Навасёлкаўскае ўзброенае выступленне сялян 1933 г.

Навасѐлкаўскае ўзброенае выступленне сялян адбылося ў ноч з 3 на 4 жніўня 1933 г. У цэнтры падзей апынуліся вѐскі Паўлопаль, Навасѐлкі, Бельск і Дарапеевічы Навасѐлкаўскай гміны Кобрынскага павета.

Выступленне праходзіла на фоне глыбокага эканамічнага і сацыяльна-палітычнага крызісу ў міжваеннай Польшчы. Баставалі рабочыя Лодзі і Беластока, металісты Варшавы, гарнякі Сілезіі і шахцѐры Дамброўскага вугальнага басейна. У абарону сваіх правоў паўсталі дзесяткі тысяч сялян Кракаўскага ваяводства. Неспакойна было і ў Заходняй Беларусі. Ускладнілася сітуацыя на Брэстчыне. Звычайнай з’явай сталі масавыя мітынгі і забастоўкі рабочых, дэманстрацыі беспрацоўных, сутычкі сялян з секвестратарамі і паліцыяй.

У гэтых умовах актывізавала рэвалюцыйную прапаганду Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). У 1933 г. прагучаў заклік ЦК КПЗБ узмацніць наступ супраць польскага рэжыму, праявіць салідарнасць і падтрымаць барацьбу сялян Кракаўшчыны.

Вясной 1933 г. на Брэстчыну прыбылі адказныя работнікі КПЗБ і Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі Міхаіл Табарыскі, Мікалай Дворнікаў і Рэгіна Каплан (сапраўднае імя і прозвішча Зося Цытрын), якія актыўна ўключыліся ў рэвалюцыйную работу. У маі - ліпені пад кіраўніцтвам Дворнікава і Каплан у лясах пад Франопалем (Брэсцкі раѐн) прайшлі нарады-канферэнцыі Брэсцкага акруговага камітэта КПЗБ. Было прынята рашэнне распачаць шырокія акцыі пратэсту сялян Брэстчыны, ухвалены план правядзення масавых паходаў сялян у маѐнткі паноў, якія асабліва прыгняталі сялян. Вырашылі пачаць з памешчыкаў Малачэўскіх (в. Булькова). Паход прызначылі на 4 жніўня, а месцам збору абралі в. Радванічы. Мірным шэсцем, арганізаваўшыся ў калоны, планавалася прыбыць у Радванічы, адтуль у Булькова. Пасля правядзення мітынгу ў Булькове рушыць на Брэст, каб прыняць удзел у масавым мітынгу сялян Брэстчыны. У прапагандысцкую кампанію ўключыліся члены КПЗБ Васіль Ласковіч, Феадосій Чараўко, Міхаіл Чарнак, Лук’ян Пучык, Лявонцій Багдановіч і інш.

Адна з калон павінна была фарміравацца ў Паўлопалі. З гэтай мэтай у вѐску 3 жніўня прыбыў сакратар Паўлопальскага падрайкома КПЗБ Лявонцій Багдановіч, які правѐў нараду з членамі КПЗБ і заклікаў да выступлення. Разам з Рыгорам Грабайлам ѐн заняўся арганізацыяй сялян у Паўлопалі. У Дарапеевічы накіраваліся Мацвей Грабайла і Іларыѐн Альшэўскі, а ў Навасѐлкі — Аляксей Грабайла і Аляксей Гузюк. Перад імі была пастаўлена задача арганізаваць сялян і прыбыць вечарам на месца збору ў Паўлопаль. Пад вечар у Паўлопалі, на скрыжаванні дарог Паўлопаль — Навасѐлкі — Дарапеевічы, сабралася група сялян колькасцю прыкладна 100 чалавек. Па дарозе да месца збору навасѐлкаўскія сяляне абстралялі паліцэйскага Яна Кнароўскага, які вяртаўся на веласіпедзе ў Навасѐлкі пасля выканання службовага задання ў Дарапеевічах. Паліцэйскі кінуў веласіпед, службовую сумку і стаў уцякаць. У час уцѐкаў ѐн быў паранены.

Ахопленыя рэвалюцыйным парывам сяляне вырашылі ўзброіцца і толькі пасля гэтага рухацца ў Радванічы. Прагучаў заклік раззброіць асаднікаў у Бельску і разграміць паліцэйскі пастарунак у Навасѐлках. Паўстанцы раздзяліліся на 2 групы. Адна з іх у складзе Аляксандра Бляяна, Мікалая Мароза, Сцяпана Грыцука і Андрэя Сахарчука накіравалася ў бок Навасѐлак, каб разбурыць тэлефонную лінію, што звязвала вѐску з Кобрынам і Дзівінам. Сяляне спілавалі некалькі тэлефонных слупоў, правады перабілі сякерай. Адначасова другая група паўстанцаў (некалькі дзесяткаў чалавек) накіравалася ў Бельск для раззбраення асаднікаў. Апоўначы асаднікі Казімір Ксенскі (інструктар ваенізаванай арганізацыі «Стралец»), Францішак Патка і Андрэй Выжыкоўскі былі раззброены. Сяляне загадалі Ксенскаму ісці разам з імі ў Навасѐлкі.

Польскія ўлады ў Навасѐлках былі ўжо гатовыя да бою. Паранены паліцэйскі Кнароўскі здолеў дабрацца да пастарунка і паведаміць каменданту Дамброўскаму аб сялянскім бунце. Адміністрацыя гміны і паліцэйскія забарыкадзіраваліся ў будынку гміны (у акружаным сялянамі доме знаходзіліся паліцэйскія Дамброўскі, Слянок і Кнароўскі, сакратар гміны Зелер, яго брат і жонка з дзіцем). На патрабаванне паўстанцаў адчыніць дзверы будынка гміны прагучаў выстрал. Страляў камендант Дамброўскі. Сяляне таксама адказалі выстраламі. Каменданту ў самы апошні момант удалося па тэлефоне звязацца з Дзівінам, далажыць абстаноўку і папрасіць дапамогі (сяляне не паспелі яшчэ пашкодзіць тэлефонную лінію). Тым часам перастрэлка разгаралася. Яна працягвалася з перапынкамі некалькі гадзін. Быў паранены Іван Кіцель. У сялян скончыліся патроны, і на досвітку яны разышліся па хатах. Зброі ў іх было мала — некалькі старых вінтовак і пісталетаў. Рыгор Грабайла, Мікалай Мароз, Антон Піліпук, Аляксей Багдановіч і іншыя накіраваліся на ўсход, у СССР (ім удалося перайсці мяжу). У час гэтага пераходу быў паранены Аляксандр Бляян.

Раніцай 4 жніўня ў вѐскі гміны прыбылі паліцыя і жаўнеры. У Кобрынскім і суседніх паветах было аб’яўлена асаднае становішча. Карнай экспедыцыяй камандаваў начальнік следчага ўпраўлення камісар Будзінскі. У час правядзення пацыфікацыі (уціхамірвання) карнікі разбівалі ў хатах печы і коміны, раскрывалі саламяныя стрэхі, зерне і муку змешвалі з пяском або аблівалі газай, рэзалі і палілі адзенне, ламалі мэблю і білі посуд. Дзесяткі чалавек былі арыштаваны. У перастрэлцы з паліцыяй загінуў Павел Піліпук (на хутары Рыбна каля в. Кісялѐўцы). У час следства вясковых мужыкоў ставілі ў рад па 10—15 чалавек у двары гміны і з яе вокнаў удзельнікаў бунту апазнавалі асаднікі. На допыты ў Навасѐлкі прыбыў ваявода Костак Бярнацкі. Сялян катавалі: збівалі гумавымі дубінкамі, падвешвалі на руках, кідалі спінай аб падлогу, улівалі ў лѐгкія праз нос газу, выкарыстоўвалі электрычны ток (дынамамашына) і інш. Моцна пацярпелі ў ходзе следства Іван Марчук, Пѐтр Крыганчук, Лявонцій Багдановіч, Рыгор Цімашчук, Іван Кіцель і інш. Асабліва лютаваў следчы Уладзімір Мазуркевіч. Арыштаваных кінулі ў кобрынскую турму. Яны рыхтавалі план уцѐкаў, але ѐн быў раскрыты. 8 паўстанцаў былі аддадзены пад ваенна-палявы суд — Лявон Багдановіч, Аляксей Гузюк, Іван Кіцель, Сямѐн Казловіч, Іван Лісковіч, Раман Мацюк, Васіль Ніканчук, Рыгор Цімашчук. Разам з імі судзілі сакратара Брэсцкага акруговага камітэта КПЗБ Рэгіну Каплан. Суд праходзіў у Кобрыне з 2 па 9 верасня ў будынку цяперашняга райаддзела міліцыі. Сялянам быў вынесены смяротны прыгавор.

Пракурор Яцунскі заявіў на судзе: «Смяротнае пакаранне праз павешанне будзе добрым урокам для ўсѐй Кампартыі Польшчы». КПЗБ і грамадскасць краіны разгарнулі шырокую кампанію па выратаванні жыцця асуджаных. Шмат зрабіў для гэтага асабіста Мікалай Дворнікаў. Пракацілася магутная хваля народнага пратэсту. Тысячы пісьмаў з патрабаваннем вызваліць асуджаных паступілі ў канцылярыю прэзідэнта Польшчы. Польскія ўлады вымушаны былі адступіць. Смяротны прысуд быў заменены пажыццѐвым зняволеннем з пазбаўленнем грамадзянскіх правоў. Каплан прыгаварылі да 15 гадоў турмы. Яшчэ 24 паўстанцы атрымалі па 10—12 гадоў. Зняволенне яны адбывалі ў турмах Вільні, Седльцаў, Вронак, Равічаў. У турме загінуў Пѐтр Крыганчук. На свабоду выйшлі ў 1939 г.

Сялянскі бунт і судовы працэс над паўстанцамі атрымалі шырокі грамадскі рэзананс і ўвайшлі ў гісторыю як адзін з найбольш вядомых эпізодаў барацьбы працоўных Заходняй Беларусі за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне.

Ва ўзброеным выступленні ўдзельнічалі: Іларыѐн Ігнатавіч Альшэўскі, Сямѐн Ігнатавіч Альшэўскі, Фѐдар Маркавіч Альшэўскі (в. Навасѐлкі), Лявонцій Багдановіч, Аляксандр Мікалаевіч Бляян (в. Навасѐлкі), Дзям’ян Мікалаевіч Бляян (в. Навасѐлкі), Аляксандр Кірылавіч Букраба (в. Навасѐлкі),
Аляксей Рыгоравіч Грабайла, Канстанцін Лявонцьевіч Грабайла, Кірыла Рыгоравіч Грабайла, Мацвей Грабайла, Рыгор Грабайла, Еўдакім Сямѐнавіч Грышкевіч, Сцяпан Грыцук (в. Навасѐлкі), Аляксей Ільіч Гузюк, Максім Кузьміч Гузюк, Якаў Васільевіч Дзям’янка, Емяльян Паўлавіч Загрэба, Сямѐн Сцяпанавіч Казловіч, Іван Сямѐнавіч Кіцель, Пѐтр Гардзеевіч Крыганук (в. Навасѐлкі), Іван Віктаравіч Лісковіч, Раман Літвіненка, Мікалай Георгіевіч Мароз (в. Навасѐлкі), Андрэй Сямѐнавіч Марчук (в. Навасѐлкі), Іван Сідаравіч Марчук (Навасѐлкі), Раман Мікітавіч Мацюк, Васіль Маркавіч Ніканчук (в. Навасѐлкі), Феадосій Амброзьевіч Ніканчук (в. Навасѐлкі), Антон Лазаравіч Піліпук (в. Навасѐлкі), Павел Міхайлавіч Піліпук (в. Навасѐлкі), Антон Якаўлевіч Рогач (в. Навасѐлкі), Андрэй Пацеевіч Сахарчук (в. Навасѐлкі), Іван Феадосьевіч Сахарчук (в. Навасѐлкі), Арцѐм Ільіч Сцепанюк, Якаў Ніканоравіч Трацюк, Мацвей Максімавіч Хінец, Рыгор Юр’евіч Цімашчук, Іван Пятровіч Цібароўскі (в. Навасѐлкі) і іншыя.

На ўшанаванне памяці паўстанцаў у в. Навасѐлкі пастаўлены помнік (1967), на будынку школы — барэльеф (1983). Матэрыялы пра паўстанне зберагаюцца ў музеі Навасѐлкаўскай сярэдняй школы.

Дронец, А. В. Навасѐлкаўскае ўзброенае выступленне сялян 1933 г. / А. В. Дронец // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раѐна. – Мінск, 2002. – С. 109-113. - (У складзе Польшчы).