У мірнай працы

1945 - Да нашых дзён

Калі раніцай 20 ліпеня 1944 г. у Кобрыне заціх бой, з укрыццяў сталі выходзіць людзі. Іх было не так многа, як хацелася бачыць у гэты радасны дзень. Страшныя дні і ночы перажыў Кобрын, захоплены гітлераўцамі ў ліку першых і вызвалены ў ліку апошніх беларускіх гарадоў. 1124 дні фашысцкай акупацыі забралі жыцці 6900 чалавек. У горадзе і раёне загінула 8038 мірных грамадзян, было спалена 8 вёсак, з іх адна не адрадзілася. Было разбурана і прыйшло ў непрыгоднасць каля 30 працэнтаў жылога фонду, усе прадпрыемствы прамысловасці, будынак электрастанцыі, паштова-тэлеграфная сувязь, чыгунка і вакзал, масты.

Май 1945 г. прынёс доўгачаканы мір. Дадому сталі вяртацца франтавікі, былыя партызаны, якія папоўнілі ў час вызвалення армейскія рады. У Кобрын прыехалі спецыялісты народнай гаспадаркі з іншых абласцей і гарадоў, паступала тэхніка з прамысловых раёнаў краіны.

Пакуль разгортвалася буйное будаўніцтва, неабходна было вырашаць бліжэйшыя задачы. Яшчэ ў 1944 г. пачала навучальны год сярэдняя школа № 1, адкрыліся кароткатэрміновыя курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў. На Піянерскай вуліцы прыняў сірот дзіцячы дом. Наладзілася і медыцынскае абслугоўванне гараджан. Па  вуліцы Першамайскай стаў працаваць кінатэатр «17 Верасня».

Паступова знікалі руіны і завалы на вуліцах. Часта праводзіліся суботнікі і нядзельнікі. Менавіта ў свабодны ад асноўнай работы час гараджане расчысцілі ў цэнтры Кобрына пустку і разбілі сквер, названы пазней імем Героя Савецкага Саюза А.І.Марозава, праклалі вуліцу ад плошчы Свабоды да вуліцы Садовай, якая стала пачаткам вуліцы Леніна. У хуткім часе была рэканструявана Садовая: пакрылася асфальтам, расшырылася і прамой стужкай накіравалася да Брэсцкай шашы. Цяпер гэта вуліца Пушкіна — адна з самых ажыўленых і прыгожых магістралей горада.

Май 1945 г. быў  знамянальны для Кобрыншчыны яшчэ тым, што завяршылася першая ўдарная будоўля аднаўлення: па Дняпроўска-Бугскім канале пайшлі судны. Канал вырашылі прывесці ў рабочы стан адразу ж пасля вызвалення. Фашысты, якія так і не змаглі поўнасцю яго асвоіць, разбурылі ўсе гідразбудаванні. Страты ацэньваліся ў 26,5 мільёна рублёў. На будоўлю прыбылі спецыялісты, і зноў, як у перадваенныя гады, на дапамогу прыйшлі тысячы жыхароў навакольных вёсак. За 8 месяцаў былі адноўлены 10 шлюзаў, 8 плацін і 10 вадаспускаў, расчышчаны фарватэр і ўстаноўлена сігналізацыя. 21 чэрвеня 1945 г. за працоўны гераізм і датэрміновае выкананне дзяржаўнага задання па аднаўленні Дняпроўска-Бугскага канала вялікая група рабочых і інжынерна-тэхнічных работнікаў атрымала ўзнагароды. У 1975 г. на тэрыторыі гідравузла, размешчанага ў межах Кобрына, у гонар 200-гадовага юбілею гэтай воднай магістралі ўстанавілі памятны абеліск. Увядзенне ў строй канала, аднаўленне руху па Палескіх чыгунках, рамонт і рэканструкцыя шашэйных дарог зноў зрабілі Кобрын важным транспартным вузлом Беларусі.

У тыя першыя пасляваенныя гады  ў памяці  многіх яшчэ былі жывыя бедствы акупацыйнага часу, але адчуванне міру і радасць стваральнай працы дамінавалі ў настроі людзей. Кожны разумеў неабходнасць хутчэйшага аднаўлення ўсіх прамысловых прадпрыемстваў горада,  людзі працавалі з энтузіязмам. Аднымі з першых у Кобрыне сталі дзейнічаць рамонтныя майстэрні, што размяшчаліся ў канцы вуліцы Савецкай. Тут запусцілі металарэжучы станок, гісторыя якога не зусім звычайная. Ён быў зроблены яшчэ да вайны на заводзе «Чырвоны пралетарый». У першыя дні акупацыі Кобрына рабочыя паспелі разабраць і надзейна схаваць станок. І вось зноў ён запрацаваў, гэты ветэран кобрынскай індустрыі.  А неўзабаве сюды ўжо прыбылі першыя 20 станкоў розных канструкцый з Масквы і Ленінграда.

Большасць прадпрыемстваў, што аднаўляліся, пакуль мелі характар арцеляў, напрыклад, швейная «Сацпраца», ткацкая «Чырвоны Сцяг», мэблевая імя Суворава (у складзе райпрамкамбіната) і іншыя. Цяжка нават уявіць зараз, што цяперашнія буйнейшыя прадпрыемствы горада з іх вялізнымі карпусамі і сучасным абсталяван-нем — гэта тыя самыя арцелі, якія туліліся ў старых дамах і часовых пабудовах. У гады першай пасляваеннай пяцігодкі ўведзена ў дзеянне 8 прамысловых прадпрыемстваў, аб’ём прадукцыі якіх у 3 разы перавышаў паказчыкі 1940 г.

У верасні 1944 г. аднавіла работу машынна-трактарная майстэрня, у 1945 г. яна рэарганізавана ў міжраённую майстэрню капітальнага рамонту, а  праз 4 гады  майстэрня была пераўтворана ў Кобрынскі рамонтны завод. З 1963 г. пачалася яго карэнная рэканструкцыя, у выніку якой у 1967 г. пачаў працаваць новы ліцейны цэх. 3'явіўся новы вытворчы корпус агульнай плошчай 13 тыс. м2. У ім былі пушчаны канвеерныя лініі разборкі машын, рамонту і зборкі кабін, грузанясучы канвеер (падвясны), які падае на рабочыя месцы дэталі, і галоўны канвеер. Вытворчыя магчымасці прадпрыемства пастаянна пашыраюцца, павялічваецца асартымент вырабаў.

Сёння Кобрынскі рамонтны завод   вырабляе буксірныя прыстасаванні  для экспартных мадэлей  Мінскага трактарнага завода  і інш. Плануецца выпуск каменеўборачных машын. На заводзе працуюць больш за 1100 чалавек.

У ліку першых аднавіў работу Кобрынскі райпрамкамбінат. Амаль паўтара дзесятка гадоў, нягледзячы на паўсаматужную вытворчасць з выкарыстаннем у асноўным ручной працы, ён заставаўся самым буйным прадпрыемствам у горадзе. У 1960-я гады ў выніку карэннай перабудовы матэрыяльна-тэхнічнай базы райпрамкамбіната з яго структуры вылучыліся самастойныя прадпрыемствы. У 1961 г. на тэрыторыі ліцейна-механічнага завода, які належаў камбінату, узніклі цэхі новага інструментальнага завода. У 1965 г. былі пабудаваны яго галоўны і дапаможныя карпусы, вызначана праектная магутнасць па выпуску слясарна-мантажнага інструменту.

У складзе райпрамкамбіната з 1948 г. дзейнічала арцель імя Суворава, якая вырабляла шафы, спальныя гарнітуры, сталы, крэслы, трумо. У кастрычніку 1969 г. арцель стала самастойнай фабрыкай і  перамясцілася на новую тэрыторыю па вуліцы Дзяржынскага. У Кобрыне вырабляюць наборы мэблі для гасцінай, шафы кніжныя і кухонныя. Усяго тут выпускаецца прадукцыі на 3 мільёны рублёў.

У адным з цэхаў Кобрынскай МТС. 1955 г.

Райпрамкамбінат з аддзяленнем ад яго двух буйных прадпрыемстваў не страціў свайго эканамічнага патэнцыялу. Пасля далучэння цагельных заводаў, новых цэхаў па вытворчасці будматэрыялаў ён быў перайменаваны ў камбінат будаўнічых матэрыялаў.

У 1948 г. у Кобрыне з’явіўся новы завод — кансервавы, адзін з першых такіх заводаў у Беларусі. У той час там працавалі ўсяго 52 чалавекі, а прадукцыі выпускалася на 324 тыс. рублёў у год. Аднак прадпрыемства ўдасканальвала сваю вытворчасць, некалькі разоў поўнасцю рэканструяваліся цэхі. У 1984 г. заводу было прысвоена ганаровае званне «Прадпрыемства высокай культуры».

Фантан у гарадскім скверы на пл.Свабоды. 1950 г.

Адным з першых прадпрыемстваў, што пачалі працаваць у вызваленым Кобрыне, была арцель «Сацпраца». Ужо 2 жніўня 1944 г. у памяшканні былых гандлёвых радоў на плошчы Свабоды сабраліся 53 мясцовыя жыхары, якія валодалі рамяством швейніка. У распараджэнні арцелі мелася ўсяго некалькі трафейных «зінгераў», таму людзі прыбылі са сваімі машынкамі. I вось арцельшчыкі дружна ўзяліся за  справу: шылі целагрэйкі і ватныя штаны для фронту, коўдры і адзенне для гараджан. У 1956 г. тут ужо працавала 256 швачак-матарыстак, арцель выпускала значную колькасць вырабаў, што перавышала мясцовыя патрэбы. Таму яна атрымала статус фабрыкі і ўвайшла ў сістэму Міністэрства лёгкай прамысловасці рэспублікі.

У 1972 г. фабрыка канчаткова вырашыла пытанне спецыялізацыі, выбраўшы мадэлі найбольш перспектыўнага і эканамічна выгаднага асартыменту. Ужо тады ў рэспубліцы сталі карыстацца попытам курткі для дарослых і дзяцей, жаночыя паліто Кобрынскай швейнай фабрыкі.

Прадпрыемства мае свой інтэрнат, уласны жылы фонд, 1 дзіцячыя яслі-сад.

Рамесныя традыцыі старога Кобрына прыкметна паўплывалі на развіццё эканомікі горада. Дробныя саматужнікі, якія аб’ядналіся ў першыя пасляваенныя гады ў арцелі, сталі заснавальнікамі будучых буйных прадпрыемстваў. У жніўні 1944 г. з арцелі «Чырвоны сцяг» пачала сваю працоўную біяграфію Кобрынская ткацкая фабрыка. Каля двух дзесяткаў арцельшчыкаў уручную апрацоўвалі воўну, пралі, вязалі, валілі сукно, шылі валёнкі — усяго выпускалі прадукцыі на 36 тыс. рублёў у год. У 1949 г. арцель была пераабсталявана ў ткацкі цэх. На ручных станках ткалі радно, палавікі, хусткі і дываны. У 1953 г. пачаўся выраб жакардавых пакрывал. Калі ў 1955 г. падвялі вынікі за дзесяцігоддзе, выявілася, што прадукцыйнасць працы за гэты перыяд узрасла больш чым у 12 разоў. Паступова ўводзілі ў эксплуатацыю механічныя станкі, хаця некаторыя вырабы па-ранейшаму выпускаліся на традыцыйных ручных. Аднак ужо да 1960 г. рэканструкцыя вытворчасці дасягнула значных маштабаў, якія дазволілі былой арцелі ператварыцца ў буйное прадпрыемства — фабрыку. У студзені 1963 г. на фабрыцы быў дэманціраваны апошні ручны ткацкі станок. У выніку капітальных работ у старых цэхах і з уводам у эксплуатацыю новых — ткацкага і фарбавальнага — палепшыліся ўмовы працы работнікаў. Цяпер калектыў фабрыкі налічвае больш за 400 чалавек. Яе прадукцыя — пакрывалы, абрусы, парцьеры, сурвэткі — пастаянна ўдасканальваецца: паляпшаецца якасць, робіцца разнастайным малюнак.

Вуліца Леніна ў Кобрыне. 1952 г.

Вытворчасць фабрыкі працягвае расшырацца. За гады дзесятай  пяцігодкі цэхі аснасціліся новымі быстраходнымі бесчаўночнымі ткацкімі станкамі маркі СТБ. У 1979 г. Кобрынская ткацкая фабрыка ўзначаліла тэкстыльна-вытворчае аб’яднанне, у склад якога ўвайшлі Антопальская ватна-прадзільная фабрыка і Дзівінскі ўчастак па вытворчасці гаспадарчых вяровак. Узбуйненне вытворчых магутнасцей дазволіла давесці гадавы выпуск баваўняных пакрывал да 158 тыс. і пакрывал з віскознай пражы да 432 тыс. штук. Вырабы гэтыя паступаюць практычна ва ўсе гарады Беларусі і нават за яе межы. У 1970 г. пры фабрыцы былі пабудаваны дзіцячы сад і яслі на 140 месцаў.

У 1955 г. у Кобрыне стаў працаваць пункт пачатковай апрацоўкі льну. Але яго паступала ўсё больш і больш, таму было вырашана будаваць ільнозавод.  І вось у канцы Першамайскай вуліцы, на беразе маленькай рэчкі Літоўкі, якая ўпадае ў Дняпроўска-Бугскі канал, пачалі ўзводзіць заводскія карпусы. У снежні 1959 г. прадпрыемства ўведзена ў дзеянне. Спачатку дзейнічала адна паточная лінія па выпрацоўцы доўгага і кароткага льновалакна. Аднак у працэсе вытворчасці пераканаліся, што спадарожныя адыходы можна тут жа, на месцы, ператвараць у паўфабрыкат — ільнотрасту. І ўжо ў 1962 г. адкрыўся новы цэх, а затым праз яго прайшла другая паточная лінія. У 1971 г. завод асвоіў яшчэ адну эфектыўную вытворчасць — выраб кастрапліт.   

Самым маладым прадпрыемствам горада Кобрына з’яўляецца прадзільна-ткацкая фабрыка — буйнейшая ў горадзе і ў галіне. Спецыялізуецца яна ў асноўным на вытворчасці шаўковых тканін са штапельных валокнаў. Прадпрыемства выпускае тэхнічную тканіну рознага прызначэння, уцяпляльнік для спартыўных куртак — усяго таварнай прадукцыі на агульную суму 46 мільёнаў рублёў.

Прадзільна-ткацкая фабрыка мае ў сваім распараджэнні найлепшую ў горадзе сацыяльна-культурную і бытавую базу. Яна ўключае 3 тыпавыя інтэрнаты на 220 месцаў кожны (пры інтэрнатах працуюць сталовая на 50 месцаў, цырульня, пункт прыёму для мыцця  бялізны і хімчысткі, майстэрня індывідуальнага пашыву адзення), камбінат дашкольнага выхавання на 320 месцаў, сталовую, прафілакторый на 58 месцаў, базу адпачынку на возеры Любань, дзіцячы лагер. Пабудавана дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Пры долевым удзеле фабрыкі ў будаўніцтве жылля за гады 11-й пяцігодкі здадзена ў эксплуатацыю 22,5 тыс. м2 карыснай  плошчы. Атрымалі кватэру 234 работнікі фабрыкі.

Названыя прадпрыемствы складаюць індустрыяльнае аблічча Кобрына, які за мірныя гады ператварыўся ў значны прамысловы цэнтр Беларусі. Вядучай тут з’яўляецца лёгкая прамысловасць. У ёй занята большая частка агульнагарадскога прамыслова-вытворчага персаналу (усяго 8300 чалавек). Ёсць яшчэ ў горадзе хлебазавод, масласырзавод, птушкагадоўчае вытворчае аб’яднанне. Штогадовая вытворчасць таварнай прадукцыі на прадпрыемствах Кобрына, у ліку якой тканіны шаўковыя і баваўняныя, швейныя вырабы, ільновалакно, плодаагароднінныя кансервы, натуральнамалочныя прадукты, масла, сыр, хлебабулачныя вырабы, слясарна-мантажны інструмент і многае іншае, складае 148 мільёнаў рублёў.

Інтэнсіўнае эканамічнае развіццё горада, вялікія сацыяльныя і культурныя зрухі, якія адбыліся за гады савецкай улады, выклікалі і даволі хуткі рост насельніцтва (штогадовы яго прырост перавышаў 700 чалавек). Гэта ў сваю чаргу паўплывала на актывізацыю будаўніцтва. 6 будаўнічых арганізацый, у якіх занята 900 чалавек, па генеральным падрадзе выконваюць штогод работы на 14 мільёнаў рублёў. У папярэдняй пяцігодцы жылы фонд горада павялічыўся на 104 тыс. м2. Паводле генеральнага плана развіцця Кобрына, распрацаванага Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытутам горадабудаўніцтва, перспектыўнае будаўніцтва буйных жылых масіваў намечана тут у паўднёвым і заходнім напрамках. Пры гэтым будзе захаваны гістарычны цэнтр Кобрына з наступнай рэгенерацыяй найбольш значных архітэктурна-гістарычныx аб’ектаў.

У 1985 г. у сувязі з заканчэннем будаўніцтва газаправода польскай фірмай «Энергаполь» пачаліся работы па канчатковай газіфікацыі Кобрына і навакольных вёсак. Польскія спецыялісты пабудавалі газавую вымяральную станцыю, 3 жылыя дамы і дзіцячы сад.

За апошнія дзесяцігоддзі горад стаў шматпавярховым. На паўднёва-заходняй ускраіне выраслі 2 новыя мікрараёны з 5—9-павярховымі дамамі, дзе пасялілася больш за 5 тыс. жыхароў. Тут жа поўны комплекс прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання, універсам, сярэдняя школа, дзіцячыя яслі-сад. Па шырокай магістралі — вуліцы Дзяржынскага — наладжаны рэгулярны аўтобусны рух.

Якасна новы характар набыло ў Кобрыне індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. Многія жыхары па старой традыцыі лічаць за лепшае жыць у асобных дамах з прысядзібнымі ўчасткамі, колькасць якіх цяпер у горадзе перавышае 4 тыс. Штогод будуецца больш за 60 такіх дамоў. Але гэта ўжо не тыя драўляныя прысадзістыя, такія падобныя адна на адну пяцісценкі. То тут, то там на гарадскіх ускраінах трапляюцца прывабныя, утульныя двухпавярховыя катэджы, якія атрымалі прызнанне прыхільнікаў індывідуальнага пражывання. У кожным з іх ёсць цэнтральнае ацяпленне, газ, ванна, каналізацыя, гараж.

Пашырэнне жылой забудовы горада патрабавала новых ачышчальных і водазаборных збудаванняў, што і было ажыццёўлена – для  гэтых мэт была здадзена ў эксплуатацыю станцыя агульнай магутнасцю 12,5 тыс. м3 за суткі. Яна мае важнае значэнне для горада.

Мітынг у Кобрыне ў час адкрыцця помніка А.В.Сувораву. 30 красавіка 1964 г.

Не застаецца без увагі будаўніцтва аб’ектаў культурнага і бытавога прызначэння. У 1984 г. у Кобрыне з’явіўся новы кінатэатр «Радуга» па вуліцы Пушкіна. У ім 2 залы на 400 і 200 месцаў, прыгожа аформлены інтэр’ер. За кошт будаўніцтва новага корпуса АТС на 1600 нумароў расшырылася абаненцкая тэлефонная сувязь. Сярод іншых аб’ектаў — аптэка і ашчадная каса па вуліцы Піянерскай, 3 дзіцячыя сады на 840 месцаў, 4 магазіны з агульнай гандлёвай плошчай 1300  м2.

Яшчэ больш сацыяльна-культурных і бытавых аб’ектаў пабудавана ў 12-й пяцігодцы (галоўным чынам за кошт сродкаў прадпрыемстваў, арганізацый і ведамстваў). Адчынілі дзверы для кобрынцаў і гасцей горада новы Палац культуры і новы будынак ваенна-гістарычнага музея, завяршылася будаўніцтва аўтавакзала на 300 пасадачных месцаў і корпуса паштамта, у новай школе за парты селі 1176 вучняў, прынялі малышоў 6 дзіцячых садоў, пачалося будаўніцтва яшчэ дзвюх школ і дзіцячага сада на 320 месцаў.У новай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе сталі трэніравацца юныя спартсмены, адкрыта некалькі прамтаварных магазінаў, у тым ліку спецыялізаваны «Усё для дому», расшыраны каналізацыйныя сеткі, пракладзены дадаткова 7,5 км газавых сетак, рэканструявана гарадская тэлефонная сувязь,  яна павялічылася на  700 нумароў. Навасельцы атрымалі кватэры агульнай плошчай 50 тыс. м2.

У горадзе і раёне працуюць 164 урачы і 579 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу, ёсць бальніца на 505 коек, станцыя хуткай дапамогі, 10 амбулаторый, 26 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Дзейнічаюць 32 сярэднія, у тым ліку школа-інтэрнат, 11 базавых, 6 пачатковых, 6 музычных, 4 дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, 18 дашкольных устаноў, 46 клубаў, 55 бібліятэк. Тры прафтэхвучылішчы рыхтуюць кадры рабочых для патрэб вядучых галін прамысловасці і будаўніцтва. Вучылішча № 105 выпускае майстроў мастацкіх народных промыслаў, якімі некалі славіўся гэты палескі край, — вышыўкі, ткацтва, разьбы па дрэве, пляцення з саломкі.

Н.М.Пліско.