Каменныя сведкі духоўнасці

Кажуць, манаства - гэта барометр духоўнасці грамадства. Ды каб меркаваць пра яе ўзровень, трэба прыйсці ў манастыр хаця б раз. Шлях да светлага, святога можа цягнуцца і некалькі дзясяткаў гадоў, бо сучаснаму чалавеку часта не хапае матывацыі адарвацца ад надзѐнных клопатаў і прысвяціць хвілінку сваѐй душы. На жаль, да веры многія з нас звяртаюцца толькі тады, калі не знаходзяць падтрымкі ў знешнім асяроддзі. Між тым дзверы манастыра заўжды адчынены нават для тых, хто сціпла стаіць на парозе і не адважваецца ўвайсці.

Ужо амаль 550 гадоў дзверы Спаскага манастыра ў Кобрыне - аднаго са старэйшых у Беларусі - шырока расчынены для наведвальнікаў. Завітаўшы сюды аднойчы, становішся часткай той неверагоднай атмасферы - спакойнай і злагоджанай, што адчуваецца фактычна ў кожнай рэчы. Гэтыя святыя сцены неаднойчы станавіліся сведкамі кровапралітных войнаў, спазналі пажары і разбурэнні, веру і бязвер’е. Думаеце, каменю не баліць? Дык чаму ж тады ад моцнага ўдару камянѐў можна высекчы іскрынку? У чалавека ад падобнага ўдару іскры сыплюцца з вачэй - як доказ пранізлівай пакуты. Гэтак жа і камень.

Балела яму, калі пасля смерці аднаго з заснавальнікаў - князя Іаана Сямѐнавіча, а потым і яго нашчадкаў, гэтыя сцены дасталіся польскаму каралю Сігізмунду I. Невыноснымі сталі будні праваслаўнай браціі пад прыгнѐтам каралеўскага “заступніцтва”, а духоўнае жыццѐ ў манастыры ўсѐ часцей адсоўвалася на другі план, саступаючы месца іншым “ідэалам” - свавольству, прагнасці, празе нажывы. Пасля прыняцця уніі праваслаўным манахам увогуле не знайшлося месца ў родных келлях. Тут гаспадарылі базільяне - члены ўніяцкага манйскага ордэна, якія ўсяляк садзейнічалі распаўсюджванню ўніяцтва і лацінізацыі на тэрыторыі Кобрыншчыны.

Сцены манастыра памятаюць і жахі вайны 1812 года: бадай, адзін з самых пераломных яе момантаў здарыўся якраз тут. Шматлікія напалеонаўскія войскі тады лютавалі на кобрынскай зямлі. Напор Саксонскага корпуса пад кіраўніцтвам генерал-маѐра Клігеля стрымлівалі часці 3-й Заходняй арміі на чале з генералам Аляксандрам Тармасавым. Гарадскія вуліцы і плошчы палалі, але праціўнік і не думаў здавацца. Аднак вымушаныя адысці за каменную агароджу манастыра саксонцы пацярпелі паражэнне. Знамянальны бой на ганку манастыра завяршыўся капітуляцыяй - ворага і палонам напалеонаўскіх салдат. Яскравым напамінам пра жорсткую бітву і першую поўную перамогу рускай арміі стала мемарыяльная дошка на будынку, якая “дажыла” да нашых дзѐн.

У 20-х гадах мінулага стагоддзя стары будынак вырашылі адрэстаўраваць, бо сваѐ “наваселле” рыхтаваўся справіць павятовы суд. Інтэр’ер адноўленага аб’екта змяніўся да непазнавальнасці, і пра духоўнае жыццѐ, якое віравала тут калісьці, можна было толькі здагадвацца. Ды адной з галоўных адметнасцей прылеглай тэрыторыі па-ранейшаму заставаліся дзве сажалкі. У народзе казалі, што ў нетрах вады яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны схаваны званы Свята-Аляксандра-Неўскага сабора. Каб такое багацце не дасталося ворагу, улады пайшлі на адчайны крок - утапілі званы.

З 1939 па 1962 гады будынак займалі камунальнікі, а пасля - Кобрынскі РАУС. Чатыры гады таму ѐн нарэшце трапіў пад “крыло” Брэсцкай епархіі і аднавіў сваю дзейнасць у якасці жаночага манастыра ў імя Усяміласцівага Спаса. Зараз тут кіпяць рамонтныя работы, каб доўгачаканы юбілей, які адсвяткуюць у наступным годзе, манастыр сустрэў у прыгожай параднай “вопратцы”. Цікава, што паўдзельнічаць у грандыѐзнай падрыхтоўцы да ўрачыстасцей могуць і шматлікія вернікі. Абвешчаны творчы конкурс “Старажытны манастыр - маѐ натхненне”, прысвечаны паўвекавой гісторыі слыннага духоўнага прыстанішча. Паспрабаваць свае сілы ў ім змогуць усе жадаючыя, а лепшыя работы - фота-, відэа-, аўдыѐматэрыялы, малюнкі і сачыненні - потым аб’яднаюць у святочную экспазіцыю.

А пасля завяршэння рэстаўрацыі на першым паверсе кялейнага корпуса з’явіцца бібліятэка, зала для агульных сходаў, нядзельная школа для дарослых.

- Сѐння тут 10 насельніц, але пачынаць адраджэнне манаства ў гэтых сценах даводзілася ў значна меншай колькасці, - расказвае ігумення Еўфрасіння (Куракевіч). - Наша невялічкая гаспадарка складаецца з уласнай рукадзельні, швейнай майстэрні, гарода, фруктовага саду ды сажалкі. Таксама выпякаем хлеб, маем нядзельную школу для дарослых, дзе навуча- ецца каля 35 чалавек. Многія гараджане даволі доўгі час думалі, манастыр - гэта закрытая тэрыторыя. Але зараз ахвотна сюды прыходзяць.

Прыходзяць, каб пакланіцца галоўнай мясцовай святыні - спісу цудатворнай іконы Божай Маці “Скарапаслушніца”, створанаму спецыяльна для манастыра на святой гары Афон. Ікона ўжо “выслухала” сотні гісторый, бо да яе звяртаюцца людзі з самымі рознымі лѐсамі. Хтосьці просіць дапамогі, камусьці патрэбна выгаварыцца, а нехта адчайна прагне знайсці правільны шлях. Дарэчы, нярэдка гэты самы шлях прыводзіць менавіта да пострыгу.

Ды памылкова думаць, што манаства прымаюць людзі з разбітьім сэрцам ці паламаным лѐсам - гэта зусім не так. Падобны выбар звычайна робіцца ў імя любові - чыстай і самаахвярнай, якой бывае толькі любоў да Бога. А дзе ѐсць любоў - там няма месца сумненням і суму. Калі разабрацца, Хрыстовыя запаветы аднолькавыя дпя ўсіх нас, але бездакорна шчаслівымі могуць быць толькі тыя, хто выконвае іх у поўнай меры.

Леанавец, Н. Каменныя сведкі духоўнасці / Ніна Леанавец // Народная трыбуна. – 2014. – 4 ліпеня. - С. 9. Спаскаму манастыру ў Кобрыне – 550 гадоў.