Першыя органы Савецкай улады

У центры Кобрына на плошчы Камсамольцаў пад нумарам 9 стаіць двухпавярховы дом. Цяпер у ім музычная школа. Ля ўваходу прымацавана мемарыяльная дошка. На ёй надпіс: «У ліпені — жніўні 1920 года тут размяшчаўся Кобрынскі павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт — першы орган Савецкай улады».

Па пастанове Усерасійскага Цэнтральнага выканаўчага камітэта і Савета Рабоча-Сялянскай абароны ад 23 кастрычніка 1919 года, падпісанай У. I. Леніным і М. I. Калініным,на вызваленай ад ворага тэрыторыі трэба было арганізоўваць рэвалюцыйныя камітэты ў якасці часовых органаў Савецкай улады да правядзення сапраўдных выбараў у Саветы.

20 ліпеня 1920 года часці Чырвонай Арміі прагналі бела-палякаў з Кобрына, а 31 ліпеня ўся паўната ўлады ў горадзе і павеце перайшла да Кобрынскага павятовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Старшынёй камітэта быў Павел Яфрэмавіч Харашылаў, які потым стаў генерал-маёрам Савецкай Арміі. Членамі — Кулеў і Е.Бартэнбаум, сакратаром — В.К. Карліцкі. Пры камітэце былі створаны аддзелы і пададзелы, у павеце — рэвалюцыйныя камітэты.

Першачарговай задачай камітэта, было прыцягненне працоўных да ўдзелу ў савецкай рабоце, хутчэйшае ўзнаўленне паштовай сувязі і чыгуначнага руху для бесперапыннага забеспячэння наступаючых часцей Чырвонай Арміі боепрыпасамі і прадуктамі харчавання, падтрыманне рэвалюцыйнага парадку ў горадзе і павеце, выбары ў сельсаветы і г. д.

Была арганізавана павятова-гарадская міліцыя з 30 чалавек. Начальнікам яе стаў Ф. I. Федасюк. Камендантам горада быў назначаны мясцовы актывіст Павел Курэша. Крыху пазней для барацьбы з контррэвалюцыяй і шпіянажам было створана палітбюро (павятовае аддзяленне губчэка), у якое ўвайшлі Ф. I. Федасюк, Герш Пантэль і Дзмітрый Ляўчук.

Дзейнасць камітэта ў Кобрыне працягвалася да 13 верасня, калі ў сувязі з прыбліжэннем лініі фронту камітэт пераехаў у Драгічын, які ўваходзіў тады ў састаў Кобрынскага павета. У канцы верасня камітэт быў эвакуіраваны ў Гомель, а 17 кастрычніка 1920 года канчаткова ліквідаваны.

А. Мартынаў

Мартынаў, А. Першыя органы Савецкай улады / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1976. – 17 лютага.