Храм пад Божым заступніцтвам

Жыхары аграгарадка Хідры доўга пеставалі мару аб уласным храме і месца для яго прыгледзелі ў самым цэнтры вѐскі. Апантаныя ідэяй, маліліся да Бога, прасілі Яго заступніцтва ў добрай справе перад жыццѐвымі ўмоўнасцямі. Велічная, светлая царква будзе надаваць мястэчку сваѐ благаславенне.

Стваральную задумку аднавяскоўцаў ахвотна падтрымаў тагачасны старшыня мясцовай гаспадаркі СВК “Узыходзячая зара” Іван Тарасюк. Мара пачала “ажываць”. У пачатку 2007 года з’явілася на свет рэлігіѐзная абшчына Праваслаўнага прыхода Свята-Іаана-Прадцечанскай царквы, настаяцелем якога быў прызначаны свяшчэннік Андрэй Баніфацьеў. Заклад храма зрабілі ўжо 18 кастрычніка, на месцы, якое “марылася”, – у самым цэнтры вѐскі.

Шчырыя малітвы прыхаджан аб Божым заступніцтве давалі свой плѐн. Будаўніцтва храма ўзяла пад крыло – на свой баланс – мясцовая гаспадарка, і кожны з яе кіраўнікоў, Іван Тарасюк і Таццяна Дземідзюк, дбайна ставіліся да яго ўзвядзення.

Першая Божая літургія ў храме адбылася 28 жніўня 2013 года. Яшчэ не ўсѐ было зроблена, але людзі хацелі ўдзячна маліцца да Бога ва ўласным храме.

Доўгачаканая падзея – асвячэнне царквы ў гонар і памяць святога слаўнага прарока, прадцечы і хрысціцеля Гасподня Іаана – адбылася 24 лютага бягучага года. Гэтакае свята з вяскоўцамі раздзялілі шматлікія госці з розных куткоў раѐна. Чын асвячэння храма, а затым і Божую літургію здзейсніў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. У саслужэнні яму былі благачынны цэркваў Кобрынскай акругі пратаіерэй Багдан Хама, настаяцель храма іерэй Андрэй Баніфацьеў і іншыя госці ў свяшчэнным сане.

Пасля літургіі прайшоў хрэсны ход, у час якога людзі ва ўзмоцненай малітве звярнуліся да Бога. І лілася ў неба гэтая зямная малітва – за людзей, за мір і за новы храм, які з’явіўся дзякуючы людзям і Божаму заступніцтву.

Дубіна, Л. Храм пад божым заступніцтвам / Людміла Дубіна // Кобрынскі веснік. - 2016. - 12 сакавіка. - С. 5. Прайшло асвячэнне храма у в. Хідры.