Месца выступленняў чыгуначнікаў

У 1905 г. (гіст.). Чыгуначнікі Кобрына прымалі актыўны ўдзел у рэвалюцыі 1905-07 гг. Узначальваў барацьбу Кобрынскі камітэт Усерасійскага саюза чыгуначнікаў. Як даносіў у Віленскую судовую палату пракурор Гродзенскага акруговага суда, камітэт ставіў перад сабой «не толькі эканамічныя, але і палітычныя мэты, накіроўваў сваю дзейнасць да звяржэння існуючага ў Расіі дзяржаўнага і грамадскага ладу». Першую буйную забастоўку чыгуначнікі арганізавалі ў пачатку лістапада 1905 г. 9 снежня ў падтрымку маскоўскага пралетарыяту кобрынскія чыгуначнікі абвясцілі забастоўку, дабіліся змяшчэння начальніка станцыі і іншых службовых асоб і ўзялі станцыю пад свой кантроль.

У памяць аб рэвалюцыйнай барацьбе кобрынскіх чыгуначнікаў на будынку чыгуначнага вакзала ў 1976 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.

Літ.: Хроника важнейших событий истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 1 (1883-1918 гг.).- Мн., 1902; Революционное движение Белоруссии 1905-1907 гг.: Документы и материалы. - Мн., 1955.
У. М. Савіцкі.

Савіцкі, У. М. Месца выступленняў чыгуначнікаў / У. М. Савіцкі // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, Брэсцкая вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; рэд. кал.: С. В. Марцалеў [і інш.]. – Мінск: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1984. – С. 224.