Крутымі дарогамі вайны

1941 - 1945

Вялікая колькасць нашых землякоў прымала ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, ёсць сярод іх ураджэнцы Кобрыншчыны, а таксама тыя, хто звязаў свой лёс з нашым краем, шмат гадоў тут жыў і працаваў. Адны з іх абаранялі заходнія рубяжы Савецкай краіны ў першыя дні і гадзіны вайны, удзельнічалі ў Ленінградскай, Маскоўскай, Сталінградскай і Курскай бітвах, вызвалялі родную Беларусь, бралі Кёнігсберг і Берлін, іншыя змагаліся ў партызанах.  Вайна бязлітасна прайшлася па лёсах жыхароў акупіраваных тэрыторый. Проста выжыць у тыя суровыя гады — таксама быў подзвіг. Кожны з іх, хто дажыў і не дажыў да доўгачаканай Перамогі, хто названы і не названы ў гэтай кнізе, зрабіў свой уклад у агульную справу. Гэтыя людзі заўсёды былі на пярэднім краі — і ў ваенны, і ў мірны час. Усім ім вялікая і шчырая ўдзячнасць нашчадкаў за ратны подзвіг у імя будучага.

Раённая камісія па падрыхтоўцы кнігі «Памяць» імкнулася сабраць найбольш поўныя і дакладныя звесткі не толькі пра загінуўшых, але і пра тых, хто прайшоў ваеннымі дарогамі і вярнуўся дамоў пераможцам. Ніжэй прыводзяцца некалькі дзесяткаў біяграфій удзельнікаў вайны, іх фотаздымкі — тое, што захоўваецца ў кобрынскім музеі, а таксама спіс ураджэнцаў і жыхароў Кобрыншчыны — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, пра паўнату і дакладнасць гэтых спісаў сёння гаварыць не даводзіцца: занадта позна сталі яны складацца. Далёка не пра ўсіх удалося сабраць звесткі: адны памерлі ад ран і хвароб у першыя пасляваенныя і наступныя гады, другія выехалі ў іншыя рэгіёны, і не ўсіх іх змаглі ўспомніць, калі вялася работа па зборы матэрыялаў для гэтай кнігі. Няхай выбачаюць ветэраны і іх родныя, калі яны раптам не адшукаюць у спісах знаёмых прозвішчаў.

АНЦІПАРОВІЧ Іван Іванавіч, нарадзіўся 11.9.1918 г. у в. Мельнікі Кобрынскага раёна. Да вайны працаваў у сельскай гаспадарцы. У Вялікую Айчынную вайну з 1942 г. партызанскі сувязны. З лютага 1943 г. у партызанскім атрадзе імя Фрунзе брыгады імя Сталіна, падрыўнік. З удзелам І.І.Анціпаровіча былі ўзарваны 22 эшалоны праціўніка з жывой сілай і тэхнікай. З ліпеня 1944 г. у Чырвонай арміі. Удзельнічаў у вызваленні шэрагу краін Заходняй Еўропы. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі. Жыве ў Кобрыне.

БАРЫСЮК Іван Якімавіч, нарадзіўся ў 1905 г. у в. Залессе Кобрынскага раёна. У час 1-й сусветнай вайны разам з бацькамі быў у бежанстве ў Расіі. У 1924—1929 гг. служыў у Чырвонай арміі. У Вялікую Айчынную вайну 30.6.1941 г. добраахвотнікам пайшоў на фронт. Да чэрвеня 1942 г. служыў у будаўнічым батальёне, потым быў накіраваны на спецыяльныя курсы Асобага беларускага збору. У жніўні 1942 г. закінуты ў тыл ворага на тэрыторыю Беларусі. Разам з мясцовымі жыхарамі былых Крывіцкага і Пліскага раёнаў арганізаваў партызанскі атрад імя Чарнака, які пазней увайшоў у склад брыгады імя Кутузава. Да вызвалення Беларусі І.Я.Барысюк быў камандзірам адной з разведгруп. З 1944 г. у Чырвонай арміі. Удзельнічаў у вызваленні Польшчы. Паранены трапіў у палон, уцёк і зноў працягваў службу ў арміі да кастрычніка 1945 г. Пасля вайны працаваў старшынёй калгаса, потым — сельсавета ў в. Закросніца. Узнагароджаны медалямі. Памёр у 1980 г.

ВАЙТКОЎСКАЯ Варвара Ігнацьеўна, нарадзілася 4.12.1899 г. Закончыла Екацярынаслаўскую жаночую гімназію (1918). У чэрвені 1940 г. — чэрвені 1941 г. супрацоўнік рэдакцыі чырвонаармейскай газеты «Час Родины» ў Кобрыне, у ліпені 1941 г. — сакавіку 1944 г. — газеты «В бой за Родину» на Карэльскім фронце. Пасля вайны жыла і працавала ў Кобрыне. Узнагароджана медалямі. Памерла ў 1981 г.

ГАЛАВАНЁЎ Пётр Сцяпанавіч, нарадзіўся 9.6.1923 г. у в. Гнілое Астрагожскага раёна Варонежскай вобл., Расія. У Вялікую Айчынную вайну 7.11.1941 г. добраахвотнікам пайшоў на фронт, быў стралком, мінамётчыкам. Ваяваў у раёне Курска, Варонежа, Смаленска. Дзень Перамогі сустрэў у Берліне. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі. З 1946 г. жыў у Жабінцы, з 1970 г. — у Кобрыне.

ГАРБУНОЎ Мікалай Аляксандравіч, нарадзіўся 2.5.1919 г. Працаваў урачом у санэпідэмстанцыі. У Чырвонай арміі з 27.6.1941 г., ваяваў у складзе 31-га гвардзейскага артылерыйскага палка. Удзельнічаў у вызваленні Кобрына. Дзень Перамогі сустрэў у Берліне. Капітан медыцынскай службы. Узнагароджаны 3 ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі.

ГЛЁК Міхаіл Зоцікавіч, нарадзіўся 15.10.1919 г. у в. Паляцічы Кобрынскага раёна. У Вялікую Айчынную вайну са жніўня 1944 г. служыў у 1340-м стралковым палку 234-й стралковай дывізіі 1-га Беларускага фронту, аўтаматчык. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Германіі, Польшчы, у штурме Берліна. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі. Памёр 30.3.1997 г.

ГРОМ Мікалай Пятровіч, нарадзіўся 14.12.1924 г. у в. Ліпава Кобрынскага раёна. Закончыў Гродзенскае культурна-асветнае вучылішча. Працаваў на гаспадарцы. У Вялікую Айчынную вайну са снежня 1943 г. партызанскі сувязны, потым у партызанскай брыгадзе «За Радзіму» імя Флегантава. З лета 1944 г. у Чырвонай арміі. Удзельнічаў у вызваленні гарадоў Брэст, Ратна (Украіна), Гдыня, Торунь (Польшча) і інш. Дзень Перамогі сустрэў у Берліне.

ДАРАФЕЙКІН Іван Фёдаравіч, нарадзіўся ў 1918 г. у в. Васільева Маскоўскай вобл., Расія. Закончыў Разанскае мастацка-музычнае вучылішча (1934). Працаваў мастаком на Дулёўскім фарфоравым заводзе (Маскоўская вобл.). Удзельнік савецка-фінляндскай вайны 1939—1940 гг. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў час адступлення трапіў у акружэнне, потым у палон, з трэцяй спробы ўцёк. З тэрыторыі Польшчы перабраўся ў раён украінскага пасёлка Шацк, потым з групай байцоў у Чарнянскі лес. З лістапада 1942 г. у партызанскім атрадзе імя Суворава брыгады імя Молатава, камандзір падраздзялення ў дыверсійнай групе. Удзельнічаў у 8 баях з гітлераўцамі і паліцыяй, разгроме 3 паліцэйскіх участкаў, падрыве 23 варожых эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, 4 медалямі. Пасля вайны працаваў мастаком-афарміцелем у Кобрыне. Памёр у 1977 г.

ДОМНІКАЎ Мікалай Іванавіч, нарадзіўся ў 1921 г. у в. Зензявятка Валгаградскай вобл. Закончыў Сталінградскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча (1943). Са жніўня 1943 г. ваяваў на 4-м Украінскім фронце, з кастрычніка 1944 г. да мая 1945 г. у складзе 523-га авіяцыйнага разведвальнага палка — на 3-м Беларускім фронце. Дзень Перамогі сустрэў у Кёнігсбергу. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі. З 1955 г. у запасе, малодшы лейтэнат. Жыў у Кобрыне.

ЖЫГІМОНТ Вера Іванаўна, нарадзілася ў 1923 г. у г. Горлаўка Данецкай вобл. З кастрычніка 1941 г. да студзеня 1944 г. з’яўлялася членам падпольнай арганізацыі ў Брэсце. У студзені — красавіку 1944 г. сувязная спецгрупы, у красавіку — ліпені 1944 г. радавая партызанскага атрада імя Чапаева брыгады імя Чапаева Брэсцкай вобл. Удзельніца вызвалення Кобрына ад фашысцкіх захопнікаў. Узнагароджана медалём.

ЗАГОРНЫ Павел Мікалаевіч, нарадзіўся ў 1921 г. у Архангельскай вобл. У Чырвонай арміі з 1940 г., служыў на заходняй граніцы. У Вялікую Айчынную вайну пры адступленні трапіў у палон, праз месяц уцёк. З сакавіка 1942 г. да ліпеня 1944 г. у партызанскім атрадзе імя Паставалава брыгады імя Чкалава. Удзельнік вызвалення Кобрына ад фашысцкіх захопнікаў. У жніўні 1944 г. прызваны ў Чырвоную армію, удзельнічаў у ваенных дзеяннях. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 г. жыў і працаваў у Кобрыне. Узнагароджаны медалямі.

ЗАМОРЫН Іван Аляксандравіч, нарадзіўся 10.4.1918 г. у в. Косцінка Магілёўскага раёна. У 1937 г. закончыў аэраклуб. У Вялікую Айчынную вайну на фронце з чэрвеня 1942 г., камандзір звяна. У жніўні 1942 г. на Бранскім фронце здзейсніў таран фашысцкага самалёта. З 1943 г. камандзір эскадрыллі 18-га гвардзейскага авіяпалка. І.А.Заморын аказаў вялікую дапамогу французскім лётчыкам эскадрыллі «Нармандыя» («Нармандыя — Нёман») у авалоданні тактыкай паветранага бою, зрабіў 342 баявыя вылеты. Асабіста збіў 9 самалётаў і 12 у складзе групы. Апошнія гады жыў у Кобрыне. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны I і II ступеней, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, французскім афіцэрскім «Ваенным крыжам» і ордэнам Ганаровага легіёна. Памёр 4.1.1993 г.

ІЛЬЯСЮК Барыс Рыгоравіч, нарадзіўся 24.7.1904 г. у в. Пецькі Кобрынскага раёна. У час 1-й сусветнай вайны знаходзіўся ў бежанстве ў Варонежскай губерні (сяло Троіцкае), там закончыў гімназію. У 1923 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, удзельнічаў у рэвалюцыйнай барацьбе. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР (верасень 1939) працаваў настаўнікам, інспектарам райана, дырэктарам дзіцячай тэхнічнай школы Кобрына. У Вялікую Айчынную вайну са снежня 1941 г. на фронце, удзельнічаў у баях за гарады Ялец (Ліпецкая вобл.), Ліўны (Арлоўская вобл.) і інш. Быў цяжка паранены. З 1943 г. працаваў у Саўнаркоме Удмурцкай АССР. У 1944 г. вярнуўся ў Кобрын. З 1948 г. старшыня, з 1959 г. сакратар Кобрынскага гарвыканкома. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Славы III ступені, 9 медалямі. Памёр у 1989 г.

КАМЕНДАНТ Стафан Аляксандравіч, нарадзіўся 16.3.1913 г. у г. Чашнікі Віцебскай вобл. Закончыў Магілёўскі палітыка-асветны тэхнікум (1933), Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. Да вайны працаваў на журналісцкай і савецкай рабоце. У пачатку чэрвеня 1941 г. быў прызваны на вайсковыя зборы ў Кобрын, служыў шыфравальшчыкам у штабе 4-й арміі. У час бамбёжкі 22 чэрвеня 1941 г. быў паранены і вывезены ў шпіталь у г. Тамбоў (Расія). Пасля лячэння знаходзіўся ў дзеючай арміі, прымаў удзел у баях пад Масквой, з 1942 г. старшы памочнік начальніка 8-га аддзела штаба 10-й арміі, з 1944 г. служыў у штабе ВВС Чырвонай арміі. З 1945 г. працаваў старшынёй Жабінкаўскага, з 1952 г. — Кобрынскага райвыканкомаў, з 1956 г. дырэктарам Кобрынскага масласыразавода, з 1969 г. намеснікам старшыні Кобрынскага райспажыўсаюза. З 1973 г. старшы навуковы супрацоўнік, а потым архівіст 1-й катэгорыі філіяла Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобл. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», Айчыннай вайны I ступені. Памёр 18.5.1992 г.

КАРАНЧУК Даніла Аляксеевіч, нарадзіўся 21.12.1894 г. у в. Лягаты Кобрынскага раёна. У гады грамадзянскай вайны ваяваў пад Рыгай, у цэнтральных раёнах і на поўдні Расіі. У гады Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у фарміраванні маршавых рот, быў намеснікам камандзіра часці па гаспадарчых пытаннях у г. Пугачоў Саратаўскай вобл.(Расія). Пасля дэмабілізацыі ў 1946 г. вярнуўся ў Кобрын, з 1947 г. дырэктар харчкамбіната, працаваў у гархарчгандлі, райгандлі, загадчыкам райсабеса, архіварыусам. Памёр 18.4.1986 г.

КАЎГАН Арсень Сільвестравіч, нарадзіўся ў в. Заверша Пружанскага раёна Брэсцкай вобл. У час 1-й сусветнай вайны служыў у 4-м пагранічным палку на поўдні Расіі. У 1920 — 1921 гг. чырвонаармеец 1-га запаснога пяхотнага палка. Да вайны працаваў на кіруючых пасадах у гарадах Сызрань, Цвер, Новахапёрск, Пціцава (Расія). У 1940—1941 гг. працаваў фрэзіроўшчыкам на прамкамбінаце ў Свярдлоўскай вобл. У 1943—1945 гг. служыў у тылавых войсках. Пасля вайны жыў і працаваў у Кобрыне. Памёр 30.3.1978 г.

КАЧАН Віктар Сцяпанавіч, нарадзіўся 21.11.1922 г. у в. Петрыцкае Брагінскага раёна Гомельскай вобл., у сялянскай сям’і. Закончыў рабфак у Мінску, Брэсцкі настаўніцкі інстытут (1955). Да вайны працаваў настаўнікам у г. Мар’іна Горка Мінскай вобл. З лістапада 1943 г. у Чырвонай арміі, прымаў удзел у ваенных дзеяннях. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Славы III ступені, медалём. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 г. быў дырэктарам сямігадовай школы ў в. Хідры, з 1961 г. сярэдняй школы ў в. Залессе, потым загадчыкам Кобрынскага райана. З 1963 г. працаваў загадчыкам вучэбнай часткі школы рабочай моладзі, у 1967 — 1982 гг. — дырэктарам сярэдняй школы № 1 Кобрына. Памёр 22.9.1982 г.

КОНАН Аляксандр Цімафеевіч, нарадзіўся 2.1.1925 г. у в. Вераскава Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. У жніўні 1944 г. мабілізаваны ў Чырвоную армію., у 93-і зенітны полк. У снежні 1945 г. у баях за Варшаву быў цяжка паранены і накіраваны ў шпіталь. У красавіку 1945 г. вярнуўся ў дзеючую армію ў 237-ы запасны стралковы полк, у лістападзе 1945 г. дэмабілізаваны. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, Славы III ступені, медалямі. У 1961 г. пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Кобрын. Памёр 25.9.1988 г.

КУХАРЧУК Дзмітрый Аляксандравіч, нарадзіўся ў 1923 г. у Свішчы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл. У Вялікую Айчынную вайну з лютага 1944 г. у партызанскім атрадзе імя Чапаева аднайменнай брыгады. Пасля пераходу з групай партызан у маі 1944 г. лініі фронту барацьбу з ворагам працягваў у складзе 1297-га стралковага палка 60-й стралковай дывізіі 1-га Беларускага фронту. У жніўні 1944 г. быў паранены. Пасля выздараўлення накіраваны ў 272-ю асобную роту суправаджэння брыгады бранякатэраў. Удзельнічаў у вызваленні Варшавы, у баях на тэрыторыі Германіі. Дзень Перамогі сустрэў у Берліне. Пасля вайны жыў у в. Тэўлі, працаваў на чыгунцы.

ЛАКАТКОЎ Пётр Фёдаравіч, нарадзіўся ў 1917 г. у Чабаркульскім раёне Чэлябінскай вобл. Перад Вялікай Айчыннай вайной прызваны ў Чырвоную армію, служыў у Гродне. З першых дзён вайны ўдзельнічаў у абарончых баях, трапіў у палон, уцёк. Уключыўся ў партызанскую барацьбу на Брэстчыне, удзельнічаў у вызваленні Кобрына. З 1944 г. у дзеючай арміі, ваяваў на 1-м Украінскім фронце, разведчык. З кастрычніка 1944 г. да студзеня 1945 г. знаходзіўся ў тыле ворага, выконваў заданні савецкага камандавання. Пасля дэмабілізацыі з 1946 г. працаваў у Кобрыне. Узнагароджаны медалямі.

ЛЕБЕДЗЕЎ Сцяпан Іванавіч, нарадзіўся 27.12.1917 г. у Верхатурскім раёне Свярдлоўскай вобл. У 1939 г. закончыў Пермскую авіяцыйную школу і быў накіраваны ў 28-ы знішчальны авіяполк. У ліпені 1941 г. быў цяжка паранены, пасля лячэння накіраваны ў запасны авіяполк у Перм. З мая 1942 г. камандзір звяна, намеснік камандзіра авіяэскадрыллі 435-га знішчальнага палка на Карэльскім фронце. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі. Пасля вайны жыў і працаваў у Кобрыне. Памёр 8.7.1983 г.

ЛУК’ЯНЧАНКА Мікалай Рыгоравіч, нарадзіўся ў 1918 г. у Харкаве. Закончыў Батайскую вышэйшую школу авіяцыйных пілотаў (1941). У Чырвонай арміі з 1936 г. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны на фронце. Служыў у 18-м гвардзейскім знішчальным авіяцыйным Віцебскім палку. Зрабіў 640 баявых вылетаў (налятаў у паветры 580 гадзін 15 хвілін), правёў 100 паветраных баёў, у дзесяці з якіх асабіста збіў 8 варожыў самалётаў, ажыццявіў 5 штурмовак па наземных цэлях, знішчыў 12 аўтамашын праціўніка. У складзе эскадрыллі «Нармандыя — Нёман» М.Р.Лук’янчанка ўдзельнічаў у вызваленні Віцебска, Оршы, Мінска, фарсіраванні Нёмана, у баях за Усходнюю Прусію. Узнагароджаны ордэнамі Славы III ступені, Айчыннай вайны I ступені, медалямі. Пасля вайны жыў і працаваў у Кобрыне. Памёр у 1981 г.

МАРОЗАЎ Андрэй Ільіч, нарадзіўся 19.8.1906 г. у в. Буда Крупскага раёна Мінскай вобл. Закончыў Гомельскі лесатэхнічны інстытут імя Кірава, сакратар Магілёўскага гаркома КП(б)Б. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны зацверджаны начальнікам штаба атрадаў народнага апалчэння г. Магілёва, трапіў у акружэнне, з баямі вырваўся з яго, узяты ў палон, уцёк. У 1941—1944 г. баец партызанскага атрада імя Катоўскага. З чэрвеня 1944 г. да сакавіка 1946 г. сакратар Магілёўскага гаркома КП(б)Б, пазней загадчык аддзела Магілёўскага абкома партыі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны», медалямі. Памёр 19.8.1974 г.

МІЛАЯНІН Іван Фёдаравіч, нарадзіўся 17.4.1912 г. у в. Васільеўка Палтаўскай вобл. (Украіна). У 1934 г. прызваны ў Чырвоную армію. Пасля заканчэння школы малодшых камандзіраў прызначаны памочнікам камандзіра ўзвода школы, прымаў удзел у вызваленчым паходзе Чырвонай арміі ў Заходнюю Украіну ў 1939 г. У Вялікую Айчынную вайну на фронце з ліпеня 1941 г., ваяваў на Сталінградскім фронце, удзельнічаў у вызваленні Данбаса, Нікалаева, Нікапаля, Баранавічаў, Брэста, Кобрына, узяцці Кёнігсберга. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеней, медалямі. Пасля вайны жыў і працаваў у Кобрыне. Памёр 1.6.1994 г.

ПАДЗІЛА Міхаіл Лаўрэнавіч, нарадзіўся 20.9.1915 г. у г. Чаркасы (Украіна). У чэрвені 1941 г. быў дэмабілізаваны ў Чырвоную армію, ваяваў у складзе 9-га гвардзейскага Адэскага знішчальнага авіяпалка, удзельнічаў у абароне Адэсы, Сталінграда, штурме Берліна. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі. Пасля вайны жыў у Кобрыне, працаваў начальнікам дарожнай арганізацыі. Памёр 28.12.1992 г.

ПІРАКОЎСКІ Рыгор Мікітавіч, нарадзіўся 25.1.1920 г. у в. Наваселіца Жытомірскай вобл. (Украіна). Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны прызваны ў Чырвоную армію, служыў у часці, якая размяшчалася паблізу Брэста. У пачатку вайны пайшоў у лес, з 1943 г. у партызанскім атрадзе імя Чапаева брыгады імя Чапаева, быў палітруком роты. Прымаў удзел у баях з акупантамі і дыверсіях на камунікацыях праціўніка. Узнагароджаны медалямі. Пасля вызвалення Кобрыншчыны ад фашысцкіх захопнікаў з ліпеня 1944 г. працаваў загадчыкам агульнага аддзела райвыканкома. У 1945—1948 гг. настаўнік Імянінскай пачатковай школы, потым дырэктар школы ў в. Кустовічы.

РАТНІКАЎ Дзмітрый Дзмітрыевіч, нарадзіўся 6.6.1926 г. у в. Нова-Нікольскае Плаўскага раёна Тульскай вобл. У 1943 г. прызваны ў Чырвоную армію, закончыў ваеннае мінамётнае вучылішча (1944). Служыў у г. Чавусы Магілёўскай вобл., удзельнічаў у ліквідацыі вялікай варожай групоўкі — так званага Мінскага катла, удзельнічаў у баях за вызваленне Гродзеншчыны. У баях за г. Ломжа (Польшча) быў цяжка паранены, пасля лячэння накіраваны ў 194-ю асобую роту 205-га запаснога стралковага палка. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Славы III ступені, медалямі. З красавіка 1946 г. жыў у Кобрыне.

СТЫРЫКОВІЧ Іосіф Георгіевіч, нарадзіўся ў в. Волкава на Віцебшчыне. У 1918 г. пайшоў добраахвотнікам на фронт, ваяваў у 4-м Варшаўскім стралковым палку. Прымаў удзел у савецка-польскай вайне 1920 г., быў у атрадзе Часцей асобага прызначэння. У 1924 г. звольніўся з Чырвонай арміі. У 1939 г. накіраваны ў Брэсцкую вобл. для стварэння машынна-трактарнага парка. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў у дзеючай арміі, ваяваў на маскоўскім, сталінградскім, крымскім, закарпацкім напрамках. Закончыў вайну ў маі 1945 г. у Празе. У 1946 г. быў дырэктарам Кобрынскага рамонтнага завода, з 1966 г. на пенсіі. Памёр 6.10.1989 г.

СУНЦАЎ Андрэй Васільевіч, нарадзіўся 15.10.1918 г. у в. Стары Цяжын Цяжынскага раёна Кемераўскай вобл. У кастрычніку 1941 г. закончыў Томскае артылерыйскае вучылішча, атрымаў званне малодшага лейтэнанта і быў накіраваны на фронт, прымаў удзел у абароне Сталінграда. Закончыў вайну ў маі 1945 г. у званні капітана. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. З 1948 г. жыў у Кобрыне, працаваў у розных арганізацыях горада. Памёр у 1983 г.

СУШЧУК Аляксей Міхайлавіч, нарадзіўся 8.5.1925 г. у в. Кустовічы. З 1943 г. сувязны партызанскага атрада імя В.І.Чапаева. Са жніўня 1944 г. у Чырвонай арміі, з лістапада 1944 г. да мая 1945 г. прымаў удзел у ваенных дзеяннях. Пасля дэмабілізацыі працаваў дырэктарам кінафікацыі Кобрынскага раёна, загадчыкам аддзела культуры Кобрынскага райвыканкома, дырэктарам гарпалівазабеспячэння. Закончыў завочна Вышэйшую партыйную школу (1970). З 1990 г. памочнік-сакратар дэпутата Вярхоўнага Савета, потым Нацыянальнага сходу Беларусі В.Ф.Кучынскага. Удзельнік юбілейнага парада Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве 9 мая 1995 г. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР

ФІНАЧКА Аляксандр Максімавіч, нарадзіўся ў 1918 г. у пас. Вялікае Фёдараўскага раёна Кустанайскай вобл. Да вайны працаваў у калгасе трактарыстам, шафёрам. У Чырвонай арміі з 1938 г., з 1939 г. у 8-м асобым аўтатранспартным палку. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да красавіка 1943 г. ваяваў на Паўночна-Заходнім, з красавіка 1943 г. на Цэнтральным, потым на 1-м Беларускім франтах, удзельнічаў у Курскай бітве, вызваленні Рагачова, Жлобіна, Рэчыцы, Гомеля, Бабруйска, Мазыра, Слуцка, Мінска, Кобрына, Брэста, Варшавы, штурме Берліна. Узнагароджаны медалямі. Пасля дэмабілізацыі ў 1950 г. жыў і працаваў у Кобрыне. Памёр 3.3.1987 г.

ШВАРКО Барыс Максімавіч, нарадзіўся 2.8.1925 г. у в. Балота Кобрынскага раёна. У Вялікую Айчынную вайну ў Чырвоную армію прызваны ў 1944 г. Службу пачаў у г. Дзмітраве Маскоўскай вобл., потым накіраваны ў дзеючую армію. Ваяваў у складзе 429-га мінамётнага палка камандзірам мінамётнага разліку. Удзельнічаў у вызваленні Будапешта і Прагі. У баях за Берлін быў цяжка паранены, трапіў у шпіталь. Дэмабілізаваны ў 1947 г. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі. Памёр у 1988 г.

ЯШЧУК Іван Фёдаравіч, нарадзіўся ў 1892 г. у в. Навасёлкі. У 1915 г. мабілізаваны ў царскую армію, з 1917 г. у Чырвонай арміі. У 2-й палове 1930-х гадоў быў рэпрэсіраваны. У 1940 г. служыў у Малдавіі. У 1941—1945 гг. на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнічаў у абароне Севастопаля, вызваленні Крыма і краін Паўднёва-Усходняй Еўропы. Вайну закончыў у Венгрыі ў званні капітана. Узнагароджаны ордэнам Леніна, медалём «За абарону Севастопаля» і інш. Пасля вайны вярнуўся на радзіму. Памёр у 1948 г. у брэсцкім шпіталі. Пахаваны ў Брэсце.

Падрыхтавалі А.В.Бабенка, Т.С.Назарук, Н.М.Пліско, А.М.Рысь, Н.А.Фрыдлендэр.