Маршала Перамогі памятаюць у Кобрыне

1 снежня 2011 г. споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння таленавітага палкаводца, дзяржаўнага дзеяча, уладальніка чатырох зорак Героя Савецкага Саюза маршала Георгія Канстанцінавіча Жукава. Імя гэтага легендарнага чалавека залатымі літарамі упісана ў аналы сусветнай гісторыі.

Нарадзіўся Георгій у в. Стралкоўка Калужскай вобласці. Яшчэ ў юнацтве ў яго пачала праяўляцца схільнасць да ваеннай справы. Малады чалавек стаў удзельнікам Першай сусветнай вайны. За ратныя подзвігі быў узнагароджаны двума Георгіеўскімі Крыжамі. У час грамадзянскай вайны ў чыне камандзіра ўзвода ваяваў на розных франтах, быў ліквідатарам кулацкіх банд. З 1923 года Георгій Канстанцінавіч камандаваў кавалерыйскім корпусам, стаў інспектарам кавалерыі Чырвонай Арміі. З ліпеня 1938 года Жукаў - намеснік камандуючага войскамі Беларускай асобай ваеннай акругі. Праз год ён камандаваў першай армейскай групай савецка-мангольскіх войскаў, кіраваў знішчэннем японскіх агрэсараў на рацэ Халхін-Гол, за што атрымаў Зорку Героя Савецкага Саюза. З студзеня 1941 года Георгій Канстанцінавіч – намеснік наркама абароны СССР.

У поўнай меры яркі талент палкаводца раскрыўся ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. У першыя дні гітлераўскай агрэсіі як член Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання сумесна з камандаваннем Паўднёва-Заходняга фронту арганізаваў контрудар пад г. Броды. А ўжо ў жніўні-верасні 1941 года Жукаў правёў першую ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны наступальную аперацыю па знішчэнні ўдарнай групоўкі гітлераўцаў пад Ельняй. Пасля гэтага яму было даручана ўзначаліць Ленінградскі фронт, войскі якога сумесна з Балтыйскім флотам і пры актыўным удзеле працаўнікоў Ленінграда спынілі планы ворага па захопу горада. Трэба адзначыць, што дзякуючы волі, жорсткаму характару, вопыту і ведам Георгій Канстанцінавіч унёс свой істотны ўклад і ў разгром ворага пад Масквой. У 1942-1943 гг. ён ажыццяўляў каардынацыю дзеянняў франтоў пад Сталінградам, у бітве пад Курскам, пры фарсіраванні Дняпра. З сакавіка 1944-га Жукаў камандуе войскамі I Украінскага фронта, а з лістапада − войскамі I Беларускага фронта. Разам з іншымі падраздзяленнямі Георгій Канстанцінавіч рэалізаваў Вісла-Одэрскую аперацыю, разграміў Берлінскую групоўку войскаў і авалодаў Берлінам. Ад імя і па даручэнні Вярхоўнага Галоўнакамандавання славуты палкаводзец прыняў капітуляцыю фашысцкай Германіі. І менавіта Жукаў па традыцыі вярхом на кані ў параднай форме са шматлікімі ўзнагародамі прымаў знакаміты парад Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве.

У пасляваенны час жыццё маршала было таксама насычана падзеямі − добрымі і не вельмі. На Георгія Канстанцінавіча і яго паплечнікаў распачаліся ганенні.

Тым не менш гэты склада ны час маршал СССР вытрымаў з гонарам. З Беларуссю ў Жукава звязана шмат важных момантаў у жыцці. Менавіта ў нашай краіне ён прайшоў усе прыступкі па службовай лесвіцы - ад камандзіра кавалерыйскага эскадрона да намесніка камандуючага войскамі акругі. Георгій Канстанцінавіч заўсёды прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Беларусі.

У прыватным архіве палкаводца захаваліся цікавыя радкі аб нашых суайчынніках: "... Я заўсёды захапляўся нацыянальнай рысай беларусаў, спагадлівых на бяду, надзейных у сяброўстве, гатовых да самаахвяравання, храбрых і адважных у сутычках з ворагам...”.

У ваенна-гістарычным музеі імя А.В. Суворава захаваўся датаваны 1971 годам фотаздымак ветэрана 29-га стралковага Кобрынскага палка, які ўдзельнічаў у вызваленні нашага горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Вячаслава Паўлавіча Сёміна разам з Георгіем Жукавым. Ветэран у час наведвання Кобрына ўручыў гэта фота на памяць супрацоўнікам музея. Сёмін удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне з 1942 года. Сустрэў Перамогу ў званні старшыны, начальніка радыястанцыі другога стралковага батальёна. Ветэран заслужыў у баях шмат узнагарод. У іх ліку - два ордэны Чырвонай Зоркі, медаль “За адвагу” і інш. Пасля заканчэння вайны ён працаваў у Міністэрстве радыёпрамысловасці СССР.

З гонарам Вячаслаў Сёмін распавядаў, што ён нарадзіўся ў адной вёсцы з легендарным маршалам. Праз усё жыццё ён пранёс запавет сваёй маці, якая сцвярджала, што яго хрысцілі ў адной купелі з Жукавым. Ветэран заўсёды актыўна падтрымліваў сувязь з сям’ёй Георгія Канстанцінавіча. Пазней малодшая дачка Жукава Марыя перадала праз Сёміна ў кобрынскі музей чарговыя ўнікальныя экспанаты - дзве кнігі, напісаныя ёй аб сваім бацьку з дароўнымі надпісамі і аўтографамі.

Памяць пра Георгія Жукава не сцёрлася ў душах і сэрцах многіх пакаленняў беларусаў, як і ратныя подзвігі звычайных савецкіх салдат і афіцэраў, якія цаной сваіх жыццяў здабывалі для нашай краіны мір, спакой і незалежнасць.

Мельнік, Р. Георгій Жукаў: слава і гонар не згаснуць у сэрцах / Р. Мельнік // Кобрынскі веснік. – 2012. – 14 студзеня. – С. 4. У ветэрана 29-га стралковага Кобрынскага палка В. П. Сёміна, які ўдзельнічаў у вызваленні нашага горада, ёсць фотаздымак разам з маршалам Георгіем Жукавым.