Дзівінская царква Параскевы Пятніцы ; Кобрынская Мікалаеўская царква

ДЗІВІНСКАЯ ЦАРКВА ПАРАСКЕВЫ ПЯТНІЦЫ. Помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1740 у в. Дзівін /Кобрынскі р-н/. Асноўны прамавугольны зруб і 5-гранная апсіда, да якой па баках прыбудаваны нізкія рызніцы, накрыты агульным дахам з навісямі ў месцы злучэння зрубаў. На галоўным фасадзе тарэц 2-схільнага даху вырашаны як спалучэнне франтона і атыкавай устаўкі з паўвальмай паміж 2 чацверыковымі вежамі. Вежы завершаны 3-яруснымі гранѐнымі галоўкамі, такая ж галоўка і над алтаром. Галоўны фасад на ўзроўні хораў падзелены галерэяй з балюстрадкай. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прамавугольныя з разнымі ліштвамі. Памяшканне завершана плоскай столлю. Збоку ад царквы званіца /васьмярык на чацверыку, накрытая шатром.

КОБЫНСКАЯ МІКАЛАЕЎСКАЯ ЦАРКВА. Помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў пачатку 19 ст., перавезена ў Кобрын у 1841. Складаецца з асноўнага зруба, блізкага ў плане да квадрата, 5-граннай алтарнай апсіды і 4 чацверыковых аб`ѐмаў, размешчаных па вуглах асноўнага зруба. Усе аб`ѐмы накрыты агульным шматсхільным дахам, у сярэдзіне якога на чацверыковым пастаменце ўзвышаецца вялікі 8-гранны светлавы барабан з купалам. Галоўны фасад раскрапаваны па баках выступамі і аздоблены 2 калонкамі. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прамавугольныя. У інтэр`еры барабан купала з дапамогай ветразяў апіраецца на 4 калонкі ў цэнтры залы. Над уваходам хоры.

Дзівінская царква Параскевы Пятніцы ; Кобрынская Мікалаеўская царква // Архітэктура Беларусі / У. В. Алісейчык, В. Р. Анціпаў, С. Г. Багласаў [і інш.] – Мінск, 1982. – С. 88, 112, 113.