Да новага жыцця

1917 - 1941

17 верасня ў Кобрыне з’явіўся 83-і пяхотны полк імя Рамуальда Траўгута, той, які вясной быў накіраваны на захад. У хуткім часе з боку Брэста падышлі гітлераўскія часці. Полк храбра рушыў насустрач. У ім было шмат мясцовых хлопцаў, і цяпер яны адстойвалі не чужыя ім інтарэсы, а абаранялі свой горад. Праціўнік заняў пазіцыі на беразе канала Боны, чакаў гэтай адчайнай атакі: карабіны з апошняй абоймай патронаў супраць аўтаматаў і кулямётаў... Сотні салдат-пехацінцаў паляглі на гэтай кобрынскай ускраіне, ад палка нічога не засталося.

Жыхары горада правялі жахлівую бяссонную ноч. Чакалі, што фашысты вось-вось уварвуцца ў іх дамы. Але раніца прынесла вестку, якая абнадзейвала: з усходу рухаецца Чырвоная армія. Некалькі дзён у Кобрыне панавала безуладдзе, паліцыя і прадстаўнікі польскай адміністрацыі ўцяклі або недзе хаваліся. Па ініцыятыве былых членаў КПЗБ, якія ўзялі на сябе клопат аб цывільным насельніцтве, сталі арганізоўвацца атрады самаабароны. Да іх далучыліся вязні канцлагера ў Бярозе-Картузскай. Яны раззброілі турэмных наглядчыкаў і мясцовых паліцэйскіх. 18 верасня на дапамогу кобрынцам прыбыў з Дзівіна атрад пад камандаваннем Е.Р.Ступа. Былы палітзняволены пры царызме, удзельнік грамадзянскай вайны, ён узначаліў мясцовыя сілы самаабароны, якія выраслі да 500 чалавек. (Пазней у сувязі з 50-годдзем Кастрычніцкай рэвалюцыі яго ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі.) Так нарадзілася Рабочая гвардыя Кобрына, якая паклала канец марадзёрству і паніцы ў горадзе і наваколлі, наладзіла ахову важнейшых аб’ектаў. Некалькі разоў атраду давялося адбіваць спробы дыверсантаў узарваць чыгуначны мост цераз Мухавец.

Сонечным ранкам 22 верасня 1939 г. з боку Маскоўскай шашы ў Кобрын увайшлі савецкія танкі. Настала доўгачаканае вызваленне. Сустрэча вылілася ў сапраўднае свята: жыхары апранулі лепшыя ўборы, жанчыны ў традыцыйным палескім вышываным адзенні падносілі вызваліцелям хлеб-соль. Мост цераз Мухавец быў спалены яшчэ пры з’яўленні немцаў, і цяпер па рацэ плавалі туды-сюды лодкі з людзьмі, якія жадалі бліжэй пазнаёміцца з савецкімі салдатамі. А неўзабаве знайшліся і добраахвотнікі, якія на чале з вопытным сталяром Спірыдонам Гузарам пачалі ўзводзіць наплаўны мост. Будавалі яго, стоячы па пояс у асенняй халоднай вадзе. А тым часам калону танкаў, якая спынілася на беразе, засыпалі букетамі кветак. Стыхійна пачаўся мітынг. Над галовамі пранесліся самалёты, якія раскідвалі лістоўкі. Гэта быў яркі, цудоўны дзень у жыцці кобрынцаў, узнагарода за дваццацігадовыя пакуты, выпрабаванні і мужнасць.

На наступны дзень кіраўнікі Рабочай гвардыі Кобрына сустрэліся з палітработнікамі танкавага падраздзялення арміі В.І.Чуйкова. Быў створаны штаб самаабароны, які размясціўся ў невялікім драўляным будынку былога гарадскога магістрата на Банкаўскай плошчы. Барацьба яшчэ не закончылася, у навакольнай мясцовасці арудавалі банды жандараў, паліцэйскіх і асаднікаў. Буйная іх група была раззброена ва ўрочышчы Багач каля в. Калюхі. Дзейнічалі атрады ў Гарадцы, Антопалі і Жабінцы. Рабочая гвардыя выконвала свае функцыі да канца 1939 г. Пазней Кобрынскі гарадскі Савет на ўшанаванне памяці аб тых днях пастанавіў назваць адну з вуліц Чырвонагвардзейскай, другую — Чырвонаармейскай.

Для арганізацыі новага жыцця горада сюды прыбылі некалькі груп партыйных і савецкіх работнікаў з БССР, і сярод іх — Ц.Ф.Субоцін, сакратар аднаго з райкомаў на Гомельшчыне, дэпутат Вярхоўнага Савета рэспублікі. Ён стаў старшынёй камітэта Часовага кіравання, у склад якога ўвайшлі і былыя падпольшчыкі, члены КПЗБ А.І.Федасюк, А.П.Карпук, Ф.Б.Масліевіч, П.Д.Газук і іншыя. Праблем было нямала: забеспячэнне насельніцтва прадуктамі, арганізацыя гандлю і дастаўкі, медыцынскага абслугоўвання, аднаўленне работы некаторых прадпрыемстваў, чыгункі і пошты. Трэба было вырашаць пытанне і аб бежанцах з акупіраванай Германіяй Польшчы.

Разгарнулася культурна-асветная работа. У будынку гімназіі адкрылася бясплатная сярэдняя школа, у якую адразу было прынята 120 вучняў. Спецыяльныя курсы рыхтавалі настаўнікаў пачатковай школы з мясцовага пісьменнага насельніцтва. Стала працаваць цэнтральная гарадская бібліятэка, а ў вёсках з’явіліся хаты-чытальні. Але гэта былі толькі першыя крокі, трэба было заканадаўча вызначыць далейшы лёс жыxароў Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

У ходзе падрыхтоўчай кампаніі па выбарах дэпутатаў у Народны сход Заходняй Беларусі працоўныя ў пераважнай большасці выказаліся за новую ўладу. У Беласток, месца правядзення сходу, ад Кобрына выехала вялікая дэпутацкая дэлегацыя, якая 28—30 кастрычніка 1939 г. прагаласавала за ўстанаўленне савецкай улады. Тут жа быў прыняты зварот да Вярхоўнага Савета СССР з просьбай уключыць Заходнюю Беларусь у склад Саюза ССР і ўз’яднаць яе з БССР. Просьба была задаволена 12 лістапада 1939 г. Сход аднадушна вырашыў канфіскаваць землі памешчыка і асаднікаў, нацыяналізаваць банкі, буйныя прамысловыя прадпрыемствы.

Пасля ўтварэння ў канцы 1939 г. новых абласцей і раёнаў, якія замянілі ранейшы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, Кобрын з 15 студзеня 1940 г. стаў цэнтрам раёна Брэсцкай вобласці.

У жыцці горада і раёна пачаліся сацыялістычныя пераўтварэнні. Сярод новых фактаў і з’яў, якія запоўнілі працоўныя будні мясцовых жыхароў, асаблівае месца заняла рэканструкцыя Дняпроўска-Бугскага канала. Цяпер, калі тэрытарыяльнае адзінства Беларусі было адноўлена, эканамічнае значэнне гэтай воднай магістралі вырасла. У хуткім часе тут з’явіліся спецыялісты-воднікі Верхнедняпроўскага параходства, якія распрацавалі смелы праект. 29 снежня 1939 г. ЦК КП(б)Б і СНК БССР прынялі пастанову аб будаўніцтве на Дняпроўска-Бугскім канале.

Тысячы людзей узяліся за працу. 200 камуністаў і 500 камсамольцаў узначалілі сацыялістычнае спаборніцтва. Днепра-Буг стаў ударнай будоўляй. На працу выходзілі цэлымі вёскамі. Зіма 1939—1940 гг. выдалася суровай, але гэта не знізіла тэмпаў будаўніцтва. У работу былі запушчаны магутныя механізмы. Фактычна ўзнік новы канал: выпрастана галоўная траса, у асноўным дзякуючы ўвядзенню ўчастка Кобрын—Выгода, значна расшырана і паглыблена рэчышча. Дабавіліся шлюзы, плаціны і водаадлівы. Канал атрымаў надзейнае рэгуляванне ўзроўню вады і пачаў дзейнічаць.

... У памятным верасні 1939 г. разам з перадавымі часцямі 4-й арміі, якія прасоўваліся на захад, ішлі 2 спецыяльныя карэспандэнты газеты «Часовой Родины», даволі вядомыя ў той час дзеячы савецкай літаратуры. Рэдакцыя газеты размясцілася ў Кобрыне. У доме № 1 на вуліцы Суворава пасяліліся і жылі ў кастрычніку—лістападзе 1939 г. паэт А.Твардоўскі і пісьменнік Б.Гарбатаў. У гэты перыяд Твардоўскі ўпершыню звярнуўся ў сваёй паэзіі да франтавой тэматыкі. У Брэсце быў апублікаваны яго зборнік «Франтавыя вершы». Стыль тых паэтычных радкоў у многім нагадваў вершаваную манеру «Васіля Цёркіна».

На той час у Кобрыне не існавала ні друкарні, ні газеты. Было вырашана пачаць выданне павятовай газеты «Труд», першыя нумары якой друкаваліся на ручным станку. Але ў хуткім часе прыбыла паходная друкарня. Прыйшла дапамога і ад газетчыкаў: А.Твардоўскі і Б.Гарбатаў вучылі газетнай справе, самі рабілі праўкі, апрацоўвалі і рыхтавалі да друку матэрыялы. На палосах газеты адлюстроўваліся працоўныя будні горада. Знікла беспрацоўе, з’явілася ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Учарашнія чорнарабочыя і батракі станавіліся на чале новаўтвораных устаноў і арганізацый.

У 1940 г. у горадзе працаваў райпрамкамбінат, які аб’яднаў разам дробныя майстэрні. Сюды было дастаўлена сучаснае абсталяванне, дзяржава аказвала дапамогу ў падрыхтоўцы тэхнічных кадраў. Дзейнічалі і іншыя прадпрыемствы, арцелі, якія аб’ядноўвалі на кааператыўных пачатках саматужнікаў-адзіночак. Вялікай падзеяй у гаспадарчым жыцці раёна стала адкрыццё Кобрынскай машынна-трактарнай станцыі. Узніклі першыя калгасы ў вёсках Турная, Паляцічы і інш. Нават уладальнікі прыватных «сотак» і «дзялак» (так тут называлі маленькія надзелы) вырашылі арганізаваць свой уласны, гарадскі калгас.

Ажыўленай і радаснай была гарачая пара пасяўной 1941 г. Прырода нібыта прасіла прабачэння за сваю выпадковую няміласць — суровую зіму, абяцаючы на лета добры ўраджай. Але сабраць яго не давялося. Страшная вайна небывалым бедствам абрушылася на краіну.

Н.М.Пліско.