Удзельнікі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны

1917 - 1941

Альшэўскі Аляксандр Парфенавіч. Нарадзіўся ў 1893 г. у в. Навасёлкі. У 1915 г. мабілізаваны ў царскую армію. Ваяваў на Заходнім і Румынскім франтах. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. у Чырвонай арміі. Служыў у 1-м Маскоўскім ахоўным палку (пазней 465-ы полк 52-й стралковай дывізіі). Удзельнічаў у баях з нямецкімі (1918) і польскімі (1919) акупантамі. З 1920 г. на Паўднёвым фронце, удзельнік штурму Перакопа і вызвалення Крыма. Са снежня 1920 г. служыў у 27-й брыгадзе ВЧК, удзельнічаў у баях з махноўцамі ў раёне г. Мікалаеў (Украіна). У Навасёлкі вярнуўся ў 1922 г. Памёр у 1980 г.

Барысюк Дзмітрый Сцяпанавіч. Нарадзіўся ў 1899 г. у в. Турная. У 1-ю сусветную вайну з сям’ёй знаходзіўся ў эвакуацыі. У 1917 г. уступіў у рады Чырвонай арміі, дзе праслужыў да 1922 г. У 1923 г. вярнуўся ў в. Турная. (Гл. пра яго таксама ў арт. «Змагаліся ў тыле ворага».)

Стырыковіч Іосіф Георгіевіч. Нарадзіўся ў 1901 г. у в. Воўкава Віцебскай вобласці. У кастрычніку 1918 г. уступіў у рады Чырвонай арміі. Удзельнічаў у савецка-польскай вайне ў складзе 4-га Варшаўскага стралковага палка. У 1924 г. дэмабілізаваўся з арміі.

Войцік Мікіта Львовіч. Нарадзіўся ў 1900 г. у в. Асмолавічы. У студзені 1918 г. уступіў у Чырвоную армію. У 1918 г. быў паранены. Пасля лячэння знаходзіўся на Латышскім фронце. У Вялікую Айчынную вайну — сувязны партызанскага атрада імя Шыша. 

Зарэцкі Ананій Максімавіч. Нарадзіўся ў 1895 г. у в. Навасёлкі. Удзельнік грамадзянскай вайны. З 15 студзеня 1918 г. да 9 мая 1920 г. служыў у часцях 25-й дывізіі імя Чапаева ў палкавой кулямётнай камандзе на пасадзе інструктара па зброі ў 219-м Дамашанскім стралковым палку. Прымаў удзел у баях за Самару, на Уральскім фронце быў паранены. Пасля лячэння працягваў службу ў 30-м кавалерыйскім палку Чырвоных камунараў. У складзе 1-й Коннай арміі пад камандаваннем С.М.Будзённага накіраваны на Паўднёвы фронт. Прымаў удзел у баях пад Кахоўкай, супраць Урангеля і Махно. (Гл. пра яго таксама ў арт. «Вызначыліся працай».)

Пракапук Кірыла Іванавіч. Нарадзіўся ў в. Залессе. У 1-ю сусветную вайну — марак Балтыйскага флоту, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі. У Заходняй Беларусі — падпольны дзеяч КПЗБ, вязень канцлагера ў Бярозе-Картузскай. Расстраляны фашыстамі ў 1941 г.

Тарасюк Іван Архіпавіч. Нарадзіўся ў 1902 г. у в. Шчытнікі Брэсцкага раёна. У 1918 г. добраахвотна ўступіў у Чырвоную армію. Удзельнічаў у баях пад Іжэўскам. У 1919—1920 гг. — тэлефаніст 243-га стралковага палка 27-й дывізіі. Прымаў удзел у баях супраць Калчака. У 1921 г. удзельнік савецка-польскай вайны, падаўлення мяцяжу ў Кранштаце.

Фісюк Кірыла Паўлавіч. Нарадзіўся ў 1901 г. у в. Турная ў сялянскай сям’і. У 1-ю сусветную вайну з 1915 г. сям’я была ў бежанстве. З 1919 г. у Чырвонай арміі, удзельнік грамадзянскай вайны 1918—1920 гг. спачатку ў складзе 4-га Краснаўральскага палка на Усходнім, з чэрвеня 1920 г. у складзе 11-й стралковай дывізіі 15-й арміі на Заходнім франтах, прымаў удзел у вызваленні Беларусі ад польскіх інтэрвентаў. У 1921 г. удзельнічаў у падаўленні Кранштацкага мяцяжу. У 1923 г. закончыў 3-ю Заходнюю ваенную школу каманднага складу ў Смаленску, служыў у 2-й Беларускай дывізіі ў Мінску. У 1927—1938 гг. працаваў у органах Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР, у 1939 г. старшыня Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыі і хімічнаму будаўніцтву ў г. Барысаглебск Варонежскай вобл. (Расія). У 1941—1942 гг. служыў у Чырвонай арміі. Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў працаваў памочнікам пракурора БССР, старшым памочнікам пракурора г. Мінска. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, медалямі, дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і інш. узнагародамі.

Харытанюк Васіль Іванавіч. Нарадзіўся ў 1896 г. У 1-ю сусветную вайну ў 1915 г. быў прызваны ў армію, служыў у Фінляндыі. Увосень 1916 г. камандзір узвода 5-й роты 3-га Выбаргскага пяхотнага палка. У 1917 г. дэлегат франтавога з’езда салдацкіх дэпутатаў у Петраградзе. У кастрычніку 1917 г. накіраваны на Паўночны фронт пад Рыгу. У лютым 1918 г. працаваў у Арлоўскай харчовай управе. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнік партызанскага руху. Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў быў супрацоўнікам раённага аддзела культуры, дырэктарам парку імя А.В.Суворава.

Падрыхтавала Н.М.Пліско.