Вызваленне

1941 - 1945

 20.7.1944 г. стаў памятным днём для жыхароў Кобрыншчыны. У гэты дзень войскамі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 г. быў вызвалены Кобрын. Некалькімі днямі раней вызваленне прыйшло ва ўсходнюю частку Кобрыншчыны, якая адносілася тады да Антопальскага раёна. У вызваленні Кобрына ўдзельнічалі злучэнні 9-га гвардзейскага стралковага корпуса 61-б арміі: 12-я Пінская гвардзейская (камандзір палкоўнік Дз.К.Малькоў) і 212-я Крычаўская (палкоўнік У.Г.Кучынёў) стралковыя дывізіі пры падтрымцы часткі сіл 271-й начной бамбардзіровачнай авіяцыйнай дывізіі (падпалкоўнік К.І.Расказаў) 16-й паветранай арміі. Яны фарсіравалі р. Мухавец і з поўдня і ўсходу ўварваліся ў горад, з якога пасля 4-гадзіннага бою выбілі ворага. Вялікую дапамогу савецкім воінам аказалі партызаны, аб чым сведчаць дакументы, якія прыводзяцца ніжэй. Партызаны атрадаў імя Чапаева, імя Паставалава і імя Арлова брыгады імя Чапаева вялі баі за вёскі Баршчы, Стрыі, перарэзалі дарогу Баршчы — Казішча і ўтрымлівалі да падыходу чырвонаармейцаў, хаця праціўнік пераўзыходзіў партызан па сіле ў 4—5 разоў.

12 часцям 1-га Беларускага фронту, якія асабліва вызначыліся ў баях за горад, было прысвоена ганаровае найменне «Кобрынскіх». Гэта 29-ы гвардзейскі (падпалкоўнік І.П.Мохаў), 37-ы гвардзейскі (падпалкоўнік І.С.Калеснікаў), 369-ы (падпалкоўнік У.Р.Валошчанка), 669-ы (маёр А.І.Дзеравянка) і 692-і (палкоўнік І.М.Падбярэзін) стралковыя палкі, 31-ы гвардзейскі (палкоўнік Д.А.Аўралёў),

60-ы гвардзейскі карпусны (палкоўнік А.П.Суслаў), 533-і армейскі знішчальны процітанкавы (маёр М.П.Говараў) і 655-ы (маёр Н.Ц.Ларычаў) артылерыйскія палкі, 1282-і армейскі зенітны артылерыйскі полк (падпалкоўнік Дз.К.Барысаў), 222-і (маёр Д.П.Родзін) і 229-ы (маёр Я.Н.Навумаў) інжынерныя сапёрныя батальёны. У час баёў за Кобрын загінуў Герой Савецкага Саюза лётчык А.І.Марозаў, зараз яго імя носіць адна з плошчаў горада.

21.7.1944 г. у ходзе той жа Люблін-Брэсцкай аперацыі часцямі 212-й стралковай дывізіі (палкоўнік У.Г.Кучынёў) быў вызвалены Дзівін, цэнтр аднайменнага раёна, тэрыторыя якога ўваходзіць зараз у склад Кобрынскага раёна.

Н.М.Пліско.