Пад знакам зоркі Давіда

… На старэнькіх, на выгляд – яшчэ даваенных падсвечніках месцамі сцерлася і пазелянела бліскучае пакрыццё, у многіх месцах відаць сколы і трэшчыны. У музеі Навасёлкаўскай школы яны займаюць не зусім звычнае месца – не побач з іншымі прадметамі быту. Яны стаяць на вітрыне, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, дзе з аднаго боку з імі суседнічаюць салдацкая пілотка і танкісцкі шлем, з другога – нямецкі футляр ад процівагаза… Як паведамілі мясцовыя жыхары, да вайны гэтыя падсвечнікі належалі сем’ям навасёлкаўскіх яўрэяў, якія з прыходам гітлераўцаў аказаліся завочна асуджанымі на пакуты і смерць …

Іх ведалі ў вёсцы

Для кіраўніка музея, выкладчыка гісторыі Навасёлкаўскай школы Аляксандра Дронца, гэты нечаканы экспанат стаў зыходнай кропкай для чарговага даследавання, у ходзе якога атрымалася праліць яшчэ крышачку святла на адну з самых змрочных старонак ваеннай гісторыі Навасёлак, а разам з імі і ўсёй нашай Кобрыншчыны. Падчас гістарычнага даследвання Аляксандра Дронца былі знойдзены звесткі пра 11 сем’яў – 36 навасёлкаўскіх яўрэяў. Зразумела, у спісе могуць быць недакладнасці, таму што складаўся ён у асноўным паводле ўспамін вяскоўцаў.

- Да вайны яўрэі складалі даволі значны пласт насельніцтва нашай – як, дарэчы, і многіх іншых вёсак, – расказвае Аляксандр Дронец. – Так, у 1936-м годзе са 156-ці вучняў польскай школы 11 дзяцей было з яўрэйскіх сем’яў. Добра вядомыя былі ў вёсцы такія прозвішчы, як Церах (Шмуйла і Рэйзля з дзецьмі Аронам, Ханай, Давідам і Хосынам), Алергант, Меламед, Зельман, Пінкус, вялікая сям’я была ў Цукерманаў – дарэчы, іх дзеці Мейлах і Мендаль у 41-м годзе вучыліся адпаведна ў 4-м і 2-м класах. Памятаюць жыхары і гандляра з урочышча “Заграбы”, якога звалі Энгель Шмуль, ну а па-вясковаму – Шмулько. Вядома, што сын Энгеля Шмуля, Лейба, перад вайной выехаў у ЗША. Сын Пінкуса, Давід, перад вайной з’ехаў у Кобрын – і далейшы яго лёс невядомы. Сын яўрэя Іцкі, таксама Давід, ажаніўся з Рыўкай Меламед – разам яны выехалі з краіны.

З’ехаць пашчасціла не ўсім…

Зрабіць гэта пашчасціла не ўсім прадстаўнікам яўрэйскага насельніцтва Навасёлак – пачалася вайна… І адным з першых веснікаў бяды стала пакіданне яўрэямі абжытых месцаў. Як успаміналі мясцовыя жыхары, адзін час яўрэі проста ішлі і ішлі адзін за адным, амаль што чарадою… Аднак адышлі далёка не ўсе. Аб маштабах трагедыі добра гаворыць адзін толькі факт – ва ўсёй вёсцы вайну перажылі толькі два дамы яўрэяў: вялікі дом Цукерманаў, які стаяў у самым цэнтры вёскі – падчас вайны тут быў паліцэйскі ўчастак, і дом Арона Цераха, дзе пасля вайны знаходзілася першая ў Навасёлках бальніца. Астатнія былі знішчаны – як і іх гаспадары, якія толькі па адным факце сваёй нацыянальнай прыналежнасці не ўпісваліся ў “новы нямецкі парадак”.

Было ў Навасёлках нават сваё ўласнае гета. Размяшчалася яно там, дзе зараз знаходзіцца лазня, і ўяўляла сабой 6 хат, абнесеных агароджай з дошак і калючага дроту. Праіснавала яно нядоўга – ужо ў 1942 годзе па загадзе немцаў усіх навасёлкаўскіх яўрэяў на падводах вывезлі ў Дзівін, на былыя яўрэйскія могілкі справа ад дарогі. Была сярод тых пакутнікаў і Эстэр Алергант – якую ў народзе называлі Гестаркай, да вайны яна была дэпутатам у мясцовым Савеце. Яна наадрэз адмовілася распранацца перад расстрэлам, як загадалі фашысты – за гэта адзін з гітлераўцаў проста закалоў яе штыком. Астатнія былі расстраляны. Выпадковым сведкам таго расстрэлу стаў навасёлкавец Аляксандр Бляян, які потым і расказаў у вёсцы аб тых страшных падзеях.

“Асаблівых здарэнняў не было”

Чорны след халакосту на зямлі Кобрыншчыны і ўсёй нашай Беларусі прасочваецца і ў яшчэ адным страшным дакуменце, з якім мы пазнаёміліся дзякуючы навукова-даследчай дзейнасці Аляксандра Дронца. Аднойчы да яго ў рукі трапіў журнал баявых дзеянняў 310-га паліцэйскага батальёна (пазней – 3-га батальёна 15-га паліцэйскага палка). З нямецкай педантычнасцю ў яго падрабязнейшым чынам запісваліся ўсе “подзвігі” – спаленыя вёскі, расстраляныя жанчыны і дзеці, і, вядома, забітыя яўрэі, якія заўсёды праходзілі на фоне іншых ахвяр асобнымі радкамі.

17 кастрычніка 1942 года. “Патрулі ў населеных пунктах Блоты-Велькі і Ляхчыцы нічога не знайшлі. У Падлессе расстраляны адзін яўрэй. 9-я рота высылае атрады ў Мікалаева, што на ўсход ад Хабовічаў. Там расстраляны 7 пасобнікаў бандытаў (г. зн. партызан – заўвага аўтара) і 3 яўрэі. Знішчаны 1 двор”.

19 кастрычніка 1942 года. “9-я рота высылае карныя атрады ў Блоты-Велькі і раёны на поўдзень і поўнач ад Хабовічаў. Безвынікова. Каля Бельска і Корчыц расстраляныя яўрэі, якія бадзяліся. Пасланы ў Міхалін карны атрад 10-й роты нічога не знайшоў. Разведка ў раёне паўночней Антонава не дала вынікаў. У дзяржаўным маёнтку Ацечына, каля дарогі “Брэст – Кобрын” расстраляна 5 яўрэяў”.

22 кастрычніка 1942 года. “Каля Франопаля 10-я рота праводзіць разведку для падрыхтоўкі адной аперацыі і расстрэльвае 23 яўрэі. Польскае насельніцтва занепакоена мерапрыемствамі, якія праводзяцца супраць яўрэяў, таму што думае, што іх таксама могуць выселіць з вобласцей, якія прылягаюць да Украіны, ці нават расстраляць”.

23 кастрычніка 1943 года. “У Камяніцы-Жыравецкай 11-я рота расстраляла 21 яўрэя”.

24 кастрычніка 1942 года. “У Падлессі расстраляны адзін яўрэй”.

25 кастрычніка 1942 года. “Карныя атрады 9-й роты, пасланыя ў Блоты-Велькі, Вялікія Корчыцы і раён моста праз роў, усходней Хабовічаў, нічога не знайшлі. У Блотах-Велькіх пакараны 8 яўрэяў, у Хабовічах – 2. У Чарнянах пакараны 4 яўрэі з Брэста, расстраляны 5 чалавек, што збеглі з Забалацця. У Вялікарыце расстраляны 81 чалавек – яўрэі дарожна-будаўнічага лагера”.

29 кастрычніка, г. Кобрын. “9-я рота высылае карныя атрады ў Корчыцы, Паўлопаль, Ор, Заорцы, Клятышчы. Арыштаваны 2 яўрэі, яны перададзены асобай службе бяспекі ў Кобрын. У Вялікіх Корчыцах арыштаваны 3 яўрэі, пасля допыту пакараны. У Язвіне падчас перастрэлкі з бандай яўрэяў 1 яўрэй забіты, астатнія збеглі па накірунку Арлянкі”.

31 кастрычніка 1942 года, г. Кобрын. “9-я рота выступае ў Самары (11 км усходней Макран) для знішчэння яўрэяў. У Блотах-Велькіх і Цакальнечах (11 км на паўднёвы ўсход ад Кобрына) арыштавана і пакарана па 3 яўрэі. На дарозе “Хабовічы – Кобрын” захоплены 2 яўрэі, якія перададзены асобай службе бяспекі ў Кобрыне. 10-я рота працягвае знішчэнне яўрэяў у Пінску. Варта, пакінутая на апорным пункце, захапіла ў Міхаліне яўрэйку і расстраляла”.

1 лістапада, г. Кобрын. “9-я рота заканчвае аперацыю па знішчэнні яўрэяў у Самарах, былі пакараны 80 чалавек. 10-я рота працягвае знішчэнне яўрэяў у Пінску. 3-ці ўзвод 11-й роты арыштаваў 2-х яўрэяў, што збеглі з Брэста, і пакараў іх”.

12 верасня 1942 года. З данясення камандзіра 9-й роты 15-га паліцэскага палка аб знішчэнні яўрэяў у Чарнянах.  “9-я рота пачала першую праверку насельніцтва пунктаў Чарняны, Навасёлкі і Азяты. Вялікую частку насельніцтва складаюць украінцы. Гавораць, што ёсць польскія і рускія элементы. У Чарнянах было 60 яўрэяў – 12 мужчын, 20 жанчын і 28 дзяцей. Яўрэі расстраляны 10 верасня 1942 года ў 2-х кіламетрах на ўсход ад Чарнян”. Застаўся 1 яўрэй мужчынскага полу (шавец), які будзе праводзіць шавецкія работы пад наглядам украінскай паліцыі”. (Капітан і ротны камандзір Каспер, узводны вахмістр ахоўнай паліцыі Вольф).

Самым страшным стаў даклад капітана паліцыі аховы і камандзіра Заура аб масавым знішчэнні яўрэяў у Пінску (прыводзіцца ў скарачэнні).

“У адпаведнасці з загадам 28 кастрычніка рота прыбыла на машынах у Кобрын, адкуль маршам была адпраўлена ў Пінск. 29 кастрычніка 10-я рота 15-га паліцэйскага палка разам з 11-й ротай палявога палка прызначаюцца для прачэсвання гета. Першае прачэсванне прайшло паспяхова, закончылася ў 10.00, у першы дзень было пакарана каля 10 тысяч чалавек. Ноччу рота знаходзілася ў баявой гатоўнасці ў салдацкім клубе.

30-га кастрычніка адбылося 2-е прачэсванне гета, 31-га – 3-е, а 1 лістапада – 4-е. Увогуле да месца было сабрана 15 тысяч яўрэяў. Хворыя яўрэі і дзеці, пакінутыя ў дамах, караліся на двары гета. У гета, такім чынам, было пакарана 1200 яўрэяў. Здарэнняў не было, за выключэннем аднаго. Адзін яўрэй сказаў, што схаваў мноства золата, і вахмістр пайшоў з ім. Аднак з-за таго, што яўрэй увесь час марудзіў і запрашаў вахмістра падняцца з ім на гарышча, вахмістр вярнуў яго назад у гета на месца збору. Тады яўрэй знянацку кінуўся на аднаго коннага з эскадрона, выхапіў вінтоўку і кій і пачаў яго біць. Напад быў сарваны толькі дзякуючы ўмяшанню салдат роты. З-за таго, што агнястрэльнай зброяй карыстацца было забаронена, яўрэя ўдарылі сякерай па галаве, і ён застаўся ляжаць на месцы. 1 лістапада рота была прызначана ў знешняе ачапленне. Асаблівых здарэнняў не было. 2-га лістапада рота была адпушчана з Пінска і ў 13.00 дасягнула Кобрына, а у 17.00 – сваіх апорных пунктаў”.

Халодныя, амаль што справаздачныя радкі і бескампрамісныя лічбы лепей за любыя эмоцыі адлюстроўваюць сапраўдную сутнасць таго, іншага боку вайны, з якім нават сёння, праз столькі гадоў, мы сустракаемся даволі рэдка. Менавіта таму сёлета, калі спаўняецца 70 гадоў Вялікай Перамогі, мы абавязкова вернемся яшчэ раз да дзённіка 310-га паліцэйскага батальёна, генацыд яўрэяў у дзейнасці якога – далёка не адзіная жудасная старонка, крывавымі абцасамі выбітая на нашай шматпакутнай зямлі. Так, гэта цяжка чытаць – і яшчэ цяжэй уяўляць. Але ёсць рэчы, у дачыненні да якіх проста не павінна быць недагаворанасцяў ці нейкіх неадназначных трактовак, якія, на жаль, становяцца ўсё больш распаўсюджанымі ў наш неспакойны час. І мы заўсёды павінны пра гэта памятаць.

Бялоў, Дз. Пад знакам зоркі Давіда / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. – 2015. – 25 лютага. – С. 4. Аб знішчэнні сем’яў яўрэяў у Навасёлках у 1942 г.(па матэрыялах кіраўніка Навасёлкаўскага музея А. Дронца).