Тут хараство кранаецца душы

Гісторыя Свята-Аляксандра-Неўскага кафедральнага сабора - своеасаблівае адлюстраванне няпростай гісторыі ўсѐй нашай зямлі. Закладзены ў 1864 годзе на месцы пахавання рускіх салдатаў, загінуўшых ў час Кобрынскага бою Айчыннай вайны 1812 года, у 60-я гады ХХ стагоддзя сабор быў перароблены пад планетарый, перажыў пажар, яшчэ пазней тут размяшчаліся музей і архіў, і толькі ў 1990-м сабор быў у другі раз асвячоны мітрапалітам Мінскім Філарэтам. Сѐння гэта - неадрыўная частка нашай Кобрыншчыны. Не дзіўна, што прастольнае свята сабора, якое супала з 60-годдзем яго настаяцеля, благачыннага цэркваў Кобрынскай акругі протаіерэя Багдана Хамы, стала светлым і радасным днѐм для мноства кабрынчан і гасцей нашага горада. У свяце прынялі ўдзел архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, старшыня раѐннага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, шматлікія прадстаўнікі духавенства і прыхаджане.

Не будзе перабольшваннем сказаць, што сѐння Свята-Аляксандра-Неўскі сабор з’яўляецца своеасаблівым духоўным цэнтрам Кобрыншчыны, дзе мы знаходзім самае галоўнае – спакой для нашай душы. Вельмі складана апісаць словамі той незвычайны стан, які ахоплівае чалавека ў час набожнай літургіі, у якой у гэты незвычайны дзень зліліся сэрцы і думкі мноства кабрынчан. Сабор ледзьве ўмясціў усіх жадаючых далучыцца да архіерэйскага набажэнства, якое Уладыка Іаан упершыню правѐў у саборы ў сане архіепіскапа. Пасля Боскай літургіі ў саборы прайшло таінства прычасці і хрэсны ход, у якім прынялі ўдзел усе вернікі.

Свята стала выдатнай нагодай прыгадаць нашу агульную гісторыю. Аляксандр Неўскі, у гонар якога названы галоўны храм нашага города, унес значны ўклад у станаўленне рускай дзяржаўнасці, быў пахаваны 23 лістапада 1263 года, што па новым стылі адпавядае 6 снежня. Аляксандр Неўскі славіўся сваѐй мудрасцю і цвѐрдасцю, карыстаўся павагай сярод сваіх як суайчыннікаў, так і ворагаў, заўсѐды клапаціўся пра свой народ, за які пастаянна маліўся. Як адзначалася ў час набажэнства, менавіта так і мы павінны адпавядаць вобразу Хрыстовых воінаў, з імем Божым абараняўшых сваю зямлю і сваю веру. Напрыканцы архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан уручыў Багдану Хаме Грамату Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення, прасфору, ікону і крыж у знак пацвярджэння высокіх заслуг на шляху пастырскага служэння.

Як справядліва падкрэсліў ў час свята старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, віншуючы з юбілеем айца Багдана Хаму, малітвы, якія ўзносяць да Бога кабрынчане ў храмах, натхняюць іх на новыя добрыя справы. На Кобрыншчыне сѐння не разбураюцца, а растуць новыя храмы, куды ідзе ў тым ліку наша моладзь, якая хутка стане нашай моцнай падтрымкай. Значная роля ў гэтым належыць нашаму духавенству і тым малітвам, якія сѐння гучаць за тое, каб на нашай кобрынскай зямлі заўсѐды быў парадак і дабрабыт. Граматы Кобрынскага райвыканкама і Кобрынскага раѐннага Савета дэпутатаў, якія былі ўручаны благачыннаму цэркваў Кобрынскай акругі, сталі пацвярджэннем гэтай плѐннай працы.

А са сцен сабора глядзелі лікі святых, нібыта благаслаўляючы ўсіх нас у гэты цудоўны дзень. І хаця служба разам з урачыстымі мерапрыемствамі ішла каля чатырох гадзін, праляцеў гэты час нібыта адно імгненне, напоўненае радасцю і хараством. Кудысьці знікла традыцыйная напружанасць, характэрная для пачатку рабочага тыдня, пакінуўшы пасля сябе толькі станоўчую ўпэўненасць – усѐ ў нас абавязкова атрымаецца.

Бялоў, Дз. Тут хараство кранаецца душы / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. - 2016. — 10 снежня. — С. 1, 2. Свята-Аляксандра-Неўскі сабор з'яўляецца духоўным цэнтрам Кобрыншчыны.