Дзівінская царква Параскевы Пятніцы; Дзівінская царква Раства Багародзіцы

ДЗІВІНСКАЯ ЦАРКВА ПАРАСКЕВЫ ПЯТНІЦЫ, помнік драўлянага дойлідства з рысамі стылю барока ў в. Дзівін Кобрынскага р-на. Пабудавана ў 1728 як уніяцкая на месцы храма 1566. Уключае выцягнуты ў плане асн. аб'ѐм, 5-гранную апсіду з бакавымі рызніцай і ахвярнікам, званіцу (васьмярык на чацверыку; пабудавана ў 2-й пал. 19 ст.). Асн. аб'ѐм накрыты гонтавым дахам, які над апсідай пераходзіць у вальмавы. Гал. фасад вылучаны 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі яруснымі купаламі і цыбулепадобнымі галоўкамі ў завяршэнні. Шчыт даху мае кілепадобны абрыс і знаходзіцца ў паглыбленні паміж вежамі. Сцены вертыкальна ашаляваны, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праѐмамі, якія аздоблены вітражамі ў выглядзе крыжа. У інтэр'еры захаваўся іканастас 1830-х гг. Храм унесены ў Дзярж. спіс гісторыка-культ. каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Царква дзейнічае.

ДЗІВІНСКАЯ ЦАРКВА РАСТВА БАГАРОДЗІЦЫ, помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю ў в. Дзівін Кобрынскага р-на. Пабудавана ў 1902 з дрэва на месцы старой царквы. Уключае квадратны асн. аб'ѐм з нізкімі бакавымі прыдзеламі, трапезную, 5-гранную апсіду і бабінец-званіцу. Дамінуючы франтальны аб'ѐм мае складаную зрубную канструкцыю: над папярочным зрубам бабінца з кубападобнай узвышанай часткай узведзены 3-ярусны васьмярык званіцы пад шатром з макаўкай у завяршэнні. Над 4-схільным дахам асн. аб'ѐму 8-гранны барабан з цыбулепадобным купалам на нізкім 4-гранным пастаменце. Уваход вылучаны нізкім бабінцам пад 2-схільным дахам. Фасады дэкарыраваны фрызамі і падзорамі. У інтэр'еры драўляны іканастас. Царква дзейнічае.

Дзівінская царква Параскевы Пятніцы ; Дзівінская царква Раства Багародзіцы // Культура Беларусі : энцыклапедыя. – Мінск, 2013. – Т. 3. – С. 394, 395.