Выступленне сялян гарадзецкай воласці

Ад часоў першабытных - 1917

У чэрвені 1848 г. да міністра народнай асветы звярнуўся папячыцель Беларускай навучальнай акругі з прадстаўленнем аб адкрыцці ў Кобрыне казённага аднакласнага прыходскага вучылішча, «каб даць магчымасць бедным дваранам, якія жывуць там і ў наваколлі, у набыцці іх дзецьмі хоць бы пачатковай адукацыі». Кобрынскае гарадское таварыства сабрала грошы і на зямлі, што раней належала скасаванаму каталіцкаму манастыру, пабудавала для вучылішча дом. Меркавалася, што ўтрыманне вучылішча будзе весціся за кошт даходаў ад ліквідаваных манастырскіх маёнткаў, якія складалі 170 рублёў у год. З той сумы 100 рублёў планавалася плаціць настаўніку, астатнія грошы павінны былі ісці на ацяпленне і інш. расходы. Мэблю за свае сродкі абяцаў набыць ганаровы наглядчык вучылішчаў Кобрынскага павета Ажэшка.

Аднак Міністэрства асветы адмовілася выдаткоўваць кожны год неабходную суму, прапанаваўшы Кобрынскаму гарадскому таварыству і ганароваму наглядчыку «прыняць на сябе ўтрыманне гарадскога вучылішча».

І ўсё ж навучальная ўстанова была адкрыта на сродкі добраахвотных ахвяраванняў членаў гарадскога таварыства і жыхароў. Ажэшка абавязаўся штогод даваць 50 рублёў серабром. Але грошы паступалі нерэгулярна, і ў 1857 г. запазычанасць склала больш за 232 рублі. І гэта нягледзячы на тое, што новы наглядчык Скірмунт, прызначаны на пасаду ў 1853 г., абавязаўся «ахвяраваць на карысць вучылішча па 100 рублёў серабром кожны год, пакуль будзе на гэтай пасадзе».

Толькі ў маі 1857 г. Міністэрства фінансаў паведаміла папячыцелю Беларускай навучальнай акругі, што з 1 студзеня 1857 г. Гродзенскай казённай палаце прадпісана выплачваць настаўніку Кобрынскага прыходскага вучылішча 170 рублёў з даходаў скасаваных манастыроў.

Першы настаўнік вучылішча Карл Кацель памёр у 1856 г., не дачакаўшыся аплаты за сваю працу.

У 1855 г. у вучылішчы былі 82 вучні, у 1857 г. — 36. З іх 18 з’яўляліся дзецьмі дваран, 7 — мяшчан, 3 — аднадворцаў, 2 — вольнаадпушчаных, 3 — салдат, 3 — сялян.

Н.М.Пліско.