Кобрынская Мікалаеўская царква ; Кобрынскі Спаскі манастыр

Кобрынская Мікалаеўская царква, помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1750-я г. за межамі Кобрына, на беразе р. Мухавец, у 1841 перавезена ў горад, перабудавана. Складаецца з асн. зруба, у плане блізкага да квадрата, 5-граннай алтарнай апсіды і 4 чацверыковых аб'ёмаў, размешчаных па вуглах асн. зруба. Усе аб'ёмы накрыты агульным шматсхільным дахам, у сярэдзіне якога на чацверыковым пастаменце ўзвышаецца вял. 8-гранны светлавы барабан з купалам.

Гал. фасад раскрапаваны па баках выступамі і аздоблены 2 калонкамі. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прамавугольныя. У інтэр'еры барабан купала з дапамогай ветразяў апіраецца на 4 калонкі ў цэнтры залы. Над уваходам хоры. Ахоўваецца.

Т. В. Габрусь.

Кобрынскі Спаскі манастыр​​​​​​​, помнік архітэктуры 16-18 ст. Засн. ў 1497 у г. Кобрын пры драўлянай царкве Спаса. У пач. 16 ст. манастыр меў мураваныя жылы і службовы карпусы, капліцу. У 17-18 ст. неаднаразова перабудоўваўся. Захаваўся жылы корпус - мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане, накрыты высокім ламаным дахам будынак у стылі барока. Сіметрычны гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам, завершаным фігурным атыкавым франтонам. Фасады раскрапаваны пілястрамі і фігурнымі філёнгамі вакол прамавугольных аконных праёмаў. Па верху сцен праходзіць развіты карніз.
У інтэр'еры пры ўваходве шырокая аднамаршавая лесвіца. Пачатковая планіроўка зменена ў 1920-я г. У інтэр'еры зберагліся элементы барочнага дэкору. Таўшчыня сцен 1,2 м. у падвале больш за 2 м. Перакрыцці над паверхамі плоскія бэлечныя, над падвалам - цыліндрычныя скляпенні. У будынку размешчана адм. ўстанова. Ахоўваецца.

Т. В. Габрусь, Т. І. Чарняўская.

Габрусь, Т. В. Кобрынская Мікалаеўская царква ; Кобрынскі Спаскі манастыр / Т. В. Габрусь, Т. І. Чарняўская // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5-і т. – Мінск, 1986. – Т. 3. – С. 87, 88, 89.