Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч

Ад часоў першабытных - 1917

Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч

(1827, былы маёнтак Мацы Кобрынскага павета, зараз Кобрынскі раён — 7.10.1900)

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі. Закончыў Свіслацкую гімназію, Пецярбургскі інстытут інжынераў шляхоў зносін. Адзін з кіраўнікоў партыі «чырвоных», найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага. З чэрвеня 1863 г. уваходзіў у склад Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, потым Выканаўчага аддзела Літвы. У лютым — сакавіку, чэрвені — жніўні 1863 г. паўстанцкі начальнік Вільні. Наладжваў сувязі з рускімі рэвалюцыянерамі, з арганізацыяй «Зямля і воля». Са жніўня 1863 г. за мяжой на нелегальным становішчы, выехаў у Пецярбург, потым у Кёнігсберг, дзе быў прадстаўніком Каліноўскага, удзельнічаў у выданні газеты «Глос з Літвы», займаўся закупкай і дастаўкай зброі для паўстанцаў. З 1866 г. жыў у Англіі пад прозвішчам Леон Варнэрке. Набыў шырокую вядомасць шэрагам вынаходак у галіне фотатэхнікі, у 1875 г. сканструяваў фотаапарат са скручанай касетай, які спецыялісты лічаць прататыпам «Кодака». У 1880-я гады некалькі разоў пабываў у Расіі, у т.л. у Маскве і Пецярбургу, удзельнічаў у фотавыстаўках, у заснаванні секцыі фатаграфіі Расійскага імператарскага тэхнічнага таварыства. Апошнія гады жыў у Жэневе.

Генадзь Кісялёў, Вячаслаў Шалькевіч.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1999. Т. 5. С. 57.