Кобрынскі пяхотны полк

Ад часоў першабытных - 1917

Вайсковая часць у расійскай арміі ў 1811—1918 гг. Сфарміраваны 17.1.1811 г. з роты Кюменягардскага батальёна і губернскай роты Гродзенскай губерні як Гродзенскі губернскі паўбатальён, з 27.3.1811 г. Гродзенскі батальён (з 14.7.1816 г. Гродзенскі гарнізонны батальён, з 1864 г. Гродзенскі губернскі батальён, з 26.8.1874 г. Гродзенскі мясцовы батальён, з 31.8.1878 г. — 20-ы рэзервовы пяхотны батальён). У гонар перамогі рускіх войскаў над французамі пад Кобрынам 15.7.1812 г. батальён 25.3.1891 г. атрымаў назву Кобрынскі пяхотны рэзервовы батальён. 1.12.1892 г. перафарміраваны ў Кобрынскі 184-ы пяхотны рэзервовы полк, з 1.1.1898 г. перайменаваны ў Кобрынскі 171-ы пяхотны полк. Удзельнічаў у вайне 1812 г. у складзе 1-й Заходняй арміі, у замежных паходах рускай арміі 1813—1815 гг. У канцы XIX ст. уваходзіў у 43-ю пяхотную дывізію 2-га армейскага корпуса і быў раскватараваны ў Гродне (Віленская ваенная акруга). У 1-ю сусветную вайну ў 1914—1917 гг. дзейнічаў на Заходнім фронце. Расфарміраваны 1.3.1918 г. паводле ўказа Савецкага ўрада.

Ш.І.Бекцінееў.