Бібліятэкі Кобрыншчыны

1945 - Да нашых дзён

 Звесткі аб існаванні грамадскай бібліятэкі ў Кобрыне адносяцца да пачатку ХХ ст., аднак невядома, каму яна належала, які быў яе фонд і склад  чытачоў. Яна праіснавала да жніўня 1915 г., калі ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі ў час 1-й сусветнай вайны большасць насельніцтва была эвакуіравана ў глыб Расіі. У час германскай акупацыі і ў першыя гады пад уладай Польшчы аматары чытання карысталіся за адпаведную плату невялікай бібліятэчкай уладальніка кніжнага магазіна Абрамовіча, на складзе якога было шмат рускай літаратуры. Але ў сувязі з тым, што бібліятэка дзейнічала, па сутнасці, на  паўлегальным становішчы, у пачатку 1920-х гадоў яна была закрыта польскай адміністрацыяй.

У 1921 г. узнікла першая польская бібліятэка пры клубе «Адраджэнне», якая абслугоўвала толькі 35 падпісчыкаў. Яе кніжны фонд складаўся з 940 кніг і брашур. У 1934 г. была арганізавана бібліятэка пры павятовым паліцэйскім упраўленні, у якой налічвалася 760 кніг. Найбольш папулярнай лічылася бібліятэка польскага школьнага таварыства, якая ўзнікла ў 1925 г. Яна мела 1370 кніг і брашур і 308 чытачоў. Існавала таксама бібліятэка пры яўрэйскім культурна-асветным таварыстве імя Брэнера. У 1928 г. групай рускіх інтэлігентаў была арганізавана руская бібліятэка з кніжным фондам 750 экзэмпляраў.

Асобна трэба сказаць аб рабочай прафсаюзнай бібліятэцы, якая некалькі разоў адкрывалася і закрывалася. Яна дзейнічала цалкам на добраахвотнай аснове, нават літаратура набывалася на ахвяраваныя грошы. Яе кніжны фонд размяшчаўся ў адной невялікай шафе, што аблягчала частыя пераезды, бо пастаяннага памяшкання не было. Каб застрашыць асоб, што адказвалі за лаяльнасць бібліятэкі, на яе часта рабілі набегі паліцэйскія, якія пільна правяралі літаратуру і спісы чытачоў.

Не лепш ішлі справы ў сельскай мясцовасці. У вёсцы Гарадзец пры касцёле была бібліятэка са спецыфічнай літаратурай (660 экзэмпляраў), якую чыталі 89 чалавек. У Дзівінскай яўрэйскай бібліятэцы было 560 кніг і 43 чытачы. У бібліятэцы пры сельскагаспадарчым гуртку ў Ілаўску было 72 кнігі, у вёсцы Запруды — 45 кніг.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 г. было прынята рашэнне аб адкрыцці гарадской бібліятэкі, якая размяшчалася ў невялікім драўляным доме па вуліцы Суворава. Сюды былі звезены кнігі і абсталяванне з усіх нацыяналізаваных бібліятэк, сталі паступаць пасылкі з усходніх раёнаў рэспублікі. Была нават адкрыта невялікая чытальная зала. Да лета 1941 г. кніжны фонд налічваў 14 тыс. экзэмпляраў.

За гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты расстралялі 4 супрацоўнікаў установы, разрабавалі кніжны фонд, у бібліятэцы працаваў адзін работнік, а літаратура была толькі на польскай мове.

Пасля вызвалення Кобрына ад фашысцкіх захопнікаў ужо 22 ліпеня 1944 г. на нарадзе актыву ў райкоме партыі А.М.Мартынаву было даручана ў найкарацейшы тэрмін аднавіць работу бібліятэкі. Яна размясцілася ў мураваным будынку па вуліцы Савецкай. У памяшканні былой кніжнай крамы было знойдзена шмат разнастайнай літаратуры, якую захопнікі не паспелі вывезці з горада. За гады, што мінулі пасля вайны, павялічылася колькасць бібліятэк, значна вырас іх кніжны фонд і колькасць чытачоў. 3 1960 г. Кобрынскую бібліятэку ўзначальвала В.Д.Касько. У бібліятэцы было 3 аддзелы: абслугоўвання (6 чалавек), апрацоўкі і камплектавання літаратуры (7 чалавек), методыка-бібліяграфічны (4 чалавекі). У 1978 г. бібліятэчная сетка раёна перайшла на  цэнтралізаваную сістэму абслугоўвання, якая аб’яднала 62 бібліятэкі з кніжным фондам 680 тыс. экзэмпляраў.

У маі 1980 г. у адным з будынкаў па вуліцы Жданава пачала працаваць новая цэнтральная раённая бібліятэка. У 1980-я гады бібліятэкі сталі надаваць больш увагі індывідуальнай рабоце з чытачамі. На прадпрыемствах горада, на вытворчых участках, у калгасах арганізоўваліся выстаўкі-агляды новых паступленняў, тэматычныя агляды літаратуры, Дні спецыяліста, Дні інфармацыі і іншыя мерапрыемствы. Пры цэнтральнай раённай бібліятэцы была створана літаратурна-паэтычная група «Рытм», члены якой выступалі ў маладзёжных аўдыторыях, на вытворчых участках, у вучылішчах з самай разнастайнай тэматыкай. Дзейнічае таксама прафесійны клуб краязнаўчага напрамку «Бацькаўшчына», які аб’ядноўвае ўсіх бібліятэкараў раёна. На яго пасяджэннях члены клуба знаёмяцца з гісторыяй роднага краю, сустракаюцца з народнымі ўмельцамі, заслужанымі людзьмі.

3 1995 г. бібліятэку ўзначальвае М.В.Іванова. У практыку работы  бібліятэкі ўкараняюцца такія формы прапаганды кнігі, як гадзіны і вечары беларускага фальклору, гадзіны карысных парад і  цікавых паведамленняў, дні перыядычнага друку, урокі краязнаўства, бібліятэчныя вячоркі. Работнікі бібліятэкі супрацоўнічаюць з мясцовым друкам, радыёвяшчаннем, у прыватнасці, выступаюць па мясцовым радыё з нарысамі пра знакамітых жыхароў раёна ў цыкле перадач «Шануем нашых землякоў».

Сёння да паслуг жыхароў горада і раёна прапаноўваецца адзіны кніжны фонд, які складае больш за 100 тыс. экзэмпляраў кніг, часопісаў і іншай друкаванай прадукцыі, бібліятэкі цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы абслугоўваюць 35,7 тыс. чытачоў. Цэнтральная раённая бібліятэка абслугоўвае больш за 6 тыс. чытачоў, мае больш за 100 тыс. адзінак кніжнага фонду.

М.В.Іванова

 З успамінаў А.М.Мартынава

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 г.  Часовае ўпраўленне,  нягледзячы на вялікую занятасць жыццёва неабходнымі адміністрацыйнымі і гаспадарчымі пытаннямі, ужо ў першыя тыдні прыняло рашэнне аб адкрыцці гарадской бібліятэкі. Пад яе быў адведзены драўляны дом з 7 пакояў на вул. Суворава, 14. Раней ён належаў мясцовай памешчыцы Шыраевай. Штат складаўся з 7 чалавек, сярод якіх не было ніводнага прафесійнага бібліятэкара.

У новае памяшканне была звезена літаратура і абсталяванне з усіх нацыяналізаваных бібліятэк. Папаўняць кніжны фонд савецкімі выданнямі было даволі цяжка, паколькі ў кнігагандаль паступала абмежаваная колькасць самай неабходнай літаратуры. На выручку прыйшла шырокая цэнтралізаваная пастаўка кніг з бібліятэк усходніх абласцей рэспублікі. У хуткім часе ў адрас нашай бібліятэкі сталі паступаць аб’ёмістыя кніжныя пасылкі.

Дзякуючы самаадданаму старанню маленькага калектыву бібліятэкі ўдалося вельмі хутка зрабіць бібліятэчную апрацоўку літаратуры і ў канцы года прыняць першых чытачоў. З месяца ў месяц пашыраўся аб’ём дзейнасці нашага асяродка культуры: наладжвалася рэгулярнае чытанне лекцый, афармленне кніжных выставак, камплектаванне перасовак для сельскіх хат-чытальняў і інш. Не спынялася папаўненне кніжнага фонду, які да 1941 г. налічваў ужо 14 тысяч экзэмпляраў, тады як колькасць чытачоў да пачатку вайны перасягнула за 2000.

Шмат часу аднімалі ў нас частыя прагляды і спісанні літаратуры. Справа ў тым, што мясцовы райліт Берасцень поўнасцю перадаверыў гэту аперацыю бібліятэкарам, каб не займацца самому даволі працаёмкай і адказнай справай. Выдаваліся зусім сакрэтныя загады на канфіскацыю польскай літаратуры, у сувязі з якімі часта ўзнікалі прыкрыя ляпсусы. Напрыклад, трэба было поўнасцю знішчьшь творы папулярнага пісьменніка В.Серашэўскага, якія захоўваліся ў некалькіх экзэмплярах. Яны былі парваны і адпраўлены ў макулатуру. А праз некалькі месяцаў прыйшло новае распараджэнне: аднавіць Серашэўскага поўнасцю за выключэннем адной п’есы. Асабліва цяжкае ўражанне рабіла на нас неабходнасць прымаць удзел у канфіскацыі ўсіх антыфашысцкіх выданняў, грампласцінак і інш. 22 чэрвеня 1941 г., нягледзячы на бамбёжку Кобрына на світанні, усе супрацоўнікі знаходзіліся на сваіх месцах. Толькі пасля паўдня, пераканаўшыся, што ваенкамат і іншыя ўстановы ўжо эвакуіраваліся, дзверы бібліятэкі былі зачынены на ўсе замкі.

У першыя дні фашысцкай акупацыі гітлераўцы вывесілі загады з патрабаваннем пад пагрозай расстрэлу здаць зброю і савецкія кнігі (асабліва палітычнага зместу), якія меліся на руках у насельніцтва. Перапалоханыя мяшчане сталі дастаўляць названую літаратуру ў пэўныя месцы, толькі некаторыя спрабавалі прадаваць каштоўныя выданні.

У перыяд акупацыі актыўнымі памагатымі гітлераўцаў у Кобрыне зрабіліся многія польскія інтэлігенты, якія ўвайшлі ў давер да немцаў. Дзякуючы гэтай акалічнасці ў горадзе была адкрыта бібліятэка з літаратурай выключна на польскай мове. Аднак вялікай папулярнасцю яна не карысталася. Загадчыцай была Я.А.Крэйвіс, былая настаўніца, якая потым выехала ў Польшчу.

Фашысты былі выгнаны з Кобрына 20 ліпеня 1944 г., а ўжо 22 ліпеня на нарадзе актыву ў райкоме КП(б)Б мне даручылі ў самы кароткі тэрмін аднавіць працу бібліятэкі.

Сваю дзейнасць я пачаў з таго, што стаў «прачэсваць» безгаспадарныя дамы (у горадзе засталося не больш за 2—3 тысячы жыхароў, таму пустых дамоў было вельмі шмат) з мэтай выратавання ўцалелых кніг, а таксама выяўлення прыгоднай для бібліятэкі мэблі і асабліва аконнага шкла. Усё гэта збіралася ў шэрагу апорных пунктаў. Праз паўтара месяца аднавілася праца райана, у падпарадкаванні якога знаходзілася бібліятэка. Толькі тады можна было аформіць штат з 4 чалавек.

Наступным этапам з’явілася перавозка сабранага ў даваенны будынак бібліятэкі. Усё гэта было звязана з вялікімі цяжкасцямі ў сувязі з недахопам транспарту і адсутнасцю памочнікаў. Калі ж заставалася завяршыць перавозку кніг і бібліятэчнага інвентару з дзеючай польскай бібліятэкі, мяне сустрэла горкае расчараванне. Раніцай пры ўваходзе ў будынак я быў спынены вартавымі, якія прыгразілі страляць, калі я паспрабую зайсці  ўнутр. Аказваецца, за ноч дом паспела аблюбаваць вайсковая санчасць. Усе намаганні адстаяць сабраную для бібліятэкі маёмасць былі марнымі, а гарадскія кіраўнікі прапанавалі ўзамен выбіраць любы іншы пусты дом. Спыніліся на аднапавярховым цагляным будынку № 10 па вул. Савецкай. Праўда, у яго вокнах не захавалася шкла, затое засталіся аканіцы з моцнымі запорамі.

Што датычыцца літаратуры, то нам пашанцавала. У памяшканні былой кнігарні быў знойдзены вялікі кніжны склад. Частка кніг была са штампамі нашай бібліятэкі. Многа літаратуры насельніцтва здало, астатнюю вайна застала на магазінных паліцах.

Такім чынам, бібліятэка адразу займела трывалую базу і ў адносна кароткі тэрмін змагла наладзіць нармальную працу.