Адкуль пайшоў горад ...

Пытанне аб пачатку існавання Кобрына да гэтых часоў выклікае ў гісторыкаў супрацьлеглыя меркаванні, хоць усе яны сыходзяцца на тым, што наш горад вельмі старажытны. Большасць гісторыкаў выказвае думку, што ўзнікненне Кобрына адносіцца да XI або пачатку XII стагоддзя. У адным жа польскім дакуменце ёсць дата — 1111 год. Паводле старажытнага народнага падання, якое бытуе ў нашых мясцінах, пачатак Кобрына як горада звязан з наступнай падзеяй.

Спрадвеку на востраве, утвораным дэльтай упадачаючай у Мухавец балоцістай рачушкі Кобрынкі, існавала рыбацкае пасяленне. Землі гэтыя на зары нашай гісторыі ўваходзілі ў састаў старажытнарускай дзяржавы, а затым удзельнага Пінска-Тураўскага княства. Адзін з яго ўладальнікаў, патомак вялікага князя кіеўскага Ізяслава, пры паляванні ў тутэйшых лясах спыніўся тут на адпачынак.

Пры больш уважлівым знаёмстве мясцовасць яму спадабалася, і ў князя ўзнікла думка выкарыстаць востраў у якасці абароннага пункта. Потым тут узніклі першыя зямлянкі і драўляныя ўмацаванні, якія з цягам часу ператварыліся ў верхні і ніжні замкі, пад надзейнай аховай якіх паступова пачаў застрайвацца і засяляцца пасад.

Прыведзенае паданне вельмі праўдападобна і ўпаўне можна згадзіцца з тым, што такім быў пачатак горада. Датай жа ўзнікнення горада прынята лічыць першы ўпаман аб ім у летапісу. У адносінах да Кобрына такой умоўнай датай лічыцца 1287 год.

У тую аддаленую пору Кобрыншчына ўваходзіла ў састаў удзельнага Уладзімір-Валынскага княства, якім правіў князь Уладзімір Васільевіч. У складзеным ім завяшчанні, занесеным у Іпацьеўскі летапіс, у запісу 1287 года, чытаем: «Се аз, князь Володимир, сын Васильков, внук Романов, пишу грамоту: дал есьм княгине своей (Ольге Романовне) по своем животе (в смысле “жизни”) город Кобрын и с людьми и с данью, как при мне даяли, таго и по мне ать дають княгине моей”…

Як бачым, Кобрын у той час называўся горадам. Бадай, яшчэ больш спрэчным, чым дата ўзнікнення Кобрына, з'яўляецца пытанне аб паходжанні назвы горада. Ва ўсякім выпадку, можна з упэўненасцю сказаць, што яго назва нічога агульнага не мае з экзатычнай змяёй кобрай, як многія схільны думаць. Няпраўдападобнымі трэба прызнаць таксама спробы вывесці слова «Кобрын» ад імені старажытнага племені обры або кобры, аб якім упаміналася у пагаворках і былінах. Найбольш верагодна, што назва гэтая пайшла ад стара жытнага імя, уладальнік якога стаў у якіхсьці адносінах вядомым. Па яго імені і быў назван пасёлак.

Думаю, што для кабрынчан будзе цікава даведацца аб існаванні іншых геаграфічных назваў, утвораных ад корня «Кобр». Так, ля вёскі Навасёлкі ; нашага раёна існавалі ўрочышчы «Кобрынка» і «Падкобрынка». Урочышча «Кобрынка» было ля вёскі Ланской Маларыцкага раёна. Геаграфічныя назвы, утвораныя ад гэтага корня, сустракаюцца ў Лоеўскім раёне Гомельскай вобласці і іншых месцах.

Дарэчы, Кобрын, Кобрынскі і іншыя звязаныя з імі словы адносяцца не толькі да геаграфічных тэрмінаў. Не менш часта сустракаецца гэтае слова ў выглядзе прозвішчаў. Прозвішча Кобрынская насіла вядомая ўкраінская пісьменніца, яшчэ зусім нядаўна пражываў у Віцебску ўрач Кобрын, другі — у Данбасе, а на далёкім Урале існуе цэлая вёска, добрая палавіна жыхароў якой па прозвішчу з’яўляюцца цёзкамі нашага старажытнага горада.

А.М. Мартынов

Мартынаў, А. Адкуль пайшоў горад... : да 685-годзя г. Кобрына / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1972. – 11 студзеня.