Бухавіцкая Пакроўская царква ; Бярозаўская Крыжаўзвіжанская царква ; Гарадзецкая царква Ушэсця

Бухавіцкая Пакроўская царква, помнік архітэктуры барока з рысамі рэтраспектыўна-рус. стылю ў в. Бухавічы Кобрынскага р-на. Пабудавана ў 1674 з цэглы і дрэва. Да асн. прамавугольнага ў плане аб'ѐму пад вальмавым дахам з цыбулепадобным купалам на 8-гранным драўляным барабане ў завяршэнні прымыкаюць 3-ярусная вежа-званіца (верхні ярус - драўляны шатровы васьмярык) і прамавугольная ў плане апсіда з рызніцай. Канструкцыя даху кроквенная. Вуглы храма ўмацаваны контрфорсамі. Плоскасныя фасады расчлянѐны высока ўзнятымі лучковымі аконнымі праѐмамі, апяразаны карнізам простага профілю. Уваход аформлены 2 магутнымі пілонамі з паўкруглымі нішамі-конхамі. Па перыметры сцен пад плоскай драўлянай столлю праходзіць арнаментальны фрыз. У інтэр'еры драўляны разны іканастас (1877). Храм унесены ў Дзярж. спіс гісторыка-культ. каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Царква дзейнічае.

Бярозаўская Крыжаўзвіжанская царква, помнік драўлянага дойлідства з рысамі стылю класіцызму ў в. Бяроза Кобрынскага р-на. Пабудавана ў 1864 на месцы папярэдняга храма. Да асн. квадратнага ў плане аб'ѐму прымыкаюць 2-ярусная шатровая званіца з цыбулепадобнай макаўкай у завяршэнні, выцягнутая трапезная і 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцай і ахвярнікам. Асн. аб'ѐм накрыты 2-схільным дахам з цыбулепадобным гранѐным купалам на 8-гранным светлавым барабане ў завяршэнні. Гарызантальна ашаляваныя фасады расчлянѐны прамавугольнымі аконнымі праѐмамі ў простых ліштвах. Уваходны партал аформлены 6-калонным порцікам. У інтэр'еры іканастас з разнымі царскімі варотамі (19 ст.), абразы «Святы вялікапакутнік Панцеляймон», «Узнясенне Хрыстова», «Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы» (17-19 ст.) і інш. Храм унесены ў Дзярж. спіс гісторыка-культ. каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Царква дзейнічае.

Гарадзецкая царква Ушэсця, помнік драўлянага дойлідства ў в. Гарадзец Кобрынскага р-на. Пабудавана ў 1735 (па інш. звестках у 1799?) у в. Акцябр (да 1939 Камень Шляхецкі). У1876 перавезена ў в. Гарадзец і пастаўлена на бутавы падмурак. Да асн. прамавугольнага ў плане аб'ѐму прымыкаюць бакавыя прыдзелы і 5-гранная апсіда. Асн. аб'ѐм накрыты 2-схільным гонтавым дахам з 8-гранным купалам у завяршэнні. Плоскасны франтальны фасад завершаны трохвугольным франтонам. Сцены вертыкальна ашаляваны і рытмічна расчлянѐны прамавугольнымі аконнымі праѐмамі ў разных ліштвах і брусамі-сцяжкамі ў прасценках. Уваход вылучаны 2-слупавым ганкам пад 2-схільнай навіссю. Над прытворам у залу адкрываюцца хоры. Захаваліся 2 абразы «Маці Божая Адзігітрыя» (19 ст.). Храм унесены ў Дзярж. спіс гісторыка-культ. каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Царква дзейнічае.

Бухавіцкая Пакроўская царква ; Бярозаўская Крыжаўзвіжанская царква ; Гарадзецкая царква Ушэсця // Культура Беларусі : энцыклапедыя. – Мінск, 2013. – Т. 2. – С. 126, 163, 508, 509.