Дык якім быў замак?

Ажыўленая палеміка, выкліканая нядаўна зацверджаным праектам рэгенерацыі цэнтральнай часткі Кобрына, абудзіла павышаны інтарэс грамадскасці да мінулага нашага горада і, вядома, да яго старажытнага замка. Аб аднаўленні асобных фрагментаў якога гаворыцца ў праекце. Дык што ўяўляў з сябе некалі наш замак?

Аб часе першага прымітыўнага ўмацавання ў цэнтральнай частцы сённяшняга Кобрына ніякіх дакладных звестак да нас не дайшло. Можна з упэўненасцю сказаць адно. Паколькі крайнія паўночна-заходнія рубяжы Кіеўскай Русі, у якую на заранку нашай гісторыі ўваходзілі мясцовыя землі, межавалі з ваяўнічымі яцвяжскімі плямёнамі, якія жылі на поўнач ад Белавежскай пушчы, прыходзілася прымаць неабходныя абарончыя меры. Часта для гэтай мэты выбіраліся старыя гарадзішчы. У нашым выпадку паказальна тое, што ў І287 годзе, калі назва Кобрына ўпершыню паяўляецца ў пісьмовым дакуменце, ён ужо названы горадам. А гэта, у сваю чаргу, неразрыўна звязана з неабходнай наяўнасцю якіх-небудзь умацаванняў.

У аднолькавай ступені «пакрыта цемрай невядомасці», якую ролю мог адыгрываць замак потым, у перыяд жорсткіх міжасобных разладаў якія трэслі Вялікае княства Літоўскае, далучыўшае да сябе ў сярэдзіне XIV стагоддзя нашы землі.
Адзінае грунтоўнае і дакладнае апісанне Кобрынскага замка — адносна позняга паходжання і датуецца 1597 годам. У той час каралеўскія камісары Мельхіёр Райскі, Данііл Дамарацкі і Яраш Звер праводзілі рэвізію Брэсцкага стараства, па ходу якой даследавалі стан замка. Па іх апісанню, ён да таго часу па нейкіх прычынах прыйшоў у заняпад. На жаль, апісанне да такой ступені хаатычнае і непаслядоўнае, што на яго аснове цікаўныя нашчадкі пазбаўлены магчымасці скласці больш-менш выразнае ўяўленне аб замку.

Вось як прыкладна апісваюць замак каралеўскія камісары. Ніжні і верхні замкі акружаны валамі з частаколамі (абарончае збудаванне з завостраных тоўстых бярвенняў) і драўлянымі вежамі. Па мосту, перакінутаму цераз р.Кобрынку, уваходзім у крапасную браму з веснічкамі для пешаходаў. За бакавымі сценамі брамы знаходзілася некалькі пакояў, зверху — жыллё з ганачкам (балконам?), пры кожным жыллі меліся сенцы з вялікімі каменнымі комінамі. У пакоях стаялі доўгія сталы і лавы з ліпы або сасны. Печы кафляныя, распісаныя, цагляныя або проста чорныя. Шкло ў вокнах апраўлена ў драўляныя або алавяныя рамы. Ад брамы налева цягнуўся штыкетнік, над якім узвышалася вонкавая драўляная вежа. Непадалёку ад гэтай сцяны знаходзіўся драўляны дом з камерамі, святліцамі, каморкамі, перагародкамі і з неабходнымі для жылля прадметамі — сталамі, лаўкамі, палаткамі, печкамі і комінамі. Пад сталамі дзе-нідзе стаялі дубовыя куфары. У лепшых памяшканнях вокны ў алавяных рамах за жалезнымі кратамі. Пры святліцах — некалькі сенцаў, камор і кладовак. Ва ўсім замку наўрад ці меўся яшчэ адзін унутраны замак. За домам на крапасным валу стаяла пустая высокая вежа, насупраць якой звонку вала была меншая вежа. Далей ішоў агароджаны сад, у якім раслі слівы, грушы і яблыні, знаходзіліся склеп, ганак, нешта падобнае на альтанку і кладоўка з простай каменнай печчу і комінам. У наступнай — чацвёртай — вежы змяшчаўся млын з вінтом, за ім — канюшня і студня. Нарэшце, пятая вежа і брама, якая вяла на ніжні замак, і пад якой знаходзіўся падвал з жалезнымі дзвярыма. У высокай вежы на некалькі паверхаў захоўваўся стары складны мост. З ніжняга на верхні замак вёў стары мост на сваях. Пасярод яго была даволі чыстая лазня з кафлянай печкай. На канцы моста ў браме верхняга замка змяшчалася пад'ёмная машына на калёсіках. Ад брамы па баках стаялі некалькі веж, з'яднаных каменнымі пабудовамі, якія ўтваралі вонкавыя сцены абарончай лініі, некаторыя дзверы ў вежах запіраліся драўляным засавам пры дапамозе ланцугоў і прабояў. Унутры ўмацаванняў стаяла некалькі пустых пабудоў. Вонкавыя пакатасці бруствераў былі абшытыя драўлянымі дошкамі.
Як бачым, разабрацца, што да чаго — вельмі складана.

Што датычыцца ўзбраення замка, то яно складалася з дзвюх гармат, чатырох цэлых змеявікоў (лёгкіх пушак), 15-ці гакоўніц-зацінных пішчаляў, 17-ці рушніц (ружжаў). У замку жыў стары пушкар, надзелены дзвюма валокамі зямлі, тады як другі штатны пушкар памёр. У абавязкі пушкара ўваходзіла ўтрыманне ў парадку замкавай зброі, ачыстка яе і штогадовы выраб па шэсць новых рушніц, для чаго казна пастаўляла неабходны матэрыял. Але, улічваючы яго сталы ўзрост, яму дазвалялася абмежавацца вырабам чатырох рушніц. Акрамя яго, у замку жылі два кавалі, надзеленыя зямлёй і абавязаныя вырабляць усё неабходнае для замка. Дрэва на пабудовы і рамонт дахаў дастаўлялі штогод тры пастаўшчыкі. Ачысткай і рамонтам замка, пабудовамі, падтрымкай гацяў і млынавых плацін па звычаю займаліся гараджане.

У заключэнне дарэчы тут успомніць характэрную дробязь. Хоць сляды замка і «замкавай гары» поўнасцю зніклі з твару кобрынскай зямлі ў першай палове мінулага стагоддзя, памяць аб іх сярод каранных кабрынчан захоўвалася аж да апошняй вайны. Часта можна было пачуць выраз «Пойдзем праз замак» — гэта значыць прапаноўвалася павярнуць ля кінатэатра «17 Верасня» на цяперашнюю плошчу 700-годдзя г. Кобрына.

А.М. Мартынов

Мартынаў, А. Дык якім быў замак? : старонкі гісторыі / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1990. – 23 жніўня. – С. 2.