Дакументы сведчаць

Ад часоў першабытных - 1917

РАПАРТЫ АБ СТАНЕ КОБРЫНСКАГА КАСЦЁЛА

31 студзеня 1798 г.

Парафіяльны Кобрынскі касцёл у месцы былой каралеўскай эканоміі перад тым уладанне ксяндзоў-езуітаў, а па ліквідацыі іх закона і перадачы паезуіцкіх добраў, зараз ва ўладанні ягамосці пана Станіслава Ласкоўскага, войскага Кобрынскага павета, адстаіць 46 міляў ад губернскага горада Вільна.

Плябан Ігнаці Бухавецкі, інфлянцкі канонік, па заканчэнні духоўных навук у езуіцкім законе ў 1767 г. быў пасвячоны на капланства, быў 10 гадоў прафесарам, 9 гадоў прэфектам брэсцкіх школ, 18 гадоў рэктарам. Атрыманыя абавязкі плябана спраўляе толькі на плябанію, з-за чаго назіраць брэсцкія школы і трывала жыць не мог, а зараз, пасля заняцця мясцовым гараднічым усяе плябанскай рэзідэнцыі, зусім няма месца дзе жыць. З-за непаступлення даўно даходаў з большасці тых гадоў, няма і фундушу як жыць. Мае атэстат набытага экзамена з маральнай тэалогіі. Да духоўных паслуг трымае вікарыя ксяндза Вернера Квяткоўскага, які родам з Сандамірскага ваяводства, па заканчэнні звычайных для духоўнага стану навук у семінарыі Кракаўскай акадэміі ў 1771 г. быў пасвячоны на капланства, быў камендантам у Вільні 3 гады, пры парафіяльным Чарнаўчыцкім касцёле 7 гадоў, а зараз ужо 16 гадоў пры Кобрынскім.

Другі для дапамогі законнік пры тым касцёле Баніфацый трынітар, адукаваны і набытыя абавязкі падае брэсцкаму кляштару. Мае атэстат па маральнай тэалогіі.

Пры тым касцёле маецца яшчэ асобны бенефіцый на ўтрыманні ксяндза алтарыста Яна Бярнацкага, які родам з Падляшскага ваяводства. Адукаваны ў духоўны сан у Янаўскай семінарыі, на капланства пасвячоны ў 1744 г., быў вікарыем пры Кобрынскім парафіяльным касцёле 7 гадоў, алтарыстам 47 гадоў. З-за старасці і слабасці абавязкаў алтарыста не спраўляе і споведзей не слухае. Для спраўлення імшы ксяндзоў аблігаваных або іншых капланаў наймае і запрашае.

Парафія прасціраецца на 5 квадратных міляў, мае мужчын лацінскага абраду 665, кабет 653, разам усіх 1318. З іх прыступаючых да св. камуніі 1068, а не прыступаючых 250. У мінулым годзе з 1 студзеня 1797 г. да 1 студзеня 1798 г. у парафіі ахрышчана 20 хлопчыкаў і 25 дзяўчынак. У той парафіі маецца прыватная капліца ў ваколіцы Дзевяткі, пры якой няма ніводнага чалавека. Пры касцёле ёсць памяшканне для ўбогіх пад назвай шпіталь, дзе жыве 7 баб, а часам і болей. Пабудаваны коштам плябана. Школка парафіяльная пабудавана там, дзе зараз па заняцці мясцовым гараднічым усяе плябанскай рэзідэнцыі сам ксёндз жыве.

Гэты рапарт напісаны ўласнай рукой і падпісаны ў Кобрыне.

Ксёндз Ігнаці Бухавецкі, плябан кобрынскі

* * *

Кобрынскі парафіяльны касцёл уфундаваны найяснейшым каралём Жыгімонтам І, каралём польскім і вялікім князем літоўскім у 1513 г. з наданнем добраў Балоты на плябанію і Стрыгава на алтарыю, а таксама дзесяціны з маёнткаў Вязок і Чаравачыцы каралеўскай эканоміі, якія зараз аддадзены графу Сувораву разам з Фрузына, шляхецкага ўладання. Пасля адбору ад касцёла тых добраў, Балоты і Стрыгава, і перадачы іх луцкім езуітам па канвенцыі луцкага біскупа Валуцкага ў 1610 г., што пацверджана Жыгімонтам ІІІ, фундуш касцёла застаўся на 20 маргах грунту пад месцам Кобрынам і асобных грунтах у розных урочышчах, якіх, як сведчыць камісарская рэвізія Дзмітрыя Сапегі, павінна быць 6 валок. Зараз жа ледзь да 2 валок і 15 маргоў састаіць. На тых маргах даўно пабудаваны фальварчак, а зараз плябанам асаджона 4 заступнікі.

На частцы тых грунтоў на асабістую патрэбу плябан высявае: 5 бочак жыта, бочку і 9 гарцаў пшаніцы, бочку і 2 гарцы ячменю, 2 бочкі аўса, 2 гарцы проса, 6 гарцаў ільну. Вышэйзгаданыя заступнікі тых грунтоў апрацаваць не могуць і іх нельга лічыць цяглымі, бо грунтоў мала, а сенакосу і лесу наогул няма. Робяць, аднак, на фальварак па два дні мужчынскія і два жаночыя ў тыдзень. Чыншу і збожжавай даніны не даюць аніякіх. Тых людзей увогуле з фальварковай чэляддзю зараз 10 мужчынскіх душ. Крэсэнцыі таго фальварка хапае толькі на стол плябану, пракармленне чэлядзі плябанскай і фальварковай, таксама на куплю коней і валоў для фальварка, на людзей для апрацоўкі раллі, а таксама на куплю сена.

З карчмы па касцельнай юрысдыцы пасля яе перабудовы нанава належыць даходу 340 злотых, аднак з-за пастаяннага яе заняцця вайскоўцамі, таксама паступае толькі частка. За дзесяціну фальварковую с добраў Вязок і Чаравачыцы па дамове з уладамі былой эканоміі належыць у год 1400, але тая плата за мінулыя два гады і потым за 1794, 1795, 1796 зусім затрымана, а зараз за мінулы 1797 г. толькі ў частцы аплачана. З добраў Фрузына Азямблоўскіх за дзесяціну належыць 270, але і тая некалькі гадоў не даходзіць. Ад сумаў розных дабрадзеяў, на кобрынскім кагале размешчаных, належыць 516, аднак з той належнасці жыды за 4 гады толькі частку сплацілі. З фальварка Ушкавіцы, ва ўладанні Яна Блоцкага, павінна паступаць у год 60 злотых, але і гэта многа гадоў не даходзіць. З Балоты ад паноў Дуброўскіх і Свежкаў гадавой належнасці не даходзіць 32 злотыя. Чыншу з пляцаў касцельных ад розных асоб 82. З касцельных даходаў, ад шлюбаў, пагрэбаў, якія найбольш з грэкаў, чынш толькі з ласкі даючых можа ледзьве 70. З кагала кобрынскага павінна ісці на парафіяльную школку 80, што не належыць да касцельных даходаў, аднак і тое 4 гады не даходзіць. Усяго гадавога даходу павінна быць 2770 злотых. Аднак ксёндз плябан, не пакідаючы моцных намаганняў як праз неаднаразовыя просьбы да ўрада, так і праз праўныя крокі аб адшуканні таго, што належыць, з 1793 г. чатыры гады не мог атрымаць даходу больш як 800 злотых рускіх.

З памянутай фундацыі працэнтаў адпраўляецца ў год парафіяльных і легацыйных імшы 398.

Расход гадавы пастаянны быў наступны:

Сам плябан трымае вікарыя за 600, стол з даходаў касцельных 26, утрыманне законніка 200, арганісту 350, чэлядзі 100, парабкам з адзежай 100, гаспадыні 70, пастухам 30 — усім 300, за дровы 120, за святло, воск, лой, віно, вугаль, на свечы 250, матэрыял на рэпарацыю 230, наёмнікам для апрацоўкі зямлі, збор і малацьбу крэсэнцыі 250, падаткі, ахвяра дзесятага гроша 167, падымнае 50, з фальварка і карчмы з чопавым 24 — разам 44, субсідыі-харытарум 25, пажыткі розныя 10 — разам 35. А ўсяго гадавога расходу 2552 злотыя.

Расход перавышае даход. Жадаючы ў парадку трымаць касцёл і плябанію, ксёндз плябан сродкі замяшчаў часткай з выслужанага на рэктарстве, часткай з пазычаных грошай у надзеі, што залегласці можна калі-небудзь атрымаць. Пры тым касцёле ўфундаваная алтарыя з пабудаваным пляцам і агародамі без усялякай зямлі. Ад пана Невельскага капітал на 4 тыс. злотыя, забяспечаных на маёнтках многіх у Кобрынскім павеце: ягамосці Адама Чартарыйскага, таксама на Брылаве Рушчыкоўскім, з легацыі Рафала і Ганны Масальскіх 1 тыс. злотых, таксама на Беразе Канінскай з легацыі пана Антона Тура 1 тыс. злотых. Усяе сумы капітальна 6 тыс. злотых, з якой бярэ ксёндз алтарыст гадавым працэнтам 420 злотых.

Акрамя таго, ад аселых на асобным легачыйным пляцы 6 хатак чыншу 48 злотых, які зараз не паступае. З таго капіталу абавязаны адпраўляць у год 150 імшы і з жылля свайго плаціць 50 падымнага. Такога працэнта ў цэлым на яго жыццё не хапае, а з таго, што паказана ў першай схеме, імшы адпраўляць з-за старасці і слабасці не здольны. Значыць, можа звацца ўбогім, з міласціны жывучым ксяндзом.

Пры тым касцёле няма фундушу на шпіталь больш як 20 злотых у год і кавалка зямлі пясчанага, што ледзь 4 злотыя на год учыніць можа.

Гэты рапарт дакладна напісаны ўласнай рукой і падпісаны ў

Кобрыне 19 /31 студзеня 1798 г.

Ксёндз Ігнаці Бухавецкі, плябан кобрынскі.

* * *

2 лютага 1798 г.

Касцёл і шпіталь у Кобрыне, як Валовічам, так і найяснейшымі каралямі польскімі пацверджана, мае наданнем пад фундуш грунт пад местам павятовым Кобрынам і ануату са скарба даўняй каралеўскай эканоміі у год 300 злотых, а якая за два гады мінулыя — 1794 і 1795 — дасюль не выплачана. Маецца таксама карчма і сумы з гадавых спадчын сабраныя. Першая на Антопалі, добрах брэсцкага кашталяна Быстрага, забяспечаная і з часам узвышаная. З добраў Рачкі, якія ляжаць у Кобрынскім павеце, зноў прыбыла спадчына Бенядзікта Арэшкі 500 злотых, памерлага ксяндза Гудзея Гурскага на св. імшу запісана 200 злотых. Разам склаўшы ўсяго будзе 6100 зл.

На вышэйзгаданым грунце намаганнем даўнейшых пробашчаў шпітальных выстаўлены фальварачак, да якога ў розных урочышчах належыць 1 валока 20 маргоў, на якіх на асабістую патрэбу ксёндз пробашч шпітальны высявае 4 бочкі жыта, 1,5 бочкі ячменю, паўчвэрці бочкі пшаніцы, паўчвэрці бочкі грэчкі і 9 гарцаў. Сялян няма ніякіх, але ўсё парабкамі і за гатовы грош наёмнікамі апрацоўваецца.

Ад вышэйзгаданых сум паступае працэнтам 427 злотых. З карчмы за дачасную ўмову з эканамічным скарбам 500, з экзакцыі Кобрынскага павета на пробашча і ўбогіх 300 — усяго 1227 злотых. З таго фундуша абавязаны пробашч у год адпраўляць па розных спадчынах 140 імшы. З гэтага ж расход: на ўбогіх 160, у збожжавых прадуктах 40, на рамонт даху, розныя рэпарацыі шпіталя ў мінулым 1797 г. на драніцу 360, на рэпарацыю кухоннага дома 100, на гаспадара і гаспадыню ў год 150, на селяніна пры касцёле з адзежай 150, двум парабкам, пастуху, гаспадыні па 30, а усім 120, усім бялізна, на воск, лой, касцельную бялізну 200, падымнае з двух дымоў зараз 60, дзесяты грош 102, чынш з грунта да месца 12 — усяго будзе 1504 зл.

Дадзены ў Кобрыне 20 студзеня/2 лютага 1798 г.

Ксёндз Вернер Квяткоўскі, інфлянцкі канонік.

Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 822. Воп. 12. Спр. 2943. Л. 590—593.

Падрыхтаваў Я.К.Анішчанка.