Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава

Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава. Створаны паводле рашэння Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 6.7.1946 «Аб арганізацыі Кобрынскага гісторыка-краязнаўчага музея імя Суворава», якое было прынята згодна з пастановай Бюро ЦК КП(б) Беларусі ад 18.6.1946. У 1947 профіль музея зменены на ваенна-гістарычны. Для наведвальнікаў адкрыты 1.5.1948. Музеем кіравалі А. М. Мартынаў, Н. М. Пліско. 3 2004 дырэктар А. В. Бабенка.

Музей заснаваны ў доме, які ў канцы 18 ст. належаў рускаму палкаводцу А. В. Сувораву. У 1949 перад уваходам пастаўлены яго бронзавы бюст. У1956 музею быў перададзены драўляны будынак, размешчаны паблізу дома, што дазволіла значна пашырыць экспазіцыю. У 1978 дом Суворава зачынены на рэстаўрацыю: адноўлена першапачатковая планіроўка будынка. 15.11.1980 адкрыта для наведвальнікаў першая экспазіцыя. Другі будынак музея быў знесены, а на яго месцы ў 1990 узведзены новы, які нагадвае сярэдневяковую крэпасць з высокай цэнтральнай вежай, земляным валам, магутнымі сценамі і баявымі галерэямі. 8.5.1995 у будынку адкрыта другая экспазіцыя музея.
Агульная экспазіцыйная пл. музея (2008) складае 861 м2. Фонды музея налічваюць каля 51 тыс. адз. захоўвання, з якіх каля 23 тыс. - прадметы а'сноўнага фонду.

Фонды падзяляюцца на 20 калекцый. Аснову экспазіцый складаюць калекцыі зброі, абмундзіравання і амуніцыі, нумізматыкі і фалерыстыкі. Найбольш цікавыя і рэдкія прадметы з гэтых калекцый: двухручны заходнееўрапейскі меч 16 ст., кнотавыя і калясцовыя пісталеты 17-18 ст., польскія шаблі з усходнімі клінкамі 17-18 ст., тульскія крамянѐвыя пісталеты 1813, пісталет «маўзер» пачатку 20 ст., кулямѐт МG узору 1915, пісталеты-кулямѐты Шпагіна, Судаева, Шмайсера, Томпсана перыяду 2-й сусветнай вайны; рыцарскія даспехі 16 ст., мундзіры гусарскіх палкоў Расіі перыяду вайны 1812, абмундзіраванне савецкай і нямецкай армій перыяду 1941-45; старажытныя польскія манеты 16-18 ст., знойдзеньм на тэрыторыі Кобрыншчыны ў складзе скарбаў, манеты Расіі часоў Аляксея Міхайлавіча, Пятра I і Кацярыны II. У складзе фондаў ѐсць некалькі прадметаў, якія належалі расійскім імператарам.

У музеі дзейнічаюць 2 экспазіцыі: «Сувораўскі дом» і «Сем стагоддзяў Кобрына». Першая мае мемарыяльны характар і заснавана на сапраўдных прадметах 18 ст., якія адлюстроўваюць жыццѐ і дзейнасць Суворава. У экспазіцыі акцэнт зроблены на асвятленні ваенных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі з удзелам войск пад камандаваннем палкаводца. Значная ўвага ўдзелена перыядам знаходжання Суворава ў Кобрыне. Экспазіцыя мае 8 раздзелаў: дзяцінства Суворава, пачатак ваеннай службы; эпоха А. В. Суворава; пачатак баявой дзейнасці, Сямігадовая вайна 1756-63, Барская канфедэрацыя 1768-72, руска-турэцкая вайна 1768-74; талент Суворава як палкаводца, руска-турэцкая вайна 1787-91, паўстанне Т. Касцюшкі; сувораўская «навука перамагаць», адстаўка Суворава; знаходжанне Суворава ў Кобрыне ў 1797, ссылка ў сяло Канчанскае; Італьянскі і Швейцарскі паходы 1799, знаходжанне ў Кобрыне ў 1800; сувораўскія традыцыі ў арміі, Сувораў і маральнасць, памятныя сувораўскія месцы.

У аснове экспазіцыі «Сем стагодцзяў Кобрына» - гісторыя горада ў кантэксце ваеннай гісторыі Беларусі 13-20 ст. Тут прадстаўлены матэрыялы, якія расказваюць пра шматвяковую гісторыю горада. У экспазіцыі 15 раздзелаў: узнікненне Кобрына, першае летапіснае ўпамінанне, Грунвальдская бітва (удзел Кобрынскага палка); Кобрын у складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай; падзеі на Кобрыншчыне ў гады Паўночнай вайны 1700-21, падзелы Рэчы Паспалітай; Айчынная вайна 1812, Кобрынскі бой 15.7.1812; паўстанне 1863-64, развіццѐ горада ў 2-й палавіне 19 ст.; руска-японская вайна 1904-05,1-я сусветная вайна, акупацыя Кобрына; падзеі 1918-21; у складзе Польскай дзяржавы, уз`яднанне з БССР; Вялікая Айчынная вайна; мемарыяльныя спісы загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, вайна ў Афганістане. Працягвае экспазіцыю адкрытая пляцоўка баявой тэхнікі, дзе экспануюцца артылерыйская гармата і ўзоры бранятэхнікі Савецкай Арміі.

Музей мае бібліятэку (22 тыс. тамоў), выставачную залу. У фае дзейнічае выстаўка-продаж твораў кобрынскіх мастакоў - жывапісу, графікі, вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народных промыслаў.

А. В. Бабенка

Бабенка, А. В. Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава / А. В. Бабенка // Музеi Беларусi / рэд. Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа, М. Г. Нiкiцiн. – Мінск, 2008. - С. 296, 297, 298, 299.