Помнік Перамогі 1812 г.

На вул. Леніна.12.06.1812 г. Расія падверглася нашэсцю французскай арміі. 15.7.1812 г. часці 3-й рускай арміі пад камандаваннем генерала А. П. Тармасава пад Кобрынам уступілі ў бой з саксонскім корпусам генерала Ж. Рэнье. Чатырохтысячны атрад саксонцаў склаў зброю. Былі ўзяты ў палон 2382 салдаты і 76 афіцэраў на чале з генралам Кленгелем. У дзень 100-годдзя з дня перамогі ў Кобрыне быў закладзены помнік (арх. Д. Маркаў).

На пастаменце з гранітных валуноў, які нагадвае скалу, устаноўлены бронзавы арол з распасцѐртымі крыламі і лаўровым вянком у кіпцюрах, абапал - марціры з пірамідкамі ядраў. На фасаднай і бакавых гранях пастамента - 3 мармуровыя дошкі. На пярэдняй дошцы (шэра-зялѐнага колеру) надпіс: «Рускім воінам, якія атрымалі першую перамогу над войскамі Напалеона ў межах Расіі 15 ліпеня 1812 г.», на бакавых (белага колеру) пералічаны палкі, часці рускай арміі, што ўдзельнічалі ў Кобрынскай бітве, і фундатары помніка. У час 1-й сусветнай вайны былі зняты і згублены арол і бакавыя дошкі. Помнік адноўлены ў 1951 г. (скульпт. М. Керзін).

Літ.: Бескровный Л. Г. Отечественная война 1812 года. - М.,1968; Война русского народа с Наполеоном 1812 г. - Спб., 1910; Мартынаў А. М. Помнікі Кобрыншчыны. Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. - 1971. - №4.