Мармуровыя вехі гісторыі

У ВЕРАСНЁЎСКІЯ дні сёлета спаўняецца 40 гадоў уз'яднання заходнебеларускіх зямель з БССР. Аб гэтай векапомнай падзеі, якая шырока адзначаецца грамадскасцю нашай рэспублікі, кабрынчанам напамінае мемарыяльная дошка, умацаваная на сціплым аднапавярховым доміку на плошчы Камсамольцаў, дзе 22 верасня 1939 г. асталявалася часовае ўпраўленне Кобрынскага павета, якое пасля выбараў у мясцовыя Саветы ў снежні таго ж года перадало свае паўнамоцтвы райвыканкому.

На той жа плошчы з гэтай дошкай пераклікаецца другая мармуровая скрыжаль, змешчаная ля ўваходу ў музычную школу. Гэты дом увайшоў у гісторыю нашага горада яшчэ ў 1920 годзе дзякуючы таму, што ў ім у той бурны час размяшчаўся Кобрынскі павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт, узначальваемы П. Е. Харашылавым, які быў першым органам сапраўды народнай улады на Кобрыншчыне.

Доўгі і цяжкі быў шлях да аб'яднання беларускага народа, які капрызамі гісторыі аказаўся раздзеленым на цэлыя два дзесяцігоддзі. Ва ўсе гэтыя гады не спынялася барацьба працоўных за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Узнікненне першай на Кобрыншчыне падпольнай арганізацыі КПЗБ адзначана мармуровай плітой на адным з дамоў у цэнтры вёскі Паляцічы. Яшчэ адзін мармур нагадвае аб тым, што ў двухпавярховым доме, па вул. Савецкай на працягу доўгага часу дзейнічала дакладна заканспіраваная падпольная явачная кватэра КПЗБ. I, нарэшце, імёны рэвалюцыянераў Кобрыншчыны, якія загінулі ў гады гераічнай барацьбы, названы на дошцы, што ўмацавана на вуглу будынка швейнай фабрыкі па вул. Леніна.

Мы ўжо звыкліся з тым, што пры набліжэнні чарговай юбілейнай даты ў розных месцах горада і раёна паяўляюцца новыя мармуровыя вехі гісторыі. Аднак зрабіць і адкрыць памятныя знакі — гэта толькі адна частка справы. Не менш важна сістэматычна ўдзяляць увагу далейшай іх кансервацыі. А вось у гэтых адносінах у нас часта справа складваецца далёка не бліскуча. Каму, напрыклад, не кідаюцца ў вочы паблеклыя ад часу літары на дошцы па вуліцы Савецкай, тэкст якой не асвяжаўся з часу вырабу. Непрыемны выгляд мае мармуровая пліта на будынку музычнай школы. Мала таго, што літары на ёй выцвілі і дрэнна чытаюцца. У дадатак зніклі бронзавыя разеткі мацавання на вуглах. Усё гэта гаворыць аб тым, што хтосьці павінен помніць аб неабходнасці займацца перыядычным абнаўленнем тэкстаў, якія пад уздзеяннем атмасферных працэсаў, на жаль, хутка блекнуць.

Буйная юбілейная дата, якая набліжаецца, прымушае звярнуць неадкладную ўвагу на гэтыя прыкрыя ўпушчэнні. У заключэнне мне б хацелася выказаць пажаданне, каб да маючыхся ў горадзе памятных знакаў да 40-годдзя ўз'яднання прыбавіўся яшчэ адзін: у вуглавым двухпавярховым доме па плошчы Свабоды і вул. Суворава восенню 1939 года жыў выдатны савецкі паэт Аляксандр Трыфанавіч Твардоўскі, які разам з іншымі пісьменнікамі быў накіраваны ў Заходнюю Беларусь для правядзення сярод насельніцтва агітацыйнай работы. Яго ж прыбыццё ў Кобрын было непасрэдна звязана з уз'яднаннем беларускага народа ў адзінай дзяржаве і заслугоўвае быць адзначаным.

А.М. Мартынов

Мартынаў, А. Мармуровыя вехі гісторыі : нашы слаўныя даты / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1979. – 13 верасня. Аб мемарыяльных дошках, прысвечаных уз’яднанню беларускіх зямель з БССР у верасні 1939 г.