Помнік удзельнікам рэвалюцыйнага выступлення сялян в. Навасѐлкі

У перыяд эканамічнага крызісу 1929 - 33 гг. становішча працоўных Заходняй Беларусі рэзка пагоршылася. Жорсткі сацыяльны і нацыянальны прыгнѐт узмацніў барацьбу заходнебеларускіх рабочых і сялян супраць буржуазна-памешчыцкага ладу. У 1933 г. адно з буйнейшых сялянскіх выступленняў адбылося ў Кобрынскім павеце.

25.7.1933 г. у в. Ляплѐўка секвестратар і 3 паліцэйскія спаганялі падаткі. За нядоімку гвалтоўна забіралі збожжа, жывѐлу, рэчы хатняга ўжытку. Абураныя сяляне збілі секвестратара і паліцэйскіх. У сутычцы быў смяротна паранены селянін Л. Баганскі. Ноччу ў Ляплѐўку прыбыў карны атрад. Паліцэйскія жорстка расправіліся з яе жыхарамі. Вестка аб расправе паліцыі з сялянамі разнеслася па ўсім павеце. Кожную хвіліну магло выбухнуць стыхійнае выступленне сялян. Брэсцкі акруговы камітэт КПЗБ тэрмінова правѐў пашыранае пасяджэнне і, улічваючы неспрыяльныя ўмовы, прызнаў выступленне заўчасным. Каб пазбегнуць кровапраліцця і немінучага паражання, было вырашана арганізаваць 4.8.1933 г. масавы паход у маѐнтак памешчыкаў Малачэўскіх (в. Булькова) і прымусіць іх выплаціць запазычанасць сезонным рабочым, забяспечыць хлебам галадаючыя сем'і. 3 жніўня жыхары вѐсак Малінаўка, Малыя Радванічы, Новы Двор, Падлессе, Паўлопаль, Ракітніца, Франапаль, Ямна і іншых рушылі да месца збору — у в. Вялікія Радванічы. Па дарозе разграмілі некалькі сядзіб асаднікаў, атакавалі паліцэйскі ўчастак у Навасѐлках. На дапамогу паліцэйскім з Брэста прыбылі атрады паліцыі і салдаты.

Буржуазна-памешчыцкі ўрад Польшчы аб'явіў Кобрынскі павет на асадным становішчы. У вѐсках лютавалі карнікі, праводзіліся масавыя арышты. Улады арыштавалі арганізатараў выступлення і хацелі аддаць ваенна-палявому суду. КПЗБ і Кампартыя Польшчы разгарнулі шырокую кампанію ў абарону арыштаваных. Масавыя мітынгі, маніфестацыі і дэманстрацыі працоўных вымусілі буржуазны ўрад замяніць для 8 чалавек пакаранне смерцю пажыццѐвай катаргай, сакратара Брэсцкага акруговага камітэта КПЗБ Р. Каплан прысудзілі да 15 гадоў, 30 чалавек да розных тэрмінаў турэмнага зняволення.

У памяць аб гэтых падзеях у 1967 г. пастаўлепы абеліск.

Літ. Арэхва М. С. Рэвалюцыйны рух у Заходняй Беларусі ў гады белапольскай акупацыі. - Мн.. 1958; Полуян В. А., Полуян М. В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920-1939 гг.- Мн., 1962; У суровыя гады падполля: Успаміны былых членаў КПЗБ - актыўных удзельнікаў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі.- Мн., 1958.

Г. I. Дулеба

Дулеба, Г. І. Помнік удзельнікам рэвалюцыйнага выступлення сялян в. Навасѐлкі, цэнтр сельсавета / Г. I. Дулеба // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, Брэсцкая вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; рэд. кал.: С. В. Марцалеў [і інш.]. – Мінск, 1984. – С. 235.