Удзельнікі рэвалюцыйных выступленняў на Кобрыншчыне (1921—1939)

1917 - 1941

Анціпаровіч Іван Усцінавіч. Нарадзіўся ў 1904 г. у в. Мельнікі Кобрынскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1915 г. закончыў царкоўна-прыходскуго школу ў в. Чаравачыцы. У тым жа годзе ў сувязі з 1-й сусветнай вайной як бежанец апынуўся ў Сімбірскай губерні. Яго бацька быў прызваны ў армію, а Іван з 12 гадоў пачаў працаваць у рамонтных майстэрнях на чыцы. У 1922 г. сям’я Анціпаровічаў вярнулася на радзіму, у Заходнюю Беларусь. Іван Усцінавіч працаваў на гаспадарцы бацькоў, па найме ў памешчыкаў. У 1923 г. яго прызвалі ў польскую армію, у якой ён праслужыў год. Вярнуўшыся дадому, зноў працаваў па найме,  пачаў знаёміцца з рэвалюцыйнай літаратурай. У 1925 г. Іван уступіў у КПЗБ і стаў тэхнікам камуністычнай гунячэйкі. Яго абавязкам было распаўсюджванне літаратуры і лістовак, напісанне і вывешванне транспарантаў і лозунгаў. За ўдзел у арганізацыі дэманстрацыі ў в. Чаравачыцы ў 1926 г. быў арыштаваны і зняволены ў турму, у якой прасядзеў 10 месяцаў. Аднак з-за недаказанасці віны яго адпусцілі.  У 1927 г. Іван Анціпаровіч зноў быў арыштаваны за ўдзел у дэманстрацыі ў в. Літвінкі. Пінскі акруговы суд прыгаварыў яго да двух гадоў турэмнага зняволення. Пасля адбыцця пакарання Іван вярнуўся ў родную вёску і зноў уключыўся ў рэвалюцыйную барацьбу. У маі 1930 г. яго прызначылі рэдактарам райкома КСМЗБ. 27 ліпеня 1930 г. польскія ўлады трэці раз арыштавалі Анціпаровіча, і ў 1931 г. ён быў прыгавораны да 7 гадоў турмы. Пакаранне Іван адбываў у польскім горадзе Вронкі, дзе прасядзеў у адзіночнай камеры да амністыі 3 студзеня 1936 г. З прыходам Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 г. Іван Усцінавіч перабраўся ў Кобрын, дзе ўдзельнічаў у наладжванні работы органаў кіравання, арганізацыі народнай міліцыі. У міліцыі ён і застаўся працаваць сакратаром да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У чэрвені 1941 г. Анціпаровіч быў эвакуіраваны ў савецкі тыл, дзе служыў у органах унутраных спраў спачатку ў Яльцы, а з 1943 г. — у Бранску. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вярнуўся ў Кобрын. Да 1953 г. працаваў у Кобрынскім РАУС, а калі выйшаў на пенсію — на ткацкай фабрыцы. Памёр у 1993 г.

Какала Іван Савельевіч. Нарадзіўся ў 1905 г. у в. Паляцічы Кобрынскага раёна. Да рэвалюцыйнай дзейнасці далучыўся ў 1922 г. У 1924 г. уступіў у КПЗБ, быў выбраны сакратаром Кобрынскага райкома, членам Брэсцкага акругкома КСМЗБ. Прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні ў 1925 г. першамайскай дэманстрацыі на Рыначнай плошчы ў Кобрыне. Як член КПЗБ праводзіў работу па арганізацыі партыйных ячэек, дэманстрацый і мітынгаў, распаўсюджванні нелегальнай літаратуры, вёў растлумачальную дзейнасць сярод вайскоўцаў польскай арміі. Неаднойчы выбіраўся членам і сакратаром райкома КПЗБ, членам Брэсцкага акругкома КПЗБ, сакратаром групы ваеннага аддзела пры ім. Некалькі разоў быў арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі. Пасля вызвалення з турмы ў верасні 1939 г. вярнуўся ў Кобрын. Удзельнічаў ва ўстанаўленні савецкай улады ў горадзе, падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі. У Вялікую Айчынную вайну партызан, франтавік.

Карпук Андрэй Пятровіч. Нарадзіўся ў 1903 г. у Кобрыне. З 1925 г. сакратар прафсаюза будаўнічых рабочых Кобрына, уступіў у КПЗБ. За вядзенне разведвальнай работы на карысць СССР арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў турму. У 1939 г. быў вязнем Бяроза-Картузскага канцлагера. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР (верасень 1939) з’яўляўся старшынёй Часовага ўпраўлення Кобрына і Кобрынскага павета. У якасці дэпутата ўдзельнічаў у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку (28—30.10.1939). Да Вялікай Айчыннай вайны на гаспадарчай рабоце ў Кобрыне, намеснік старшыні гарвыканкома. З пачатку вайны ў дзеючай арміі, служыў у будаўнічых часцях у савецкім тыле. З 1949 г. жыў і працаваў у Кобрыне. Выбіраўся дэпутатам гарадскога Савета. Узнагароджаны медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».

Кастылюк Феадосій Емяльянавіч. Нарадзіўся ў 1902 г. у в. Паляцічы Кобрынскага раёна. У 1924 г. уступіў у КПЗБ. Быў сакратаром ячэйкі ў роднай вёсцы, членам Кобрынскага райкома, Брэсцкага акругкома КПЗБ. Адзін з арганізатараў першамайскай дэманстрацыі ў 1925 г. у Кобрыне. У 1926 г. арыштаваны польскімі ўладамі і ў 1927 г. прыгавораны да 4 гадоў турмы. Пасля адбыцця пакарання вярнуўся на радзіму, займаўся аднаўленнем разгромленых паліцыяй ячэек КПЗБ. У 1931 г. зноў арыштаваны, аднак за недаказанасцю віны ў 1932 г. вызвалены. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР (верасень 1939) працаваў у органах унутраных спраў, загадчыкам аддзела сацыяльнага забеспячэння ў Кобрыне. У Вялікую Айчынную вайну сувязны партызанскага атрада імя Чапаева аднайменнай брыгады. Пасля вайны працаваў у сістэме сацыяльнага забеспячэння ў Кобрыне, у калгасе ў в. Паляцічы.

Кіцель Іван Сямёнавіч. Нарадзіўся ў 1901 г. у в. Дарапеевічы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобл. Працаваў на гаспадарцы. З прыходам у 1920 г. на Кобрыншчыну Чырвонай арміі ўдзельнічаў у арганізацыі камсамольскіх ячэек. У 1933 г. уступіў у КПЗБ. Удзельнік Навасёлкаўскага выступлення сялян 1933 г. Пасля яго падаўлення арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага пажыццёвым зняволеннем. Знаходзіўся ў турмах у Кобрыне, Равічах, Вронках. У пачатку 2-й сусветнай вайны, калі Германія напала на Польшчу, выйшаў на волю. Пасля вызваленчага паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь (верасень 1939) прымаў удзел у арганізацыі калгасаў, працаваў брыгадзірам. У Вялікую Айчынную вайну сувязны партызанскага атрада імя Фрунзе. Удзельнічаў у вызваленні Кобрына. З 1944 г. у Чырвонай арміі, вызваляў Варшаву. З 1945 г. на радзіме, з 1971 г. жыў і працаваў у Кобрыне. На пенсіі з 1961 г. Памёр у 1991 г.

Пятручык Рыгор Васільевіч. Нарадзіўся ў 1918 г. у в. Турная Кобрынскага раёна. Працаваў на гаспадарцы бацькоў, потым на гідравузле ў в. Астромічы. У 1935 г. уключыўся ў рэвалюцыйную барацьбу: як член МОПРа збіраў грошы сярод насельніцтва, удзельнічаў у арганізацыі рэвалюцыйных свят, вечарын, на якіх абмяркоўвалася міжнароднае становішча, распаўсюджванні нелегальнай літаратуры. Пад кіраўніцтвам Ф.Н.Сідзюка і М.П.Лукашука вёў прапагандысцкую работу сярод моладзі навакольных вёсак. У 1936 г. тройчы арыштоўваўся польскімі ўладамі, быў прыгавораны да 4 гадоў турмы. Пакаранне адбываў у г. Седльцы.  Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР (верасень 1939)  накіраваны ў 1940 г. на працу за мяжу. У Кобрын вярнуўся ў 1946 г. Працаваў старшынёй калгаса ў Кобрынскім раёне, начальнікам гарадской камунальнай гаспадаркі, адказным сакратаром таварыства аховы помнікаў прыроды.

Сідзюк Фама Ніканавіч. Нарадзіўся ў 1909 г. у в. Турная Кобрынскага раёна. З 1934 г. сакратар ячэйкі КПЗБ у роднай вёсцы, з 1935 г. падраённы сакратар КПЗБ Турнянскага ўчастка. У 1936 г. арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў Бяроза-Картузскі канцлагер. У 1937 г. вызвалены, аднак зноў арыштаваны. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР (верасень 1939) працаваў у Кобрынскім гархарчгандлі. З 1941 г. у Чырвонай арміі, быў накіраваны ў Тамбоў (Расія), да 1945 г. служыў у савецкім тыле. Пасля Вялікай Айчыннай вайны жыў і працаваў у Кобрыне. Памёр у 1991 г.

Смольскі Гардзей Георгіевіч. Нарадзіўся ў 1900 г. у в. Паляцічы Кобрынскага раёна. Закончыў гарадское вучылішча. Працаваў у сельскай гаспадарцы. З  1923 г. член КПЗБ. Удзельнічаў у стварэнні камуністычных ячэек у Паляцічах і Кобрыне. У 1922 г. арыштаваны польскімі ўладамі, аднак з-за адсутнасці доказаў праз паўгода вызвалены. З 1923 г. сакратар райкома, з 1925 г. член часовага сакратарыята Віленскага і Брэсцкага акругкомаў КПЗБ. У 1926 г. арыштаваны і прыгавораны да 4 гадоў зняволення. Пакаранне адбываў у турме ў г. Седльцы, быў членам турэмнага камітэта і ўпраўлення камуны, удзельнічаў у выданні нелегальнага рукапіснага органа палітзняволеных, праводзіў палітвучобу. Пасля выхаду з турмы прымаў удзел у арганізацыі выступленняў рабочых гарбарных і дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, батракоў і інш. У Вялікую Айчынную вайну сувязны партызанскіх атрадаў імя Чапаева і імя Арлова брыгады імя Чапаева. Дапамагаў збіраць для партызан прадукты, адзенне, медыкаменты.

Страчук Сцяпан Дзмітрыевіч. Нарадзіўся ў 1912 г. у в. Лушчыкі Кобрынскага раёна. У 1933 г. уступіў у арганізацыю КСМЗБ у роднай вёсцы, пазней выбраны яе сакратаром. Тры разы быў арыштаваны польскімі ўладамі, 2 месяцы правёў у турме. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР (верасень 1939) старшыня часовага сельскага камітэта, са студзеня па 22.6.1941 г. старшыня сельсавета ў в. Жухаўцы. У Вялікую Айчынную вайну знаходзіўся на ваенна-будаўнічых работах у савецкім тыле. З 1947 г. працаваў загадчыкам гандлёвага аддзела Кобрынскага райвыканкома, з 1951 г. і да выхаду на пенсію старшынёй калгаса. Памёр у 1988 г.

Падрыхтавала Н.М.Пліско.

Аляксандра Іванаўна Федасюк

1921 год. Арэнбуржа. Шэсць гадоў удалечыні ад радзімы. Сям’я апынулася тут, ратуючыся ад нямецкай навалы. Мінулі гады рэвалюцыйных узрушэнняў, скончылася грамадзянская вайна. Шура Федасюк — камсамолка, вучыцца ў школе. Але бацька прымае рашэнне вяртацца дамоў, на родную Кобрыншчыну, якая на той час, як і іншыя заходнія беларускія землі,  апынулася ў складзе Польшчы. Шлях дадому быў цяжкі і трагічны. Адразу чатырох чалавек — бацьку, маці, брата і сястру — страціла Аляксандра ў «тыфозным» поездзе. Удваіх з малодшым братам дабраліся да роднай вёскі. Забітымі крыж-накрыж вокнамі і дзвярамі сустрэла бацькоўская хата. Але жыць неяк трэба было. Суседзі часам дапамагалі, цётка, але найбольш даводзілася  ўсё рабіць самім — сеяць, палоць, жаць, малаціць...

І не толькі гаспадарка займала Аляксандру. Хутка ў вёсцы сталі з’яўляцца лістоўкі, заклікі да барацьбы з акупантамі. Гэта дзейнічалі члены падпольнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. З 1925 г. Аляксандра ў яе радах. Ішоў ёй тады дваццаты год. Аляксандра Іванаўна ўспамінала: «1 мая 1925 г. у Кобрыне было вырашана правесці дэманстрацыю. Рыхтаваліся да яе старанна. Напісалі спецыяльныя лістоўкі, з расказам пра Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных, пашылі чырвоныя сцягі. Дазволу на дэманстрацыю, зразумела, ніхто не даваў. Але каля паўтысячы чалавек прайшлі цэнтральнай вуліцай горада аж да самай турмы. Ланцужок паліцэйскіх, якія спрабавалі затрымаць нас, быў змяты. Толькі калі з’явіўся буйны атрад коннай паліцыі, быў дадзены сігнал дэманстрантам разбягацца, рассейвацца. Помніцца і мітынг, праведзены ў в. Літвінкі да дзесяцігоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ну, каму там выступаць было? «Давай, Шура, ты гавары. Ты граматная, жыла ў Савецкай Расіі». Вось пасля гэтага мітынгу і трапіла я ў поле зроку паліцыі. У хату яны ўваліліся раптоўна і давай усё ператрасаць. Нічога не знайшлі пры вобыску, але мяне арыштавалі. Той ноччу не толькі я трапіла ў іх лапы, забралі яшчэ траіх чалавек. Неўзабаве быў суд. Нас апраўдалі — правакатар, які зрабіў данос у паліцыю, на судзе адмовіўся даць паказанні, відаць, баяўся помсты.

Пасля гэтага мяне перавялі ў распараджэнне Брэсцкага акругкома партыі. Сакратаром там быў Фёдар Барысавіч Пірышка. Вось з ім я і працавала. У мае абавязкі ўваходзіла правяраць яўкі, сустракацца з прадстаўнікамі раённых партарганізацый, перадаваць ім інструкцыі і ўказанні, партыйную літаратуру, якая ў вялікай колькасці паступала да нас з-за мяжы, з БССР. Лістоўкі ўдавалася выпускаць і на месцы з дапамогай самаробнага станка — шапірографа, як мы яго называлі. Якраз у гэты час рыхтаваліся выбары ў сейм Польшчы, так што спраў хапала...»

Недзе бліжэй да лета 1928 г. з размоў кіруючых работнікаў А.І.Федасюк даведалася аб тым, што мае адбыцца І з’езд КПЗБ. Дэлегатам ад партыйнай арганізацыі Кобрыншчыны была выбрана і Аляксандра Іванаўна. З’езд праходзіў у чэрвені—ліпені на тэрыторыі БССР, недалёка ад Оршы. Больш за 50 дэлегатаў, а таксама прадстаўнікі Кампартыі Польшчы, выканкома Камінтэрна, КП(б)Б, у т.л. В.Г.Кнорын, М.М.Галадзед, абмяркоўвалі становішча ў партыі, сітуацыю, якая склалася ў Польшчы пасля ваеннага перавароту і прыходу да ўлады Ю.Пілсудскага. Але і тады, як лічыць Аляксандра Іванаўна, было многа гаварыльні. На з’ездзе выявіліся рознагалоссі сярод дэлегатаў, з’явілася большасць і меншасць, былі нават нейтральныя. Яна і сёння лічыць, што не вінаватых трэба было шукаць, а зноў жа — аб’ядноўвацца ў той час, калі перамагла рэакцыя.

Пасля з’езда А.І.Федасюк цэлы год вучыцца ў школе партыйных кадраў у Мінску, затым — нелегальны пераход цераз граніцу. Працавала разам з Анатолем Альшэўскім, Мікалаем Дворнікавым, Максімам Танкам. Варшава, Навагрудак, Вільня, зноў Варшава і зноў лістоўкі з заклікам да барацьбы, выступленні на мітынгах у дні правядзення пралетарскіх свят... Але і дэфензіва не драмала, былі страты. У 1935 г. правакатарам Стральчуком (тым самым, у якога страляў Сяргей Прытыцкі) была выдадзена Буня Левін, з Федасюк яны шмат працавалі разам. Неўзабаве яна загінула ад рук ахранкі. Арыштавалі і Аляксандру Іванаўну.

А ў Еўропе тым часам было ўжо неспакойна: мюнхенская змова, акупацыя Аўстрыі. Дайшла чарга і да Польшчы. І на яе зямлю рушыла армада фашысцкіх полчышчаў.

17 верасня 1939 г.  войскі Чырвонай арміі перайшлі граніцу, каб узяць пад сваю абарону насельніцтва заходніх зямель Украіны і Беларусі. А.І.Федасюк зноў на свабодзе, з вялікімі цяжкасцямі дабіраецца да родных мясцін. А ў вызваленых гарадах сталі ўтварацца часовыя ўпраўленні, якія бралі ўладу ў свае рукі на месцах. Паўстала пытанне, што рабіць далей? У пачатку кастрычніка 1939 г. рэспубліканскія газеты змясцілі зварот Часовага ўпраўлення Беластока да ўсіх упраўленняў гарадоў Заходняй Беларусі, у якім была прапанова склікаць Народны сход для вызначэння характару будучай улады, каб затым пачаць яе стварэнне. А неўзабаве быў створаны і камітэт па арганізацыі выбараў у Народны сход. Камітэт узначаліў старшыня Часовага ўпраўлення па Беластоцкай вобласці В.Б.Гойсін. Выбары былі назначаны на нядзелю, 22 кастрычніка.

Газета «Звязда» паведамляла: «У выбарах прыняло ўдзел звыш 96 працэнтаў выбаршчыкаў... Не ўсе кандыдаты набралі неабходную колькасць галасоў, і ў некаторых выбарчых участках праводзіліся паўторныя выбары. У Народны сход Заходняй Беларусі было выбрана 927 дэпутатаў — 804 мужчыны і 123 жанчыны...» У ліку гэтых 123 жанчын была і Аляксандра Іванаўна.

28 кастрычніка. Беласток. Зала і балконы самага вялікага кінатэатра перапоўнены дэпутатамі. Прысутнічаюць таксама П.К.Панамарэнка, Н.Я.Наталевіч, іншыя кіраўнікі рэспублікі.

1 лістапада 66 чалавек — прадстаўнікі Народнага сходу — прыехалі ў Маскву. Аляксандра Іванаўна Федасюк была сярод іх. А ўжо на наступны дзень Вярхоўны Савет задаволіў іх просьбу — Заходняя Беларусь стала савецкай.

Але гэта радаснае рашэнне было азмрочана для Аляксандры Іванаўны: яна даведалася, што яе муж, Мікалай Паўлавіч Маслоўскі, дэлегат ІІ з’езда КПЗБ, які па рашэнні ЦК партыі застаўся працаваць на савецкай тэрыторыі, у 1937 г. загінуў у засценках НКУС.

Пра тыя два дні, праведзеныя ў сталіцы, у Аляксандры Іванаўны засталася памяць — здымак. У адным з перапынкаў паміж пасяджэннямі Вярхоўнага Савета члены паўнамоцнай камісіі звярнуліся да І.В.Сталіна з просьбай сфатаграфавацца на памяць. Той даў згоду.

А затым было вяртанне дадому... Цяпер трэба было працаваць, працаваць, нягледзячы ні на што. Зноў партыйная работа, зноў барацьба. У гады Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Іванаўна — партызанка, пасля вайны працавала ў апараце ЦК КПБ. Шмат давялося яшчэ перажыць — у канцы саракавых гадоў рэпрэсіўны апарат стаў дабірацца і да яе. Ды не паспелі... Але ўсё гэта іншыя старонкі яе біяграфіі. Пра кожную можна расказваць доўга. Мы ж расказалі толькі пра адну з іх.

А.Сланеўскі.