Спаскі манастыр

Ад часоў першабытных - 1917

У 1465 г. княгіня Ульяна з сынам Іванам са сваіх уладанняў адпісалі на царкву Святога Спаса Кобрынскага манастыра млын на рэчцы Шэўні з сажалкай і зямлёй, а Ігумену Варлааму — 10 сакаў мёду, святару і дзякану па 3 сакі і 2 капы грошаў.

У 1491 г. княгіня Фядора дабавіла да манастырскіх зямель сяло Корчыцы, 1/10 капы з усякага хлеба, 1/10 меры з млына на рэчцы Кобрынцы і 2 карчмы.

У 1512 г. Жыгімонт I Стары граматай на імя ігумена Кобрынскага Спаскага манастыра Антонія Крыцкага замацаваў за манастыром вышэйназваныя «наданні» княгіні Фядоры. Пазней, калі Фядора перайшла ў каталіцтва, яна перадала частку зямель манахаў у маёнтку Быстрыца баярам М.Жамбоцкаму і Г.Х.Пастрыгачу. Толькі ў 1541 г. пасля іску кобрынскага архімандрыта Васіяна землі вярнуліся манастыру.

Недзе ў першай палове XVI ст. манастыр быў ператвораны ў архімандрыю.

Па ініцыятыве каралевы Боны ў 1549 г. шляхціц Сямён Ясковіч Прышыхвосцкі правёў рэвізію Кобрынскага манастыра. Акрамя розных рэчаў культу, абразоў, пісаных па залатым фоне, з падвескамі каштоўных камянёў, на царкоўных хорах яшчэ знаходзілася і бібліятэка з рэдкімі кнігамі.

Зямельныя ўладанні манастыра складаліся з сяла Корчыцы і некалькіх дворышчаў у сёлах Кустовічы і Брылёва, маёнтках Імянін і Быстрыца.

Апошнім праваслаўным архімандрытам манастыра (з 1587 па 1596) быў Іона — былы шляхціц з м. Заблудава Іван Пятровіч Гогаль.

У 1590 г. Іона скардзіўся ў падкаморскі суд на немалы захоп манастырскай зямлі ў маёнтку Імянін, які ўчынілі імянінскія зямяне Чанавіцкі, Ждановіч, Якубовіч. Чым завяршылася скарга, невядома, але ўпамянутыя асобы паведамілі, што за панам Іванам Гогалем як за асобай свецкай яны не прызнаюць ніякай царкоўнай зямлі.

20 мая 1595 г. у манастыр прыбылі епіскап Уладзімірскі і Берасцейскі І.Пацей і епіскап Луцкі К.Тарлецкі для сустрэчы з мітрапалітам Рагозай і перамоў па справе уніі з рымска-каталіцкай царквой.

Пасля заключэння ў 1596 г. Брэсцкай царкоўнай уніі архімандрыт Іона стаў турава-пінскім уніяцкім епіскапам, а Спаскі манастыр каралева Ганна Ягелонка перадала К.Тарлецкаму.

Па сведчанні Ф.В.Пакроўскага, у царкве сяла Пярковічы (Брашэвіцкай воласці Кобрынскага павета) у канцы ХІХ ст. захоўвалася магіла К.Тарлецкага са славянскім надпісам на пліце.

Потым манастыр належаў такім уніяцкім царкоўным іерархам, як епіскап Пінскі Паісій (1603), архімандрыт кобрынскі Шацінскі (1613), епіскап Пінскі Рафаіл Корсак (1632), архімандрыт кобрынскі Бенядзікт Глінскі (1678), епіскап Уладзімірскі і Берасцейскі, архімандрыт Кобрынскі Лявон Залескі (1691) і архімандрыт Андрэй Бянецкі (1747).

Такім чынам, Кобрынскі манастыр стаў важкай апорай уніяцтва ў ВКЛ. У 1626 г. у ім праходзіў сабор вышэйшага уніяцкага святарства.

Да канца XVII ст. да Кобрынскай архімандрыі адышлі былыя праваслаўныя манастыры ў Лепясах і Хадынічах. Уніяцкія манахі ва ўсіх сваіх маёнтках пабудавалі цэрквы, або, як іх называлі, «манастыркі». У той час зямельныя ўладанні манастыра знаходзіліся ў вёсках Корчыцы, Лепясы, Хадынічы, Навасёлкі, Кустовічы, акрамя гэтага, яму належалі фальваркі Гогалеўка і Пецькі, Талярмонтаўскі засценак, Хільцэўшчына (в. Быстрыца) і інш.

Не мінулі манастыр і бедствы, якія выпалі на лёс горада (захоп войскамі Б.Хмяльніцкага, паўстанне польскага войска, захоп шведамі), у час якіх абіцель рабавалі і руйнавалі.

Ужо ў складзе Расійскай імперыі ў 1812 г. у час Кобрынскага бою агароджа манастыра была ператворана ў рэдут, а старажытная манастырская драўляная царква знішчана пажарам. Пасля гэтага царква была ўладкавана ў мураваным двухпавярховым будынку з манаскіх келляў.

Пасля адмены уніі ў 1839 г. манастыр быў закрыты, а ў яго будынках размясцілася духоўнае вучылішча, якое было ліквідавана пасля спусташальнага пажару ў другой палове ХІХ ст. Некалькі дзесяцігоддзяў безгаспадарчая цагляная каробка з’яўлялася прыстанкам для бяздомных. Толькі ў 1920-я гады ўцалелы галоўны корпус манастыра быў капітальна адрамантаваны польскімі ўладамі. У час рамонту была праведзена перапланіроўка, пасля чаго поўнасцю зніклі рэшткі ўнутранага храма. Паводле звестак былога дырэктара Кобрынскага музея А.М.Мартынава, у ходзе работ у сутарэннях будынка былі знойдзены рэшткі пахаванняў кобрынскіх князёў і замураваныя касцякі ў ланцугах.

Пасля рамонту ў будынку размясціўся павятовы суд, дзе праходзілі палітычныя працэсы над членамі КПЗБ.

Да нашага часу захаваўся жылы корпус манастыра (у ім знаходзіцца РАУС) — двухпавярховы мураваны прамавугольны ў плане будынак, накрыты чарапічным дахам.

На будынку ўстаноўлены 2 мемарыяльныя дошкі: у гонар перамогі рускіх войскаў над напалеонаўскімі і на ўшанаванне памяці загінуўшых супрацоўнікаў міліцыі.

Манастыр — помнік архітэктуры барока.

Ю.А.Барысюк.