Кобрынскі бой 1812

Кобрынскі бой адбыўся 27.7.1812 у г. Кобрын і яго наваколлі паміж рус. дывізіямі К. В. Ламберта і Я. І. Чапліца і атрадам саксонскага корпуса Ж.Л. Рэнье ў вайну 1812. Камандуючы 3-й Зах. арміяй А. П. Тармасаў атрымаў заданне выступіць на Брэст, Кобрын і Пружаны і дзейнічаць у тыле франц. арміі, 17 ліп. ѐн загадаў Ламберту і А. Р. Шчарбатаву рухацца на Брэст, а потым павярнуць на Кобрын, куды з Ковеля павінны былі падысці асн. сілы арміі. Каб адцягнуць частку саксонскіх войск ад Кобрына, асобы атрад ген. А. Л. Мелісіна павінен быў рухацца да Пінска. 25 ліп. атрад Шчарбатава заняў Брэст, злучыўся з дывізіяй Ламберта, і раніцай 27 ліп. яны падышлі да Кобрына. Пасля падыходу перадавога атрада 3-й арміі на чале з Чапліцам пачаўся агульны штурм Кобрына.

У выніку 9-гадзіннага бою саксонцы адступілі з горада і здаліся. Было забіта каля 2 тыс. саксонцаў, узяты ў палон 2 генералы, 76 афіцэраў, 2382 чал. ніжніх чыноў; страты рускіх склалі 77 чал. забітымі і 182 параненымі. К.б. быў першай перамогай рус. войск з пачатку вайны. У выніку французы павінны былі трымаць супраць арміі Тармасава значныя сілы, што адмоўна паўплывала на армію Напалеона ў час яе адступлення ад Масквы.

Ш. І. Бекцінееў, В. В. Швед

Бекцінееў, Ш. І. Кобрынскі бой 1812 / Ш. І. Бекцінееў, В. В. Швед // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мінск: БелЭн, 1999. – Т. 8. - С. 369, 370.