Кобрынская эканомія

Ад часоў першабытных - 1917

Прыкладна да сярэдзіны XVI ст. дакладнага падзелу гаспадарскіх зямельных уладанняў на дзяржаўныя і асабісты дамен (уладанне) вялікага князя не існавала. Яны па сутнасці былі дзяржаўнай уласнасцю: даходы з іх ішлі як на пакрыццё выдаткаў дзяржавы, так і на ўтрыманне вялікага князя літоўскага і яго шматлікага акружэння.

На каранацыйным сейме 1588 г. для забеспячэння даходамі велікакняжацкага прастола з дзяржаўных уладанняў былі выдзелены так званыя «сталовыя маёнткі», якія потым называліся эканоміямі: Аліцкая, Берасцейская, Гарадзецкая, Камянецкая, Кобрынская, Магілёўская, Шавельская.

Кобрынская эканомія фактычна ўзнікла ў 1519 г. як староства, аддадзенае ў дзяржаву. Юрыдычна аформілася ў 1532 г., калі каралева Бона атрымала ад Жыгімонта І Старога правы на Кобрынскае староства. У адміністрацыйных адносінах уваходзіла спачатку ў Падляшскае, з 1566 г. у Берасцейскае ваяводствы. Канчаткова Кобрынская эканомія як «сталовае ўладанне» выдзелілася паводле «Ардынацыі аб каралеўскіх прыбытках» 1589 г. у выніку падзелу паміж дзяржаўным і каралеўскім скарбам. Апрача Боны ў XVI—XVII ст. Кобрынскай эканоміяй валодалі каралевы Ганна Ягелонка і Канстанцыя Аўстрыйская.

У 1549, 1563 і 1597 гг. праводзіліся рэвізіі, матэрыялы якіх з’яўляюцца каштоўнай гістарычнай крыніцай. На 1563 г. у Кобрынскай эканоміі было каля 77 тыс. дзесяцін зямлі, у т.л. 89 валок фальварковай ворнай зямлі і 612 валок, замацаваных за цяглымі сялянамі. Уключала гарады Кобрын, Дабучын (Пружаны), мястэчка Гарадзец. Добрая арганізацыя працы, інтэнсіфікацыя гаспадарчай вытворчасці, асваенне новых зямель (меліярацыя, высяканне лясоў) у спалучэнні з узмацненнем эксплуатацыі сялян павысілі даходнасць эканоміі пад канец XVIII ст. амаль у 8 разоў.

З пачатку XVIII ст. Кобрынская эканомія збліжаецца з Брэсцкай, разам яны паказаны ў інвентарах, рэвізіях, кантрактах, маюць агульную адміністрацыю і рахункі. У 1757 г. Ежы Флемінг атрымаў агульнае дзяржаўства на Брэсцкую і Кобрынскую эканоміі тэрмінам на 6 гадоў. Замест падзелу на воласці (Кобрынская, Блудзенская, Вежацкая, Гарадзецкая, Дабучынская, Чаравачыцкая) і войтаўствы адбыўся падзел на губерні і ключы, да якіх дапісваліся яшчэ асобныя вёскі, фальваркі і інш. Такім чынам узнікла Кобрынская губерня з 8 ключоў: Кобрынскага (г. Кобрын і Агароднікі Кобрынскія, вёскі Дубавое, Ляхчыцы, Лягаты, Паляцічы, Патрыкі, Плоскае, Руховічы, Сухоўчыцы і Хідры, фальваркі Гарыздрычы і Залессе), Вежыцкага (Агароднікі Вежыцкія, вёскі Глінянкі, Лышчыкі, Мацясы, Песцянькі і Стаўпы), Гарадзецкага (мястэчка Гарадзец, вёскі Асмолавічы, Вуглы, Грушава, Камень Каралеўскі, Худлін і Чалішчавічы), Закросніцкага (вёскі Закросніца, Астромічы, Быстрыца, Сялец і Турная), Літвінкаўскага (вёскі Літвінкі, Вострава, Кляшчы, Ластаўкі і Пруска), Ілаўскага [вёскі Ілаўск, (Іласк), Баршчы, Бярозна, Засімы, Лушчыкі і Стрыі], Тэвельскага (вёскі Тэўлі, Залессе, Мацы і Рынкі), Чаравачыцкага (Агароднікі Чаравачыцкія, вёскі Батчы, Глінянкі, Мельнікі, Перкі, Пескі, Шыповічы і Яскаўчыцы), да якога яшчэ былі прыпісаны фальварак і сяло Шматы, фальваркі Адамкаў, Пельчыцы і Фаўстынаў, сяло Плоскае.

Ваенныя дзеянні, агульны гаспадарчы заняпад прывялі да скасавання ў 1766 г. самакіравання, але Кобрынская эканомія захавалася. Яе рэарганізацыяй заняўся ў 1768 г. Антоній Тызенгаўз. Аднак скарачэнне колькасці насельніцтва, прыцягненне значных сіл на будаўніцтва Каралеўскага канала, агульнае палітычнае пагаршэнне сітуацыі ў краіне не далі станоўчых вынікаў.

У 1795 г. Кобрынская эканомія ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Землі эканоміі з сялянамі былі падараваны, часткова прададзены прыватным асобам.

Л.Р.Казлоў.