Шчасце князёўны кобрынскай

Ад часоў першабытных - 1917

Ва ўсе часы паняцці каханне, гонар, здрада азначалі адно і тое ж. Усе яны сустракаюцца ў сумным расповядзе пра лёс Ганны Кобрынскай (1460—1519).

Паходзіла Ганна з сям’і ўладальнікаў нявялічкага княства, якое было ў васальнай залежнасці ад Вялікага княства Літоўскага. Радавод сям’я вяла ад Гедзіміна. Прозвішча ж Кобрынскія атрымалі па назве сваёй сталіцы. Праўда, да таго часу, калі дзяўчынка з’явілася на свет, ад самастойнасці гэтага княства, як, дарэчы, і большасці іншых з тых, што ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага, амаль нічога не засталося. Уладанні князёў Кобрынскіх былі ўжо толькі самастойнай адміністрацыйна-судовай акругай у складзе гэтай дзяржавы. Іх улада распаўсюджвалася на Кобрынскую і Прушанскую (як тады называлі Пружанскую) воласці.

Бацька Ганны Сямён доўгі час быў у апале. Справа ў тым, што ён з’яўляўся адным з тых, хто падтрымаў барацьбу князя Свідрыгайлы супраць Жыгімонта Кейстутавіча. Паўстанцы дамагаліся ўраўнавання ў правах праваслаўных з католікамі. І хоць гэта паўстанне (а фактычна міжусобная барацьба паміж правячымі групоўкамі) было падаўлена, таго-сяго ўдалося ўсё ж дабіцца. Былі выдадзены ўказы, якія пашырылі маёмасныя і асабістыя правы праваслаўных феадалаў.

Ганна не магла быць сведкам гэтых падзей. Не мог расказаць ёй пра гэта і бацька. Бо ён памёр у 1460 г., калі дзяўчынка была яшчэ зусім маленькая. Але смела можна сцвярджаць, што расказы пра часы гэтага выступлення неаднойчы гучалі ў залах палаца Кобрынскіх. Успаміналі пра гэта ўдзельнікі бітваў, з гонарам прыгадвалі пачутае ад бацькоў нашчадкі. Ды і нядзіўна, бо і родныя Ганны, і іх госці, якія адносіліся да таго ж сацыяльнага асяроддзя, адчувалі, як велікакняжацкая адміністрацыя мала-памалу заціскала іх, абмяжоўвала іх уладу.

Лёс, выпадак ці воля Івана — брата Ганны, які пасля смерці бацькі стаў уладаром княства, распарадзіліся так, што жаніхом дзяўчыны стаў менавіта адзін з такіх пакрыўджаных — князь Фёдар Бельскі. Гэта ён разам з Іванам Гальшанскім і Міхаілам Слуцкім вырашылі падняць паўстанне супраць свайго сюзерэна. Яны збіраліся аддзяліць частку Вялікага княства Літоўскага, якую насялялі праваслаўныя беларусы, і далучыць яе да Маскоўскага княства. Паўстанне было прызначана на 1481 г. Выбралі і канкрэтны дзень, калі яно пачнецца — дзень вяселля Фёдара Бельскага і Ганны.

План быў прадуманы да дробязей. Запрошаны на вяселле прадстаўнікоў такіх дзвюх паважаных сямей, вялікі князь літоўскі Казімір проста не мог не прыехаць у палац Кобрынскіх. А там у час вясельнай гульбы, магчыма, за вясельным сталом ці на паляванні, з ім адбудзецца няшчасны выпадак...

Невядома, ці кахаў сваю будучую жонку Фёдар Бельскі. Калі кахаў, то вельмі цяжка зразумець, як згадзіўся ён на такое жорсткае для яе выпрабаванне. Таму што нават у выпадку ўдачы змоўшчыкаў пяшчотная дзяўчына даволі доўга не магла б апамятацца ад відовішча мёртвага цела на ўласным вяселлі, у родным палацы.

Але ж ні Бельскі, ні яго паплечнікі не маглі гарантаваць поспеху свайго мерапрыемства. Яны рызыкавалі галовамі і ведалі гэта. Маладая княгіня Бельская магла адразу, не паспеўшы адчуць сябе жонкай, ператварыцца ва ўдаву.

Можна з вялікай верагоднасцю сцвярджаць, што, даючы згоду змоўшчыкам выкарыстаць дзень яго асабістай урачыстасці для пачатку паўстання, Бельскі з характэрнай для большасці мужчын самаўпэўненасцю палічыў пачуцці жанчыны, якая кахала яго, нявартымі ўвагі.

А Ганна кахала шчыра, апантана, так, як можна кахаць толькі аднойчы ў жыцці.

У той дзень яна была самая шчаслівая. І, абменьваючыся пярсцёнкам з жаніхом сваім каля алтара, нават не падазравала, што шчасце гэта будзе такім нядоўгім — усяго толькі адзін дзень.

Раніцай маладому мужу давялося бегчы, ратуючы ўласнае жыццё ад гневу Казіміра. Адбылася здрада. Вялікаму князю літоўскаму нехта выдаў імёны змоўшчыкаў.

Іван Гальшанскі і Міхаіл Слуцкі былі схоплены адразу ж. Фёдару Бельскаму ўдалося схавацца. Ён накіраваўся ў гасцінную для праваслаўных беларусаў Маскву. Уцекача прыняў і прылашчыў вялікі князь маскоўскі Іван ІІІ. Ён падараваў Бельскаму гарады Дземен і Мораў.

Хутка да князя Фёдара дайшла вестка пра жахлівую расправу Казіміра над яго сябрамі: вядомым магнатам княства адсеклі галовы.

Цяпер ужо шляху назад у Бельскага не было. Але ў Літве засталася маладая жонка князя. Уцякач не змог узяць яе з сабой. І зараз Ганну Кобрынскую ў якасці заложніцы трымаў Казімір. Вялікі князь літоўскі спадзяваўся, што яго асабісты вораг абавязкова вернецца за красуняй-жонкай.

Фёдар жа абжываўся ў Маскве. Іншыя звычаі, іншае асяроддзе. Праўда, акрамя яго было тут яшчэ нямала выхадцаў з Вялікага княства Літоўскага, але ўсё ж даводзілася даказваць сваю годнасць. Так, у 1485 г. ён удзельнічаў у паходзе на Цвер. Здаецца, усё складвалася добра. Аднак родная зямля заве-цягне да сябе. І Бельскі робіць спробу вярнуцца на радзіму. Але яго схапілі і пакаралі, саслалі ў далёкі Галіч. Аднак, праз пэўны час Іван ІІІ загадаў вярнуць князя ў Маскву. Ён дараваў яму і шчодра адарыў.

Увесь гэты складаны час Фёдар не мог забыць сваю жонку. Ён успамінаў сустрэчы з ёй, вянчальную службу ў храме, шлюбную ноч... Сведчаннем гэтага з’яўляецца той факт, што пытанне аб тым, каб Ганну адпусцілі з Літвы, увесь час абмяркоўваецца і літоўскім дваром, і маскоўскім, і абавязкова прысутнічае ў карэспандэнцыі, якую дасылалі адзін аднаму абодва манархі.

Фёдар доўга спадзяваўся. Чакала Казіміравага даравання і Ганна. Неаднойчы вялікі князь літоўскі прапаноўваў: «Прыязджай і забірай!» Але ўсе разумелі, што гэта немагчыма. Бо князя Бельскага чакала тое ж, што і яго паплечнікаў, — плаха. Паступова ён страціў надзею. Апошні раз імя Ганны сустракаецца ў грамаце, якую даслалі з Масквы вялікаму князю літоўскаму, ужо не Казіміру, а Аляксандру, у 1495 г. Але, пэўна, нянавісць да таго, хто рыхтаваў яго забойства, была ў Казіміра настолькі моцная, што ён перадаў яе ў спадчыну свайму сыну. Адказ Бельскаму з Літвы быў ранейшым. Фёдар пачаў задумвацца над неабходнасцю працягу роду. Ён вырашыў у рэшце рэшт ажаніцца. Вяселле адбылося ў 1498 г. у Разані. Жонкай Бельскага стала князёўна Разанская, пляменніца вялікага князя Івана ІІІ. Яна вельмі хутка падаравала яму трох сыноў — Дзмітрыя, Івана і Сямёна. Князь Фёдар ацаніў давер маскоўскага гаспадара. Ён аддзякаваў Івана ІІІ сваёй адданасцю. У наступным годзе ваявода Бельскі ў якасці начальніка вялікага коннага палка пасылаецца на дапамогу казанскаму цару. У 1502 г. удзельнічае ў вайне супраць Вялікага княства Літоўскага. У 1506 г. разам з іншымі ваяводамі Івана ІІІ вядзе войскі на Казань. Гэта апошняе ўпамінанне пра князя Фёдара ў хроніках. Хутчэй за ўсё адразу пасля казанскага паходу ён памёр.

Бельскі змагаўся за Ганну семнаццаць гадоў, амаль трэць свайго жыцця...

А што ж Ганна? Яна прагна лавіла кожную вестку аб ім, кахала яго па-ранейшаму, не маючы магчымасці нават напісаць некалькі слоў чалавеку, саюз з якім быў замацаваны перад Богам і людзьмі. За кожным яе рухам пільна сачылі спачатку людзі Казіміра, пасля — Аляксандра. Ганне прапанавалі абраць сабе іншага мужа. Але яна не згадзілася. У 1491 г. памёр брат Ганны, і яна стала адзінай уладальніцай Кобрынскага княства. Аднак становішча яе гэта не палепшыла. Толькі тады, калі вялікім князем літоўскім пасля Аляксандра стаў Жыгімонт І, Ганна нарэшце адчула сябе свабоднай. Але Фёдара Бельскага ўжо не было ў жывых. Жыгімонт неўзабаве вырашыў ліквідаваць Кобрынскае княства.

Кіруючыся нейкім вельмі далёкімі ад кахання прычынамі, немаладая ўжо Ганна рашаецца на другое замужжа. Гэты шлюб быў нядоўгі. Князёўна Кобрынская памерла ў 1519 г. Кобрынскае княства вялікі князь літоўскі перадае яе мужу, маршалку Вацлаву Касцевічу.

Ганна захоўвала вернасць Бельскаму трыццаць восем гадоў. Калі б ён жыў далей, яна б не здрадзіла свайму каханню да самой смерці.

І.Масляніцына.