Міцкевіч Юльян Аляксандр

Ад часоў першабытных - 1917

Міцкевіч Юльян Аляксандр

 (1801 — 16.11.1871)

Юрыст, прафесар права. Малодшы брат паэта Адама Міцкевіча. Нарадзіўся ў Навагрудку. Закончыў юрыдычны факультэт Віленскага універсітэта. У час студэнцтва актыўна дзейнічаў у таварыстве філарэтаў, за што быў арыштаваны і ў лістападзе 1823 — красавіку 1824 гг. адбываў зняволенне ў кляштары францысканцаў у Вільні. У 1826 г. узнагароджаны як лепшы студэнт, атрымаў ступень магістра абодвух правоў. З 1828 г. працаваў настаўнікам у Крамянецкім ліцэі на Валыні, прафесар рымскага права ва універсітэтах св. Уладзіміра ў Кіеве (з 1835) і ў Харкаве (з 1840).

У 1857 г. купіў маёнтак Губерня пад Кобрынам, дзе жыў з сям’ёй пасля выхаду ў адстаўку (прыкладна з 1859). Тут ён у перапынках паміж гаспадарчымі справавамі рыхтаваў да друку навуковыя працы «Энцыклапедыя права» і «Курс рымскага права». За гады жыцця на Кобрыншчыне сям’ю Міцкевічаў неаднойчы наведвалі пляменнікі — дзеці Адама Міцкевіча — Уладзіслаў (упершыню наведаў Кобрын у 1861), Марыя (у 1862), пазней — Юзаф.

У Кобрыне на старадаўніх могілках каля Петра-Паўлаўскай царквы захаваўся помнік на сямейнай магіле Міцкевічаў. Тут апрача Аляксандра пахаваны яго жонка Тэрэза і сын Францішак.