Кобрынскі сабор 1626 г.

Ад часоў першабытных - 1917

У царкоўна-рэлігійнай палітыцы рымскай курыі, вярхоўнай улады ВКЛ, Польшчы, пазней Рэчы Паспалітай пэўнае месца адводзілася планам уніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Кіруючыя колы ВКЛ, Польшчы, каталіцкая іерархія абедзвюх дзяржаў разлічвалі з прыняццем уніі на ўмацаванне дзяржаўна-палітычных і царкоўных структур, пашырэнне сувязей з Захадам, асабліва з каталіцкімі краінамі. Пэўная частка беларуска-літоўскай і ўкраінскай свецкай і духоўнай знаці ВКЛ падтрымлівала гэтыя захады. Унія магла садзейнічаць скасаванню пэўных абмежаванняў, што датычыліся праваслаўнага насельніцтва ВКЛ, сацыяльна-палітычнай кансалідацыі прывілеяваных колаў грамадства.

Прыхільнікі уніі мелі надзею атрымаць статус каталіцкага духавенства, права засядаць у радзе, сенаце, бо праваслаўная шляхта ўжо дабілася прывілеяў, што ўстанаўлівалі поўную прававую роўнасць усіх феадалаў Рэчы Паспалітай. Вярхоўная ўлада ў сваю чаргу разлічвала, што прыняцце уніі паслабіць палітычныя і царкоўна-рэлігійныя ўплывы маскоўскай патрыярхіі.

Брэсцкая унія 1596 г. абвясціла аб утварэнні уніяцкай царквы, якая прызнавала вяршэнства Папы Рымскага і захоўвала ў асноўным абраднасць грэка-ўсходняй царквы. Ва ўмовах афіцыйнага навязвання унія выклікала шырокі сацыяльны пратэст. Абарона праваслаўя станавілася патрыятычнай справай аховы народнасці, мовы, культуры, што асабліва адчувалася ў першыя дзесяцігоддзі пасля абвяшчэння уніі. Антыуніяцкую накіраванасць мелі Віцебскае паўстанне 1623 г., у час якога быў забіты полацкі архіепіскап І.Кунцэвіч, іншыя выступленні. Інтэнсіўную прапаганду супраць уніі вялі беларускія і ўкраінскія брацтвы, якія аб’ядноўвалі пераважна гарадское насельніцтва.

Антыуніяцкія выступленні стымуляваліся афіцыйнай забаронай дзейнасці праваслаўнай царквы, перадачай яе маёнткаў і іншай уласнасці уніятам, іншымі абмежаваннямі рэлігійнай дзейнасці.

З мэтай прымірэння праваслаўных і уніятаў Рэчы Паспалітай уніяцкі мітрапаліт І.В.Руцкі і кароль Жыгімонт ІІІ Ваза ў 1626 г. абвясцілі скліканне Кобрынскага сабора. Але непрыняцце гэтай ідэі рымскай курыяй і кіраўніцтвам праваслаўнай царквы зрабіла правядзенне аб’яднаўчага сабора немагчымым. У верасні 1626 г. у Кобрыне адбыўся толькі сабор грэка-каталіцкага (уніяцкага) вышэйшага і сярэдняга кліра на чале з Руцкім. Кобрынскі сабор прыняў пастанову пра адкрыццё уніяцкай семінарыі для падрыхтоўкі духавенства (існавала ў 1650-я гады пры Мінскім базыльянскім кляштары), асудзіў сімонію (набыццё царкоўных пасад за грошы), пацвердзіў аўтаномію базыльянскага ордэна ў царкве і забараніў вышэйшаму беламу духавенству займаць у ім пасады. Сабор абавязаў епіскапаў і протаархімандрыта (генерала) базыльян даваць штогадовыя справаздачы мітрапаліту, а апошняга — Кангрэгацыі прапаганды веры ў Рыме. Было вырашана склікаць агульныя царкоўныя саборы кожныя 4 гады.

У 1629 г. Папа Урбан VIII зацвердзіў рашэнні Кобрынскага сабора з шэрагам змен і прапаноў.

С.В.Казуля.