Кобрынскія замкі
КОБРЫНСКІЯ ЗАМКІ. Існавалі ў 14-18 ст. на месцы дзяцінца і пасада г. Кобрын. Комплекс складаўся з драўляных Верхняга і Ніжняга замкаў, якія размяшчаліся на 2 узвышшах у міжрэччы Мухаўца і Кобрынкі. Верхні замак круглы ў плане (дыям. каля 56 м). У 16 ст. быў умацаваны глыбокім дугападобным ровам, кальцавым валам, клецевымі канструкцыямі, у ніжніх частках якіх месціліся каморы, у верхніх - гародні з баявымі галерэямі і абламамі, завершанымі 2-схільнымі дахамі з драніцы. Меў 4 баявыя вежы, накрытыя шатровымі гонтавымі дахамі, 2 брамы. Ніжні замак быў абкружаны земляным валам, меў 2 брамы і выхад да р. Мухавец. Асн. тып абарончых канструкцый - гародні, накрытыя дахам з драніцы. Сцены былі ўмацаваны 5 вежамі (у адной з іх размяшчаўся млын). На тэр. замка знаходзіліся крыжовы ў плане жылы будынак, гасп. пабудовы, сад. Замкі не захаваліся.
Кобрынскія замкі // Культура Беларусі : энцыклапедыя. – Мінск, 2013. – Т. 4. – С. 521.