудаваны і ў значнай ступені страціў першапачатковы выгляд.

У штаце Кобрынскай пошты 1-й катэгорыі былі 32 кані (для параўнання — Брэсцкая мела 40 коней). Акрамя асноўнай магістралі яна абслугоўвала прасёлкавыя напрамкі на Гарадзечна—Пружаны—Слонім і ажыўлены Пінскі тракт з трыма паштовымі станцыямі, на кожнай з якіх было 8 коней і 4 ямшчыкі. Бесперапынны перагон складаў у сярэднім 21 вярсту.

Рух па новай шашы адкрыўся 1 снежня 1846 г., аднак «паштовая гонка» пачалася толькі з 1 студзеня 1848 г.

Спачатку кожнае пісьмо прымалася і аплачвалася непасрэдна ў паштовай канторы, прычым тарыф вельмі істотна мяняўся ў залежнасці ад адлегласці. Толькі з 1844 г. плата была уніфікавана. Тады ж паступілі ў продаж маркіраваныя канверты з рэльефнымі авальнымі знакамі паштовай аплаты коштам 7 і 8 капеек (першая расійская паштовая марка коштам 10 капеек за лот з’явілася ў 1857 г., а самая першая ў свеце марка была выпушчана ў Англіі ў 1840 г.).

Пасля будаўніцтва ў 1870-я гг. Маскоўска-Варшаўскай чыгункі, а праз 10 гадоў — Лібава-Роменскай, якая праходзіла праз Кобрын, паштовая станцыя была ліквідавана. Спачатку яе будынак выкарыстоўваўся пад ваенны шпіталь, потым тут размяшчалася бальніца.

Паводле новага становішча ў Кобрыне адкрылася паштова-тэлеграфная кантора 5-га класа. Для яе паштовае ведамства арандавала ў памешчыка Гана драўляны дом па вул. Брэсцкай (сучасная Савецкая). Пазней побач з гэтым домам Ган пабудаваў мураваны для здачы ў арэнду паштоваму ведамству (цяпер тут размяшчаецца нарсуд).

У пачатку XX ст. начальнікам пошты быў І.А.Вайткоўскі. А ўвесь штат складаўся з 4 служачых, не лічачы 2-3 паштальёнаў. Акрамя кобрынскай канторы ў павеце, які ўключаў сучасныя Кобрынскі, Жабінкаўскі, Драгічынскі і Іванаўскі раёны, паштова-тэлеграфныя аддзяленні меліся ў Іванаве, Драгічыне, Антопалі, Заказельску і Жабінцы з агульнай колькасцю служачых 11 чалавек. Акрамя таго, паштовыя аддзяленні без тэлеграфа былі ў Гарадцы, Дзівіне, Моталі і Хомску.

У час 1-й сусветнай вайны ў жніўні 1915 г. у сувязі з набліжэннем фронту кобрынская паштовая кантора была эвакуіравана ў г. Масальск Калужскай губерні, дзе потым адбылася яе ліквідацыя.

Пасля заняцця Кобрына ў 1919 г. польскімі войскамі паштовае аддзяленне арандавала прыватнаўласніцкі дом №7 на плошчы Свабоды. У далейшым для ўстаноў сувязі быў перададзены дом №8 па Першамайскай вул., у якім да 1915 г. знаходзілася канцылярыя вайсковага начальніка (ваенкамат). У даваенныя гады штат гарадской пошты даходзіў да 30 служачых, у тым ліку чатырох паштальёнаў. Узначальваў пошту Доўгерд. З’явілася навінка — тэлефонны камутатар на 120 нумароў, які абслугоўвалі 6 тэлефаністак. Палова абанентаў прызначалася для ўнутрыгарадскога карыстання, астатнія — для сельскіх устаноў і міжгародняй сувязі.

Паколькі паштовы тарыф быў празмерна высокі — простае пісьмо 30 грошаў, заказное 60 (тады як яйка каштавала 5 грошаў), у 1930-я гг. сур’ёзную канкурэнцыю афіцыйнай пошце склала добра арганізаваная нелегальная. Спецыяльныя «кур’еры» дастаўлялі дзелавую карэспандэнцыю і нават грашовыя сумы ў галоўныя гандлёвыя цэнтры краіны па значна зніжаных тарыфах. Барацьба з ёй не давала адчувальных вынікаў.

Польскія паштовыя аддзяленні адначасова выконвалі функцыі ашчадных кас, прычым уклады можна было атрымаць у любым месцы.

Наогул сувязь працавала зладжана. Напрыклад, пасылку са свежымі кветкамі, адпраўленую з Кобрына вечарам, атрымлівалі ў Вільні раніцай наступнага дня. Прытым пасылкі дастаўляліся дадому, у Кобрыне іх развозілі на фурманцы.

У сувязі з дарагоўляй газет і часопісаў падпіска на іх была вельмі малая. На ўвесь горад меўся адзіны маленькі кіёск агенцтва «Рух», які манапольна гандляваў перыёдыкай. А паколькі цэны на газеты «кусаліся» (10—25 грошаў), то маламаёмныя аматары чытання прыдумалі хітрае выйсце. Па дамоўленасці з кіяскёрам бралі ў яго за невялікія камісійныя напракат патрэбны нумар, які, прачытаўшы, вярталі. Для барацьбы з вяртаннем, якое рэзка павялічылася, устрывожаныя рэдакцыі прымалі контрмеры: складзеная ў чатыры столкі газета прашывалася спецыяльнымі пістонамі, якія выкарыстоўваліся ў абутку. Яны засцерагалі газету ад «браканьераў».

У 1930-я гады ў побыт кобрынцаў увайшло радыёвяшчанне. Набыць лямпавы радыёпрыёмнік — «Тэлефункен», «Філіпс» (айчынных не было) — маглі толькі заможныя людзі: кошт складаў паўгадавы заробак некваліфікаванага рабочага. Праўда, гандляры давалі доўгую растэрміноўку выплаты. Абанентная плата была таксама высокая — 5 злотых у месяц. Таму небагатая прагрэсіўная моладзь карысталася самаробнымі дэтэктарнымі прыёмнікамі з навушнікамі. Каб не плаціць падатак, выкарыстоўвалася шматметровая антэна, якую хавалі на гарышчы. Па такім прыёмніку можна было слухаць не толькі блізкія станцыі, але і маскоўскую «Камінтэрн».

У памятныя дні 2-й паловы верасня 1939 г. мне даручылі ўзначаліць аддзел сувязі пры Часовым упраўленні Кобрынскага павета. Ранейшае кіраўніцтва збегла, аднак пераважная большасць радавых паштавікоў заставалася на месцы. Арганізаваць іх не складала вялікай цяжкасці, а ў кампетэнтнасці кожнага не было сумнення.

На працягу тыдня безуладдзя ў памяшканні пошты пагаспадарылі аматары пажывіцца «нічыйным» дабром. Многа абсталявання было расцягнута і знішчана. У гэты час пра наладжванне нармальнай працы сувязі можна было толькі марыць. Не працавала чыгунка, каляю якой трэба было прыстасоўваць да агульнасаюзных стандартаў. Работа нашых спецыялістаў заключалася ў аказанні садзейнічання палявой пошце. Асабліва вялікая была нагрузка на лінейныя службы пры аднаўленні пашкоджаных ліній тэлеграфнай і тэлефоннай сувязі ў горадзе і сельскай мясцовасці. Толькі ў канцы кастрычніка 1939 г. пачала больш-менш наладжвацца работа сувязі, пасля чаго я змог здаць справы прафесіяналу Краснашчокаву.

Непараўнальна выраслі па ўсіх паказчыках маштабы дзейнасці сувязі ў наш час. Перш за ўсё трэба адзначыць, што ўпершыню за доўгую гісторыю нашай пошты яна не туліцца ў выпадковым памяшканні. Спецыяльны прасторны будынак сувязі ўпрыгожыў цэнтральную частку Кобрына.

Што тычыцца лічбаў, то яны яшчэ больш уражваюць, бо дарэвалюцыйны Кобрынскі павет займаў значна большую плошчу, чым сучасны раён. Насельніцтва горада таксама вырасла ў некалькі разоў. Цяпер у раёне 43 аддзяленні сувязі, у тым ліку 5 гарадскіх.

Дзейнічаюць 10 кіёскаў Белсаюздруку.  Яны забяспечваюць насельніцтва свежымі газетамі і часопісамі.

За апошнія дзесяцігоддзі ўзмацнілася тэлефонная сетка Кобрыншчыны. Так, у карыстанні гараджан зарэгістравана 6160 тэлефонаў, а ў сельскай мясцовасці налічваецца 4470 абанентаў. У горадзе маецца 19 070 радыёкропак, на вёсцы — 17 100.

А.М.Мартынаў.