Культура Беларусі

КОБРЫНСКАЯ ГЕОРГІЕЎСКАЯ ЦАРКВА, помнiк драўлянага дойлідства ў г. Кобрын. Пабудавана ў 1889. Прамавугольны ў плане асн. аб`ем пад вальмавым дахам завершаны па цэнтры цыбулепадобнай галоўкай на барабане і макаўкай над апсідай. Да фасада прыбудаваны 2-ярусны 4-гранны бабінец-званіца, завершаны шатром з цыбулепадобнай галоўкай. Фасады гарызантальна ашаляваныя, члянѐныя лучковымі праѐмамі ў ліштвах. Уваход адзначаны 2-слупавым ганкам. Царква дзейнічае.

КОБРЫНСКАЯ МІКАЛАЕЎСКАЯ ЦАРКВА, помнiк  драўлянага дойлідства ў г. Кобрын. Пабудавана ў 18 ст. У 1989 рэстаўрыравана. Складаецца з асн. зруба, 5-граннай апсіды і 4 чацверыковых аб'ѐмаў, размешчаных па вуглах асн. зруба. Усе аб'ѐмы накрыты вальмавым дахам, у цэнтры якога на чацверыковым пастаменце ўзвышаецца 8-гранны светлавы барабан. Гал. зах. фасад на ўсю вышыню вылучаны нішай з 2 калонкамі. Сцены вертыкальна ашаляваныя, члянѐныя высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праѐмамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках. У інтэр'еры 4 слупы з дапамогай ветразяў падтрымліваюць барабан купала. Храм унесены ў Дзярж. спіс гісторыка-культ. каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Царква дзейнічае.

КОБРЫНСКАЯ ПЕТРАПАЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА, помнік драўлянага дойлідства ў г. Кобрын. Пабудавана ў 1911. Першая царква ўзведзена ў 16 ст. Спачатку знаходзілася ў цэнтры горада на Рынкавай пл. Храм часта наведваў рас. палкаводзец А. В. Сувораў, які ахвяраваў царкве некалькі абразоў. У 1857 закрыта, у 1862 перабудавана па праекце архіт. Вендэнбаўма, у 1911 перанесена на могілкі (сучасная вул. Першамайская). Да квадратнага ў плане асн. аб'ѐму, які завершаны цыбулепадобнай галоўкай, прымыкаюць прамавугольная апсіда I бабінец. Сцены гарызантальна ашаляваныя (цокальная частка ашалявана вертыкальна), прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праѐмамі ў прафіляваных ліштвах. Асіметрыю ў агульную аб'ѐмна-прасторавую кампазіцыю ўносіць нізкая прамавугольная рызніца, прыбудаваная да апсіды і завершаная 8-гранным барабанам з цыбулепадобным купалам над 4-схільным пакатым дахам. У інтэр'еры апсіда вылучана драўляным разным іканастасам, царскія вароты якога выкананы на матыў спляценняў вінаграднай лазы вакол абразоў-тонда. Каля царквы ўстаноўлены надмагільны помнік малодшаму брату паэта Адама Міцкевіча Аляксандру Міцкевічу (1801-71) і яго сям'і. Помнік уяўляе сабой вертыкальную кампазіцыю з фігурай анѐла з крыжам, абвітым кляновай галінкай. Храм унесены ў Дзярж. спіс гісторыка-культ. каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Царква дзейнічае.

КОБРЫНСКІ САБОР АЛЯКСАНДРА НЕЎСКАГА, помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю з рысамі класіцызму ў г. Кобрын. Пабудаваны ў 1864-68 з цэглы ў гонар адмены прыгоннага права, побач з брацкай магілай рус. воінаў, што загінулі ў вайну 1812 у час Кобрынскага бою 15.7.1812 (у памяць аб іх на саборы ўстаноўлена мемар. дошка. У 1960-я гг. закрыты і прыстасаваны пад філіял Дзярж. архіва Брэсцкай вобл. У 1990-93 рэстаўрыраваны. Асн. аб'ѐм крыжова-цэнтрычны, завершаны магутным васьмерыковым барабанам, пазней - маляўнічым 5-купаллем на шатрах. Да планіровачнага крыжа далучаны працяглы бабінец з вуглавымі прыдзеламі і прамавугольная апсіда з бакавымі невял. квадратнымі рызніцамі. Плоскасныя фасады завершаны трохвугольнымі франтонамі, крапаваны вуглавымі лапаткамі і прамавугольнымі панэлямі, апяразаны фрызам з шырынак, арачныя аконныя праѐмы акаймаваны архівольтамі. Гал. ўваход аформлены накладным магутным парталам з лучковым франтонам і арачнай ліштвай увахода. У сяродкрыжжа залы шырокімі прасветамі адкрываюцца апсіда, прыдзелы і трапезная. Сяродкрыжжа перакрыта купалам на ветразях, астатнія памяшканні - цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках. Храм унесены ў Дзярж. спіс гісторыка-культ. каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сабор дзейнічае.

КОБРЫНСКІ КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ ДЗЕВЫ МАРЫІ, помнік архітэктуры позняга класіцызму ў г. Кобрын. Пабудаваны ў 1841-45 з цэглы на сродкі парафіян паводле праекта 1839 гродзенскага губернскага архіт. Міхаэліса. Закрыты ў 1962, перададзены вернікам у 1989 і рэстаўрыраваны. Трохнефавы 2-вежавы храм. Прамавугольны ў плане асн. аб'ѐм накрыты 2-схільньім дахам. Гал. фасад фланкіраваны дзвюма аднаяруснымі чацверыковымі шатровымі вежамі. Уваход вырашаны вял. арачным парталам, фланкіраваным лучковымі экседрамі са скульптурамі святых. Бакавыя фасады расчлянѐны арачнымі аконнымі праѐмамі і пілястрамі ў прасценках, аб'яднанымі аркатурай. Унутры прастора храма размежавана на нефы высокімі аркадамі на 4-гранных пілонах, перакрыта плоскім плафонам. Алтар вырашаны 4-пілястравым порцікам з паўкруглым франтонам і вітражнай люкарнай па цэнтры. Храм унесены ў Дзярж. спіс гісторыка-культ. каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Касцѐл дзейнічае.

Кобрынская Георгіеўская царква ; Кобрынская Мікалаеўская царква ; Кобрынская Петрапаўлаўская царква ; Кобрынскі Сабор Аляксандра Неўскага ; Кобрынскі касцѐл Унебаўзяцця Дзевы Марыі // Культура Беларусі : энцыклапедыя. – Мінск, 2013. – Т. 4. – С. 514, 515, 516, 519, 520.