Бона Сфорца

Ад часоў першабытных - 1917

Каралева польская і вялікая княгіня літоўская Бона Сфорца д’Арагона нарадзілася 2 лютага 1494 г. ў Віджэвана (Італія) у сям’і міланскага герцага. Яна была другой жонкай караля Польшчы і вялікага князя ВКЛ Жыгімонта І Старога, маці Жыгімонта ІІ Аўгуста. Бона Сфорца імкнулася павялічыць палітычную ўладу караля і вялікага князя шляхам умацавання яе эканамічнай асновы. Яна значна пашырыла зямельную ўласнасць дынастыі Ягелонаў, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваення іх феадаламі, асабліва магнатамі. У выніку пажалаванняў, падараванняў і купляў сканцэнтравала ў сваіх руках толькі на Беларусі воласці Аболецкую Аршанскага павета, Езярышчанскую Віцебскага, Клецкую Новагародскага, Кобрынскую і Шарашоўскую Берасцейскага, Пінскую Пінскага, Рагачоўскую Рэчыцкага паветаў і інш. Каралева і вялікая княгіня садзейнічала асваенню сялянамі лясоў і ператварэнню іх у сельскагаспадарчыя ўгоддзі, узнікненню некаторых населеных пунктаў на Беларусі.

 Выдатна адукаваная, яна імкнулася зрабіць з Жыгімонта І абсалютнага манарха не толькі ў палітычных, але і ў фінансавых адносінах. А для гэтага трэба было, на яе думку, пацясніць магнатаў з тых зямель, якія належалі ці маглі належаць правячай дынастыі. Павелічэнне асабістай уласнасці двара стала адным з галоўных клопатаў каралевы Боны. Вядома, каралю даводзілася спачатку абмяжоўвацца ўнясеннем паправак у выдадзеныя раней прывілеі. Напрыклад, права на валоданне Кобрынам Вацлаву Касцевічу было захавана, аднак указвалася, што пасля яго смерці ўладальніцай Кобрынскага староства стане Бона. І ў 1532 г., ледзь толькі былы каралеўскі маршалак Касцевіч памёр, каралева спрытна распарадзілася ўсёй рухомай і нерухомай маёмасцю на кобрынскіх землях. Яна выкупіла маёнткі, якія належалі іншым феадалам, і звяла разам гэтыя разрозненыя ўладанні, стварыўшы такім чынам маналітную адміністрацыйную і эканамічную адзінку. Так Кобрынскае староства стала поўнай уласнасцю караля (дакладней, самой Боны) і ў якасці павета ўвайшло спачатку ў склад Падляшскага, а потым у 1566 г. Берасцейскага ваяводстваў.

Каралева часта наведвала свае маёнткі. Некалькі разоў яна прыязджала і ў Кобрын. Тут актывізаваліся горадабудаўнічыя работы, была прыведзена ў парадак замкавая служба. Клапоцячыся аб павелічэнні даходаў, Бона заахвочвала развіццё земляробства, гандлю, рамёстваў. Пра канкрэтныя заняткі кобрынскіх жыхароў у тыя гады захаваліся толькі паасобныя звесткі. Вядома, напрыклад, што ў горадзе жыў ювелір Пётр Неапалітанец, якому выдзелілі ўчастак зямлі (пляц) для будаўніцтва ўласнага дома з майстэрняй. Верагодна, тады ж пачаліся і першыя меліярацыйныя работы паблізу Кобрына. Да нашага часу канал, які цячэ праз паўднёва-заходнюю ўскраіну горада, называецца Бона (у мінулым канал каралевы Боны).

І яшчэ адно каштоўнае пачынанне звязана з імем гэтай энергічнай каралевы. Пры ёй у практыку ўвайшло правядзенне дзяржаўных інвентарных (статыстычных) абследаванняў — так званых рэвізій. Даныя, якія збіралі рэвізоры і камісары, павінны былі адыграць важную ролю ва ўпарадкаванні гаспадаркі ў каралеўскіх уладаннях. У Кобрыне і старостве першая рэвізія была праведзена ў 1549 г., наступныя — у 1563 і 1597 гг. Дакументы гэтых абследаванняў малююць даволі дэталёвую карціну сацыяльна-эканамічнага жыцця горада ў 2-й палове XVI ст.

У 1556 г. каралева выехала на радзіму ў Італію, вывезла з сабой шмат каштоўнасцей. Яе маёнткі перайшлі да Жыгімонта ІІ Аўгуста. Памерла Бона Сфорца ў 1557 г.

Л.Р.Казлоў.